Дажджлівым восеньскім падвячоркам на лесвічнай пляцоўцы пачуўся пранізлівы піск. Адчыніўшы дзверы кватэры, гаспадар убачыў маленькае і неверагодна прыгожае кацяня. Яно мела ледзь месяц ад роду, і, перавальваючыся на слабых лапках, адчайна прасіла дапамогі.
Сэрца зашчымела з жалю. Прытуліўшы да сябе дрыготкі ад холаду пухнаты камячок, можна было адчуць, як білася яго сэрца. Шэры камячок аказаўся кошачкай. Выкінутая на волю лёсу, паўзла яна ў пошуку прытулку і з прагнасцю накінулася на прапанаваную ежу. Накормленая і аблашчаная малютка, пачуўшы сябе ў цяпле і бяспецы, заснула на руках.
— Як назавем? — ціха спытала гаспадыня мужа.
— Герда. Як бедную дзяўчынку з далёкай халоднай краіны, — быў адказ мужа.
Рашэнне прымалі не розумам, а сэрцам.
На вуліцы ліў дождж, а выратаваная Герда быццам зразумеўшы вырашэнне свайго лёсу, расплюшчыла блакітныя, як неба, вочкі і з удзячнасцю ціхенька піскнула: “мяў”.
— Божы цуд у такі дзень, — прашаптала жанчына.
Адбылася гэта гісторыя напрыканцы верасня, у дзень Веры, Надзеі і Любові.
— Выгадуецца Герда разам з Рыжыкам, — ба-дзёра запэўніў гаспадар.
У хаце ўжо жыў кот, падабраны калісьці кацянём на халоднай восеньскай вуліцы.
P.S. Сэрцы, напоўненыя любоўю, здольны стварыць цуд у жыцці іншых. Паболей бы такіх добрых учынкаў і цудаў, каб бяздольныя істоты знайшлі свой дом, дзе жыве сапраўдная любоў.
Аксана ШКРЭД,
г. Нясвіж.