Чалавек высокай кампетэнтнасці
12.07.2019
—
Разное
|
У перыяд узрастання ролі інфарматызацыі ў грамадстве праца людзей, занятых у сферы падаткаабкладання, патрабуе спецыяльных ведаў, вопыту, высокай кампетэнтнасці. І ўсё ж не менш важным для прадстаўніка падатковай службы застаецца здольнасць праявіць неабыякавыя, уважлівыя адносіны да людзей. Стараннай працай вылучаецца намеснік начальніка аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Шаркаўшчынскім раёне Глыбоцкай ІМПЗ Наталля Віктараўна Мікульская. У падатковай службе раёна жанчына занята больш за дзесяць год. Да гэтага яна працавала ў райфінаддзеле. Адказны і дасведчаны спецыяліст з вышэйшай эканамічнай адукацыяй заўсёды належным чынам выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі. Пра яе прафесіяналізм і адданасць абранай справе сведчаць шматлікія ўзнагароды, сярод якіх падзякі, Ганаровыя граматы. — Прафесійнае свята — гэта не толькі нагода падвесці вынікі зробленага і вызначыць задачы на будучыню, — кажа намеснік начальніка інспекцыі па рабоце з плацельшчыкамі па Шаркаўшчынскім раёне Глыбоцкай ІМПЗ Таццяна Уладзіміраўна Цімафеева. — Гэта яшчэ і магчымасць выказаць словы падзякі людзям, чыя прафесійная дзейнасць накіравана на ўмацаванне дабрабыту і гарантуе сацыяльную абароненасць насельніцтва. Усіх супрацоўнікаў інспекцыі па падатках і зборах і асабліва ветэранаў падатковай службы нашага раёна Таццяна Уладзіміраўна сардэчна павіншавала з прафесійным святам: — Вялікі дзякуй усім супрацоўнікам падатковай інспекцыі, былым і сённяшнім, за высокі прафесіяналізм, адданасць прафесіі, за тое пачуццё адной вялікай сям’і, якое дапамагае ўсім нам ісці ў нагу з часам, паспяхова пераадольваць самыя складаныя задачы. Здароўя ўсім, дабрабыту, дастойнай аплаты працы і поспехаў у дасягненні пастаўленай мэты. Няхай праца прыносіць задавальненне, а жыццё заўсёды будзе напоўнена цікавымі, яркімі і прыемнымі падзеямі. Са святам вас, работнікі падатковых органаў! Сяргей РАЙЧОНАК. |
|