Елена Маслюк с агрогородка Глыбочка стала приёмной мамой для многих детей по зову души. 21.by

Елена Маслюк с агрогородка Глыбочка стала приёмной мамой для многих детей по зову души

12.02.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

“Алеська сёння з зяцем прыедзе”, – паведаміла Алена Юозо Маслюк мужу з парога, і Дзмітрый Фядосавіч гасцям аказаўся рады. Ды і не госці гэта, а паўнапраўныя свае, хоць па пашпарце, ды і па крыві ні Алеся, ні яе муж, ні ўсе дзесяць чужых дзяцей, што выраслі ў апякунскай сям’і Маслюкоў, дачынення да іх не маюць. Статус прыёмнай маці толькі ў Алена Юозо, але ў іх сям’я самая сапраўдная і для сваіх, і для прыёмных дзяцей. Таму і едуць сюды, у Глыбачку, пад бацькоўскі дах стаўшыя на крыло чужыя дзеці – са сваімі каханымі, мужамі, дзецьмі. Са сваімі радасцямі і бедамі.

Алена Маслюк – адна з першых у раёне, хто ўзяў прыёмнае дзіця яшчэ ў 2004 годзе. Не дзеля заробку. Шчыра любіць дзяцей і заўсёды плакала, калі па цэнтральным тэлебачанні ішла перадача, у якой малыя з дзіцячых дамоў з блакітнага экрана прасілі “Знайдзі мяне, мама”. І калі не стала таты і маці, якіх даглядала, адразу пайшла “шукаць” дзіця, бо пераканана, што тым, хто аказаўся без бацькоўскай ласкі, трэба дапамагчы.

У тыя часы ў сацыяльных установах яшчэ прапаноўвалі выбіраць малых, але жанчына катэгарычна ад гэтага адмовілася: “Я ж не на рынак прыйшла. Як можна дзяцей выбіраць, калі кожны з іх дастойны быць шчаслівым. Каго дадзіцё”. Дзяўчынка аказалася з хворымі суставамі – у свой час не зрабілі прышчэпак. Выхадзіла. Як і малога, які ў год і дзесяць месяцаў не быў прывучаны да гаршчка, не гаварыў. Наогул дзеці з нядобранадзейных сямей прыходзяць ваўчанятамі і толькі ласкай адаграваюцца іх сэрцы. Нават калі робіць заўвагі, а то і падакарае, усё роўна без злосці і тут жа адразу абдыме і растлумачыць, што рабіць далей.

Адна дзяўчынка аказалася ў доме пасярод ночы, яе адмовіліся забіраць папярэднія прыёмныя бацькі. Не так даўно біялагічная маці, дзеці якой у Маслюкоў ужо былі, прасіла зноў узяць хлопчыка. Аднак паколькі яны пераехалі ў другі раён, Алена не магла гэтага зрабіць, як і наогул не выбіраюць тых, каго да іх накіроўваюць. А з якой пяшчотай яна прыгадвае хлапчука, ад прозвішча якога ўздрыгвалі многія сацыяльныя педагогі Ушаччыны. “Нядаўна тэлефанаваў і казаў: “Цёця Лена, Вы самая лепшая”.

Яны не называюць яе мамай, проста цёця Лена, бо многія добра памятаюць сваіх бацькоў. Яна і не настойвае. Як і вітае іх зносіны з роднымі. Наадварот, радуецца, калі яе “прыёмышы” вяртаюцца ў біялагічную сям’ю. Яна заўсёды пытаецца, дзе ім лепш. І проста імкнецца, каб тут, у яе доме, было добра.

“Вось асобны пакой Славы. Спецыяльна другі паверх уцяплялі, каб прасторна было, – Алена Юозо праводзіць па пакоях. – Ён зараз у нас адзін, не лічачы нашага ўнука Трафіма, з якім яны як браты. Вось дзіцячы гасцявы – для тых, хто прыязджае. Зараз вось Алеся будзе. Яна кватэру ўжо атрымала ў Віцебску, але пакуль не аддзелалі, таму дзіця народзіць і ў нас пажыве. Мы і вяселле ёй у Глыбачцы спраўлялі, сапраўднае, прыгожае. Ды і калі вучылася ва ўніверсітэце імя М.Танка, тыдні праз два заўсёды прыязджала. На стыпендыю цяжка пратрымацца, таму як і сваім сыну і дачцэ, гатовыя прадукты ў кантэйнеры збірала. Са Славам мы таксама на вышэйшую адукацыю мецім. Здольны хлопец. І мне прыемна, калі суседзі дзякуюць, што дапамог, заўсёды павітаецца. Галоўнае, чаму вучу, гэта быць паважлівым, асабліва да старэйшых, і адказным”.

Слаўка, з якім былі знаёмы як з удзельнікам конкурсу “Дзіва на градцы”, паспеў з радасцю паведаміць, што пайшоў у музычную школу. Марыць пра гітару, на якую ужо накапіў 80 рублёў. У конкурсе, канечне, дэманстраваліся агароднінныя дасягненні Алены Юозо, але менавіта на фоне Трафіма і Славы, якія, зразумела, дапамагалі, яны асабліва глядзеліся. Горы гарбузоў ідуць пераважна на корм карове ды парасятам. Немалую гаспадарку Маслюкі трымалі заўсёды. Каб і малачко, і мяса ўласнае было. Як без гэтага на вёсцы, хоць Алена ніколі раней не жыла на сяле. І тым не менш, асеўшы тут назаўсёды, імкнецца, каб дзеці развіваліся і не адрозніваліся ад гарадскіх. Таму вельмі частыя ў іх сямейныя падарожжы ў цырк, заапарк, па гістарычных мясцінах, на каток. “Са сваімі столькі не ездзілі, колькі з прыёмнымі, часы тады цяжкія былі”. Да спорту ў яе асаблівыя адносіны. Сама выйгравала абласныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, сын Аляксандр уваходзіў у зборную Беларусі па пляжным футболе, унук Ягор у складзе хакейнай дружыны “Хімік”, унучка Дзіяна – кандыдат у майстры спорту па плаванні і чэмпіёнка Беларусі. Фотаздымкі ўсіх дзяцей тут побач, не дзелячы па роднасці. Хапае літаральна ўсім і бульбы, агародніны, што садзяць на вялікіх плошчах. Усіх падтрымліваюць Маслюкі не толькі той час, што ўваходзіць у апякунскі (працоўны) стаж. Алена Юозо выдатна ведае заканадаўства і падказвае сваім дзецям пра льготы, якія маюць сіроты. Таму з гордасцю зазначае, што і Саша, і Алеся, і Алена атрымалі кватэры. Вырастаюць дзяўчаты і выдатнымі гаспадынямі – умеюць і гатаваць смачна, як мама, і шыць. А канапа ў дзіцячай гасцёўні нядаўна апранулася лапікавай коўдрай – апошняе захапленне Алены. Калі многа дзяцей было адразу – некалі займацца хобі, а зараз вольнага часу хапае. Такія ж, толькі мяккія падлакотнікі пашыла Алесі для малога ў дзіцячы ложак. Настаў той час, калі дапамагаюць расціць апякунскіх унукаў. І калі нехта скажа, што такіх не бывае – не верце.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
“Алеська сёння з зяцем прыедзе”, – паведаміла Алена Юозо Маслюк мужу з парога, і Дзмітрый Фядосавіч гасцям аказаўся рады. Ды і не госці гэта, а паўнапраўныя свае,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика