Уборочная кампания-2019 в ОАО «Ильюшинский»
30.07.2019
—
Разное
|
У сераду, нягледзячы на неспрыяльныя прагнозы, дождж адпачываў. Таму пасля абеду азімая пшаніца ля Вуглоў падсохла і прымала камбайны ААТ “Ільюшынскі”. Здавалася, тром КЗС-1218 “Палессе” не было дзе развярнуцца на вузенькай ля дарогі стужцы збажыны, але гэта толькі на першы погляд – за пагоркам пачыналіся вялікія плошчы, якія распасціраліся амаль да самага аграгарадка. “Хопіць усім!” – усміхаецца галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак. Меў ён на ўвазе не толькі гэты 40-гектарны ўчастак. Плошчы зерневых і зернебабовых да ўборкі ў “Ільюшынскім” самыя вялікія ў раёне – амаль 2200 гектараў, што на 400 з лішнім больш чым у суседзяў-вялікадальчан і на 800 – у “Маяку-Ушацкім”. Менавіта гэтыя гаспадаркі дадуць асноўны вал зерня, бо ў суме на іх палетках знаходзіцца палова збажыны раёна. Праўда, пакуль яна амаль уся на карані, бо надвор’е не дае разгарнуць жніво шырокім фронтам. Тры камбайны, якія вялі ўборку ля Вуглоў, сёлета ўжо абкатаныя. Уладзімір Урбан убіраў свірэпіцу, Уладзімір Лёля і Анатоль Спірыдзёнак – азімы рапс. Гэта культура не парадавала, па словах А.С.Селівёнка, ураджайнасць склала каля 9 цэнтнераў з гектара. А вось азімая пшаніца дае пад 30 – на чыстым залацістым полі не было відаць зялёных астравоў пустазелля, хімпраполка зрабіла сваю справу. Агрэгаты рухаліся паволі, якасці ўборкі ў гаспадарцы надаецца належная ўвага. “Наладжваем камбайн зыходзячы з вопыту, “на вока”, а ўжо непасрэдна ў полі праводзім рэгуліроўку, – расказвае У.Урбан. – Машыны няновыя, маёй, напрыклад, дзявяты год, у А.Спірыдзёнка – на год маладзей”. У мяне на вачах пераналадзіў камбайнер і капаклад, каб шлейф саломы клаўся вузей і ўвесь захопліваўся прэс-падборшчыкам – сельгаспрадпрыемству з вялікім пагалоўем жывёлы яе трэба назапасіць многа. Глеба пад нагамі нагадвае пластылін, бо яшчэ добра не прасохла. Між іншым, камбайны не буксуюць і паліва марна не пераводзіцца. А вось вільготнасць зерня была высакаватая, таму Антон Коўшаль дастаўляў яго на зернесушыльны комплекс. Улічваючы невялікую адлегласць да цэнтральнай сядзібы, працаваў хлопец на адвозцы адзін, але камбайны практычна не прастойвалі. – Канечне, гэтага малавата, – кажа А.С.Селівёнак і не ўтойвае праблем. – Рыхтуем тэхніку: трактары, прычэпы, мяняем рухавік на МАЗе, які так недарэчы выйшаў са строю – калі ўборка распачнецца масава і далей ад складской гаспадаркі, нам неабходна будзе мець на адвозцы мінімум пяць адзінак. Таксама аўтамабіль павінна выдзеліць ПМК-66. Такая патрэба ў тэхніцы тлумачыцца тым, што ў гаспадарцы плануецца задзейнічаць яшчэ тры камбайны КЗС-10К “Палессе”. Іх падрыхтоўку вядуць Анатоль Усовік, Мікалай Казачонак і Мікалай Ступко – склад камбайнераў у “Ільюшынскім” на працягу апошніх гадоў не мяняецца. А вось працаваць сёлета ўсе будуць па адным, без памочнікаў. “Раней як было? – з лёгкім сумам прыгадвае А.С.Селівёнак. – Пайшоў механізатар на камбайн – на яго трактар прыходзіць другі чалавек. Зараз жа тэхніка вымушана прастойваць, бо пасадзіць за руль проста няма каго”. Адсюль і, можна сказаць, вымушаны ўніверсалізм трактарыстаў-машыністаў – практычна кожны выконвае любыя работы. Той жа А.Коўшаль адвозіць збожжа, якое сам і сеяў, і А.Усовік у прамым сэнсе гэтага слова будзе пажынаць плады сваёй працы, хтосьці араў, хтосьці рыхтаваў глебу або ўносіў угнаенні ці ажыццяўляў доглядныя работы. Нельга не пагадзіцца са словамі галоўнага агранома – і сапраўды, спраў хапае ўсім і не толькі падчас жніва, а на працягу ўсяго земляробчага цыкла. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці, у гаспадарцы спадзяюцца на паспяховае правядзенне ўборачнай: не падвяло б надвор’е, а мясцовыя механізатары – ніколі. Дзмітрый Раманоўскі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сераду, нягледзячы на неспрыяльныя прагнозы, дождж адпачываў. Таму пасля абеду азімая пшаніца ля Вуглоў падсохла і прымала камбайны ААТ “Ільюшынскі”....
|
|