13 лістапада ў Мінску пройдзе адкрыцце 4 буйных выставачных праектаў. 21.by

13 лістапада ў Мінску пройдзе адкрыцце 4 буйных выставачных праектаў

07.11.2019 16:00 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


«Праўда пра Курапаты»

Дакумэнтальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты» адлюстроўвае гісторыю і сённяшні дзень старога хваёвага лесу на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінску, дзе ў 1930-я гады савецкія органы бяспекі расстралялі сотні тысяч ні ў чым не вінаватых мірных людзей — нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў.

Выставу ладзяць Грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз мастакоў», секцыя «Пагоня» Грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў» пры ўдзеле грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» ды шэрагу структураў грамадзянскай супольнасці.

На выставе будуць прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, плакат, фотадакументы. Свае новыя творы пакажуць вядомыя мастакі – Эдуард Агуновіч, Віктар Мікіта, Аляксей Марачкін, Ніна Сакалова-Кубай, Генадзь Драздоў, а таксама маладзейшае пакаленне сяброў Беларускага саюза мастакоў. Сярод іх – Усевалад Свентахоўскі, Наталля Піневіч, Уладзімір Лавецкі ды іншыя.

Падчас выставы запланаваны сустрэчы, экскурсіі і прэзентацыя кнігі «НКВД забіваў у Курапатах…» На ўрачыстым адкрыцці выставы выступяць пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак Аляксей Марачкін. Куратары выставы: Марат Гаравы, Ігар Марачкін.

выставка
 

Выстава Цiханава

Вiктар Цiханаў нарадзiўся ў вёсцы Пукшына на Вiцебшчыне. Скончыў Рэспублiканскую школу па музыцы i выяўленчым мастацтве, у 1978 – аддзяленне манументальнага жывапiсу Беларускага тэaтральна-мастацкага iнстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмiя мастацтваў). З 1984 – сябра Саюза мастакоў. Знакавымi ў творчасцi мастака сталi працы створаныя ў aдноўленай iм тэхнiцы разнога ляўкаса. Першымi з’явiлiся партрэты бабкі Ганны i дзеда Сцяпана, пазней энцыклапедычныя Мiкола Гусоўскi i Францыск Скарына, партрэт Кастуся Калiноўскага i iншыя. Быў у Вiктара Цiханава i пeрыяд звязаны з iканапiсам: роспiсы праваслаўнага храма в.Семятычы (Польша), алтарная iкона «Хрышчэнне Гасподне» храма Марыi Магдалiны ў Мiнску. Пасля шматлiкiх манументальных аб’ектаў у тэхнiцы вiтражу, мазаiкi, фрэскi мастак прыйшоў да жывапiсу пазнавальных у яго адметнай манеры  краявiдаў. Пуантылiзм як стыль не стаў самамэтай для Вiктара Цiханава. Праца з мазком рознага маштабу хутчэй прыйшла ад гульнi ў рознакаляровую смальту i маленькiх кропак вiтражнага шкла. Пасля раннiх шэра-зсiвелых беларускiх краявiдаў сапраўдны прарыў святла i колеру лiтаральна захлынуў мастака ў Iспанii ў 1994 годзе. Пасля працы i шматлiкiх выставак у Iспанii палiтра аўтара кардынальна змянiлася. Кожная вандроўка аўтара вылiвалася ў новую серыю твораў. Так з’явiлiся «Швейцарскi цыкл», «Восень у Баварыi”», серыi палотнаў з Сербii i Славакii. Пасля вяртання з гор беларускiя прасторы з  люстэркамi рэчак i азёраў зноўку вабiлi пэндзаль мастака. Складаная i балючая тэма Чарнобыля знайшла свой водгук у творчасцi. Паездкi ў забароненую зону адлюстравалiся ў аўтарскiм фiльме «Сум пакiнутых вёсак» i аднаiменным праекце, якi быў прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкiм музеi ў 2007 годзе.

Святло можна назваць галоўнай тэмай пуантылiстычнага жывапiсу Вiктара Цiханава, гэта мiгценне першага снега на коўдры жоўтага лiсця, блiкi на вадзе беларускiх ручаёў i Мiжземнага мора. Нават калi за аснову абраны чорны квадрат – малюючым мазком праступае святло.

Асноўныя выставачныя праекты:

  • 1995 – Рэспублiканская мастацкай галерэя (Мiнск, Беларусь)
  • 1998 – ART-EXPO (Нью-Йорк, ЗША)
  • 1999 – Унiверсiтэт (Рэгенсбург, Германiя)
  • 2000 – Маскоўскi Мiжнародны Арт-Салон «ЦДХ» (Масква, Расiя)
  • 2002 – Маскоўскi Мiжнародны Арт-Салон «ЦДХ» (Масква, Расiя)
  • 2002 – Мiжнародны Салон Арт-Манеж (Масква, Расiя)
  • 2003 – Маскоўскi Мiжнародны Арт-Салон „ЦДХ” (Масква, Расiя)
  • 2003 – 9th Cairo International Biennale (Каiр, Егiпет)
  • 2005 – Аукцыён Cristie’s (Лондан, Белiкабрытанiя)
  • 2005 – Музей сучаснага выяўленчага мастацтва (Мiнск, Беларусь)
  • 2006 – Праект «Снег у чорным квадраце», Рэспублiканскай мастацкай галерэя (Мiнск, Беларусь)
  • 2006 – Мастацкi музей (Магiлёў, Беларусь)
  • 2007 – Праект «Сум пакiнутых вёсак», Нацыянальны мастацкi музей РБ (Мiнск, Беларусь)
  • 2007 – Гiсторыка-культурны музей-запаведнiк «Заслаўe» (Заслаўe, Беларусь)
  • 2007 – Рускi Культурны цэнтр (Белград, Сербiя)
  • 2008 – «Вяртанне», Мастацкi музей  (Вiцебск, Беларусь)
  • 2008 – Рускi Культурны цэнтр (Брацiслава, Славакiя)
  • 2010 – Дзяржаўная Фiлармонiя (Кошыцэ, Славакiя)
  • 2012 – Мастацкi музей (Вiцебск, Беларусь)

Творы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкiм музеі РБ, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Нацыянальнай бiблiятэцы РБ (Мiнск, Беларусь), Музеі сучаснай iспанскай гравюры (Марбэлья, Iспанiя), Fundaclon Cristobal Gabarron (Iспанiя), Aкадэмiі мастацтваў (Гранада, Iспанiя), Нацыянальнай бiблiятэцы (Гранада, Iспанiя), Zimmerly Art Museum (Нью-Брансвiк, ЗША), прыватных калекцыях у Беларусі і па за яе межамі.

выставка
 

«Графіка+»

Секцыя «Графіка» адна з найстарэйшых творчых аб'яднанняў БСМ. На сённяшні дзень секцыя аб'ядноўвае больш за 80 мастакоў, якія асноўным відам сваёй творчасці лічаць графічнае мастацтва, творчая прастора якой заўсёды была зонай свабоды і эксперыментаў. І мастакі секцыі заўсёды адпавядалі гэтым крытэрыям. Жывапіс, скульптура, дэкаратыўнае прыкладное мастацтва, фатаграфія заўсёды былі дадатковымі гранямі творчай асобы мастакоў-графікаў, а ў апошні час да гэтых граняў далучыліся відэамастацтва і інсталяцыя.

Выстава «Графіка+» прадастаўляе магчымасць мастакам секцыі прадэманстраваць адначасова з графікай і гэтыя бакі сваёй творчасці.

Выстава прысвячаецца 90-годдзю выбітных мастакоў-графікаў членаў секцыі: народнаму мастаку Арлену Міхайлавічу Кашкурэвічу (1929 – 2013) і заслужанаму дзеячу мастацтваў Людвігу Пятровічу Асецкаму (1929 – 2005).

На выставе будуць прадстаўлены персанальныя экспазіцыі гэтых таленавітых і шматгранных мастакоў. Куратар выставы, старшыня секцыі графікі БСМ, Андрэй Уладзіміравіч Басалыга.

выставка
 

«Залессе. Алесь Лось. Яўгенія Ліс»

Чым больш роляў мы на сябе прымяраем, тым больш мы рухаемся наперад і пазнаем свет. Ёсць шмат прыкладаў, калі творцы праяўлялі сябе ў розных формах мастацкай дзейнасці, а не толькі ў той вузкай прафесійнай галіне, дзе атрымалі адукацыю. Адзін з такіх прыкладаў – творчасць прафесійных мастакоў-графікаў Яўгеніі Ліс і Алеся Лася. Яўгенія адкрыла ў сабе талент рэжысёра батлеечнага тэатра, развівалася як актрыса, рабіла лялькі і пісала сцэнары. Алесь навучыўся рабіць музычныя інструменты і іграць на іх, аднавіў беларускую дуду, ліру, стварыў не адну музычную капэлю.

Выстава «Залессе. Алесь Лось. Яўгенія Ліс» – адлюстраванне перыяду творчага жыцця маладых мастакоў ў вёсцы Зарудзічы Залескага сельскага савета. Батлейка памяняла ракурс творчасці мастакоў, якіх захапіла праца па вырабу лялек, напісанні новых сцэнароў для спектакляў, экспедыцыі і знаёмства з традыцыйнай музыкай і спевамі. Дзякуючы батлейцы, у Залессі з’явілася Школа Мастацтваў у Палацы М.К. Агінскага, загучэлі дуда і ліра карбовая, знайшліся цудоўныя народныя музыканты – скрыпачы, цымбалісты, акардэаністы, якія адкрылі непазнаны свет народнай творчасці для мастакоў-графікаў. Не ўсё ўдалася зрабіць згодна планам, але Залессе стала яшчэ адной акадэміяй жыцця, пазнання саміх сябе і наваколля.

Дамінантай выстаўкі стала тэма Дзядоў – часа, калі мёртвыя прыходзяць да жывых. Гэта час успомніць пра тых творцаў, што былі разам з намі, сваякоў, родных, сяброў музыкаў. Гэта час ушанаваць памяць таленавітай мастачкі Яўгеніі Ліс, якая 10 гадоў таму адышла ў іншы свет.

Мастак не можа спыніцца ў творчых пошуках. Працы, выстаўленыя Алесем Ласём, інспіраваныя не толькі залесскім перыядам жыцця, але праяўляюць прыгажосць Налібокскага краю і старой Літвы, у цэнтры якой месціцца яго сядзіба “Хутар Дудара” з адзіным ў Беларусі «жывым» музеем музычных інструментаў і тэатрам «Батлейка», якія прыцягваюць да сябе сотні зацікаўленых гледачоў.

У экспазіцыі прадстаўлены каля 50 жывапісных і графічных прац Алеся Лася і Яўгеніі Ліс. А таксама серыя малюнкаў лялек і самой батлейкі з фондаў Ленінградскага музея этнаграфіі народаў СССР, якія выкладчык кафедры графікі БДТМІ Людміла Міхайлаўна Кальмаева (сяброўства з якой і паспрыяла захапленню яе маладымі студэнтамі народным лялечным тэатрам), зрабіла яшчэ ў 1966 годзе.

Алесь Лось

Нарадзіўся ў 1958 г. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава (1977), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1983) Вучыўся у А.Малішэўскага і Л.Кальмаевай. Удзельнік мастацкіх выставаў з 1982 г. Сябра Беларускага саюзу мастакоў з 1989 г.Працуе ў станкавай графіцы і плакаце. З 1983 года даследуе этнічную культуру Беларусі. Рэканструяваў беларускія народныя інструменты ліру і дуду.

Яўгенія Ліс (1956 – 2009)

Скончыла Мінскую мастацкую вучэльню (1975), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1983). Удзельніца мастацкіх выстаў з 1980 г. Сябра БСМ з 1991 г. Працавала ў станковым жывапісе і графіцы.

выставка
 

Спраўка

  • Выстава працягнецца па 22 лістапада 2019 г.
  • Адрас: г. Мінск, вул. Казлова, 3, «Палац мастацтва».
  • Час працы: аўторак-пятніца з 11:00 да 19:00; субота-нядзеля з 11:00 да 19:00. Панядзелак – выхадны дзень.
  • Тэлефоны для даведак: +375 (17)288-15-49; +375 (29)844-99-68 (МТС); +375 (29)264-68-48 (МТС).

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выстава пройдзе ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Палаца мастацтва.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика