Штурмавік Іл-2 — «лятаючы танк” мінулай вайны. 21.by

Штурмавік Іл-2 — «лятаючы танк” мінулай вайны

12.06.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

2Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла з ініцыятывай устанавіць каля падножжа Кургана Славы на пляцоўцы з баявой тэхнікай штурмавік Іл-2 — грозную зброю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта будзе падарунак прафсаюзаў да 75-годдзя вызвалення нашай краіны і юбілею стварэння мемарыяла.
Побач з Курганам на пляцоўцы ўстаноўлены ўзоры баявой тэхнікі, якая прымала ўдзел у разгроме гітлераўскіх захопнікаў: танкі Т-34, ІС-2 і ІС-3, самаходная артылерыйская ўстаноўка ІСУ-152, гарматы ЗІС-2 і ЗІС-3.
У Беларусі, на жаль, не засталося ніводнага экземпляра гэтай крылатай машыны. Іл-2 знайшлі ў балотах Ленінградскай вобласці. У дадзены момант вядуцца работы па яго рэстаўрацыі. Арыгінальнымі захаваюцца корпус, шасі і хваставая частка. Плануецца ўсталяваць “лятаючы танк” каля падножжа Кургана Славы напярэдадні 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
З гісторыі
Іл-2 быў створаны пад кіраўніцтвам авіяканструктара Сяргея Ільюшына. Ён стаў самым масавым у гісторыі сусветнай авіяцыі. За гады Вялікай Айчыннай вайны заводы выпусцілі 36 тысяч такіх машын.
На фронце нашы салдаты называлі штурмавік “лятаючым танкам”, а праціўнік абазваў яго “Чорнай смерцю”. Самалёт мог вытрымаць да дзесяці прамых пападанняў з зенітных гармат (звычайны знішчальнік збівалі за 1-3 пападанні). Праціўнік знішчаўся з бартавых гармат, кіданнем авіябомб, хуткастрэльнымі кулямётамі, рэактыўнымі снарадамі. Пры магутным браніраванні і поўнай бомбавай нагрузцы (600 кг) самалёт на адным рухавіку разганяў хуткасць да 350—400 км/гадз.
Сваё баявое хрышчэнне штурмавік атрымаў 27 чэрвеня 1941 года. У гэты дзень пяць экіпажаў 4-га штурмавога авіяцыйнага палка нанеслі ўдар па калоне танкаў і мотапяхоты 2-й танкавай групы Гудэрыяна на Слуцкай шашы ў раёне Бабруйска.
Удары штурмавой авіяцыі адыгралі важнейшую ролю зімой 1942—1943 гадоў, калі змаглі пакінуць без забеспячэння 6-ю нямецкую армію пад Сталінградам. Момантам славы для штурмавікоў стала легендарная бітва пад Курскам. Праславіўся Іл-2 і ў ходзе аперацыі “Баграціён”. Штурмавыя эскадрыллі прыкрывалі савецкія войскі, якія вызвалялі Віцебск, Мінск, Гомель, Гродна. Самалёт быў незамянімым у Віцебскай, Полацкай, Дзвінскай і Шаўляйскай аперацыях.
На Іл-2 змагаліся з ворагам асы-ўдзельнікі вызвалення нашай краіны ад фашызму. Сярод іх двойчы Герой Савецкага Саюза Муса Гарэеў. На яго радзіме, у Башкірыі, аднаўляюць яго крылатую машыну пад нумарам 24. Звыш 200 паспяховых баявых вылетаў здзейсніў Аляксандр Яфімаў. Страх на люфтвафэ наводзіў двойчы Герой СССР Георгій Паршын, іншыя знакамітыя пілоты Чырвонай Арміі.
Пры агнявой падтрымцы “лятаючага танка” з паветра сухапутныя войскі гналі гітлераўскіх захопнікаў на захад, вызваляючы Шаркаўшчынскі раён. У небе разам з Іл-2 змагаліся і іншыя савецкія самалёты: Як-1, Як-2, По-2.
У канцы чэрвеня адноўлены легендарны штурмавік зойме сваё месца на пастаменце. 5 ліпеня мемарыяльны комплекс “Курган Славы” адзначыць 50-годдзе з моманту стварэння. Да гэтай даты і прымеркавана ўрачыстае мерапрыемства з прэзентацыяй самалёта Іл-2.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика