Три семьи поборолись в районном этапе молодежного проекта «Властелин села» в Вязье
31.07.2019
—
Разное
|
“Званне “Уладар сяла” атрымоўваюць…”Кажуць, зараз моладзь усё больш імкнецца з’ехаць на пастаяннае месца жыхарства ў сталіцу, пакідаючы родныя вёскі, мястэчкі, невялікія гарадкі назаўсёды. Пэўная частка праўды ў гэтым ёсць, але нямала і тых, для каго хата ў звычайнай беларускай вёсцы мілей за ўсе спакусы вялікіх гарадоў. Яны застаюцца на малой радзіме, працуюць і выхоўваюць дзяцей. І менавіта для іх — маладых сямей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, — ужо некалькі гадоў запар Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі рэалізуе сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла”. Старт “Уладара сяла-2019” адбыўся ў пятніцу на пляцоўцы каля сельскага Дома культуры ў Вяззі. Удзельнічаць у першым этапе праекта вырашылі Мядзведскія з Забалацця, Мычко з Вязаўніцы і Шурахайлавы з Карытнага. А ацэньваць іх гаспадарчыя, творчыя і спартыўныя магчымасці ўзяліся галоўны спецыяліст райкама БРСМ Анастасія Гоціна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, загадчык сектара спорту і турызму і спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ірына Раманчук, Аляксандр Шылец і Таццяна Васюціч, вядучы метадыст РЦК Таццяна Логвін. Узначаліў журы старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Сувееў, а пабалець і пад-трымаць удзельнікаў прыйшлі жыхары і госці Вяззя. Першае выпрабаванне — так званая візітка: сем’ям неабходна было паказаць і расказаць аб сабе як мага ярчэй. Гучалі песні, вершы, музыка, а Марына і Уладзімір Шурахайлавы разам з дзецьмі Юрам і Янай нават наладзілі невялічкае тэатральнае прадстаўленне. Апладысменты гледачоў былі забяспечаны ўсім! Наступны этап — конкурс сямейнага майстэрства “Гаспадар рамёстваў”. Анастасія і Максім Мычко, напрыклад, напяклі цэлы кош прыгожага печыва. Былі тут і іншыя кулінарныя вынаходствы, вырабы з бісеру, нават драўляныя табурэткі, зноў спевы — нашы сем’і ўмеюць усё! За творчыя конкурсы балы атрыманы — час прадэманстраваць гаспадарчае майстэрства. У спаборніцтве дрывасекаў “Умелыя рукі” ўдзельнічалі выключна старэйшыя прадстаўнікі сем’яў. Спачатку пары распільвалі бервяно на тры часткі, потым калолі атрыманыя калоды і складвалі ў касцёр. Самымі спраўнымі нарыхтоў-шчыкамі дроў аказаліся Валянціна і Аляксандр Мядзведскія, але і астатнія ўдзельнікі праявілі сябе няблага. Папрацавалі — трэба і падсілкавацца. Асноўную ролю ў кулінарным паядынку “Сялянскія прысмакі” выконвалі, зразумела, дарослыя, але дзеці з задавальненнем дапамагалі бацькам: штосьці падаць, падтрымаць, алею на патэльню наліць… Удзельнікам прапанавалі прыгатаваць сапраўдную беларускую страву — дранікі, але не на электрычнай або газавай пліце ці печы, а па- паходнаму — на калодзе: рассечанай спецыяльным чынам частцы бервяна, якая гарыць і дае жар з сярэдзіны. Такі спосаб прыгатавання ежы не вельмі распаўсюджаны ў нашай мясцовасці, таму спачатку сем’і крыху разгубіліся: як да гэтай самай калоды прылаўчыцца? Але замінка была нядоўгай: ужо хутка таты “здабывалі” агонь, а матулі ў гэты час чысцілі бульбу. Натуральна, непадалёк ад калод прымасціўся і вогнетушыцель: бяспечнасць перш за ўсё. Ролю ў гэтым конкурсе адыгрывала не толькі хуткасць: ежу трэба было яшчэ і прэзентаваць. Зеляніна, смятана… Шурахайлавы пайшлі і далей — дадалі да смачных бульбяных бліноў яшчэ і шкваркі. Рэзультат амаль паўгадзіннай працы спадабаўся і гледачам — таксама паспрабавалі дранічкі з пылу з жару. Апошні этап — спартыўная эстафета “Усе на старт!”. Дыстанцыя была нескладаная, але насычаная: прабегчы ў мяхах і з чыгуном, з дапамогай гімнастычных палак перакаціць мяч, а таксама пранесці апошні, заціснуты між сабой. Жонкам нават давялося пракаціцца на спінах сваіх палавінак! Напрыканцы дыстанцыі бацькам дапамагалі ўжо і малыя: усім сямействам разам з літар складалі словы “Властелин села 2019”. А потым, узяўшыся за рукі, хуценька дабегчы назад, да старту. Усё, спаборніцтвы завершаны, засталося толькі дачакацца рашэння журы. Каб удзельнікі і гледачы не сумавалі, пакуль будуць падлічаны балы, на імправізаваную сцэну выйшлі артысты Сасноўскага сельскага клуба — ансамбль “Журавушка”. А юная салістка з Асіповіч Дар’я Моцевіч падарыла свае песні прысутным яшчэ на пачатку мерапрыемства. І вось сем’і зноў на сцэне. Трэцяе месца ў Анастасіі і Максіма Мычко, на другім прыпыніліся Валянціна і Аляксандр Мядзведскія, а пераможцамі раённага этапу рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2019” сталі Марына і Уладзімір Шурахайлавы. Цяпер сям’ю чакаюць на абласным конкурсе, што пройдзе 8 жніўня ў Круглым. Марыя ТАЛЕЙКА. m.taleiko@gzt-akray.by Фота аўтара. Больш фота — на старонках «АК» у сацыяльных сетках «» і ««. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Званне “Уладар сяла” атрымоўваюць…” Кажуць, зараз моладзь усё больш імкнецца з’ехаць на пастаяннае месца жыхарства ў сталіцу, пакідаючы родныя вёскі,... |
|