Кореличчина вчера и сегодня: от сокровищ народного наследия до современных граней творчества. 21.by

Кореличчина вчера и сегодня: от сокровищ народного наследия до современных граней творчества

15.08.2020 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Этна-фестываль “Мястэчка” ў Міры папулярны сярод турыстаў

Культура без межаў

Карэліччыну мы называем роднай, прыгожай, паспяховай, гасціннай і, безумоўна, культурнай, што адзначаецца на самых высокіх узроўнях.

У рамках абласнога спаборніцтва ў сферы культуры за дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-культурным развіцці ў 2019 годзе наш раён заняў 3 месца ў ІІ групе.

А яшчэ сёлета стала вядома, што адразу два карэліцкія майстры Вера Салдатава і Святлана Гусакова названы носьбітамі нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці ў намінацыі “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення”.

Якія адметнасці вылучаюць наш раён сярод іншых на працягу многіх гадоў, каментуе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Санчук:

– Лепшы паказчык паспяховай працы сферы культуры – увага і адзнака гледачоў. Жыхары і госці раёна, нават з далёкага замежжа, з задавальненнем наведваюць нашы мерапрыемствы як у Карэлічах і Міры, так і брэндавыя ў аграгарадках і вёсках. Вялікая заслуга ў гэтым і скарэнні новых вяршыняў, вядома, належыць нашым прафесійным кадрам. Падкрэслю, што таленавітыя і самаадданыя людзі ў творчай галіне – галоўная каштоўнасць.

Увогуле, сфера культуры – вялікая структура. Сюды ўваходзяць Карэліцкі РЦКіНТ, Карэліцкая раённая бібліятэка, тры дзіцячыя школы мастацтваў у райцэнтры, Міры і Вялікіх Жухавічах, Карэліцкі раённы краязнаўчы музей.

І спыняцца на дасягнутым мы не збіраемся. Тым больш сёння перад намі стаяць сур’ёзныя задачы. Гаворка ідзе пра рамонтныя работы ва ўстановах культуры раёна, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, пашырэнне спектра платных паслуг, рэалізацыя новых маштабных творчых праектаў, у тым ліку міжнародных, і, вядома, папаўненне штату яркімі і крэатыўнымі кадрамі.

Дарыць землякам радасць!

Як будні пераўтварыць у свята і зарадзіць землякоў выдатным настроем, распавядае дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці  Наталля Гароднік:

– У РЦКіНТ уваходзіць 15 структурных падраздзяленняў. Гэта 8 аддзелаў культуры і вольнага часу, 5 сектараў, аддзел метадычнай работы, аддзел рамесніцкай дзейнасці “Карэліцкі дом рамёстваў”. Калектыў складаецца з 77 чалавек: 18 – кіраўнікоў, 36 – спецыялістаў. Прыемна адзначыць і той факт, што 13 нашых калектываў маюць званне “народны”, “узорны”.

Сэрца нашай працы – мерапрыемствы. Іх мы ладзім багата, эксперыментуем з формамі і жанрамі. Так, апошнія гады карэліччанам запомніліся шэрагам праведзеных на высокім мастацкім і арганізацыйным узроўні брэндавых мерапрыемстваў: Дзіцячым Калядным балем у райцэнтры, святам-фэстам “Улассе ў Луках”, фестывалем масак “Ярома і Яроміха запрашаюць” у Ярэмічах, Міжнародным ваенна-гістарычным фестывалем “Мір-1812” ля муроў Мірскага замка, этна-фестывалем “Мястэчка” ў Міры, святамі “Мядовы фэст” у Цырыне і “Яблычны фэст” у Вялікіх Жухавічах, Міжнародным моладзевым фестывалем “Friendship”, святам кветак “Colours” у Аюцавічах, народнымі гуляннямі “Зімовыя забавы ў Варончы”, конкурсамі талентаў  “Дзве зоркі” і “Тры акорды”, раённым пленэрам “Шлях да майстэрства”.

З вялікай пашанай мы адносімся да спадчыны нашых продкаў. У 2018 годзе ў Карэліцкім Доме рамёстваў адрадзілі разам з аксесуарамі традыцыйны касцюм нашага рэгіёна, які сёлета атрымаў высокую адзнаку на рэспубліканскім свяце “Купалле” ў Александрыі. А да юбілею раёна майстры рыхтуюць творчы падарунак – рэканструкцыю мужчынскага і жаночага касцюмаў, якія сяляне ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў насілі ў халодны час года.

Штогод творчыя калектывы РЦКіНТ становяцца ўдзельнікамі звыш  25 прэстыжных рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў і вяртаюцца з перамогамі. Такія поспехі не застаюцца без увагі.

Выхаванка тэатральнай студыі “Эксперымент” Ганна Кузьміч у 2018 годзе ўвайшла ў лік стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Цесныя культурныя сувязі звязваюць нас з расійскім горадам Краснагорск. Іх артысты прымаюць удзел у нашых мерапрыемствах, сярод якіх – фестываль “Friendship”, а карэліцкія таленты заўжды паспяхова выступаюць на краснагорскім фестывалі “Новы свет”.

Хочацца асобна спыніцца на нашай матэрыяльна-тэхнічнай базе, умацаванню якой надаецца значная ўвага з боку Карэліцкага райвыканкама. У 2018 годзе праведзены рамонт даху РЦКіНТ, класа харэаграфіі і малой залы. Летась працы вяліся ў Жухавіцкім Доме культуры, дзе адрамантавалі дах і памяшканні. Таксама за апошнія два гады наладжана відэаназіранне ў 9 установах культуры.

Адным словам, робіцца ўсё, каб у жыхароў Карэліччыны была магчымасць цікава, прыемна і насычана праводзіць вольны час.

Жыццё праз прызму кніг

Юныя і дарослыя жыхары раёна з задавальненнем наведваюць карэліцкія бібліятэкі, а з якім нецярпеннем нашы людзі чакаюць у аддаленых вёсках бібліёбус! Як прывучыць землякоў да добрай кнігі, ведае дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх:

– Мы – гэта 15 бібліятэчных устаноў. Апроч раённай і дзіцячай бібліятэк у Карэлічах, да нас адносяцца Мірская гарпасялковая і 12 сельскіх бібліятэк. Тут працуюць 38 работнікаў, з іх – 2 кіраўнікі і 32 спецыялісты. Вядома, населеных пунктаў у раёне больш. Таму 39 маланаселеных і аддаленых вёсак абслугоўвае па 10 маршрутах перасоўная бібліятэка – бібліёбус. Мы не толькі літаральна давозім кнігі да чытачоў, але ідзём у нагу з часам. Усе нашы ўстановы камп’ютарызаваны і актыўна выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі.


Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання

У арганізацыйна-масавай рабоце бібліятэк адлюстроўваюцца ўсе значныя падзеі ў жыцці раёна і краіны. Толькі ў 2019 годзе праведзена 870 мерапрыемстваў па краязнаўстве, духоўным, сямейным, маральным і патрыятычным выхаванні, здаровым ладзе жыцця. У цяперашні час мы працуем па дзвюх інфармацыйна-адукацыйных праграмах на 2018-2020 гады пад назвамі “Край Карэліцкі мой” і “Возраст жизни не помеха”.

Адзначу, што мы заўжды прыслухоўваемся да пажаданняў наведвальнікаў. Так, нашы дарослыя чытачы любяць літаратурныя сустрэчы з мясцовымі пісьменнікамі, а юныя асабліва актыўна далучаюцца да летніх праграм на свежым паветры. Асобна варта вылучыць Карэліцкія краязнаўчыя чытанні, што праходзяць раз у два гады і звяртаюць увагу даследчыкаў і вучоных з усёй Беларусі да гісторыі невялікіх населеных пунктаў. А ў 2019 годзе мы распачалі яшчэ адзін маштабны праект “PROдвижение книги. Библиотечные ступени», які атрымаў ад удзельнікаў (а гэта нашы калегі з розных куткоў Гродзеншчыны, беларускія выдаўцы і пісьменнікі) і наведвальнікаў вельмі добрыя водгукі.

