Усе бацькі хочуць, каб іх дзеці раслі здаровымі, але за гэтым складана сачыць, калі сын ці дачка большую частку дня праводзіць ў школе па-за бацькоўскай ўвагай. Залог здароўя – гэта правільнае харчаванне, а таму “Родныя вытокі” вырашылі зазірнуць ў СШ №1 горада Докшыцы і высветліць, чым сілкуюцца вучні.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Іна Парцянка кажа, што ў школьнай сталовай усе прадукты адпавядаюць патрабаванням санітарных нормаў. У буфеце дзеці не знойдуць ні чыпсаў, ні сухарыкаў, ні іншай шкоднай, але такой любімай імі ежы.
Кожны тыдзень у школе састаўляецца новае меню на аснове прыкладнага з аддзела адукацыі. На выбар даецца некалькі відаў кашы і катлет. Харчаванне адрознівацца для дзяцей розных узростаў, але асноўны прынцып для ўсіх аднолькавы — выкананне натуральных нормаў. Пры складанні меню спецыялісты сочаць за тым, каб вытрымліваўся баланс бялкоў, тлушчоў і вугляводаў, і кантралююць каларыйнасць. У меню няма смажаных страў — харчаванне дыетычнае, ашчаджальнае. Школа вырошчвае сваю гародніну на прысядзібным участку: моркву, бульбу, цыбулю.
Асноўнае харчаванне аднаразовае, у групе падоўжанага дня — двухразовае або трохразовае. Сняданак бясплатны для вучняў 1-4 класаў, а таксама для сельскіх дзяцей, дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Можна замовіць адзін асноўны абед і адзін дадатковы. Так, старшакласнікі могуць паабедаць пасля трэцяга або чацвёртага ўрока, а потым замовіць дадатковы абед а другой гадзіне. Для дзяцей з груп падоўжанага дня таксама ёсць і падвячорак.
Па словах Іны Парцянка, дзецям падабаецца тая ежа, якая для іх гатуецца ў школе. Мы вырашылі даведацца, што пра гэта думаюць самі школьнікі, і зайшлі ў другі і шосты класы. Дзеці — як меншыя, так і большыя — адказалі, што больш за ўсё яны любяць супы, пюрэ, катлеты і салату. На пытанне “Што б вы хацелі ўбачыць у меню?” усе наперабой крычалі: “Пельмені! Бургеры! Піцу! Варэнікі!”
Адміністрацыя школы ведае пра гэтыя пажаданні, але ім не паддаецца.
— Мы са школьнікамі праводзім гутаркі пра правільнае харчаванне, — кажа дырэктар школы Наталля Фурсевіч. — На бацькоўскіх сходах выступаюць медработнікі, якія распавядаюць пра тое, як важна прытрымлівацца культуры харчавання. Калі дома з бацькамі дзеці ядуць пельмені ці каўбасу, то патрэбна, каб хаця б у школе яны сілкаваліся здаровай ежай.
Настасся ФЕШЧАНКА.
Фота аўтара.