Пасля першых паваенных гадоў аднаўлення народнай гаспадаркі, адукацыі, культуры органы дзяржаўнай улады ўсё больш увагі надаюць развіццю фізічнай культуры, спачатку ў школах, на прадпрыемствах, а затым і ў спецыялізаваных установах.
Так, 16 верасня 1954 года ў Ваўкавыску была створана першая спартовая школа, дырэктарам якой быў прызначаны Міхась Радзівонавіч Таргашын. Першапачаткова ў школе займаліся дзве групы хлопчыкаў і гэтулькі ж дзяўчынак. Поспехі не прымусілі сябе чакаць, і шматлікія спартоўцы становяцца чэмпіёнамі вобласці: Храпавіцкі – у штурханні ядра, Карпічэнка – у патройным скачку і ў скачках у даўжыню, Пятроў – у бегу на сярэднія дыстанцыі, Кавальчук уваходзіў у зборную вобласці па пяціборстве.