Перамога ў рэспубліканскім конкурсе. 21.by

Перамога ў рэспубліканскім конкурсе

06.09.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

907 (Копировать)

31 жніўня і 1 верасня ў Слоніме прайшоў Дзень беларускага пісьменства. На святкаванне была запрошана і дырэктар Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Цімафееўна Фромертас. Нагодай таму стала ўручэнне Дыплома Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за першае месца ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу”. А папярэднічала гэтаму ўдзел і перамога ў абласным этапе дадзенага конкурсу.

— Шаркаўшчынская зямля — край з цікавай гісторыяй, прыродай, багатай культурнай спадчынай, — кажа загадчыца аддзелам бібліятэчнага маркетынгу Шаркаўшчынскай ЦБС Марыя Генрыхаўна Сушко. — Край, які славіцца знакамітымі людзьмі. Можна з упэўненасцю казаць, што кожнаму чалавеку прыемна даведацца штосьці цікавае і новае пра сваю малую радзіму, яе гісторыю і культуру, адчуць гонар за сваіх землякоў. Таму важнае месца ў рабоце мясцовых бібліятэк займае краязнаўства.

Сёння творчасць нашага знакамітага земляка Язэпа Драздовіча даследавана ў дастатковай ступені. Шматлікія артыкулы, нарысы аб ім друкавалі навукоўцы і аматары краязнаўства. На працягу года вывучаліся матэрыялы, даступныя з фондаў цэнтральнай раённай бібліятэкі, Германавіцкага мастацка-этнаграфічнага музея імя Я. Драздовіча, уласныя архівы мясцовых жыхароў, матэрыялы з інтэрнэт-крыніц пра жыццёвы і творчы шлях знакамітага земляка, яго ўклад у развіццё беларускай культуры.

У структуру распрацаванага намі бібліяграфічнага дапаможніка “Вандроўнік. Доўгае вяртанне” увайшлі тры асноўныя раздзелы: “Літаратурная дзейнасць Я. Драздовіча”, “Літаратура аб жыцці і дзейнасці”, “Вянок памяці”.

У выданне ўключаны два ўступныя артыкулы, падрыхтаваныя мастаком Віктарам Круком і мясцовым краязнаўцам Кліменціем Кожанам. У якасьці дадаткаў прыводзяцца фотаздымкі і ілюстрацыі. Завяршаецца выданне мастацкім каталогам “Вобразы роднага краю”, які ўключае работы, напісаныя сучаснымі мастакамі падчас пленэраў, прысвечаных Я. Драздовічу.

Важным дапаўненнем да зборніка з’яўляецца электронная калекцыя з фота- і відэаматэрыялаў, ілюстрацый.

— Асноўную работу ў распрацоўцы зборніка правялі супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Марыя Сушко, Вера Мілянцей і Анастасія Андрэева, — працягвае Алена Цімафееўна. — Важкую дапамогу аказалі выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Віктар Крук, работнікі раённага Цэнтра культуры, у прыватнасці, Іван Русецкі і былы супрацоўнік раённага Цэнтра рамёстваў Святлана Шымуковіч.

Акрамя ўручанага дыплома мы яшчэ атрымалі і грашовую прэмію — 50 базавых велічынь. Грашовыя сродкі мы скарысталі на аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы аддзела маркетынгу ЦБС.

Спыняцца на дасягнутым мы, канечне ж, не будзем. Наперадзе ў нас яшчэ шмат задумак, планаў, якія супрацоўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы будуць увасабляць у жыццё.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика