Паважаная рэдакцыя!
Турыстычны паход — гэта заўсёды захапляльна. Яднанне з прыродай, чыстае паветра… А калі з табой побач матуля, тата, любімая настаўніца і сябры, то гэта ўжо шчасце. Такія паходы выхаднога дня настаўніца пачатковых класаў ДУА “Драчкаўскі НПК д/с — СШ” Любоў Аляксандраўна Кучынская праводзіла са сваімі вучнямі ў кожную пару года. Гэта аб’ядноўвала калектыў класа, дзеці вучыліся бачыць прыгажосць навакольнага асяроддзя, разумелі, што гэту прыгажосць трэба берагчы, каб нашчадкі таксама маглі ёй любавацца.
На прыродзе дзеці гулялі ў розныя гульні разам з бацькамі, тут былі і спаборніцтвы, і розныя цікавыя конкурсы.
А як смачна на прыродзе есці! Засмажыш на прутку кавалачак сала альбо сасіску і, здаецца, смачней прысмакаў няма.
Вось так цудоўна адпачываў 4 клас у нядзелю, 26 мая. Прырода спрыяла турыстам: такі цудоўны дзянёк, такое лагоднае сонейка і цёплы ветрык, і пах сасновага лесу. І зноў хочацца ў новы паход.
За лета дзеці падрастуць, яны ўжо будуць “пяціклашкамі”, і паходы выхаднога дня прымуць большыя маштабы. Пакуль што дзеці вывучалі сваю малую радзіму, а далейшыя планы — больш пазнаёміцца з прыродай усёй Беларусі, бо так многа цікавых, дзіўных мясцін у нашай краіне.
З павагай, Вольга ДАМАРОНАК, настаўнік.