Як жывеш, малады спецыяліст? Першае - самае памятнае, дарагое сэрцу і кранальнае. 21.by

Як жывеш, малады спецыяліст? Першае - самае памятнае, дарагое сэрцу і кранальнае

13.11.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першае працоўнае месца… Яго памятнае для ўсіх. Менавіта гэты адрэзак часу - сапраўдны пачатак дарослага самастойнага жыцця. Ты ўжо не студэнт, аб якім клапоцяцца бацькі. Цяпер немагчыма пасаваць перад цяжкасцямі, тут, як кажуць, патрэбна трымаць марку.
Пасля размеркавання маладыя спецыялісты набываюць самы неабходны пералік працоўных навыкаў, сустракаюцца з першымі цяжкасцямі і прымяняюць сваё ўменне зрэагаваць на нестандартную сітуацыю, адчуваюць, што такое калектыўная падтрымка і, вядома, смак пахвалы. Бо першае - яно заўсёды самае памятнае, самае дарагое сэрцу, самае шчымлівае.
Сёння мы вырашылі пацікавіцца ў дыпламаваных спецыялістаў, якія ў сучасны момант набіраюцца вопыту і трывала становяцца на працоўныя рэйкі, ці атрымалася адразу ўвайсці ў прафесію, прызвычаіцца да новага месца жыхарства, як усё выглядае ў рэальнасці, што ўвогуле адчуваюць і думаюць маладыя людзі?

Таццяна Веленцэвіч, педагог-арганізатар Іўеўскага цэнтра творчасці дзяцей і падлеткаў:


Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы па мэтавым накіраванні я прыехала працаваць на сваю радзіму, можна так сказаць. Справа ў тым, што родам я з аг. Геранёны. Гэта вельмі адказна і ганарова - пачынаць сваю працоўную кар'еру ў родных мясцінах. Таму што, калі не цябе асабіста, дык тваіх бацькоў многія ведаюць. І вось гэта абставіна таксама мае нейкае значэнне.
Хоць па спецыяльнасці я настаўнік пачатковых класаў, мне прапанавалі пасаду педагога-арганізатара Іўеўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Ведаеце, я была задаволена. Таму што разумела, што гэта цікава, весела і творча.
Нас, чацвярых маладых спецыялістаў, вельмі шчыра і цёпла прынялі на новым месцы працы. Дырэктар установы Вера Міхайлаўна Сямак запэўніла, што мы можам разлічваць на ўсеагульную дапамогу і падтрымку. Так на самой справе і здарылася, за што я вельмі ўдзячна.
Яшчэ ў нас ёсць выдатная і падтрымка, і дарадчык, і арганізатар у асобе Інэсы Францаўны Паршанковай, метадыста метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама. Яе намаганнямі маладыя спецыялісты-педагогі згуртаваны, яны маюць магчымасць сустракацца, абмяркоўваць свае праблемы, дзяліцца напрацоўкамі, ды і проста ладзіць цікава і карысна свой вольны час. Вось і нядаўна для нас была арганізавана паездка ў Магілёў, якая прынесла шмат уражанняў і станоўчых эмоцый.
Акрамя асноўнай нагрузкі, мне даручана вядзенне двух творчых гурткоў: па квілінгу і пап'е-машэ. Даволі хутка набраліся жадаючыя займацца гэтымі відамі творчасці.
У мяне вельмі шмат ідэй, задумаў і планаў, хочацца, каб яны ўвасобіліся ў жыцці.

Мікалай Грышукевіч, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Трабскай СШ:


Яшчэ з самага паступлення на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, я ведаў, што абавязкова вярнуся працаваць на Іўеўшчыну па прычыне таго, што браў мэтавае накіраванне. Зрэшты, так і здарылася. Ніякіях асаблівых чаканняў наконт таго, у якой навучальнай установе прыдзецца пачынаць свой працоўны шлях, у мяне не было. Усведамляў, што прыдзецца пачынаць усё з нуля.
Ужо з цягам часу зразумеў, што працую ў добрым калектыве: высокапрафесійным, творчым, згуртаваным. Мяне добра прынялі, замацавалі за настаўнікам гісторыі, зрэшты, маёй школьнай настаўніцай, якая працуе ў Юрацішкаўскім я/с-СШ, Людмілай Іванаўнай Ус.
Мне пашчасціла яшчэ і ў тым плане, што я магу штодзённа вяртацца ў бацькоўскі дом. Вядома, прапаноўвалася браць у арэнду жыллё, аднак варыянт з вяртаннем домоў аказаўся больш прывабным.

Яўген Мілашэвіч, інжынер сялянска-фермерскай гаспадаркі "Гіравічы":


Мне, можна сказаць, пашанцавала двойчы. Па-першае, я выбраў прафесію інжынера, аб якой марыў, і атрымаў яе ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным унівесітэце. Па-другое, вярнуўся працаваць на сваю малую радзіму, больш таго, у фермерскую гаспадарку, якая з'яўляецца нашай сямейнай справай. Размешчана яна ў вёсцы Гіравічы Суботніцкага сельсавета і мае аднайменную назву. Тут жывуць мае дзядуля з бабуляй. Мы разам з бацькам займаемся раслінаводствам.

Хачу сказаць, што спраў у фермера - хоць адбаўляй. Калі хочаш мець прыбытак, трэба працаваць, дбаць аб ураджаі. Калі сельскагаспадарчыя работы ў разгары, у нас няма выхадных, мы шчыруем, можна сказаць, ад цямна і да цямна. Я сам працую на полі, магу і ўмею выконваць на трактары ўсе неабходныя тэхналагічныя аперацыі. Усе летнія месяцы жыву і працую ў вёсцы, а ўжо цяпер, калі з'яўляецца вольны час, прыязджаю дадому, у Іўе.

Адэлаіда Кучко, ветэрынарны ўрач КСУП "Субботнікі":


Так атрымалася, што мне, ўражэнца Віцебшчыны, а дакладней г. Оршы, прыйшлося атрымліваць вышэшую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Сюды мяне прывяла звычайная цікаўнасць, захацелася вучыцца ў тым горадзе, дзе ніколі раней не была.
Вядома, я разумела, што пасля размеркавання мне давядзецца працаваць у сельскай мясцовасці, таму гэта не было для мяне чымсьці незвычайным. Так я трапіла у КСУП "Суботнікі". Пакуль працую з задавальненнем, мне падабаецца выбраная прафесія. Аб ёй былі мае мары. Я рада, што яны ажыццявіліся.
Жыллё мне прадаставілі ў Жамыслаўлі, былі спачатку нейкія дробныя праблемы. Але пакрысе яны вырашаюцца. Пакуль цяжка наладзіць вольны час, патрэбны знаёміцца, находзіць аднадумцаў. Мяркую, што з цягам часу так і станецца. Пакуль я асвойваюся на працоўным месцы.
На далёкую перспектыву не загадваю. Два гады прыдзецца тут працаваць у любым выпадку, і невядома, як далей складзецца лёс.

Юлія Малочка, трэнер-выкладчык Іўеўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы:


Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і спорту, факультэт масавых відаў спорту. У мяне было мэтавае накіраванне, таму заўсёды ведала, што буду пачынаць сваю працоўную дзейнасць у Іўеўскім раёне. А тут прапанавалі выдатны варыянт - пасаду трэнера-выкладчыка па лёгкай атлетыцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Спачатку было няпроста, аднак за два месяцы ўсё стала на свае месцы. Мне падабаецца, і гэта галоўнае. Яшчэ я пачала праводзіць заняткі па фітнесу для дарослай катэгорыі насельніцтва. А гэта вельмі крута!
Я рада, што пасля працоўнага дня вяртаюся дамоў, дзе мяне сустракаюць родныя. Жыць у бацькоўскім доме - гэта так утульна і камфортна!

Гутарыла І. БУТУРЛЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першае працоўнае месца… Яго памятнае для ўсіх. Менавіта гэты адрэзак часу - сапраўдны пачатак дарослага самастойнага жыцця. Ты ўжо не студэнт, аб якім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика