Ушачской детской школе искусств – 50! Как прошло юбилейное мероприятие, читайте здесь!
04.12.2019
—
Разное
|
Зала раённага цэнтра культуры і народнай творчасці перапоўнена. У праходах – усе банкеткі і стулы. Аднак многія тым не менш стаяць, а першыя гледачы спяшаліся займаць месцы за паўтары гадзіны да пачатку. Інфармацыя пра юбілейную вечарыну Ушацкай школы мастацтваў была распаўсюджана загадзя, і стаць сведкамі падзеі прыйшлі не толькі родныя выхаванцаў, што заканамерна, а і людзі, не маючыя адносін да “музыкалкі”. Проста любяць ушачане іх канцэрты. “Вам бы ўваходныя білеты прадаваць, – раілі з усіх бакоў дырэктару Сяргею Васільевічу Парашкіну, а ён з усмешкай зазначаў, што гэта іх падарунак землякам. І сапраўды, сёлетні юбілей, а “юбі” і азначае пяцьдзесят, адрозніваўся ад папярэдніх вечароў сустрэч, бо з рамак камерных вечарын – для сябе і былых выхаванцаў – перарос у раённую падзею. “Зірнуўшы ў перапоўненую залу, можна было б нічога не казаць, гэтым усё сказана, – такімі словамі пачаў сваё віншаванне старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. – Наша школа мастацтваў – бадай самая стабільная ўстанова, у якой за паўвека змянілася толькі два дырэктары (Л.А.Власенка і С.В.Парашкін – па 25 год). Гэта пастаянна высокі ўзровень і няспынны пошук. Дзе б ні выступалі яе вучні і настаўнікі – імі ганарышся”. Уладзімір Генадзьевіч, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч, галоўны спецыяліст упраўлення па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі Марына Валер’еўна Дрозд, а таксама старшыня прафкама ДШМ Вольга Уладзіміраўна Чумакова ўручылі супрацоўнікам шмат узнагарод, у гэты дзень быў адзначаны практычна кожны выкладчык. І ёсць за што. Амаль усе педагогі школы выходзілі на сцэну не адзін раз, бо дарылі слухачам свае нумары і паказвалі, на што здольны іх выхаванцы. Рыхтавацца ж да вечарыны пачалі лічы што з 1 верасня, і не проста паўтаралі былыя нумары, а пераборліва шукалі нешта новае і арыгінальнае, каб уразіць. І гэта ўдалося. Напрыклад, першую песню дзіцячага Узорнага хору я слухала, як кажуць, з адкрытым ротам і дзівілася майстэрству Жанны Віктараўны Савіцкай: адшукаць не проста кранальны твор, але і пад здольнасці яе дзяцей. Што і казаць, харавое аддзяленне – не эстраднае, сюды няма чэргаў, часта дзеці сумяшчаюць заняткі ў ім з іншым профільным прадметам, але з 1988 года, як і было адкрыта аддзяленне, дарэчы, менавіта пад сваю выпускніцу Жанну Полазаву, яна не зніжае высокай планкі, васямнаццаць год пацвярджаючы званне Узорнага, як і Маргарыта Андрэеўна Грынберг для аркестра народных інструментаў, якім кіруе 35 год. Яна ў такім жа становішчы, усё цяжэй нязменнаму кіраўніку адбіраць дзяцей, але са знакавых конкурсаў яны вяртаюцца з узнагародамі, часцей за ўсё – вышэйшай пробы. Бурнымі апладысментамі вітала іх зала, як дарэчы і кожны нумар (асобныя з іх можна паглядзець на нашым Ютуб-канале). А паколькі школа мастацтваў святкавала юбілей, то было і шмат падарункаў, музычных і не толькі. Выхаванка Ж.В.Савіцкай Вольга Смаргун у філіяле музычнай школы ў Глыбачцы выкладае фартэпіяна, Вераніка Тарасеня ў Глыбокім таксама кіруе хорам. Калі размеркавалася, такога аддзялення ў суседзяў не было наогул, збірала з нуля, часта раілася з Жаннай Віктараўнай – і пайшло. Праз 7 год ужо мелі званне Узорнага. І такія здольныя вучні – у кожнага выкладчыка нашай школы. Адразу дзве зоркі Наталлі Генадзьеўны Пашкевіч – Людміла Дабравольская і Наталля Шах – выйшлі разам на сцэну. Абедзве – стыпендыяткі прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, скончылі Акадэмію музыкі і выкладаюць у адной сталічнай школе. Віртуозна іграюць і пішуць музыку. Вызначаліся таксама дзве вучаніцы Людмілы Аляксееўны Цыунчык – выкладчыца школы Ірына Васільеўна Коршун і іх агульная выхаванка, першакурсніца Наваполацкага музычнага каледжа Аліна Герцык. Хвілінамі раней на балалайцы граў яе родны брат Арцём, які займаўся ў Галіны Уладзіміраўны Хвошч, а зараз заканчвае чацвёрты курс. А выкладае домру ў ім наша выхаванка Людміла Аляксандраўна Крукава. Незвычайны нумар падрыхтавала дынастыя Веры Эдуардаўны Кароткай, яе дачка Ганна Корабава таксама вучыць дзяцей ігры на фартэпіяна, а малодшая ўнучка ўжо займаецца на ім і выдатна чуе музыку – пад якую і выканала акрабатычны эцюд. Не пералічыць музычных устаноў Польшчы, з якімі супрацоўнічае таленавіты кампазітар і піяніст, таксама выхаванка Веры Эдуардаўны, Алеся Каваленка. Яна, як і Уладзімір Мірончыкаў – вучань Галіны Міхайлаўны Какашынскай – даслалі музычныя віншаванні з Любліна і Мальдзіваў. Не змаглі прыехаць выхаванкі Алены Анатольеўны Сазонавай Наталля Філімонава і Дар’я Крупская – стыпендыяткі прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі. Ну а больш за ўсё вучняў, канечне, у Любові Пятроўны Власенкі – першай выкладчыцы, якая прыехала на радзіму мужа ў толькі што адчыненую школу. На свяце прысутнічалі ўсе тры яе першыя выпускнікі (1974 года) класа баяна Наталля Дзямешка, Галіна Корабава і Сяргей Парашкін. Усе яны таксама сталі выкладчыкамі музыкі. Любоў Пятроўна, праўда, афіцыйную частку вечарыны была вельмі засяроджанай. “Музычная школа – гэта лёс маёй сям’і. Было адчуванне, што Леанід Аляксандравіч побач, глядзела старыя фотаздымкі і прыгадвала, як два педагогі займаліся ў адным пакоі, было гэта нават не ў фінскім доміку побач з агульнаадукацыйнай школай, а ў старым ля ўнівермага, дзе зараз аптэка. Леанід Аляксандравіч вельмі любіў сваю малую радзіму і выключна – сваю школу. Заўсёды клапаціўся, каб там была цёплая дамашняя атмасфера, пашыраў спіс спецыяльнасцяў, дбаў, каб раслі свае, ушацкія выкладчыкі”. Так яно і сталася. З 35 сённяшніх педагогаў установы 22 – яе былыя выпускнікі. А школу мастацтваў за паўвека скончыла 1100 вучняў. Сярод іх Таццяна Полазава – салістка аркестра імя Фінберга, Наталля Гарадзецкая – аркестра імя Жыновіча, Генадзь Пугачоў – мастацкі кіраўнік народнага ансамбля “Дубравушка”, Алена Тарасевіч – народнага фальклорнага “Бараўлянскія крыніцы”, Уладзімір Тарасевіч – мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага ансамбля “Камарыкі”. Дарэчы, ён за паўтары рэпетыцыі разам з Генадзем Савіцкім і Ірынай Коршун змайстравалі цікавы нумар, які таксама “на ўра” ўспрыняла зала. Прадумана была ўся праграма, загадзя запісаны фільм пра гісторыю школы, ну а бездакорна правяла вечар Галіна Уладзіміраўна Хвошч. Уладзімір Тарасевіч, а таксама яго жонка Жанна – прафесійны хормайстар, які займаецца пастаноўкай голасу ў музычным каледжы, далі выключную ацэнку ўбачаным нумарам: “Наваполацк “адпачывае”. У адной школе два Узорных калектывы! Задзейнічана так многа дзетак і такі высокі ўзровень. Проста ўражаны, шчыра гаворым – не чакалі”. Хочацца прывесці і словы выкладчыцы ДШМ Алены Падворнай. “Акрамя Ушацкай школы працавала ў Чашніках і Браславе, ёсць з чым параўноўваць – такога моцнага саставу няма ні ў адной. Удзячна лёсу, што і свае першыя гады і зараз знаходжуся побач з такімі самаадданымі музыкантамі”. Больш трыццаці год прысвяцілі школе прыехаўшыя па размеркаванні Галіна Міхайлаўна Какашынская, Вера Эдуардаўна Кароткая, Маргарыта Андрэеўна Грынберг. У ліку першых выкладчыкаў выпускнікі школы С.В.Парашкін, Л.А.Цыунчык, Н.М.Дзямешка, Святлана Мікалаеўна Хамёнак, Н.Г.Пашкевіч, пазней да іх далучыліся Ніна Яўгенаўна Жукава, Святлана Раманаўна Валова, Наталля Міхайлаўна Сісковіч, Наталля Мікалаеўна Тарасенка, Таццяна Валер’еўна Жалязнова, Алеся Фёдараўна Іўліева, Наталля Аляксандраўна Мізярска, Г.У.Хвошч, Алена Анатольеўна Сазонава, І.В.Коршун, Людміла Васільеўна Сляцкая, Аляксандра Яўгенаўна Зільберт, Вольга Генадзьеўна Полазава. У школе працавалі цэлыя сямейныя дынастыі: Леанід Аляксандравіч, Любоў Пятроўна, Дзмітрый Леанідавіч, Надзея Мікалаеўна і Таццяна Леанідаўна Власенкі, Таццяна Васільеўна Грак і Святлана Васільеўна Каплеўская, Жанна Віктараўна і Генадзь Пятровіч Савіцкія, Ігар Іванавіч і Іна Веньямінаўна Сідарчукі. Дзмітрый Леанідавіч, дарэчы, выкладае ў духавым аддзяленні ў Наваполацкім каледжы, некалі гэтае аддзяленне было і ў нашай школе, а аркестр педагогаў акампаніраваў Народнаму хору ПМК-66 і ў Глыбачанскім Доме культуры. Толькі паўвека Ушацкай школе мастацтваў, а ўжо такая насычаная біяграфія, столькі яскравых момантаў і перамог. І галоўнае, установа была і застаецца прыцягальнай, можна сказаць, элітнай, куды з задавальненнем прыводзяць сваіх дзетак ушачане. І як казаў раней Л.А.Власенка, мабыць не ўсе яны стануць музыкантамі, але адназначна вырастуць добрымі людзьмі”. Вольга Караленка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зала раённага цэнтра культуры і народнай творчасці перапоўнена. У праходах – усе банкеткі і стулы. Аднак многія тым не менш стаяць, а першыя гледачы спяшаліся... |
|