Хлеб нiколi не бывае лёгкiм. 21.by

Хлеб нiколi не бывае лёгкiм

21.09.2009 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У мінулую суботу краiна адсвяткавала "Дажынкi". Галоўнае свята ўраджаю прайшло ў Кобрыне, 50-тысячным райцэнтры Брэсцкай вобласцi. 700-гадовы горад памаладзеў i папрыгажэў. На спецыяльна ўзведзенай сцэне побач з галоўнай плошчай горада прайшла цырымонiя ўшаноўвання герояў жнiва гэтага года. Па традыцыi, пераможцы спаборнiцтва — камбайнеры, аграномы, iнжынеры, кiраўнiкi гаспадарак i раёнаў — дыпломы, падарункi i прэмii атрымалi з рук кiраўнiка дзяржавы.

 

Цiкава, што асобныя героi дня сталi амаль пастаяннымi ўдзельнiкамi рэспублiканскага фестывалю-кiрмашу. У свой час займалi ўжо другое, трэцяе месцы ў спаборнiцтве, некаторыя былi ў iм i лiдарамi. Але ж па працы i пашана: выйшаў пераможцам — атрымай заслужаныя лаўры. Прыемна, што ў шэрагу дзясяткаў мужчын, якiя паднiмалiся на галоўную дажыначную сцэну, былi тры прадстаўнiцы цудоўнай паловы чалавецтва. За свой нялёгкi, але важкi хлебны каравай гэтага года пашану прымалi Галiна Гутарава, галоўны аграном СВК "Авангард-Ельня" Хоцiмскага раёна, Нiна Грабянец, старшыня СВК "Прагрэс" Чэрыкаўскага раёна, Вольга Мохарава, старшыня Добрушскага райвыканкама. Ну, а каравай — сiмвал "Дажынак" — Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь Аляксандру Лукашэнку паднёс лепшы камбайнер Брэстчыны Андрэй Каспярчук.

"Мы чарговы раз сабралiся, каб аддаць данiну павагi людзям, якiя вырасцiлi хлеб. Ён нiколi не даваўся лёгка, — сказаў кiраўнiк дзяржавы. — Ён патрабуе не толькi вялiкiх матэрыяльных укладанняў, энергетычных рэсурсаў, але i вялiкай працы людзей". Прэзiдэнт заўважыў, якiм няпростым выдаўся i гэты год. Май засушыў палеткi, а чэрвень залiў iх. Такiх моцных ападкаў у першы летнi месяц не было 30 гадоў, а ў Брэсцкай i Мiнскай абласцях такая, як сёлета, колькасць дажджоў не была зарэгiстравана за ўсю гiсторыю назiрання. На гэтым фоне яшчэ больш значна i каштоўна выглядаюць працоўныя дасягненнi вяскоўцаў. Дзякуючы дакладнай агранiзацыi работ, матэрыяльна-тэхнiчнай аснашчанасцi, стараннасцi хлебаробаў масавая ўборка збожжавых праведзена за 20—25 дзён. А валавы збор збожжавых i зернебабовых склаў 9 мiльёнаў тон, крышку менш за ўзровень мiнулага года. Пры гэтым другi год запар усе вобласцi перавысiлi рубеж у 1 мiльён тон, а Мiнская — у два мiльёны тон збожжа.

  Прэзiдэнт падкрэслiў, што найбольшы ўраджай, як i раней, атрымала Гродзенская вобласць — больш за 45 цэнтнераў з гектара. Стабiльна высокi ўзровень земляробства прадэманстравала Брэстчына. "Асаблiвай пахвалы заслугоўваюць вясковыя працаўнiкi трох абласцей, якiя дасягнулi прыросту па аб’ёмах вытворчасцi збожжа да ўзроўню 2008 года. На леташнiх "Дажынках" у Оршы мною была пастаўлена задача замацавацца на дасягнутых тады рубяжах. I з гэтым паспяхова справiлiся хлебаробы Вiцебшчыны, Гомельшчыны, Магiлёўшчыны. Пры гэтым прырост атрыманы ў асноўным за кошт павелiчэння ўраджайнасцi. Адным словам, малайцы!".

"З поўным правам можна сказаць, што i ў 2009 годзе свята "Дажынак" мы сустракаем з важкiм хлебным караваем. Значыць, унутраны рынак краiны будзе дастаткова забяспечаны айчыннай харчовай прадукцыяй", — працягваў кiраўнiк дзяржавы. У сучасных умовах гэта мае вялiкае эканамiчнае i палiтычнае значэнне. На сусветным харчовым рынку сiтуацыя вельмi складаная: непрадказальнасць цэнаў, разарэнне фермераў, гульнi спекулянтаў i галодныя бунты. У свеце ўжо каля 1,5 мiльярда чалавек недаядаюць. Незайздросна выглядае лёс краiн, якiя трапляюць у залежнасць ад замежных пастаўшчыкоў.

Таму сённяшнi ўраджай сведчыць пра тое, што нашай краiнай у свой час быў абраны правiльны курс на адраджэнне i развiццё вёскi. Маштабныя капiталаўкладаннi ў вёску былi недарэмнымi: яны ўжо даюць рэальныя плады, працуюць на карысць краiны i ўсяго народа. Тым самым была гарантавана харчовая бяспека дзяржавы i, больш за тое, пашырыўся яе экспартны патэнцыял. Цяпер Беларусь штогод пастаўляе на знешнi рынак сельгаспрадукцыi на суму больш за два мiльярды долараў.

Асаблiвая ўвага ў праграме нададзена абнаўленню матэрыяльна-тэхнiчнай базы. За час яе дзеяння вёсцы пастаўлена 13,5 тысячы трактароў, 8,3 тысячы збожжаўборачных i 1,2 тысячы кормаўборачных камбайнаў, 6,5 тысячы грузавых аўтамабiляў, 3 тысячы камбiнаваных пасяўных агрэгатаў, значная колькасць iншай тэхнiкi i збожжасушыльных комплексаў. Вельмi важным назваў Прэзiдэнт той факт, што айчынная тэхнiка становiцца ўсё больш якаснай. I сёння аграпрамысловая вытворчасць па ўсiм тэхналагiчным ланцужку забяспечваецца галоўным чынам на аснове айчынных распрацовак. Больш за 70 працэнтаў парка машын складае тэхнiка з маркай "Зроблена ў Беларусi". Гатункамi беларускай селекцыi засейваецца каля 80 працэнтаў плошчаў збожжавых. Нашы навукоўцы стварылi i асвойваюць на практыцы селекцыйны задзел па рапсе, iльне, лубiне. Вывядзенне айчынных гiбрыдаў кукурузы эканомiць валютныя рэсурсы больш чым на 30 мiльёнаў долараў штогод.

Поспехi ў аграрнай галiне далi магчымасць больш увагi аддаваць сацыяльнай сферы вёскi. За апошнiя гады тут пабудавана звыш 33 тысяч дамоў i кватэр агульнай плошчай 2,5 мiльёна квадратных метраў. У гэта жыллё можна было б, напрыклад, засялiць два Кобрыны. А дарогi, што пабудаваны i адрамантаваны ў вёсках, маюць працягласць 9 тысяч кiламетраў. Гэта адлегласць ад Мiнска да Кобрына, памножаная на 30. Красамоўныя i такiя факты, як адкрыццё на вёсцы 263 гандлёвых аб'ектаў, 280 комплексных прыёмных пунктаў бытавога абслугоўвання, 582 дзiцячых садкоў, 156 новых сельскiх устаноў культуры. Аснашчана медыцынскiм абсталяваннем 580 урачэбных амбулаторый. Створана больш за 100 тысяч працоўных месцаў.

Цяперашнi ўзровень аграпрамысловага комплексу дазваляе ставiць перад iм больш маштабныя задачы, — заявiў Прэзiдэнт. Асновай далейшага развiцця павiнна стаць павышэнне эфектыўнасцi сельскагаспадарчай вытворчасцi з дасягненнем узроўню рэнтабельнасцi ў 25—30 працэнтаў. Для дасягнення гэтых высокiх арыенцiраў неабходна энергiчнае ўкараненне iнавацый у развiццё аграпрамысловага комплексу. Прыкладам служаць лепшыя гаспадаркi. Трэба, каб да iх падцягнулiся iншыя.

Адзначана, што памяняецца сiстэма падтрымкi сельскай гаспадаркi. "Я ўжо тры гады рыхтую вас да таго, што паступова будзем адыходзiць ад даплат, датацый на гектар, кiлаграм i лiтр, — сказаў Прэзiдэнт. — Гэта працягнецца яшчэ год, паўтара. А з новай пяцiгодкi дзяржава павiнна займацца дзяржаўнымi праектамi. Тая база, якую мы створым да канца пяцiгодкi, павiнна забяспечыць самафiнансаванне сельскай гаспадаркi".

Гэта не значыць, што дзяржава пакiне вёску сам-насам з праблемамi. Сродкi ў развiццё сельскай гаспадаркi ўкладацца будуць i, магчыма, не меншыя. Але грошы пойдуць на праграмы, за якiя адказвае дзяржава. Напрыклад, адраджэнне зямлi. "А даiць, кармiць, атрымлiваць мяса, малако, перапрацоўваць i прадаваць — гэта задача аграрыяў. "Падтрымаўшы сельскую гаспадарку на працягу трох пяцiгодак, мы маем поўнае права адпусцiць яе ў свабоднае плаванне i заняцца стратэгiчнай перспектывай развiцця аграрнай галiны", — заўважыў кiраўнiк дзяржавы, але ён тут жа папярэдзiў, што часу на разварушэнне няма.

За найблiжэйшыя пяць гадоў Беларусь павiнна выйсцi на еўрапейскi ўзровень сельгасвытворчасцi, iнтэнсiўна мадэрнiзаваць увесь аграпрамысловы комплекс. I тут найважнейшыя фактары — эфектыўнасць i хуткасць развiцця, уменне аператыўна рэагаваць на запыты як унутранага, так i сусветнага рынку. Менавiта на гэта павiнна быць накiравана новая праграма развiцця вёскi на 2011—2015 гады, распрацоўку якой ужо вядуць нашы вучоныя, спецыялiсты профiльных дзяржаўных арганiзацый i ўрад.

З асаблiвай цеплынёй Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да галоўных герояў "Дажынак": камбайнераў, вадзiцеляў, спецыялiстаў i кiраўнiкоў гаспадарак. Былi названыя лiдары па ўраджайнасцi збожжавай нiвы. I абсалютным з iх стаў Гродзенскi раён, дзе сабралi 59 цэнтнераў з гектара. Другое i трэцяе месцы займаюць Бераставiцкi i Мастоўскi раёны з паказчыкамi 55,7 i 53,6 цэнтнера з гектара. Проста нельга было не назваць i асобныя гаспадаркi, у якiх прадукцыйнасць хлебнай нiвы перавысiла сярэднееўрапейскi паказчык. Напрыклад, такiя, як "Холмеч" Рэчыцкага раёна (90 ц/га), "Прагрэс-Верцялiшкi" Гродзенскага раёна (звыш 81 ц/га), СВК iмя Адама Мiцкевiча Мастоўскага раёна (больш за 80 ц/га).

Ды як жа не згадваць, не шанаваць хлебаробаў, калi ў сёлетнiх няпростых умовах 2522 экiпажы намалацiлi больш чым па 1 тысячы тон збожжа, а 172 з iх — больш за 2 тысячы! 16 экiпажаў камбайнераў перавысiлi трохтысячны рубеж. А абсалютны рэкорд года паставiў экiпаж старшага камбайнера з агракамбiната "Холмеч" Рэчыцкага раёна Валянцiна Саламахi — 4765 тон. Гэта намалот адной буйной гаспадаркi рэспублiкi. Экiпаж Аляксандра Яроўскага з фiлiяла "Жодзiшкi" Смаргонскага камбiната хлебапрадуктаў сабраў амаль 4 тысячы тон. Вось дзе сапраўдныя героi жнiва.

Напрыканцы выступлення Прэзiдэнт краiны выказаў задавальненне ад выгляду памаладзелага старажытнага Кобрына. На рэканструкцыю, мадэрнiзацыю i будаўнiцтва новых аб'ектаў выдаткавана больш за 400 мiльярдаў рублёў. Адрамантаваныя сотнi дамоў, палепшана 120 кiламетраў вулiц. Пракладзены кiламетры новых iнжынерных сетак. У некаторых мiкрараёнах горада рэканструкцыя пачыналася з ускраiн, а не з цэнтральнай часткi, як найчасцей бывае. Узведзены аквапарк i лядовая арэна, рэканструяваны стары парк. I за гэта гараджане вельмi ўдзячныя дзяржаве.

З размовы пра Кобрын пачалася таксама гутарка з журналiстамi пасля заканчэння святочнага канцэрта. Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што Кобрын стаў сучасным горадам, а далей штогод яго павiнны паляпшаць самi жыхары разам з мясцовай уладай.

Каментуючы па просьбе журналiстаў станоўчыя тэндэнцыi ў беларускай эканомiцы, Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуўся да сельскай гаспадаркi i адзначыў, што гэта адзiная сфера, якой можна быць поўнасцю задаволеным. Заслуга вяскоўцаў i ўсёй краiны ў тым, што нават у крызiсны год удалося дасягнуць прыросту прадукцыi на 11 працэнтаў. "Мы можам ганарыцца, што ў нашай краiне ўсяго хапае". Характарызуючы стан эканомiкi ў цэлым, кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што беларусам няма чаго баяцца.    Размова зайшла таксама пра кавалкi зямлi, знакамiтыя дачныя шэсць сотак. Прэзiдэнт параiў не спяшацца ад iх пазбаўляцца, бо гэта перш за ўсё магчымасць адпачыць душой на прыродзе, ну, i агарод, дзе можна для сябе нешта вырасцiць. А вось вяскоўцаў ён асаблiва заклiкаў займацца сваiм прысядзiбным кавалкам зямлi, бо так было спрадвеку.

Размова з журналiстамi зайшла таксама пра асваенне афрыканскiх, азiяцкiх, амерыканскiх рынкаў. Адзначалася, што i на гэтым участку ў нас ёсць пэўныя поспехi. Адказваючы на пытанне ўкраiнскага журналiста пра экспарт ва Украiну прадукцыi, вытворчасцю якой суседняя рэспублiка славiлася, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Беларусь гатова паставiць "усё, што братняя Украiна папросiць". І падтрымаў жарт журналiста, што задаваў пытанне: мы гатовы паставiць нават сала, бо суседзi незаслужана ўсталявалi манаполiю на гэты прадукт. У Беларусi не менш шануюць i спажываюць сала.

* * *

А на фестывальным кiрмашы было ўсяго багата, у тым лiку i сала. Сярод наведвальнiкаў гандлёвых радоў, горада майстроў асаблiва выдзялялiся людзi з чырвона-зялёнымi стужкамi перадавiкоў.

Перадавiкi, якiя з цiкавасцю разглядалi вырабы аднаго ганчара, камбайнеры з агракамбiната "Ждановiчы" Мiнскага раёна. Алег Голуб, Аляскандр Валасевiч, Мiхаiл Саладуха i Сяргей Шалуха ў адзiн голас выказалi задавальненне кобрынскiм святам. Усе яны, як высветлiлася, бывалыя "дажыначнiкi", хто другi, хто трэцi раз удзельнiчае ў кiрмашы. Але, паводле слоў механiзатараў, горад iм спадабаўся. Яны таксама выказалi падзяку арганiзатарам за тое, што для iх была арганiзавана экскурсiя на страусiную ферму. Цiкава было пазнаёмiцца з работай рэдкага для нашых мясцiнаў прадпрыемства ды паглядзець на экзатычную птушку.

А вадзiцель РУСП "Мiр" Баранавiцкага раёна Аляксандр Бадак заўважыў, што на свяце нiбы адпачыў душой, за два днi неяк адышла на другi план напруга ад нядаўняй уборачнай. Яго падтрымаў камбайнер з гэтай жа гаспадаркi Мiкалай Гаўрыльчык, i дадаў, што ўсё-такi сёлетняя ўборка выдалася складанай, спатрэбiлася шмат намаганняў i сiлаў, каб сабраць хлеб своечасова i па магчымасцi якасна. Таму сённяшняе свята яго ўдзельнiкi цалкам заслужылi.

Абсалютны герой жнiва Валянцiн Саламаха з агракамбiната "Холмеч" выказаў, вiдаць, агульнае меркаванне, калi сказаў, што кожная ўборка не падобная на папярэднюю, бо i надвор'е заўсёды багатае на сюрпрызы, i тэхнiка не бывае вечна безадмоўнай. Таму ад асобы механiзатара, яго ўмення, вопыту многае залежыць.

Асаблiва прыемна было бачыць сярод гасцей свята ветэранаў сельгасвытворчасцi краiны, Герояў Сацыялiстычнай Працы, папярэднiх вядомых старшыняў калгасаў. У шэрагу гасцей таксама заўважаны лётчык-касманаўт Пётр Клiмук, iншыя знакамiтыя людзi Брэстчыны i ўсёй краiны.

Да вечара шумеў-гуляў кiрмаш, здзiўляў не толькi сямiкiламетровымi гандлёвымi радамi, але, напрыклад, i сваiм парадам нявестаў, добрымi канцэртамi, яркiмi феерверкамi.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

Кобрын.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулую суботу краiна адсвяткавала "Дажынкi". Галоўнае свята ўраджаю прайшло ў Кобрыне, 50-тысячным райцэнтры Брэсцкай вобласцi. 700-гадовы горад памаладзеў i папрыгажэў. На спецыяльна ўзведзенай сцэне побач з галоўнай плошчай горада прайшла цырымонiя ўшаноўвання герояў жнiва гэтага года. Па традыцыi, пераможцы спаборнiцтва — камбайнеры, аграномы, iнжынеры, кiраўнiкi гаспадарак i раёнаў — дыпломы, падарункi i прэмii атрымалi з рук кiраўнiка дзяржавы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика