Алексей Шарипо – настоящий хозяин, бодрый и подтянутый, несмотря на года
01.10.2019
—
Разное
|
Аляксей Уладзіміравіч Шарыпа толькі што вярнуўся з рыбалкі, і хоць улоў быў смешны – на двух з Міхаілам Уладзіміравічам Малеем адзін ёрш, настрой гэта не сапсавала. Як і для большасці рыбакоў – важны сам працэс. А ён марознай ноччу быў рамантычны. Адкідны мяккі стульчык, вогнішча і прыгожае наваколле возера Чарсцвядскае. “Улоў заўсёды дзелім папалам, а калі каму трэба на святы, то аддаём больш”, – з задавальненнем расказваў жыхар Арэхаўна пра захапленне, што захавалася з дзяцінства. Бацька працаваў на сплаве лесу па рацэ Ушачы, да Тартака даходзіла брыгада, а яны, хлапчукі, з вудамі супраць цячэння – да Гуты. Любіць ён рыбу, але ў маразілцы не знойдзеш ні экзэмпляра. Ці смажаная, ці ў кансерве, ці вэнджаная – гэта гатуецца толькі са свежай. Аляксей Уладзіміравіч умее літаральна ўсё. І гатаваць таксама. Раней, канечне, кулінарныя вынаходствы былі справай рук жонкі Надзеі Сцяпанаўны, з якой вельмі дружна пражылі 47 гадоў. І зараз, хоць мінула ўжо чатыры, ён не змірыўся са стратай. Вельмі верны: на “ты” з сябрамі, і на “Вы” з сяброўствам. З жонкай, М.Малеем і М.Барысёнкам яны разам вучыліся ў Бігосаўскім тэхнікуме, а потым завочна і ў ветэрынарным інстытуце. З Фёдарам Пацэйкам і Васілём Пятроўскім сябравалі са школы. Мікалай Саўчанка аказаўся першым, хто дапамог пры пераездзе ў Арэхаўна, падзяліўся нават сваім хлявом для жывёлы, пакуль не абжыліся. З Іванам Смальніцкім разам засяляліся ў сваё першае жыллё ў новым доме ў Двор Пліне. “І яны, будаўнікі, і мы з жонкай, ветфельчары – толькі пасля тэхнікумаў, дзе і знайшлі свае другія палавіны. Разам абжываліся, радаваліся нараджэнню дзяцей. Дырэктар саўгаса “Ушацкі” В.Караленка папрасіў папрацаваць асемянатарам – праблемным было гэта пытанне, і я на кані аб’язджаў кароўнікі ў Ліпаўцы, Цялічыне і Строктах. За гэта і атрымаў сваю першую кватэру. Хоць хутка мяне перавялі парторгам у саўгас імя “Даватара”, а потым старшынёй калгаса “Адважны барацьбіт”, са Смальніцкімі назаўсёды засталіся сябрамі. Пасля хваробы не можа цяжкую фізічную работу выконваць Іван, я прыеду дапамагу. Калі захварэла мая Надзя, проста не абышоўся б без падмены Ніны Смальніцкай, як і маёй дваюраднай сястры Валі Прашкевіч і Алены Бязрукавай. Гэта сяброўства, праверанае нават горам. Наогул з усімі, з кім збліжаў лёс, застаёмся ў добрых адносінах. Памятаю, пасля 5 год кіраўніцтва “Адважным барацьбітом” (менавіта на такі тэрмін дамаўляліся з першым сакратаром Н.М.Гірсой) мы з маімі папярэднікамі У.М.Малаткаўцом і В.С.Фаміным потым неаднойчы збіраліся ў Мосары ў доме былога дырэктара школы Якава Васільевіча Бурдыкі. З тых часоў як перавялі заатэхнікам па буйной рагатай жывёле саўгаса-камбіната “Арэхаўна”, сябруем з сям’ёй Лісоўскіх. Святлана Васільеўна была сакратаром камсамольскай арганізацыі, а моладзі шмат, памятаю адну з першых сваіх грамадскіх роляў Дзеда Мароза, калі на санях аб’язджалі ўсіх дзяцей гаспадаркі”. Іх немеркантыльнае пакаленне цаніла арыгінальныя падарункі. І на дзень нараджэння суседкі М.А.Курбакі Шарыпы аднойчы спецыяльна зранку з’ездзілі ў лес, каб падараваць кошык з маладзенькімі баравікамі. Ціхае паляванне – яшчэ адно з любімых захапленняў. І касарскі лес ведае, але сваімі месцамі лічыць шчарбёнкаўскі. Таму і старэнькую “Ніву” не прадае, бо на “Ніссане” па запаветных мясцінах не паездзіш. Аляксей Уладзіміравіч заўсёды бадзёры і падцягнуты. З юнацтва сябраваў са спортам, наведваў розныя секцыі Ушацкай школы, якімі кіравалі Эдуард Фадзеевіч Багдановіч і Эдуард Фёдаравіч Сінкевіч. І ў тэхнікуме ўжо меў першы юнацкі разрад па лыжах. Зараз практыкуе ў хадзьбе, бо мае яшчэ аднаго адданага сябра. Такса Барон чатыры гады таму згубіўся ў лесе. А.Шарыпа быў перакананы, што сабаку звезлі, тым больш што ён вельмі любіў дзяцей, даверліва ішоў да людзей. Але паляўнічыя сказалі, што калі няма побач гаспадара, таксы не дадуць да сябе падыйсці. Так і было, калі, заўважыўшы Барона пад Арцюшкамі, людзі хацелі яго прывезці. Мінула амаль два тыдні, калі яны адшукалі сабаку ў тым мікрараёне, дзе згубілі. Схуднелы, ён усё ж чакаў сваіх. Адсюль і павышаная павага да гадаванца, з якім разам праходзяць па некалькі кіламетраў раніцай і ўвечары. У верасні Аляксей Уладзіміравіч адзначыў 70-гадовы юбілей. Але прыемныя абавязкі (у яго цяпліцы ўсё расце, як у лепшай гаспадыні, а кладоўка застаўлена марынадамі розных гатункаў) і захапленні не даюць састарэцца. І зразумела, жыве справамі сына і ўнукаў, якіх у Аляксея Уладзіміравіча ўжо трое. Старэйшы хутка атрымае вышэйшую адукацыю ў Горацкай сельгасакадэміі, сярэдні – кандыдат у майстры спорту па скачках на батуце, а за малодшым нядаўна назіраў па тэлебачанні – іх танцавальны ансамбль “Зорка” быў у падтанцоўцы падчас выступленняў знакамітасцяў на “Славянскім базары”. Вольга Караленка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксей Уладзіміравіч Шарыпа толькі што вярнуўся з рыбалкі, і хоць улоў быў смешны – на двух з Міхаілам Уладзіміравічам Малеем адзін ёрш, настрой гэта не... |
|