Чемпионка мира и Европы по самбо Анастасия Архипова провела мастер-класс для воспитанников Ушачской ДЮСШ
04.12.2019
—
Разное
|
“Калі робіце захоп за каўнер, не адстаўляйце ўбок локаць, бо сапернік зможа лёгка вызваліцца. Прыціскайце руку да яго корпусу вось такім чынам”, – раскрывала выхаванцам Ушацкай ДЮСШ тэхнічныя хітрасці барацьбы неаднаразовая чэмпіёнка свету і Еўропы, срэбраны прызёр ІІ Еўрапейскіх гульняў Анастасія Архіпава. Дзеці ж лавілі кожнае слова прымы беларускага самба, імкнуліся запомніць нюансы і паўтарыць прыёмы, якія яна дэманстравала падчас майстар-класа. Зрэшты, па тым, як Насця цярпліва і даходліва вяла занятак, можна меркаваць, што педагагічны талент у яе таксама маецца – так што пасля заканчэння спартыўнай кар’еры можна будзе прысвяціць сябе трэнерскай. Але ж, спадзяемся, час для гэтага яшчэ не прыйшоў: скончыўшы напружаны сезон, Анастасія вылучыла тыдзень водпуску, каб наведацца да бацькоў у Крыжы. Прыехала на Ушаччыну з мужам Дзмітрыем, сынам і дачушкай. Сям’я не так часта праводзіць час разам, таму на майстар-клас на спарткомплекс “Юнацтва-Ушачы” Архіпавы прыбылі ў поўным складзе. І калі маленькая Маша пакуль асвойвае агульнафізічныя практыкаванні, то Ягор ужо сур’ёзна займаецца дзюдо ў спартыўным клубе пад кіраўніцтвам праслаўленай дзюдаісткі Марыны Слуцкай. Разам з татам яны выступілі ў якасці спарынг-партнёраў для нашых юных спартсменаў, а сама Анастасія правяла паядынкі абсалютна з усімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Некаторым жа з іх нават удаліся эфектныя прыёмы супраць чэмпіёнкі – чым не стымул для далейшага самаўдасканалення! “Анастасія – вельмі моцная і лоўкая, – дзяліўся ўражаннямі Максім Малак. – Стараўся не прапусціць прыём, але і дзейнічаць не надта жорстка – усё ж бароўся з дзяўчынай, хоць і майстрам спорту міжнароднага класа”. “Вельмі спадабалася трэніроўка! – адзначылі Жэня Карэйша і Паша Шакута. – Запомнілі некалькі карысных парад. Напрыклад, што калі адступаеш, нельга пераносіць цэнтр цяжару на пяткі”. “Літаральна ў кожны свой прыезд на Ушаччыну Насця знаходзіць час, каб зазірнуць у родную спартыўную школу, перадаць падарункі, – расказвае першы трэнер чэмпіёнкі Вера Васільеўна Кіліна. – Вось і зараз прывезла нам чатыры новыя камплекты формы для самба – яны, канечне, будуць вельмі дарэчы, бо дзеці моцна зацікавіліся гэтым відам адзінаборстваў, маюць жаданне яго асвойваць”. А як жа можа быць інакш, калі ў іх перад вачыма такі яркі чэмпіёнскі прыклад! Наталля БАГДАНОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Калі робіце захоп за каўнер, не адстаўляйце ўбок локаць, бо сапернік зможа лёгка вызваліцца. Прыціскайце руку да яго корпусу вось такім чынам”, – раскрывала... |
|