Страницы школьного «досье» Екатерины Костюкович. 21.by

Страницы школьного «досье» Екатерины Костюкович

08.10.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

“Мае зайчыкі: Света Міхалевіч, Наташа Сапун. Гэта мы ў паходзе пасля 9 класа”, – водзіць пальцам па здымках тоўстага альбома Кацярына Фёдараўна Касцюковіч. “А трэцяя дзяўчынка хто?”, – пытаюся ў яе. А ў адказ – усмешка: “Дык гэта ж я! Халаднік ім на абед гатую!” Зрэшты, лёгкі гэты канфуз можна апраўдаць: маладая настаўніца рускай мовы і літаратуры з моднай стрыжкай выглядае не старэйшай за вучняў свайго будучага першага выпуску. І пры тым нядаўняй студэнтцы Мінскага педінстытута з першых урокаў удалося знайсці баланс паміж “патрабавальнай” і “сваёй” – а гэта, напэўна, і ёсць формула, якая робіць настаўнікаў любімымі.

Увогуле ж кар’еру Кацярыны Фёдараўны можна падзяліць на два перыяды. Першы, даўжынёй у дзесяцігоддзе, быў прысвечаны Ушацкай школе. І якраз яму належаць чорна-белыя здымкі, што мы разглядалі ў яе доме ў Двор Пліне напярэдадні Дня настаўніка. А таксама безліч розных гісторый. “Лена Жылко і Сяргей Васюковіч сталі ўрачамі, Оля Кухта і Люба Шалак пайшлі ў педагогіку, працуюць на Ушаччыне. На малой радзіме засталіся Лена Клачок, Андрэй Жыткоў, Коля Бункевіч, Ігар Арэхва”, – расказвае пра свой першы выпуск настаўніца.

Літаральна да кожнага вучня яна імкнулася знайсці асобны падыход. Прыгадвае, як адзін старанны і здольны хлопчык у старэйшых класах раптам пачаў заікацца і, каб не быць аб’ектам жартаў, увогуле перастаў адказваць на ўроках. Кацярына Фёдараўна прапанавала яму затрымацца пасля заняткаў і расказаць ёй верш сам-насам. Па такой схеме пэўны час і праходзілі літаратуру, атэстат не быў сапсаваны, юнак атрымаў вышэйшую адукацыю і зараз ён вельмі паважаны работнік у адной з ушацкіх арганізацый. Ці яшчэ прыклад: аднойчы ў школе нехта запаліў “дымавуху” – ды такую, што палову класаў прыйшлося эвакуіраваць. “Піратэхнікам” аказаўся адзін з яе вучняў: ён сам патэлефанаваў Кацярыне Фёдараўне і прызнаўся, тая ж захавала тайну, і школьнік больш ніколі не шкодзіў…

Самыя цёплыя ўспаміны захавала цяпер ужо ветэран педагагічнай працы пра ўшацкіх настаўнікаў. “Заўсёды дазваляла мне прысутнічаць на сваіх надзвычай цікавых уроках Тэрэза Пятроўна Крыванос, многае ў плане росту далі зносіны з мовазнаўцамі Ядвігай Ігнатаўнай Тарасевіч, Лідзіяй Васільеўнай Лаўрыновіч, Аленай Барысаўнай Каваленка. Хочацца прыгадаць добрым словам Л.М.Цяцерку, Т.М.Іваненку, Л.А.Худалееву, М.А.Бутоўскую, Т.Р.Пугачову, Н.А.Васькевіч, Н.Ф.Жынь, Ф.П.Зубцову, Т.І.Калеснік, Л.А.Алабіну, В.І.Карчэўскую, Н.А.Багдановіч, Т.Р.Хамёнак, Т.М.Бутоўскую, В.П.Чарняўскую, В.Д.Паўлючэнку, М.Ф.Крышнёву, А.В.Барунову, І.Р.Пашкевіч і многіх іншых”. Ну а пра здольнасці самой Кацярыны Фёдараўны сведчыць той факт, што пасля сямі год працы ва ўстанове ёй даверылі адказную пасаду завуча.

Аднак жыццёвыя абставіны склаліся так, што давялося шукаць работу бліжэй да дома, і наступныя 24 гады жанчына прысвяціла Плінскай школе, 16 з якіх з’яўлялася яе кіраўніком. Сведчанні пра гэты перыяд яна таксама скрупулёзна захоўвае ў своеасаблівым дасье, у якім шматлікія дыпломы, публікацыі, школьны летапіс, фотаархіў. Гартаем разам яго старонкі…

– Мне здаецца, што ў нас быў унікальны калектыў. Заўсёды дзяліліся асабістымі праблемамі і маглі разлічваць на падтрымку, былі і спрэчкі, як у любой сям’і, але ж любіць адзін аднаго ніколі не пераставалі, – з пяшчотай расказвае К.Касцюковіч. – Сапраўдная душа калектыву – С.З.Яскевіч, без якога не абыходзілася ніводнае мерапрыемства. Дзякуючы яму нашы дзеці і педагогі першымі ў раёне асвоілі камп’ютар. Заўсёды фантаніравалі ідэямі, адказна ставіліся да справы В.В.Дрозд, Г.І.Стрыжонак, В.В.Ларчанка, В.І.Грак, А.У.Філіпчык. Незвычайна таленавітымі ў розных напрамках творчасці былі І.Г.Марковіч, Т.А.Пашчук, Л.А.Бабаедава, Г.С.Данілёнак, В.А.Крывец, колькі экскурсій па Беларусі арганізавала М.В.Ярмош, а якім насычаным рабіў спартыўнае жыццё В.В.Карабань…

Школа заўсёды была ў лідарах па вучэбнай і выхаваўчай рабоце і, па меркаванні К.Касцюковіч, вялікая заслуга ў гэтым належала завучам Т.У.Бабянок, А.А.Леановіч, Г.М.Сарокінай. Трывалыя ж традыцыі ўстановы фарміравалі яе ветэраны, сярод якіх Г.С.Мірановіч, М.К.Урбан, З.З.Дзялюкіна, А.Ф.Пашута.

Як вядома, Плінская школа спецыялізавалася на патрыятычным выхаванні, а намаганнямі былога дырэктара Мікалая Нікіфаравіча Асташонка тут аднымі з першых у краіне яшчэ ў пачатку 70-х стварылі музей, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай. Вялася вялізная пошукавая і краязнаўчая работа, кіраваў якой У.І.Барысёнак. Была абсталявана “Беларуская хатка”. “Вельмі добра, што ўсе нашы экспанаты пасля закрыцця школы сталі часткай экспазіцыі музея народнай славы і нядаўна адкрытай этнаграфічнай выставы”, – адзначае К.Касцюковіч.

– Кіраваць школай вельмі няпроста і адказна, аднак мне пашанцавала, бо заўсёды магла разлічваць на дапамогу калектыву, падтрымку калег-дырэктараў, якім мушу выказаць асаблівую падзяку, – падкрэслівае Кацярына Фёдараўна. – Хачу павіншаваць усіх калег з Днём настаўніка. Гэта свята мы заслужылі сваёй самаадданай працай!

Вельмі хутка пранесліся насычаныя педагагічнымі справамі гады. І, перагортваючы апошнія старонкі школьнага “дасье”, Кацярына Фёдараўна рэзюміруе, што сваім жыццём яна задаволена, бо займалася тым, што любіла. Зараз жа з ахвотай адпачывае, дорыць свой клопат сыну і ўнукам, наведвае ўсе мерапрыемствы, што ладзіць у Плінскай бібліятэцы былая настаўніца школы І.Г.Марковіч, разам з сябрамі ездзіць у сталіцу на пастаноўкі Тэатра беларускай драматургіі. Прыгожа і ўтульна ў яе доме, пяшчота і цеплыня пануюць і ў душы гэтай цудоўнай жанчыны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Мае зайчыкі: Света Міхалевіч, Наташа Сапун. Гэта мы ў паходзе пасля 9 класа”, – водзіць пальцам па здымках тоўстага альбома Кацярына Фёдараўна Касцюковіч. “А...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика