На базе ААТ «Буеўшчына» прайшоў выязны семінар «Аб рабоце кадраў ідэалагічнай вертыкалі ў працоўных калектывах Шаркаўшчынскага раёна»
15.07.2019
—
Разное
|
10 ліпеня на базе ААТ “Буеўшчына” адбыўся выязны семінар для намеснікаў кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў па ідэалагічнай рабоце на тэму “Аб рабоце кадраў ідэалагічнай вертыкалі ў працоўных калектывах Шаркаўшчынскага раёна”. Першым пунктам наведвання стала памяшканне дыспетчарскай гаспадаркі ў вёсцы Варонка. Да нядаўняга часу тут размяшчалася адміністрацыя адкрытага акцыянернага таварыства, быў праведзены рамонт памяшканняў. Прысутныя мелі магчымасць убачыць інфармацыйныя стэнды з нагляднай агітацыяй, якія тут размешчаны. Затым у глядзельнай зале Іёдскага СДК прайшла асноўная частка семінара. Перад прысутнымі па азначаных пытаннях выступілі намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы ААТ “Буеўшчына” Віктар Фляр’янавіч Атрашкевіч, вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Аляксандр Іосіфавіч Гернат, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марына Пратасьеўна Фёдарава, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Міледзьеўна Хашкоўская, галоўныя спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тэрэса Эдвардаўна Міштоўт і Іна Мар’янаўна Шынкевіч. Аб правядзенні маніторынга стану ідэалагічнай работы і работы з моладдзю паведаміла ў сваім дакладзе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома. Работнікі мясцовага сельскага дома культуры паставілі невялікі канцэрт з песнямі і тэатралізаванымі міні-пастаноўкамі. Далейшым пунктам наведвання ўдзельнікаў семінара стала Іёдская дзіцячы сад — сярэдняя школа. Тут правялі экскурсію па невялікім школьным музеі, які прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Вучні старэйшых класаў падрабязна расказалі пра падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Іёдскага сельсавета, калі тут у 1942 годзе нямецкія карнікі знішчалі вёскі разам з жыхарамі. Працягам мерапрыемства стала наведванне месца пахавання ў аграгарадку Іёды растраляных у час Вялікай Айчыннай вайны жыхароў навакольных вёсак яўрэйскай нацыянальнасці. Тут ад рук карнікаў загінула ажно 500 чалавек. Удзельнікі семінара ўсклалі кветкі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аб памерлых. На тэрыторыі Іёдскага сельскага Савета ёсць таксама пахаванне ў аграгарадку Шыці. Там, на мемарыяльным комплексе, узведзеным у 1976 годзе, пахаваны 246 мірных жыхароў вёсак, спаленых у 1942 годзе. За памятным месцам, яго добраўпарадкаваннем сочаць вучні Іёдскай ДС-СШ, работнікі ААТ “Буеўшчына”, спецыялісты ўстаноў культуры. Таму тут заўсёды падтрымліваюцца належныя парадак і чысціня. Вынікі выязнога семінара падвёў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі. Ён падкрэсліў, што немалаважным фактарам паспяховай працы ідэалагічнага актыву любой арганізацыі з’яўляецца сумесная работа з усімі арганізацыямі і ўстановамі, размешчанымі на дадзенай тэрыторыі. У гэтым накірунку ў ААТ “Буеўшчына” работа вядзецца на належным узроўні. Тут працуюць вопытныя, граматныя і адказныя спецыялісты. |
|