Ганцавіцкая навукова-эксперыментальная база Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі «Журавінка» завяршыла на мінулым тыдні ўборку каштоўнай лячэбнай ягады. І хоць галоўная спецыялізацыя гэтай установы – правядзенне навуковых даследаванняў і вывядзенне новых гатункаў не толькі журавін, але і буякоў ды брусніц, тым не менш, існуе тут і прамысловая плантацыя, з якой сабрана каля трыццаці тон вітаміннай прадукцыі, якая без затрымкі адгружана буйным спажыўцам, у ліку якіх ААТ «Палескія журавіны» (г. Пінск і Пінскі раён), непасрэдна батанічнаму саду і ТАА «Трансэлектракамплект». Адметна, што апошняя кампанія штогод закупляе больш за тону ягад для сваіх работнікаў. Чым не прыклад для кіраўнікоў іншых калектываў, каб падтрымліваць здароўе сваіх работнікаў.
Па словах дырэктара ўстановы Мікалая Паўлаўца, гэты паказчык застаўся прыкладна на ўзроўні мінулых гадоў, а ўвогуле плантацыя дзейнічае ўжо амаль сорак гадоў.
Заробленыя сродкі мяркуецца накіраваць на рэканструкцыю прадпрыемства, запланаваную на 2020-2021 гады.
Анатоль Мікалаеў.