Паспяховая праца Шаркаўшчынскага філіяла “Віцебскаблпал”
30.08.2019
—
Разное
|
Сёлета 1 верасня адзначаецца не толькі Дзень ведаў і Дзень беларускага пісьменства, сваё прафесійнае свята сустракаюць работнікі нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Ад дзейнасці людзей, занятых у дадзенай галіне, залежыць бесперабойнасць работы ўсіх галін народнай гаспадаркі, камфортнасць жыцця грамадзян. Рэалізацыяй паліва для дзяржаўных устаноў і ўласных домаўладанняў у нашым раёне займаецца Шаркаўшчынскі філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам “Віцебскаблпал”. Больш за дваццаць год прадпрыемства ўзначальвае Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок. Пад яго кіраўніцтвам калектыў, які налічвае 15 чалавек, паспяхова спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі. Па выніках работы за 7 месяцаў 2019 года Шаркаўшчынскі філіял займае ў вобласці лідзіруючыя пазіцыі сярод аналагічных прадпрыемстваў. — За гэты перыяд мы рэалізавалі 1.837 тон торфабрыкета, з іх 1.725 — для патрэб насельніцтва, — паведаміў Міхаіл Уладзіміравіч. — Займаемся таксама продажам дроў. Усяго рэалізавалі 5.506 кубічных метраў гэтага віду паліва, з іх 5.488 кубічных метраў для насельніцтва. Забяспечылі торфабрыкетам 506 домаўладанняў, дровамі — 1.136 домаўладанняў. Усе даведзеныя планы выконваем, бо кожны работнік арганізацыі ўносіць свой уклад у агульную справу, робіць усё максімальна магчымае, каб палівам, а значыць і цяплом, былі забяспечаны ўсе, хто мае ў гэтым патрэбу. Значныя аб’ёмы работ паспяхова выконваюцца дзякуючы дзейнасці ўсяго калектыву. У ліку лепшых работнікаў — вадзіцелі грузавых аўтамабіляў, якія круглы год, у будні і ў выхадныя дні ажыццяўляюць дастаўку паліва па гарадскім пасёлку і па раёне. За сем месяцаў бягучага года лепшых вынікаў у рабоце дасягнуў вадзіцель Іван Дземідовіч. На сваім аўтамабілі ГАЗ-САЗ 3507 ён перавёз 1.592 тоны паліва. Мужчына працуе ў нашым філіяле з 2006 года. Спачатку быў вартаўніком, затым перасеў на трактар, а з 2011 года ён працуе на грузавым аўтамабілі. Нараканняў на выкананне Іванам службовых абавязкаў няма. Напярэдадні прафесійнага свята Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок пажадаў работнікам і ветэранам арганізацыі здароўя, фінансавага дастатку, сямейнага шчасця і дабрабыту. Сяргей РАЙЧОНАК.
|
|