Новы кіраўнік Гарадзенскай вобласьці Сямён Шапіра, прызначаны на гэтую пасаду на мінулым тыдні Аляксандрам Лукашэнкам, на нарадзе ў аблвыканкаме ні словам не згадаў пра лёс былога старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і былога старшыні аблсавету Аркадзя Карпуця.
Сямён Шапіра мае намер прытрымлівацца стылю кіраўніцтва Аляксандра Дубко, які пасьпяхова кіраваў вобласьцю ў 90-ыя гады.
Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут кажа, што былога кіраўніка аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку за жорсткае стаўленьне да людзей называлі "лесарубам". На думку Пачобута, такі стыль кіраваньня завёў вобласьць у тупік, і гэта пабачыў і сам Лукашэнка.
Пачобут: "І гэтая дэклярацыя Шапіры, мне падаецца, — пэўны сыгнал для чынавенства, што ён будзе лагаднейшым кіраўніком, скажам так — бацькам-камандзірам".
Сваёй мэтай Сямён Шапіра ставіць дапамогу суб’ектам гаспадараньня, якія апынуліся ў крызісным стане, і іх кіраўнікам. Ужо зараз ён заяўляе, што "праз год-два падвоім аб’ёмы вытворчасьці ў вобласьці".
Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін, камэнтуючы намеры новага старшыні, зьвяртае ўвагу на тое, што каля 11,5% прадпрыемстваў у вобласьці — стратныя, а яшчэ чвэртка — на мяжы стратнасьці.
Галоўная задача, на думку Істоміна, — знайсьці зараз для гэтых прадпрыемстваў зацікаўленага ўласьніка, які б ня толькі павялічваў аб’ёмы вытворчасьці, але пасьпяхова рэалізоўваў прадукцыю на ўнутраных і зьнешніх рынках.
"А яшчэ Лукашэнка сам казаў, калі выступаў у Горадні, што ўсяго 1% інвэстыцый, якія прыйшлі з-за мяжы ў Беларусь , аселі ў Гарадзенскай вобласьці. Гэта поўны правал былога кіраўніцтва".
Другая галоўная тэма ў плянах Сямёна Шапіры тычыцца працы праваахоўных органаў. Ён заявіў, што яны павінны разьмяжоўваць два паняцьці: рызыка кіраўніка дзеля ўратаваньня прадпрыемства, што апраўдана, і карысьлівы ўчынак, што недапушчальна.
У прыватнасьці, пасьля наведваньня шклозаводу "Нёман" Сямён Шапіра заявіў, што ягоная думка наконт дырэктара прадпрыемства не супадае з поглядамі праваахоўных органаў: маўляў, дырэктаравы недапрацоўкі не настолькі істотныя, як іх прадстаўляюць.
Наагул, Сямён Шапіра заявіў, як цытуе абласная газэта, што ў бліжэйшы час ён асабіста ўнікне ў некаторыя крымінальныя справы.
Андрэй Пачобут кажа на гэта: не ў кампэтэнцыі старшыні аблвыканкаму займацца ацэнкай дзейнасьці праваахоўных органаў. На яго думку, Лукашэнка дае гэтым адмашку.
Пачобут: "Але разам з тым беларуская сыстэма такая — дарэчы, гэта яскрава прагучала з выступленьня Лукашэнкі ў Горадні, і гэтыя словы Шапіры сьведчаць, — што толькі выканаўчая ўлада акрэсьлівае, хто сёньня вінаваты, а хто не".
У зьвязку з гэтым Юры Істомінзьвяртае ўвагу на тое, што новы кіраўнік вобласьці публічна нічога не сказаў пра лёс былога старшыня Ўладзімера Саўчанкі, былога старшыні абласнога савету Аркадзя Карпуця, які знаходзіцца пад сьледзтвам, а таксама пра тое, дзе зараз былы кіраўнік абласной гарадзенскай міліцыі Генадзь Хацько.
Істомін: "Вось гэта яго справа, і думаю, што гэта павінна было стаць першым крокам, каб сказаць людзям, якая сытуацыя з былымі кіраўнікамі вобласьці. Сказаць праўду, што, да прыкладу, вядзецца сьледзтва ў адносінах да гэтых людзей".
На думку Андрэя Пачобута, прызначэньне Сямёна Шапіры — гэта пралічаны крок Аляксандра Лукашэнкі.
Пачобут: "Разам з тым, на маю думку, Лукашэнка палічыў, што Саўчанка ўжо дастаткова зачысьціў Гарадзеншчыну і цяпер можна такога больш мяккага кіраўніка, бо ўжо так стружку спусьцілі, што можна нешта і паламаць. Вось такое маё меркаваньне".
Новы кіраўнік Гарадзенскай вобласьці Сямён Шапіра, прызначаны на гэтую пасаду на мінулым тыдні Аляксандрам Лукашэнкам, на нарадзе ў аблвыканкаме ні словам не...