Наш славуты юбіляр. 21.by

Наш славуты юбіляр

07.06.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння спаўняецца 80 год нашаму знакамітаму земляку, паэту і перакладчыку, члену Саюза беларускіх пісьменнікаў, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы і Нацыянальнай прэміі Італіі, ганароваму грамадзяніну Гарадоцкага раёна Уладзіміру Максімавічу Скарынкіну.

Фота з архіва рэдакцыі.

Фота з архіва рэдакцыі.

Творы паэта прасякнуты бязмежнай любоўю да роднай Гарадоччыны. Вы толькі звярніце ўвагу, колькі цёплых, шчырых пачуццяў змяшчаюць наступныя радкі, у якіх ён апісвае мясцовую рэчку:

 Хоць і завешся Гараджанкай,

Ты не пястухай гарадской

Была адвеку,

А сялянкай -

Вясёлай,

Шчодрай,

Гаманкой.

Як і твае,

Мае вытокі

У той зялёнай старане,

Куды ўладна біятокі

Ізноў паклікалі мяне…

  Уладзімір Скарынкін нарадзіўся 7 чэрвеня 1939 г. у Віцебску. Перад пачаткам вайны яго бацьку накіравалі на працу ў Гарадок. Тут, непадалёку ад чыгункі, ён пабудаваў хату, у якую і перавёз сям’ю, адсюль і быў накіраваны на фронт. Але вярнуцца яму не было наканавана: бацька паэта крыху не дачакаўся перамогі, загінуў 16 красавіка 1945 г. і пахаваны ў брацкай магіле на Зеелаўскіх высотах недалёка ад Берліна. Старшага брата нашага знакамітага земляка Пятра ў час вайны вывезлі ў Германію. Уладзімір Максімавіч так успамінае той час: «Калі пачался Айчынная вайна, мне было толькі два гады, але я помню, як ад самалёта ў сонечны летні дзень нешта адарвалася і паляцела ўніз. Гэта была першая бомба, скінутая фашыстамі на Гарадок, дзе мы тады жылі. Бомба трапіла ў дом нашага суседа. Потым пры нямецкіх бамбёжках мой старэйшы сямнаццацігадовы брат Пеця насіў мяне на плячах у лес, за шашу, ці ў тунэль пад дарогай, па якой нас напрыканцы сорак трэцяга года немцы вялі на чыгуначную станцыю, каб вывезці ў Германію. Вялі, а ўздоўж дарогі на слупах матляліся вісельнікі». Валодзя з матуляй да канца вайны былі вязнямі працоўнага лагера ў г. Бромберг, Германія (зараз — г. Быдгашч, Польшча — аўт.). Паэт успамінае, што ў палоне маці, спадзеючыся, што Бог злітуецца і аблегчыць долю сына, ахрысціла яго. Хроснымі сталі Кацярына і Пётр, якія жылі з імі ў адным бараку.

  Пра Вялікую Перамогу Уладзімір Максімавіч кажа наступнае: «Я помню, як каляровыя ракеты ў прыцемкі ўзляцелі, букеты, і маці са слязамі на вачах мяне ўзняла высока на руках. Дзень Перамогі з таго часу для мяне — самае вялікае свята, свята са слязамі на вачах». Затым сям’я вярнулася ў Гарадок. Пасля заканчэння з залатым медалём сярэдняй школы № 2 У. Скарынкін паступіў у Рыжскае Чырвонасцяжнае вышэйшае інжынерна-авіяцыйнае ваеннае вучылішча ім. К.Я. Варашылава, а скончыў Рыжскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі, які быў створаны на базе вучылішча. Пасля атрымання адукацыі будучы паэт прыехаў працаваць на радзіму. Дзевяць год быў інжынерам у Мінскім аэрапорце, 12 — начальнікам аварыйна-выратавальнай службы Беларускага упраўлення грамадзянскай авіяцыі.

  Першую кнігу паэт выдаў у 1969 г. і яна атрымала назву «Буслы над аэрадромам». Дарэчы амаль усе выданні аўтара непасрэдна звязаны з атрыманай ім адукацыяй, прафесіяй, якой ён аддаў два дзесяцігоддзі свайго жыцця: «Гукавы бар’ер», «Да­звольце разварот», «Чацвёрты разварот», «Вугал атакі», «Пасадачныя агні». Асобную старонку ў творчай біяграфіі паэта займаюць шматлікія пераклады паэтычных твораў, у тым ліку «Боскай камедыі» Дантэ, за якую ў 2000 г. яму была пры­суджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь.

  Спадчына паэта разнастайная і шматгранная, яму падуладная любая тэма. Але асабліва ярка ў яго вершах адчуваецца павага да гісторыі народа, да бацькоўскай зямлі. Часта ўяўленне пераносіць паэта ў апаленае вайной дзяцінства, што прайшло ў фашысцкай няволі.

  Жадаем Уладзіміру Максімавічу ў дзень яго юбілею здароўя, доўгіх гадоў жыцця, плённай працы на ніве беларускай паэзіі.

Любоў ШЛЯЙКО.

Аўтар выказвае ўдзячнасць за падрыхтоўку матэрыяла супрацоўнікам цэнтральнай раённай бібліятэкі.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння спаўняецца 80 год нашаму знакамітаму земляку, паэту і перакладчыку, члену Саюза беларускіх пісьменнікаў, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика