Аляксандр Клачкоў – прафесар з душой лірыка
15.07.2019
—
Разное
|
Доктар тэхнічных навук, ім стаў у 38 гадоў. Аўтар шэрагу падручнікаў і кніг па механізацыі сельскай гаспадаркі, больш паўсотні вынаходніцтваў, звыш 570 навуковых і метадычных работ. “Хросны бацька” шасці кандыдатаў навук. Аўтар 12 паэтычных зборнікаў. Уладальнік трох медалёў ВДНГ СССР. “Чалавек года-2009” у Горацкім раёне ў намінацыі “Грамадска-палітычная дзейнасць”. Член Міжнароднага саюза пісьменнікаў “Новы сучаснік”. Гэта няпоўны пералік жыццёвых набыткаў вядомага горацкага вучонага і паэта Аляксандра Віктаравіча Клачкова. Повад падсумаваць дасягнутае даў яго нядаўні чарговы дзень нараджэння. У невялікім пакойчыку шматпавярхоўкі, які цяпер з-за стану здароўя імянінніка для яго стаў цэлым сусветам, Аляксандр Віктаравіч разважаў над тым, на што ён размяняў сваё жыццё — на пачуцці і жаданні, як пісаў некалі ў адным з вершаў…
Тая сустрэча ў рэдакцыі часопіса “Полымя” настолькі ўрэзалася ў памяць, што, здаецца, адбылася толькі ўчора. Лёс падарыў яму сустрэчу з вядомымі беларускімі літаратарамі Нілам Гілевічам і Алесем Пісьмянковым. Гаварылі шмат аб чым. І, вядома ж, аб яго вершах. Ніл Сямёнавіч раптам спытаў: — Аляксандр, ты навуковец, скажы, навошта табе паэзія? Аляксандр Віктаравіч неяк разгубіўся, але тут жа знайшоўся: — Калі вы пытаецеся, дык можа ведаеце адказ? Гілевіч вымавіў словы, якія і сёння вельмі важныя для паэта Клачкова: — Таму што ў табе не загінуў сапраўдны беларус… Нарадзіла гэтага таленавітага разумнага чалавека адметная чавуская зямля. На развіццё, станаўленне, па яго меркаванню, паўплывала ўсё: і сама маленькая радзіма, і лес, і рэчка, і, зразумела, людзі добрыя. А найперш сям’я сціплых вясковых інтэлігентаў. Маці — дырэктар школы. Бацька таксама быў настаўнікам. Працаваў старшынёй сельскага Савета. А яшчэ Аляксандр Віктаравіч узгадаў дзядулю. Быў ветэрынарам, прайшоў тры вайны, ведамі валодаў усебаковымі. У такой сям’і якое магло расці дзіця? Прагнае да ведаў. Вучыўся Саша выдатна. Васьмігодка была ў яго родных Ваўкавічах. 9 і 10 класы заканчваў у школе, якая знаходзілася за 10 кіламетраў. Кожны дзень юнак пераадольваў гэту адлегласць: туды і назад.
Ужо ў дзяцінстве ў яго “прарэзаўся” інтарэс да тэхнікі. Уласнымі рукамі Аляксандр сабраў дэтэктарны прыёмнік, і той, на дзіва аднавяскоўцаў, запрацаваў.
Шмат чытаў, памятаючы словы настаўніка літаратуры: хочаш стаць чалавекам — чытай кнігі. І залаты медаль быў узнагародай юнаку за старанне ў вучобе і цягу да ведаў. Родная вёска, маленькая радзіма на ўсё жыццё стала для яго сэрца святым куточкам на планеце Зямля. Менавіта родным мясцінам прысвяціў Аляксандр Віктаравіч свой першы твор — сатырычна-гумарыстычную паэму “Мікітавы прыгоды”. Яна пабачыла свет у 2000 годзе. Не сказаць, што не пісаў вершаў да гэтага часу. Пісаў, але ў стол. І вось нарэшце зразумеў, што трэба захаваць памяць пра вёску, пра тых людзей, побач з якімі сталеў і станавіўся на крыло… Пасля школы накіраваўся ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, на мехфак. Такім жа сумленным студэнтам быў, як і школьнікам. З першага курса заняўся навуковай працай. А яшчэ настолькі захапіўся філасофіяй, што менавіта яна магла стаць яго жыццёвай стыхіяй. Дарэчы, і ў гэтай навуцы падаваў вялікія надзеі. На студэнцкай канферэнцыі ў Таліне, куды прыехала моладзь з краін Прыбалтыкі, Беларусі, Малдавіі, Украіны, Аляксандр са сваім дакладам заняў першае месца, чым вельмі парадаваў Надзею Пятроўну Дземях, загадчыцу кафедры філасофіі. Гэта яна змагла захапіць хлопца такой сур’ёзнай навукай. Адным з падарункаў за перамогу стаў горацкаму студэнту-пяцікурсніку салідны партфель з натуральнай скуры. Каштоўная рэч была! Столькі паездак і камандзіровак вытрымала! Усё тая ж Надзея Пятроўна параіла яму заняцца не філасофіяй, “якая нікуды ад цябе не дзенецца”, а механізацыяй. І сапраўды так атрымалася. Многія вершы Аляксандра Віктаравіча напоўнены глыбокім філасофскім зместам. Гэта роздум аўтара аб галоўным і вечным для кожнага з нас. Гэта пошук формулы жыцця (адзін са зборнікаў Клачкова-паэта так і называецца — аўт.). Напісаны вершы па-майстэрску, з такім душэўным лірызмам, што і сам пачынаеш разважаць, думаць, рабіць выснову… Навука і паэзія настолькі цесна перапляліся ў яго лёсе, што проста немагчыма ўявіць жыццё без іх, гэтых відаў дзейнасці, якія, здаецца, вельмі далёкія адзін ад другога. Разважаючы над пытаннем, як яны стасуюцца ў штодзённым жыцці вучонага, Аляксандр Віктаравіч апавядае: “Гэта творчасць. І там, і там. Калі ты не прыдумаў нейкую машыну ці прыстасаванне, пройдзе час — нехта дадумаецца. А калі ты не запісаў новую думку, што ў цябе нарадзілася, гэта ўжо ніхто не зробіць”.
Нам з фотакарэспандэнтам выпала ўнікальная магчымасць аднымі з першых пачуць свежыя вершы “Добрыя людзі” і “Зніклая вёска”. У другім з іх адчуваецца аўтарскі сум па тых населеных пунктах, якія дажываюць свой век разам з апошнімі жыхарамі. На шчасце, маленькая радзіма паэта ў цяперашні час — аграгарадок. Жыве, значыць, з надзеяй. Аляксандр Віктаравіч узгадвае сваіх бліжэйшых землякоў Васіля Антонавіча Сарокіна і прафесара Барыса Міхайлавіча Шундалава. Дык вось верш з сумнымі ноткамі — гэта пра вёсачку Барыса Міхайлавіча. Да вайны на сенакос у Растаполлі выходзілі 44 касцы. Цяпер засталіся лічаныя насельнікі.
Вучоны задаецца пытаннем: хто будзе працаваць на зямлі? Яго хвалююць кліматычныя змены. Вось град у Іванаўскім раёне выбіў амаль увесь ураджай рапсу. Варта, відаць, рабіць стаўку і на альтэрнатыўнае земляробства, вырошчваць культуры, якія могуць прыстасоўвацца да неспрыяльных умоў надвор’я.
І слова навукі ў гэтых працэсах не павінна страчваць сваёй важкасці. З павагай вучоны ўспамінае калег з “залатога фонду” акадэміі, сапраўдных людзей і вучоных, на якіх можна было раўняцца. К. М. Сонцаў, Прафесар Аляксандр Клачкоў па-ранейшаму плённа працуе на роднай кафедры сельскагаспадарчых машын. Загадваў ёй больш за 15 гадоў. Па колькасці навуковых прац за пэўны перыяд А. В. Клачкоў заняў у акадэміі першае месца. Ён працуе з дыпломнікамі, аспірантамі, магістрантамі, вядзе курсавыя праекты. Здараецца, тут, у дамашнім рабочым пакоі вучонага, цесна становіцца ад чарцяжоў, іншых матэрыялаў тых маладых навукоўцаў, хто імкнецца вучыцца ў вядомага прафесара. А вершы нараджаюцца ў свабодны час. Яго не так многа. Паэму “Дзевяць месяцаў гора” паэт прысвяціў ваенным падзеям, таму, што прыйшлося перажыць яго родным — бабулі і бацьку — у час Вялікай Айчыннай. У раённым конкурсе “Дарогі памяці жывыя…” твор нядаўна быў адзначаны Дыпломам другой ступені. У ЗША з’явілася на свет кніга хоку ад Аляксандра Клачкова. З вершаў на трох мовах, напісаных у стылі вядомых японскіх трох радкоў, на першым месцы на беларускай, чым аўтар падкрэсліў сваю павагу да роднай краіны. І ніжэй — на рускай і англійскай. Яшчэ адным жыццёвым набыткам, так здалося, і самым каштоўным, Аляксандр Віктаравіч лічыць сям’ю. З жонкай Вольгай Сцяпанаўнай яго пазнаёміла і злучыла шлюбам родная акадэмія. Чаму пакахаў некалі і дагэтуль такую прывабную кабету? Адказ просты: а лепш няма! Вольга Сцяпанаўна, таксама прадстаўніца навукі, толькі аграном па адукацыі, стала яго надзейным сябрам, паплечнікам, а цяпер яшчэ і ангелам-захавальнікам, які дапамагае пераадольваць жыццёвыя цяжкасці. У святочны дзень нараджэння ў кватэры Клачковых было шматлюдна. З віншаваннямі і самымі шчырымі пажаданнямі прыйшоў кіраўнік раёна Сяргей Кулагін. Візіт крануў імянінніка да глыбіні душы. Надзвычай прыемна было, што прыехалі дачка Таццяна і сын Максім з сем’ямі. Пяцёра ўнукаў, старэйшаму, студэнту ўніверсітэта, ужо 22 гады, а самаму малодшаму ўсяго гадок, — гэта гордасць і надзея Аляксандра Віктаравіча і Вольгі Сцяпанаўны. Ім дзядуля прысвячае вершы, для іх у апошні прыезд нават складаў казкі. Такія, што ў дзяцей узнікла жаданне іх запісаць. Са светлымі пачуццямі любові да родных і ўсіх людзей, з якімі зводзіць лёс, з жаданнем тварыць дабро, дапамагаць моладзі спасцігаць навуку, пакінуць добры след жыве гэты мужны чалавек. Прыклад сапраўднага беларуса, якім варта захапляцца. Тамара Івановіч Фота Міхаіла Ляўцова Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Доктар тэхнічных навук, ім стаў у 38 гадоў. Аўтар шэрагу падручнікаў і кніг па механізацыі сельскай гаспадаркі, больш паўсотні вынаходніцтваў, звыш 570 навуковых і...
|
|