На вялікі жаль, у першыя дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя ў інтэрнэце, СМІ розных краін з’явілася мноства публікацый, нават асобных кніг, дзе па-варварску сфальсіфікаваны многія рэаліі Другой сусветнай вайны. Шмат хлусні выліта і на беларускі партызанскі рух як пра нешта другаснае, неістотнае. Так што маўчаць і праглытваць усялякую бязглуздзіцу проста больш немагчыма. Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, хачу акрэсліць некаторыя важныя моманты па згаданых праблемах. Партызанская барацьба для Беларусі – асабліва патрыятычна-красамоўная старонка. А дом партызан – лясы, даўно сталі сімвалам мужнасці нашага народа. І зусім невыпадкова бярозы і сосны нашы абаронцы з любоўю ў сэрцы называлі “партызанскімі сёстрамі”, а саміх партызан называлі “ляснымі байцамі”.
Адам Русак стварыў верш “Лясная песня”, які стаў песняй і выконваецца і сёння на многіх ўрачыстых мерапрыемствах. Я з маленства запомніў гэтыя святыя словы. Бываючы ў беларускіх лясах, душа міжволі пачынае спяваць:
Ой, бярозы ды сосны,
партызанскія сёстры,
Ой, шумлівы ты лес малады.
Толькі сэрцам пачую
тваю песню лясную,
Ды ўспомню былыя гады.
Ды ўспомню пажары
і варожыя хмары,
І завеі халодных вятроў,
І слату, і нягоды, і начныя паходы,
І агні партызанскіх кастроў…
Нельга забываць, што партызанскі рух Беларусі дзейнічаў на працягу 1941-44 гадоў. Яго арганізоўвалі супрацоўнікі НКУС, камуністы, беспартыйныя актывісты, былыя салдаты і камандзіры Чырвонай Арміі. Тут вылучаюцца некалькі этапаў: першы (чэрвень 1941г. – лістапад 1942 г.) – пачатковы перыяд арганізацыі руху; другі (лістапад 1942 г. – снежань 1943 г.) – перыяд масавага развіцця руху; трэці (снежань 1943 г.– ліпень 1944 г.) – заключны перыяд партызанскага руху.
Назаву першыя атрады ў Беларусі: “Старасельскі” (камандзір – маёр Дародных), Жабінкаўскі раён, 23.6.1941; атрад пад камандаваннем В. Каржа, Пінск, 26.6.1941. Гэта і атрад “Чырвоны Кастрычнік” пад камандаваннем Ц.П. Бумажкова і Ф.І. Паўлоўскага, атрад пад камандаваннем М.П. Шмырова (Бацькі Міная). На аснове былых знішчальных батальёнаў, якія ствараліся з мясцовага насельніцтва для барацьбы з нямецкімі дысантнікамі і дыверсантамі, сфарміраваліся партызанскія атрады ў Парыцкім, Лельчыцкім, Ельскім, Лоеўскім, Рагачоўскім раёнах Беларусі.
Пачалі актыўна стварацца абласныя, міжраённыя і раённыя партыйныя камітэты, тройкі, цэнтры. У 89 раёнах усходніх абласцей былі пакінуты для арганізацыі падпольных партыйных структур 8,5 тыс. камуністаў і больш за 5 тыс. камсамольцаў. Адметна, што падрыхтоўка да партызанскай барацьбы на выпадак вайны пачалася яшчэ ў 1930-я. Прадугледжвалася стварэнне заканспіраванай сеткі дыверсійных груп, дыверсантаў-адзіночак у гарадах і на чыгунках на захадзе ад лініі ўмацаваных раёнаў, арганізацыя і падрыхтоўка манеўраных партызанскіх атрадаў і груп, забеспячэнне партызанскіх фарміраванняў сродкамі сувязі, матэрыяламі, неабходнымі для барацьбы і жыцця ва ўмовах тылу. Падрыхтоўкай да партызанскіх дзеянняў займаліся партыйныя органы і камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі І. П. Убарэвіч. 26 чэрвеня 1941 г. кіраўніцтва БССР выдала загад аб стварэнні 14 партызанскіх атрадаў. Яны складаліся з 1162 чал., у т.л. 539 супрацоўнікаў НКДБ, 623 супрацоўнікі НКУС.
Для арганізацыйнай барацьбы ў тыле ворага былі накіраваны 215 камуністаў, у т. л. восем сакратароў абкамаў, 120 сакратароў гаркамаў партыі. У тэрміновым парадку ствараліся арганізатарскія і дыверсійныя групы, невялікія партызанскія атрады. Да канца 1941 г. было ўтворана 437 такіх груп і атрадаў, якія налічвалі больш за 7,2 тыс. чалавек.
Паводле рашэння ЦК КП(б)Б быў створаны і ў красавіку–лістападзе 1942 года дзейнічаў Асобны беларускі збор – спецыяльныя курсы падрыхтоўкі арганізатараў партызанскага руху. Размяшчаліся курсы каля г. Мурам Уладзімірскай вобласці. У пачатку ліпеня 1942 года ўсе атрады праз “Віцебскія вароты” былі перапраўлены на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. Атрады “Бясстрашны”, “Быстры”, “Навальніца”, “Мсцівец” накіраваны ў Віцебскую вобласць; “Бура”, “Гвардзеец”, “Знішчальнік”, “Смерць фашызму” – у Мінскую, “Бальшавік”, “За Радзіму”, “Перамога” – у Магілёўскую, атрад “Меч” – у Гомельскую.
Важнае значэнне для развіцця партызанскага руху мела існаванне Суражскіх (Віцебскіх) варот – 40‑кіламетровага прарыву ў лініі фронту паміж Веліжам і Усвятамі на стыку нямецкіх армій “Поўнач” і “Цэнтр”. Праз “вароты” з Вялікай зямлі ў тыл ворага накіроўваліся арганізатарскія і дыверсійныя групы, зброя, боепрыпасы, медыкаменты і інш. Многія партызанскія атрады падтрымлівалі сувязь з Віцебскім абкамам і ЦК КП(б)Б, што дзейнічалі за лініяй фронту, а таксама з ваеннымі саветамі 3‑й і 4‑й ударных армій. “Вароты” існавалі з лютага па верасень 1942 г.
Клічаўскае партызанскае злучэнне было самай буйной групоўкай партызанскіх сіл на Магілёўшчыне. У пачатку верасня 1942 г. у ім знаходзілася 17 партызанскіх атрадаў, якія налічвалі ў сваім складзе каля 3 тыс. чалавек. Асаблівасцю партызанскага руху ў 1942 г. стала вызваленне ад акупантаў значных тэрыторый і ўтварэнне там партызанскіх зон. Першая такая зона ўзнікла ў студзені–лютым 1942 г. у Кастрычніцкім раёне Палескай вобласці. На яе тэрыторыі размяшчаўся партызанскі гарнізон, які налічваў 13 атрадаў і больш за 1300 народных мсціўцаў. Усяго на тэрыторыі Беларусі ў розны час дзейнічала некалькі дзясяткаў партызанскіх зон – Клічаўская, Ушацкая, Полацка-Лепельская, Барысаўска-Бягомльская. Партызанскія зоны ўваходзілі ў буйное аб’яднанне – партызанскі край. На тэрыторыі партызанскіх зон і краёў была адноўлена савецкая ўлада.
Ваеннае кіраўніцтва партызанскім рухам у БССР ажыццяўлялася ЦК КП(б)Б да сакавіка 1942, Паўночна-заходняй аператыўнай групай ЦК КП(б)Б да 30.5.1942, Цэнтральным штабам партызанскага руху (30.5.1942–13.1.1944) і Беларускім штабам партызанскага руху (9.9.1942–14.11.1944).
У студзені 1942 г. партызанскія атрады разграмілі нямецкі гарнізон у райцэнтры Капаткевічы, у лютым – у мястэчку Азарычы і на станцыі Муляраўка. У сакавіку 1942 г. быў арганізаваны партызанскі баявы рэйд па тэрыторыі Любанскага, Жыткавіцкага, Старобінскага і Слуцкага раёнаў, у якім удзельнічалі каля 600 партызан. Была ўтворана Любанская партызанская зона. У красавіку 1942 г. яна аб’ядналася з Кастрычніцкай партызанскай зонай. Гэта прывяло да ўтварэння злучэння партызанскіх атрадаў Мінскай і Палескай абласцей, якое ўзначалілі сакратары Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б В.І. Казлоў і Р.Н. Мачульскі. У 1943–1944 гг. з удзелам усіх партызанскіх злучэнняў былі праведзены аперацыі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “рэйкавая вайна”.
Усяго ў Вялікую Айчынную ў Беларусі дзейнічала 374 тыс. партызан і 400 тыс. чалавек скрытага партызанскага рэзерву, якія ў любы момант маглі стаць у шэрагі партызан. За гады вайны партызанамі было падарвана больш за 300 тыс. рэек і пушчана пад адхон 11128 нямецкіх эшалонаў з жывой сілай і баявой тэхнікай.
У нас выраслі пакаленні, што не бачылі вайны. Аднак многія з маладых людзей ведаюць бессмяротную “Лясную песню”:
Край любімы мой, родны,
ты на свеце свабодны,
За цябе я на бітву хадзіў,
Каб ніколі, ніколі ты не быў у няволі,
Каб чырвонымі кветкамі цвіў.
Адышлі тыя годы,
адгрымелі паходы,
Толькі пушча за полем шуміць.
Ой, бярозы ды сосны –
партызанскія сёстры,
Вас ніколі ў жыцці не забыць…
Канстанцін Карнялюк.