Бясконца можна спасцігаць гісторыю роднай зямлі і штораз адкрываць для сябе нешта новае. Наш раён – маленькі, але мае багата таямніц і ўнікальных старонак слаўнага мінулага, што ўжо ў 13-ы раз на базе раённай бібліятэкі яскрава прадэманстравалі Карэліцкія краязнаўчыя чытанні.
Сёлета 18 дакладаў навукова-практычнай канферэнцыі аб’яднала тэма “Мінулае і сучаснасць Карэліцкага краю”. Чытанні сталі адмысловай пляцоўкай для плённай сустрэчы краязнаўцаў і навукоўцаў, прадстаўнікоў Інстытута гісторыі і Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, музея-запаведніка “Нясвіж”, музея “Замкавы комплекс “Мір”, дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Карэліцкага Дома рамёстваў і раённай бібліятэкі.
“У Карэліцкім раёне з павагай адносяцца да гісторыі роднай зямлі. Нястомна вядзецца краязнаўчая работа, якая ахоплівае прадстаўнікоў розных пакаленняў. Каштоўна, што да гэтага далучаюцца і нашы шаноўныя беларускія навукоўцы. Разам мы робім вялікую справу”, – ад імя мясцовых уладаў прывітала ўдзельнікаў падзеі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук. Таксама за плённае супрацоўніцтва яна ўручыла Ганаровую грамату калектыву Інстытута гісторыі НАН Беларусі, які сёлета адзначыў сваё 90-годдзе.
У сваю чаргу, загадчык аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Доўнар ад імя ўстановы перадаў Падзякі дэпутату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вользе Папко і кіраўніку Карэліцкага Дома рамёстваў Юліі Баярэнка.
А далей настаў час Яе Вялікасці Гісторыі. Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Кірыл Мядзведзеў раскрыў адразу дзве тэмы: “З гісторыі археалагічнага даследавання Карэліцкага краю” і “Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё мяшчан Карэліч ў XVIII ст.” Даклады змусілі па-новаму паглядзець на мясцовыя краявіды, дзе і сёння можна знайсці ў раёнах вёскі Беразавец ці аграгарадка Ярэмічы сляды старажытных паселішчаў, а звычайны ўзгорак можа аказацца гарадзішчам. Закранулі даследаванні і тэму скарбаў, бо і зараз на нашых землях “чорныя капацелі” часам знаходзяць каштоўнасці. А знаёмства з жыццём насельніцтва Карэліч ў XVIII стагоддзі нагадала, што нават ў гады ліхалецця і выпрабаванняў нашы продкі знаходзілі сілы і магчымасці ўсё пераадолець.
Як звязаны землямер і архітэктар знакавага для нашага краю роду Вітгенштэйнаў Аляксандр Мірэцкі і рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі, адказала дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Вольга Папко ў сваёй працы “Павел Баляслаў Падчашынскі (1822-1876) і вывучэнне Мірскага замку”. Дарэчы, галоўны герой дакладу, асоба цікавая і рознабакова адукаваная, першым даследаваў славутасць беларускай нацыянальнай культуры як архітэктурны помнік. Таму, як адзначыла Вольга Папко, пра спадара Падчашынскага і яго асяродак у хуткім часе выйдзе аб’ёмны артыкул. Таксама яна праанансавала выданне доўгачаканага працягу кнігі-падарожжа па старажытных сядзібах Гродзенскай вобласці, у тым ліку Карэліцкага раёна. “Маю надзею, што і нашы чытанні стануць падмуркам для шэрагу выданняў. Гісторыя Карэліччыны вартая, каб пра яе расказвалі ў кнігах і на шырокія масы”, – падсумавала сваё выступленне Вольга Папко.
Даклад “Петрапаўлаўская царква ў Карэлічах: з гісторыі будаўніцтва” прафесара БНТУ, доктара архітэктуры Сяргея Сергачова нават для вопытных краязнаўцаў стаў каштоўнай знаходкай. “Я шмат разоў бываў у Міры і Навагрудку, але аднойчы спыніўся ў Карэлічах, здзіўлены хараством мясцовага праваслаўнага храма, – шчыра падзяліўся даследчык. – На першы погляд, перада мной быў тыповы для другой паловы ХІХ стагоддзя праект . Але ж калі я пачаў разбірацца, то пабачыў шэраг адметнасцяў і ў знешнім афармленні, і ў інтэр’еры. Нездарма толькі за чарцёж храма ў Карэлічах заплацілі вялікія на той час грошы – 15 рублёў, у іншых месцах аналагічныя цэрквы абышліся танней. Але хачу адзначыць не толькі гэтую святыню, але, увогуле, планіроўку райцэнтра, якая захавалася з даўніх часоў і налічвае стагоддзі. Сапраўды, у Карэлічах і ваколіцах пры жаданні яшчэ багата можна знайсці і навукоўцам, і турыстам”.
Загадчык аддзела крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Доўнар напачатку свайго выступлення звярнуў увагу на размешчаную на праграме Карэліцкіх чытанняў выяву. Аказалася, што гэта карта штучнага змянення русла Нёмана ў раёне маёнткаў Турэц і Абрынкі другой паловы XVIII стагоддзя і ўнікальны прыклад таго, як уручную нашы продкі маглі нават скараць воды магутнай ракі. Таксама дакладчык на аснове дакументаў Галоўнага архіва старажытных актаў распавёў пра жыццё Карэліч напачатку XVII стагоддзя і як гаспадарылі на нашых землях знакамітыя роды Чартарыйскіх і Радзівілаў.
“Ужо ў восьмы раз мне пашчасціла выступаць на Карэліцкіх чытаннях. А тэмаў для новых канферэнцый, здаецца, стае ўсё больш, – падкрэсліў вялікі патэнцыял праекту Аляксандр Доўнар. – Так, спачатку чытанні насілі літаратурны характар, але хутка, прыкладна на пятым годзе існавання, яны ўзялі кірунак на навуковыя даследаванні. І гэта выдатна, бо дазваляе штогод адкрываць новыя старонкі гісторыі Карэліччыны, а значыць і Беларусі, ды яшчэ спрыяе выданню збораў навукова-даследчых работ. А яшчэ, калі я еду па тутэйшых мясцінах, то думаю, што менавіта гэта зямля ў свой час натхняла таго ж Янку Брыля на моцныя і глыбокія творы, а сёння не перастае здзіўляць і нас, навукоўцаў”.
Розныя віды кафлі XVI- XVII стагоддзяў з фондаў замкавага комплекса “Мір” і Карэліцкага раённага краязнаўчага музея сталі аб’ектам навуковых пошукаў мінскага краязнаўцы Пятра Русава, які, да слова, яшчэ займаецца і яе рэстаўрацыяй. Дзякуючы руплівай працы даследчыка, прысутныя даведаліся, як хрысціянскія матывы ўдала ўпляталіся ва ўзоры ў выглядзе рыбінай лускі і вясёлкі на кафлі, чаму нашы продкі любілі паяднанне жоўтага, белага і кобальтавага колераў ды іншыя цікавосткі.
Да слова, дакладчыка старанна канспектавала загадчык аддзела па навуковай працы музея “Замкавы комплекс “Мір” Таццяна Кожух: “Мы заўжды ў пошуках цікавай інфармацыі пра замак. Асабіста я ўжо ў другі раз наведваю з гэтай мэтай чытанні і зноў узяла сабе на аловак нямала новага. Да таго ж, прыемны бонус – сустрэцца ў рэальнасці з даследчыкамі, якіх дагэтуль ведала толькі па іх працах”.
Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Ягор Сурскі праз інвентар Мірскага графства 1671 года раскрыў адметнасці побыту нашых продкаў. Адзначыў навукоўца і тое, што ўжо ў другі раз прыязджае на Карэліцкія чытанні і лічыць іх «сапраўдным археаграфічным прарывам ў беларускай навуковай прасторы».
Другім па ліку стаў візіт на канферэнцыю і для загадчыка сектара выставачнай дзейнасці, тэматычных і генеалагічных запытаў аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдата гістарычных навук Вадзіма Урублеўскага. У свой першы прыезд ён распавядаў пра маёнтак Беразавец, а праз нейкі час даведаўся, што там – карані яго маці. Што датычыцца сёлетняй тэмы даследавання навукоўцы – “Антрапанімія і генеалогія ўніяцкага насельніцтва Карэліччыны ў 1763 годзе”, то яна выклікала пэўнае ажыўленне ў аўдыторыі. Гаворка ішла пра знаёмыя кожнаму мясцоваму жыхару прозвішчы. Аказалася, што большасць з іх паходзіць ад імёнаў (Гурын, Карп, Палуян, Богуш ці Арцюх, да слова, ад імя “Арцём”). Дарэчы, наконт імёнаў: самымі папулярнымі на нашых землях ў тыя часы лічыліся Іван, Фёдар, Іосіф, Міхаіл, Рыгор. Адкрыццём для залы сталі і назвы сувязяў у сям’і: так, “сынавец” аказаўся сынам брата, а “пасерб” – пасынкам.
Дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку Мікалай Гайба ў дэталях і на картах раскрыў гісторыю вузкакалейнай чыгункі на Карэліччыне і Навагрудчыне. Дарэчы, гэтай тэмай ён займаецца ўжо каля 20 гадоў. “На сёлетнія чытанні літаральна ўскочыў у апошні вагон, бо толькі на днях адправіў заяўку. Але рады, што ўсё атрымалася, і я апынуўся тут. Важна, што не ў сталіцы, а ў невялікім раённым цэнтры мы маем магчымасць дзяліцца навуковымі даследаваннямі і рабіць адкрыцці”, – заўважыў навукоўца.
Ураджэнец аграгарадка Палужжа Карэліцкага раёна, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, аспірант Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Аляксандр Яраш завітаў на малую радзіму з дакладам пра функцыянаванне Карэліцкага гарнізону прыватных войскаў роду Радзівілаў у XVIII стагоддзі. Таксама падчас чытанняў высветлілася, што цікавіць маладога навукоўцу і яшчэ адзін гістарычны перыяд – Першая Сусветная вайна. Менавіта інтарэс да гэтай тэмы звёў яго з кіраўніком ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Лукскай сярэдняй школы Уладзімірам Матусевічам. І вынікам размовы ў кулуарах чытанняў сталі планы на ўзаемакарыснае супрацоўніцтва.
Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Таццяна Даўгач расказала пра дзейнасць органаў сялянскага кіравання ў Карэліцкім краі пасля адмены прыгоннага права. Праз аналіз скаргаў простых людзей даследчык змагла “пачуць раней маўклівую катэгорыю насельніцтва”. А датычыліся іх пытанні, у асноўным, маёмасці, спагнання сродкаў, адмовы прыняцця ў грамаду, здачы ў рэкруты, злоўжывання адміністрацыі і нявыдачы пашпартаў.
Таксама жыццё простых людзей Карэліччыны, але ўжо іншай эпохі – работнікаў сельскай гаспадаркі ХХ стагоддзя, на аснове аналіза перыёдыкі за 1950-1960 гады зацікавіла навуковага супрацоўніка музея “Замкавы комплекс “Мір” Юлію Бязносік.
Дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Вольга Гарбачова запрасіла ўсіх разабрацца ў свеце “дамейкіяны” – эпісталярнай спадчыны Ігнація Дамейкі, даведацца, з кім і пра што актыўна ліставаўся наш славуты зямляк ды яшчэ зазірнуць у зборы Музея літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве.
У другі раз з задавальненнем наведала Карэліцкія чытанні дацэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук Ала Баранава і ўпэўнена канстатавала, што сёння Карэліччына паспяхова працягвае і рэалізуе асветніцкія ідэі, блізкія і для Ігнація Дамейкі.
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Ігар Шаладонаў таксама звярнуўся да творчай спадчыны яскравага прадстаўніка Карэліцкай зямлі. Даследчыка прыцягнула народная мудрасць жыцця ў аповесцях пісьменніка Янкі Брыля, дзе “адчуваецца стыхія роднага слова”. Нагадаў навукоўца прысутным і пра выхад 4-га тома твораў літаратара (з 10 запланаваных) і выказаў надзею, што прэзентацыя выдання адбудзецца ў сценах Карэліцкай раённай бібліятэкі.
Багата рэдкіх звестак і нешараговых фактаў у сваім дакладзе пра яшчэ аднаго знакамітага ўраджэнца Карэліччыны – рэдактара газеты “Беларуская справа” (выдавалася напачатку ў 1926 годзе ў Вільні) Алеся Вільчыцкага – адкрыла сябра Гродзенскага абласнога аб’яднання ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Кошур: “Шмат год я аддала вывучэнню гісторыі Карэліцкага краю і яго таленавітых людзей. Заўжды з апантанасцю я імкнуся знайсці нешта новае і невядомае пра малую радзіму. Так, на працягу 10 гадоў я вывучала асобу Алеся Вільчыцкага. І даследаванне атрымалася, сапраўды, міжнародным, бо неабходныя копіі дакументаў са спецархіваў і фотаздымкі я атрымала з Расіі. А яшчэ важна, што гэтая праца дапамагла расійскім нашчадкам Алеся Вільчыцкага знайсці беларускія карані свайго продка. Таксама радасна, што напярэдадні Карэліцкіх чытанняў у школе ў сяле Рабрыха Алтайскага краю, дзе некаторы час працаваў настаўнікам наш зямляк, адкрылі мемарыяльную дошку”.
Як зберагчы духоўную спадчыну і пазнаёміць як мага больш людзей з пярлінамі гісторыі роднага краю, у сваім выступленні агучыла дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх. Яна распавяла пра ўласныя бібліятэчныя выданні (зборнікі вершаў мясцовых аўтараў, краязнаўчыя даведнікі), актыўную працу над віртуальнай паўнатэкставай базай твораў аўтараў-землякоў і размяшчэнне на сайце ўстановы карты праваслаўных і каталіцкіх храмаў раёна, а таксама пра адзін з апошніх гістарычных фотапраектаў “Замак у аб’ектыве” і ідэю ў наступным годзе надрукаваць серыю паштовак “Мірскі замак: учора і сёння”. Цікава, што адзін з удзельнікаў чытанняў паабяцаў дапоўніць калекцыю здымкаў рэдкімі кадрамі замку 1960-х гадоў.
Завяршыў насычаную праграму навукова-практычнай канферэнцыі пад апладысменты даклад кіраўніка Карэліцкага Дома рамёстваў Юліі Баярэнка пад назвай “Традыцыйны строй Карэліччыны” з паказам мадэляў.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара