Галіна Мацкевіч з Курчоўцаў сапраўдная някрасаўская жанчына. 21.by

Галіна Мацкевіч з Курчоўцаў сапраўдная някрасаўская жанчына

07.08.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

1C9A9018

Бываючы ў невялічкіх вёсках, заўжды з задавальненнем размаўляю з іх жыхарамі. Шчыра кажучы, яны здзіўляюць простай жыццёвай мудрасцю, багаццем душы і, нягледзячы ні на якія перамены лёсу, адкрытай шчырай усмешкай. А яшчэ — працавітасцю. Пра маю нядаўнюю знаёмую Галіну Баляславаўну Мацкевіч з Курчоўцаў нават міжволі падумала: “Сапраўдная някрасаўская жанчына!” І каня ўмее запрэгчы, і дровы парубае, і натчэ, і напрадзе. І ўсё гэта з гумарам, з песняй…

“Чаму б і не спяваць, калі жыццё было лёгкім?” — можа заўважыць які-небудзь песіміст. Дык справа жа ў тым, што з дзяцінства доля не песціла Галіну. Нарадзілася яна ў вёсцы Талочкі сённяшняга Забалацкага сельсавета. Калі ёй споўнілася пяць год, памерла маці. Бацька ажаніўся другі раз.

— Жылося, як жылося, — канстатуе жанчына. — Мачыха неблагая была. Але лепш, чым мама, нікога на свеце няма. Каб пракарміцца, працаваць давялося з дзяцінства. Рана навучылася ткаць — людзі і мачыха памаглі ў гэтай справе. А бацька кудзелю ўвязваў у прасніцу і паказваў: “Так прадзі”.

Вось і ўся “школа”, якую змагла “скончыць” Галіна Баляславаўна.

Замуж выйшла недалёка — за чатыры кіламетры, у Курчоўцы. Дзве хаты пабудавалі з мужам. Было складана, але мацавала сілы тое, што ўсё рабілі разам, раіліся.

Спачатку Галіна Баляславаўна працавала на праважскім заводзе — цэглы рэзала. Затым перайшла на будоўлю. Акурат воданапорную вежу ў Забалаці ўзводзілі. Колькі раз па прыступках уверх і ўніз за цэгламі давялося падымацца, спускацца, і не падлічыш. Тады Галіна Баляславаўна нават кладку спрабавала класці. Пасля яна ўладкавалася на мясцовую ферму, дзе працавала сорак год. Даіла ўручную сорак-пяцьдзясят кароў, затым карміла цялят. А ў хаце яшчэ чакала свая гаспадарка…

Нягледзячы на тое, што лёс жанчыну не шкадаваў, яна захавала пачуццё гумару і не згубіла любоў да жыцця. 

— Няма чаго сумаваць і аб былым гараваць, — упэўнена Галіна Баляславаўна. — У хаце ж лад і парадак. Восем дзяцей выгадавала, недалёка ад мяне ад’ехалі. Акрамя аднаго, які ў Лідзе, усе ў Воранаўскім раёне абсталяваліся. Падаравалі пятнаццаць унукаў. А нядаўна нарадзіўся сямнаццаты праўнук. Забараняюць дзеці мне працаваць. Не маю ўжо гаспадаркі. Адзін клопат — яблыкі сабраць.

Можа б і засумавала гэтая аптымістка па жыцці, каб не мясцовы сельскі клуб. Сюды прыходзіць на вячоркі. Пакуль песня льецца, кудзеля прадзецца.

— На дзявятым дзясятку не разлюбіла прасці і ткаць, — прызнаецца субяседніца. — І вяжу з задавальненнем. Усю сям’ю забяспечыла рукавіцамі, шкарпэткамі, швэдрамі ды камузэлькамі. Добра, што ёсць клуб — ёсць, дзе час правесці. Калі яго работнікі запрашаюць, то разам езджу выступаць з канцэртамі ў суседнія вёскі.

Мае Галіна Мацкевіч яшчэ адзін занятак для душы — чытанне. Ёй так не хапала навукі ў дзяцінстве, а навучыўшыся чытаць самастойна і цяпер маючы шмат вольнага часу, наганяе ўпушчанае. Няважна, на якой мове кніга ці газета: беларускай, рускай, польскай. Галоўнае, каб яна была пра такіх жа вяскоўцаў, як яна, і Бога. На яго з ранніх гадоў звыкла ўскладвае свае надзеі, яму і ў радасныя, і ў складаныя моманты давярае сваіх дзетак, унукаў, праўнукаў.

— Шчаслівая, што ў мяне вялікая сям’я, — дзеліцца Галіна Баляславаўна. — Да аднаго не магу прывыкнуць: увесь час у хаце жылі пятнаццаць душ, а тут засталася адна…

Для іх, родных, любых, дзверы ў доме маці, бабулі і прабабулі заўжды адкрыты. На Каляды, Вялікдзень, Новы год жанчына рашчыняе пірагі. Такіх ніхто не згатуе, бо, акрамя варэння, ягад, у цеста яна дадае мацярынскую любоў. І вось за святочным сталом збіраюцца каля пяцідзесяці чалавек. А суседзі не-не ды і выкажуцца:

— Дружныя гэтыя Мацкевічы, хіба ведаюць нейкі сакрэт, як жыць?

— Усё вельмі проста, — усміхаецца Галіна Баляславаўна. — Не зайздросцім, не жадаем чужога, падтрымліваем адзін аднаго. І самае важнае — шчыра любім.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бываючы ў невялічкіх вёсках, заўжды з задавальненнем размаўляю з іх жыхарамі. Шчыра кажучы, яны здзіўляюць простай жыццёвай мудрасцю, багаццем душы і, нягледзячы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика