«На хвалі часу, у плыні жыцця»: апытанне сярод шаркаўчан
05.12.2019
—
Разное
|
У нашым раёне цяжка знайсці чалавека, які б не чытаў “Кліч Радзімы”, не цікавіўся навінамі свайго рэгіёну. Шаркаўчане дзесяцігоддзямі сябруюць з нашым перыядычным выданнем, бо менаіта з раёнкі кожны мае магчымасць пазнаць пра апошнія падзеі, людзей, знайсці на старонках перыядычнага выдання штосьці цікавае і карыснае для сябе. Напярэдадні 75-годдзя выхаду першага нумара раённай газеты мы правялі апытанне сярод жыхароў Шаркаўшчыны і раёна і даведаліся, як даўно яны сябруюць з нашай газетай, што найбольш падабаецца ў ёй чытаць, а таксама выслухалі пажаданні на будучае калектыву рэдакцыі “Кліч Радзімы”. Людміла Лабачэўская, індывідуальны прадпрымальнік, в. Сталіца: — Мне было пракладна 10-11 год, калі стала пісаць невялікія вершы. Крыху пазней параілі адаслаць іх у раённую газету. У той час пры рэдакцыі існавала літаратурнае аб’яднанне “Завязь”, якім кіраваў Расціслаў Мележ — родны брат класіка беларускай літаратуры Івана Мележа. Мяне, маладую дзяўчыну-школьніцу прынялі ў свае рады. У літаратурным аб’яднанні былі людзі сярэдняга і стала ўзросту. Мая сяброўка вучылася на журфаку БДУ, параіла і мне таксама паступаць у гэту ВНУ. Я так і зрабіла. Кожны год праходзіла практыку ў раённай газеце “Кліч Радзімы”. У той час галоўным рэдактарам працаваў Сяргей Шанкевіч — строгі, але справядлівы кіраўнік, граматны спецыяліст. Наогул, у той час у шаркаўшчынскай “раёнцы” быў сяброўскі, згуртаваны калектыў. З цеплынёй у сэрцы ўспамінаю Фаму Рамашку, Вячаслава Смятанку, Віктара Мацука і іншых работнікаў. Пасля заканчэння ВНУ працавала ў Мар’інай Горцы. У 1991 годзе вярнулася на сваю малую радзіму, з’яўлялася намеснікам галоўнага рэдактара газеты “Кліч Радзімы”. Хачу пажадаць сваім калегам, хто сёння працуе ў рэдакцыі, канечне ж, здароўя, творчай атмасферы ў калектыве, сяброўства і ўзаемападтрымкі! З юбілеем вас, дарагія сябры! Ядзвіга Чарвінская, ветэран педагагічнай працы, г.п. Шаркаўшчына: — На працягу многіх год выпісваю і чытаю раённую газету. Падабаюцца матэрыялы, прысвечаныя школьнай і маладзёжнай тэматыцы. Як былога дырэктара школы, мяне гэта вельмі цікавіць. З вялікім задавальненнем чытаю вершаваныя творы нашых землякоў у тэматычнай паласе “Світанак”. Заўсёды цікавяць матэрыялы, у якіх расказваецца пра развіццё аграпрамысловага комплексу раёна. Цікава даведацца са старонак газеты пра апошнія навіны раёна. Асабліва падабаюцца матэрыялы, у якіх расказваецца пра пажылых людзей, ветэранаў працы — бо я і сама знаходжуся на заслужаным адпачынку. Ад усёй душы жадаю калектыву рэдакцыі не спыняцца на дасягнутым творчым шляху, заўсёды своечасова даносіць да чытачоў навіны з жыцця раёна. Здароўя вам, творчага натхнення, сустрэч з цікавымі людзьмі і лёгкага пяра! Ніна Буда, намеснік дырэктара ААТ “Ельня-Агра”, в. Зорка: — Дакладна не памятаю, колькі мне было год, калі ў дзяцінстве я ўпершыню ўзяда ў рукі раённую газету, напэўна, тады, калі пачала добра чытаць. Мае бацькі заўсёды выпісвалі “Кліч Радзімы”. Вось і я да цяперашняга часу сябрую з нашай раённай газетай. Выпісваю яе не толькі таму, што да гэтага абавязвае мая службовая пасада, але найперш таму, што і сапраўды прыемна трымаць у руках друкаваны аркуш, дзе можна знайсці матэрыялы самай рознай тэматыкі, быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў нашым раёне. Карэспандэнтам газеты вельмі ўдзячна за плённае супрацоўніцтва з нашай гаспадаркай. Старанная праца хлебаробаў, жывёлаводаў ААТ “Ельня-Агра” заўсёды асвятляцееца на старонках “Кліч Радзімы”, як і падзеі, што адбываюцца ў нашым сельгаспрадпрыемстве. Шчыра жадаю калектыву рэдакцыі ўпэўненым крокам ісці ў будучыню, не страчваць, а павялічваць колькасць падпісчыкаў! Вы — сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы! Творчага натхнення вам, дарагія сябры, поспехаў на журналісцкай ніве і дабрабыту ў сем’ях! Людміла Ардынская, удзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, аг. Радзюкі: — У Шаркаўшчынскі раён я прыехала жыць у 1985 годзе, але яшчэ з дзяцінства памятаю, што ў нашым доме ў Глыбокім кватэравалі шаркаўчане, якія працавалі ў розных арганізацыях горада. Час тыды быў складаны, не хапала прадуктаў, адзення. Маленькай дзяўчынкай я паехала ў Шаркаўшчыну, каб купіць сабе боцікі, бо ў Глыбокім у продажы дзіцячага абутку не было. Тая паездка ў Шаркаўшчыну мне запомнілася на ўсё жыццё. Пазней пра гэта я напісала верш “Шаркаўшчынскія чаравічкі”. Больш 30 год не парываю сувязей з шаркаўшчынскай раённай газетай, з’яўляюся яе пастаянным падпісчыкам, чытачом. Сярод шматлікіх артыкулаў падабаюцца матэрыялы на гістарычную, краязнаўчую тэматыку. Люблю чытаць пра культурныя падзеі, якія адбываюцца ў нашым рэгіёне. Як удзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”, дасылаю свае вершы ў рэдакцыю, якія друкуюцца ў аднайменнай тэматычнай паласе. Напярэдадні юбілею жадаю супрацоўнікам рэдакцыі новых творчых знаходак, вялікай жанравай палітры, як мага часцей выдаваць артыкулы на беларускай мове. Няхай вам, паважаныя сябры, заўсёды шчасціць у жыцці! Дзмітрый Андрэйчык, пенсіянер, в. Грыблы: — З раённай газетай я сябрую яшчэ з тых часоў, калі яна мела назву “Калгасны шлях”. Разам са сваёй жонкай Аляксандрай Мікалаеўнай, якая працавала галоўным бухгалтарам калгаса “Іскра”, па вечарах мы разам гарталі старонкі “раёнкі”. Мне, як механізатару, заўсёды прыемна было чытаць матэрыялы пра нашых калег-механізатараў. Цікава было даведацца, як працуюць трактарысты ў іншых гаспадарках раёна, якіх поспехаў дасягаюць. Жонка цікавілася сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі сельгаспрадпрыемстваў, раёна ў цэлым. Вось і цяпер я не здраджваю раённаму перыядычнаму выданню і заўсёды выпісваю нашу “Кліч Радзімы”. У канцы ліпеня ў Грыблах прайшло запамінальнае мерапрыемства — “Сустрэча землякоў”. На яго сабралася амаль 100 чалавек з рэспублік былога СССР. Гэта падзея адлюстравалася і на старонках раённай газеты, нумар якой я беражна захоўваю дома. Няхай заўсёды існуе наша “Кліч Радзімы”, кожны нумар якой заўсёды з нецярпеннем чакаюць чытачы ў сваім доме! Вадзім Мацяс, старшыня Маладзёжнай палаты раёна, аг. Вялікае Сяло: Они и с улиц, и с полей И где бы не были вдали мы, Я ей желаю: так держать! Пусть вам всегда везде везет Апытанне правялі Сяргей РАЙЧОНАК і Алена АНАНІЧ.
|
|