У 2019 годзе, дзякуючы падтрымцы ЕС і праекту “MOST”, работнікі нашай раённай бібліятэкі з мэтай абмену вопытам наведалі калег у Эстоніі.

Вялікую ўвагу мы надаём супрацоўніцтву. Заўсёды прымаем прапановы клубных устаноў прыняць удзел у іх мерапрыемствах у розных кутках раёна.

З апошніх поспехаў хочацца ўзгадаць наступныя. У 2018 годзе Райцаўская сельская бібліятэка заняла другое месца ў намінацыі “Гісторыя праваслаўя роднага краю” ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”, а ў 2019 годзе Карэліцкая дзіцячая бібліятэка ў намінацыі “Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і падлеткаў” адзначана Ганаровай граматай.  Таксама ў 2018 годзе наша работніца Наталля Жук прывезла другое месца за ляльку Баба-Яга з абласнога конкурсу “Героі кніжных старонак”. 2019 год прынёс яшчэ адной нашай таленавітай калезе Таццяне Дудзюк другое месца за работу “Мірскі замак” у абласным конкурсе “Архітэктурныя помнікі малой радзімы”.

У будучым мы і надалей не перапынім праслаўляць сваёй працай Яе Вялікасць Кнігу, бо яна для кожнага чалавека – гэта крыніца мудрасці і вялікі дарадчык у жыцці.

Там, дзе запальваюць “зоркі”

У якую з трох нашых дзіцячых школ мастацтваў – у Карэлічах, Міры ці Вялікіх Жухавічах – не завітаеш, усюды сустрэнеш дзясяткі таленавітых дзяцей і адмысловых выкладчыкаў. Якія цудадзейныя методыкі дапамагаюць запальваць штогод новыя “зоркі” на творчым небасхіле нашага краю? Сакрэтамі майстэрства дзеліцца дырэктар Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Сняжана Каляда:

– Методыка ў нас адна: талент дзіцяці раскрываецца з дапамогай любові і граматнага індывідуальнага падыходу. Тым больш мы можам прапанаваць розныя накірункі творчасці. На базе нашай школы мастацтваў дзейнічае 6 класаў па спецыяльнасці “баян” у Варончы, Красным, Малюшычах, Райцы, Баранавічах і Цырыне, па адным – “домра” і “фартэпіяна” ў Цырыне, “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” ў Варончы, “эстрадны вакал” у Красным. Радуе прафесіяналізмам і любоўю да справы калектыў. Гэта 33 чалавекі, з іх 3 кіраўнікі і 27 спецыялістаў.  Падкрэслю, што як нашы педагогі, так і выхаванцы адрозніваюцца актыўнасцю і творчым запалам, заўжды з задавальненнем удзельнічаюць у культурным і грамадскім жыцці раёна. А колькі высокіх узнагарод яны прывозяць з розных форумаў – ад рэгіянальных і абласных да рэспубліканскіх і міжнародных!


На Карэліччыну прыбыла партыя айчынных піяніна «Беларусь”

Для параўнання: калі ў 2016-2017 гадах наша школа мастацтваў удзельнічала ў 9 такіх конкурсах і фестывалях, то ў 2019-2020 гадах карэліцкія “зоркі” ззялі больш чым на 35 значных падзеях. Адным словам, сёння мы – не проста ўстанова, а своеасаблівы культурны цэнтр.

Чаму ўсё так ладна? Адназначна таму, што ў нашай краіне культура і мастацтва карыстаюцца грунтоўнай падтрымкай дзяржавы. У Беларусі зацікаўлены, каб дзеці і моладзь не толькі добра вучыліся, але і развіваліся, самарэалізоўваліся як асобы. І не мае значэння, дзе ты жывеш, у сталіцы альбо ў невялікім райцэнтры ці ў сельскай мясцовасці. Паглядзіце, колькі ўсяго цікавага прапаноўвае толькі наша школа мастацтваў! Я ўжо называла некаторыя накірункі дзейнасці, але гэта далёка не ўсё. не так даўно ў нас адкрыты тэатральнае аддзяленне, група ранняга мастацкага развіцця “Вясёлая палітра” (для дзетак 4-6 гадоў), група аматараў здаровага ладу жыцця “Грацыя” (ад 18 гадоў і больш). А сёлета, прыкладна з кастрычніка, мы плануем запусціць групу ранняга эстэтычнага развіцця “Азбука танца” (для дзетак 5-6 гадоў).

Адпаведна і ахоп музычнай адукацыяй сярод вучняў 1-9 класаў вырас. Калі ў 2015 годзе гэты паказчык складаў 28,9%, то за апошні навучальны год мы маем лічбу 30,9%.

Вядома, займацца творчасцю без добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы немагчыма. І тут без падтрымкі дзяржавы ніяк. За 2016-2020 гады ў гэтых мэтах дзіцячым школам мастацтваў раёна было накіравана 31 250 рублёў, у тым ліку на набыццё музычных інструментаў і аргтэхнікі.

Напачатку новага навучальнага года на Карэліччыну прыбыла партыя айчынных піяніна з цудоўнай назвай “Беларусь”: па два музычных інструменты ў кожную з трох школ мастацтваў.

Усё гэта ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў межах выканання падпраграмы “Музычныя інструменты” Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016-2020 гады. Заўважу, што нашы педагогі і юныя музыканты адразу пратэставалі новыя піяніна і засталіся ў захапленні ад іх выгляду і гучання. Мы ўпэўнены, што гэта дапаможа нам дасягаць новых поспехаў, і слава аб талентах Карэліцкага раёна загучыць на новыя творчыя лады!

Зачараваныя гісторыяй малой радзімы

Дзе атрымаць адказы на шматлікія загадкі, якіх безліч у нашым краі, ды дакрануцца да гісторыка-культурнай спадчыны малой радзімы? Вядома, у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі, з жыццём якога нас знаёміць яго дырэктар Дзмітрый Арцюх:

– Наш калектыў невялікі – усяго 7 чалавек. Але за гады існавання музея яго работнікамі сабрана больш за 9 тысяч адзінак захавання. А толькі за перыяд з 2015 па 2019 гады нас наведала 33160 чалавек, праведзена 1062 экскурсіі, у тым ліку 359 музейных заняткаў і 22 лекцыі, 57 выстаў, 31 культурна-адукацыйнае мерапрыемства.

Яшчэ адна цікавая лічба: у параўнанні з 2015 годам колькасць наведвальнікаў павялічылася на 10%.

Музей – гэта не толькі экспанаты, а насычанае культурнае жыццё. На базе нашай установы арганізуюцца сустрэчы са знакамітымі землякамі, праходзяць музейныя заняткі і ўрокі, квэст-гульні, экскурсіі. Штогод да Міжнароднага дня музеяў у межах акцыі “Ноч у музеі” ладзяцца тэматычныя мерапрыемствы. Штосьці цікавае мы заўжды прыдумваем і на Сусветны дзень турызму, і на Дзень экскурсавода, і на “Дзень сэлфі ў музеі”. Нашы работнікі выязджаюць ва ўстановы адукацыі і арганізацыі Карэліччыны з выставамі і лекцыямі. Падчас брэндавых мерапрыемстваў раёна мы арганізуем тэматычныя фотазоны, экспазіцыі “Музей на стале” і “Музей у чамадане”. Наша ўстанова супрацоўнічае з Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, для наведвальнікаў якога мы праводзім мерапрыемствы і экскурсіі. Асвойваем мы і прасторы інтэрнэта, на сайце і ў суполках музея ў сацыяльных сетках рыхтуем віртуальныя выставы і відэапрэзентацыі.


Музейныя заняткі збіраюць зацікаўленых школьнікаў

А яшчэ наш музей па праву можна назваць народным. Бо для папаўнення фондаў мы арганізуем акцыі “Твой унёсак у летапіс роднай зямлі” альбо “Падары музею экспанат”, на якія жыхары раёна шчыра адклікаюцца і дораць нам каштоўныя дакументы і рэчы.

Служба інфармацыі «Полымя»
Фота з архіва “Полымя”

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Культура без межаў Карэліччыну мы называем роднай, прыгожай, паспяховай, гасціннай і, безумоўна, культурнай, што адзначаецца на самых высокіх узроўнях. У
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика