Аляксандр Лукашэнка: "Наступная пяцігодка павінна стаць перыядам абнаўлення і якасна новага развіцця Беларусі". 21.by

Аляксандр Лукашэнка: "Наступная пяцігодка павінна стаць перыядам абнаўлення і якасна новага развіцця Беларусі"

17.09.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наступная пяцігодка павінна стаць перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё Беларусі. Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на шостым з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе трэба будзе зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011—2015 гады. "Ужо стала палітычнай традыцыяй, што гэты глабальны дакумент, які прадвызначае далейшыя перспектывы дзяржавы, прымаецца не ў чыіх-небудзь кабінетах, няхай нават самых высокіх, а непасрэдна народам у асобе прадстаўнікоў, якім людзі давяраюць такія паўнамоцтвы", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што зусім хутка праект праграмы будзе прадстаўлены на ўсеагульнае абмеркаванне, і кожны грамадзянін краіны зможа прыняць удзел у вызначэнні стратэгіі развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў. Прэзідэнт перакананы, што якім бы маштабным не быў дакумент, ісці ён павінен ад жыцця.

"Думаю, гэта і ёсць нагляднае пацвярджэнне праяўлення ўлады народа. Не якая-небудзь дэмагогія, а такія вось канкрэтныя прыклады, якія даюць магчымасць любому грамадзяніну ажыццяўляць кіраванне дзяржавай", — лічыць Прэзідэнт.

Ён не стаў дэталізаваць змест праграмы, аднак заўважыў, што яна вельмі напружаная і дынамічная. "Інакш і не можа быць, калі мы паставілі за мэту стварыць абноўленае аблічча Беларусі", — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяперашні з'езд прафсаюзаў — гэта не проста падвядзенне вынікаў і выпрацоўка перспектыў работы федэрацыі, але і важная падзея ў жыцці ўсяго грамадства, паколькі прафсаюзы прадстаўляюць інтарэсы абсалютнай большасці працоўнага насельніцтва краіны. Ён таксама лічыць глыбока сімвалічным, што прафсаюзныя з'езды апошняе дзесяцігоддзе праходзяць напярэдадні пяцігодак, калі распрацоўваюцца і шырока абмяркоўваюцца перспектыўныя планы і асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. "Гэта само па сабе надае нашым форумам асаблівую значнасць, прадастаўляючы магчымасць уносіць свой канкрэтны ўклад у вызначэнне шляхоў развіцця дзяржавы і павышэння дабрабыту народа", — сказаў Прэзідэнт.

Найважнейшая задача прафсаюзаў — сфарміраваць у працоўных калектывах атмасферу партнёрства, а не канфрантацыі

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, галоўная работа прафсаюзаў — у працоўных калектывах. "І ў перыяд эканамічных цяжкасцяў, і пры мадэрнізацыі калектыў у любым выпадку ліхаманіць. У першым выпадку — ад праблем, у другім — ад неразумення сваёй будучыні пасля абнаўлення вытворчасці", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта таму прафсаюзы павінны забяспечваць баланс інтарэсаў. "Людзі павінны ведаць перспектывы як сваіх галін і прадпрыемстваў, так і свае асабістыя, сваё месца на гэтым прадпрыемстве. Павінен быць забяспечаны пастаянны дыялог паміж наймальнікам і работнікамі. І гэта таксама прафсаюзная справа", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

У бліжэйшы час будзе прапрацавана пытанне аб магчымасці пераразліку пенсій, перш за ўсё самых нізкіх

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівым клопатам дзяржавы з'яўляецца падтрымка пенсіянераў, якія складаюць больш за чвэрць насельніцтва краіны. Для большасці з іх пенсія — адзіная крыніца даходаў. "І мы па меры росту заработнай платы будзем яе павышаць. Ужо ў бліжэйшы час прапрацуем пытанне аб магчымасці правядзення пераразліку пенсій, перш за ўсё самых нізкіх", — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што дзяржава паклапоціцца і пра сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, якія не пераклалі адказнасці за іх на плечы дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, прадпрыемствы павінны больш дапамагаць сваім пенсіянерам і ветэранам. "Усе любяць параўноўваць нашы пенсіі з заходнімі. Але там вялікую частку пенсійнага даходу складаюць карпаратыўныя пенсіі, — падкрэсліў ён. — Таму, калі ёсць магчымасць, уключайце адпаведныя палажэнні ў калектыўныя дагаворы, удзельнічайце ў праграмах дадатковага страхавання".

У Беларусі ў бліжэйшы час не пойдуць на павелічэнне пенсійнага ўзросту

Кіраўнік дзяржавы чарговы раз заявіў, што павялічваць пенсійны ўзрост у краіне не плануецца: "Нам не трэба ўзнімаць пенсійны ўзрост, таму што нашы пенсіянеры, калі ёсць магчымасць, усё роўна працуюць. Тут мы павінны іх падтрымаць. Няхай працуюць, калі хочуць. Паўстае другое пытанне: ён пенсію атрымлівае і заработную плату". Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што пенсіі ў краіне зусім невысокія. "Дык навошта ламаць коп'і?" — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Калі людзі хочуць працаваць — няхай працуюць, гэта ж нядрэнная прыбаўка да пенсіі, і гэта трэба падтрымліваць, сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў аб тым, што ўсе размовы аб павелічэнні пенсійнага ўзросту трэба раз і назаўсёды забыць, і запэўніў, што ў бліжэйшы час у Беларусі не пойдуць на павелічэнне пенсійнага ўзросту.

Дзяржава пакуль можа гэта вытрымаць. Калі будзе цяжка, будуць зняты іншыя праграмы і праекты, але пенсійны фонд заўсёды будзе забяспечаны, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Сістэма аказання матэрыяльнай дапамогі беспрацоўным будзе зменена

"Мы падтрымаем матэрыяльна грамадзян, якія часова аказаліся без работы. Але гэту кантору будзем "сціскаць", так званыя дапамогі па беспрацоўі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў гэта тым, што цяпер у Беларусі колькасць вакансій большая, чым колькасць беспрацоўных.

"Таму ідзіце працуйце", — сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што сёння ёсць пэўныя грамадзяне, якім выгадна "сядзець на дапамозе". "Мы гэта ўсё бачым і памаленьку гэту кантору будзем "сціскаць". Мы будзем падтрымліваць тых, хто трапіў у складаную сітуацыю і не можа на працягу нейкага часу працаўладкавацца. І ў гэтым напрамку і Міністэрству працы і сацыяльнай абароны, і ўраду давядзецца папрацаваць у бліжэйшы час", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Неабходна ажыццявіць комплекс дзейсных мераў па матэрыяльнай і маральнай падтрымцы сям'і

"Сфера адказнасці прафсаюза — не толькі работнік, але і яго сям'я, таму што плённа можна працаваць толькі ў тым выпадку, калі ведаеш: дома ўсё ў парадку", — сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што дзяржава ніколі не эканоміла на сям'і. Аб гэтым сведчаць і факты. У прыватнасці, цяпер сістэма дапамог распаўсюджваецца прыкладна на паўмільёна дзяцей, амаль 45 тыс. дзяцей ва ўзросце да 2-х гадоў забяспечаны бясплатным харчаваннем, адрасную дапамогу атрымліваюць больш як 19 тыс. сем'яў з дзецьмі. "Ніводная дзяржава, нават самая багатая, не можа сабе такога дазволіць", — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё гэта садзейнічала пэўнай стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі. Але, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, супакойвацца рана і трэба ісці далей: рэалізаваць комплекс дзейсных мераў па матэрыяльнай і маральнай падтрымцы сем'яў.

Прэзідэнт запатрабаваў таксама асаблівую ўвагу ўдзяліць праблеме сацыяльнага сіроцтва. Паводле яго слоў, за апошнія некалькі гадоў удалося істотна палепшыць сітуацыю. У прыватнасці, скарацілася колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дзяржава прымусіла нядбайных бацькоў працаваць і плаціць за ўтрыманне сваіх дзяцей. І многія з іх пачынаюць нармальнае жыццё, дзеці вяртаюцца ў свае сем'і.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў бліжэйшы час будзе праведзена комплексная праверка стану спраў у гэтай сферы.

Беларускі лідар лічыць, што да бацькоў, якія кінулі сваіх дзяцей, павінны прымяняцца самыя строгія меры. Прафсаюзы павінны таксама ўнесці свой уклад у вырашэнне праблемы сацыяльнага сіроцтва, хаця б у плане кантролю за нядобранадзейнымі сем'ямі.

Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў аб тым, што важнай задачай з'яўляецца перасяленне дзяцей з дамоў-інтэрнатаў у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. У будучай пяцігодцы гэта трэба завяршыць, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што дзяржава будзе ўсяляк падтрымліваць такія дзіцячыя дамы.

Скарэктаваць жыллёвую праграму з улікам таго, што ў краіне трэба вырашаць дэмаграфічную праблему

"Калі і ў далейшым мы не будзем забяспечваць дадатнага прыросту насельніцтва, мы як дзяржава не адбудземся, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нам трэба хоць бы 30 млн чалавек, а мы да 30 млн не дацягваем. Што такое 10 млн на такую тэрыторыю?"

Менавіта таму, як лічыць беларускі лідар, нават жыллёвую праграму трэба карэктаваць пад вырашэнне гэтай праблемы. Штосьці ў гэтым напрамку ўжо зроблена, але гэтага недастаткова.

"Трэба больш прынцыпова падысці да вырашэння гэтага пытання. З'яўляецца ў сям'і трэцяе дзіця — гарантавана кватэра. І, можа быць, за 25 працэнтаў яе кошту, а можа быць, і бясплатна", — сказаў Прэзідэнт. Толькі ў выпадку належнага матэрыяльнага стымулявання магчыма вырашыць гэту праблему, перакананы кіраўнік дзяржавы. Цяпер для большасці беларускіх сем'яў мець дваіх дзяцей — норма, а вось адважыцца на нараджэнне трэцяга дзіцяці ўжо цяжкавата. "Дзяржава павінна дапамагчы сем'ям для таго, каб яны мелі траіх дзяцей. Трое дзяцей у сям'і — гэта ўжо істотны прырост насельніцтва. А калі мы сканцэнтруем рэсурсы на аказанні дапамогі сям'і пры нараджэнні чацвёртага і пятага дзіцяці, то гэта дапаможа вырашэнню дэмаграфічнай праблемы", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.   Прафсаюзы ні ў якім выпадку не павінны займацца папулізмам

"Па сваёй прыродзе прафсаюзы прызначаны выконваць шмат функцый, часам дыяметральна процілеглых, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — З аднаго боку, трэба дабівацца задавальнення ўсіх патрэбнасцяў работнікаў. З другога, з наймальнікам павінны быць выбудаваны канструктыўныя, я нават сказаў бы, дыпламатычныя адносіны, каб знаходзіць аптымальныя шляхі вырашэння праблем, пры неабходнасці — ісці на кампраміс. І самае галоўнае, узнімаючы тое ці іншае пытанне, вы павінны рэальна ацэньваць эканамічную сітуацыю ў краіне. І ні ў якім выпадку не займацца папулізмам". "Мы ўжо такое ў нашай гісторыі праходзілі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Тады дзейнасць прафсаюзаў не мела нічога агульнага з рэальнай абаронай правоў рабочага чалавека, а была накіравана на задавальненне інтарэсаў вярхушкі арганізацыі".

Прафсаюзы сур'ёзна недапрацоўваюць у пытаннях аховы працы і скарачэння выпадкаў вытворчага траўматызму

"Мы шмат гаворым аб высокіх матэрыях, інавацыях. Але часам маўчым аб тым, што адной з асноўных прычын гібелі людзей у нашай краіне застаецца вытворчы траўматызм. Лічу, у ХХІ стагоддзі такая сітуацыя выглядае проста абсурдам", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Толькі за 8 месяцаў гэтага года ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінула 152 чалавекі і каля 500 траўмаваны. Часта гібель людзей абумоўлена знаходжаннем іх на рабоце ў стане алкагольнага ап'янення. Прэзідэнт лічыць, што, як правіла, роля прафсаюзных арганізацый зводзіцца да фіксацыі фактаў, а мэтанакіраваная работа па выяўленні і ўстараненні прычын, якія іх спараджаюць, адсутнічае.

Заканадаўства аб працы павінна выконвацца безагаворачна незалежна ад формы ўласнасці

"Мала забяспечыць чалавека работай, мы павінны паклапаціцца і пра абарону яго інтарэсаў як працоўнага. Таму безумоўнае выкананне заканадаўства аб працы павінна стаць нормай жыцця", — перакананы Прэзідэнт. Разам з тым яшчэ нярэдка сустракаюцца выпадкі несвоечасовай выплаты заработнай платы, парушэння ўмоў аховы працы. На думку Аляксандра Лукашэнкі, тут, як нідзе, запатрабавана кантрольная функцыя прафсаюзаў. "Як бы нас не абвінавачвалі ў архаізме, мы захавалі сістэму прафсаюзнага грамадскага кантролю. Прычым прафсаюзы — адзіная з грамадскіх структур, за якой пакінуты такія паўнамоцтвы, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — У прафсаюзаў ёсць працаздольныя прававая і тэхнічная інспекцыі працы, грамадскія інспектары па ахове працы". Менавіта таму дзяржава мае права чакаць ад прафсаюзаў эфектыўнай барацьбы з парушэннямі заканадаўства. "Але пры гэтым часта вы захапляецеся кантраляваннем наймальніка і забываеце, што на прафсаюзах у такой жа меры ляжыць абавязак процідзеяння недысцыплінаванасці саміх работнікаў, невыкананню імі правіл аховы працы, п'янству", — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў важнасць таго, што толькі прафсаюзы маюць права ажыццяўляць грамадскі кантроль нават у тых арганізацыях, дзе няма членаў іх аб'яднання. "Гэта асабліва актуальна ў цяперашніх умовах, калі намі ўзяты курс на лібералізацыю эканомікі, спрашчэнне вядзення бізнэсу", — сказаў кіраўнік дзяржавы. На жаль, прыватнік часам эканоміць на работніках, не стварае бяспечных умоў працы, не выплачвае зарплату, беспрычынна звальняе. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Незалежна ад формы ўласнасці прадпрыемства, ад таго, хто на ім гаспадар, нязменным з'яўляецца патрабаванне — заканадаўства аб працы павінна выконвацца ў поўнай меры і безагаворачна. Прафсаюзы павінны абараняць усіх працуючых". Прэзідэнт таксама заявіў аб тым, што прафсаюзы павінны больш упэўнена заявіць аб сабе ў бізнэс-асяроддзі шляхам укаранення там ідэй сацыяльнага партнёрства.

Дзяржава ў будучым плануе значна больш увагі ўдзяляць грамадскім аб'яднанням і партыям

"Калі нам народ і Гасподзь дазволяць працаваць у адпаведных якасцях, у новай пяцігодцы мы будзем сустракацца значна больш", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных. Кіраўнік дзяржавы таксама назваў адным з вялікіх недахопаў сваёй работы тое, што раней ён удзяляў гэтаму пытанню менш увагі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час быў вылучаны тэзіс аб тым, што саветы, прафсаюзы, маладзёжныя, ветэранскія, жаночыя арганізацыі — аснова грамадзянскай супольнасці. "І няма чаго тут выдумляць і падкідваць нам тэзісы з-за мяжы, якім павінна быць грамадзянская супольнасць і як яе павінны разумець. Мы яе будзем разумець так, як складваецца сітуацыя ў нашай краіне, і будзем фармуляваць гэтыя рэчы такім чынам, каб не разбурыць мір і стабільнасць у нашай дзяржаве", — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што грамадскія аб'яднанні і палітычныя партыі павінны самастойна вызначыць шляхі свайго развіцця. "Я не супраць партыйнага будаўніцтва, нармальных апазіцыйных партый, не супраць вядучай якой-небудзь партыі, але гэта павінна вызначыць само жыццё. Усё гэта павінна выкрышталізоўвацца з жыцця", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"У будучым мы абавязкова больш увагі ўдзелім грамадскім арганізацыям і партыям у плане таго, што нам трэба навесці, калі проста гаварыць, парадак у гэтым і нарматыўна, і арганізацыйна", — сказаў беларускі лідар.

Будзе прадоўжана праграма адраджэння вёскі з улікам сучасных патрабаванняў

"Праграма адраджэння і развіцця вёскі будзе прадоўжана, але будзе кардынальна перагледжана", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у галіне сельскай гаспадаркі "мы дакладна вызначыліся, што і дзе будзем вырабляць". У перспектыве праграма і падтрымка АПК будзе будавацца так, каб не панізіць узровень тэхнічнага аснашчэння галіны.

"Тэхнічную аснашчанасць гаспадарак мы будзем трымаць на самым высокім узроўні", — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што дзяржава ўклала нямала сродкаў для стварэння неабходнай тэхнічнай базы ў вёсцы і аддача павінна быць адпаведнай. "У сакавіку—красавіку будучага года мы будзем патрабаваць за тэхніку, паглядзім, у якім яна стане", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы забяспечылі ўсе неабходныя ўмовы для развіцця сельскай гаспадаркі, у тым ліку і што датычыцца аснашчанасці, цяпер рухайцеся далей у выбраным напрамку, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — У далейшым нашы сродкі пойдуць на інавацыйныя праекты, стварэнне суперсучасных прадпрыемстваў.

Прэзідэнт адзначыў, што краіна павінна выйсці на самазабеспячэнне таварамі і тады, як падлічыў Нацыянальны банк, не будзе адмоўнага сальда плацежнага балансу. Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што ў бліжэйшы час будзе разгледжана пытанне рэалізацыі праграмы стварэння аграгарадкоў і ўкаранення там адпаведных стандартаў.

Патрэбны кадры высокай кваліфікацыі па рабочых спецыяльнасцях

"Цяпер ужо недастаткова гаварыць проста аб занятасці. Трэба працаваць над забеспячэннем эканамічна эфектыўнай занятасці", — лічыць Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што сёння на некаторых беларускіх прадпрыемствах востра стаіць праблема залішняй рабочай сілы, але пры гэтым адначасова ёсць дэфіцыт кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў.

"Неабходна, каб кваліфікацыйныя характарыстыкі прэтэндэнтаў на рабочыя месцы адпавядалі запытам наймальніка. Усе не могуць быць юрыстамі, эканамістамі, менеджарамі. Патрэбны кадры высокай кваліфікацыі па рабочых спецыяльнасцях. І гэта вялікі дэфіцыт", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што апошнім часам у Беларусі абазначылася тэндэнцыя зніжэння прывабнасці рабочых прафесій сярод моладзі. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць, што прафсаюзы павінны знайсці сваю нішу ў гэтым пытанні. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў стварыць інфармацыйную базу аб вакансіях рабочых месцаў, дапамагчы ў працаўладкаванні ў цэлым, і ў пошуку першага рабочага месца для маладых спецыялістаў у прыватнасці.

Аляксандр Лукашэнка лічыць абсурднымі абвінавачванні Беларусі ў незахаванні правоў чалавека

"Беларусь пастаянна папракаюць у тым, што ў нас не захоўваюцца правы чалавека. Здавалася б, павінен ужо быў выпрацавацца імунітэт супраць гэтых галаслоўных абвінавачванняў, але кожны раз думаеш, наколькі абсурдна гэта гучыць у адносінах да краіны, дзе беспрацоўе на ўзроўні статыстычнай хібнасці", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, нагадаўшы, што, напрыклад, у Іспаніі беспрацоўе цяпер перавышае 20 працэнтаў, у ЗША яно больш за 10 працэнтаў, у а Беларусі — толькі 1 працэнт.

Больш энергічна шукаць альтэрнатыўныя шляхі паставак энергарэсурсаў у Беларусь

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё больш актуальнай становіцца задача рацыянальнага і вельмі эканомнага выкарыстання энергетычных і іншых матэрыяльных рэсурсаў. Сучасныя тэндэнцыі павышэння іх кошту прымушаюць шукаць альтэрнатыўныя крыніцы і новыя рынкі. Ад гэтага залежыць наша эканамічная бяспека і захаванне рэальнага суверэнітэту дзяржавы. Беларусь на гэтых напрамках ужо знаходзіць аптымальныя шляхі вырашэння праблем, якія ўзнікаюць. "Але іх трэба больш энергічна развіваць, нарошчваць свой экспартны патэнцыял і дыверсіфікаваць гандлёва-эканамічныя сувязі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, яму вядома крытычнае стаўленне некаторых людзей да статыстычнай інфармацыі аб тым, што наша краіна, адна з нямногіх у свеце, у час крызісу хоць нямнога, але прыбавіла ў ВУП. У гэтым годзе ўраду пастаўлена задача выйсці на прырост ВУП 10—11 працэнтаў. "Узнікае пытанне: чаму пры такім нядрэнным росце мы ўсё-такі не такія багатыя? Па-першае, мы прырастаем па ВУП у тых сферах, дзе няма звышпрыбытку і звышдаходаў. Калі б было 12 працэнтаў прыросту ў газавай і нафтавай прамысловасці, мы мелі б вялізныя дывідэнды, таму што там вялікія прыбыткі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што вытворчасць вельмі затратная, па некаторых напрамках удзельная вага энерганосьбітаў дасягае 80 працэнтаў. Таму, паводле слоў Прэзідэнта, было прынята жорсткае рашэнне шукаць альтэрнатыву. "Не знойдзем альтэрнатывы — не мы будзем збірацца ў гэтай зале і не мы будзем заказваць музыку. Нам будуць гаварыць, як усе дзесяцігоддзі да нас, як жыць, у якім напрамку рухацца і з кім ваяваць, калі ўжо казаць шчыра, — сказаў ён. — Таму нам трэба знайсці альтэрнатыву, тым больш што яна ёсць".

Аднак нават у гэтых пошуках Беларусі робяць перашкоды. "Пошукі вельмі складаныя, цяжкія. І знайшлі быццам бы, але ўпоперак становяцца ўсе тыя, хто сёння не хоча гэтай альтэрнатывы. Дапусцім, мы знайшлі шляхі танных паставак нафты і газу на тэрыторыю Беларусі, дапусцім, праз Прыбалтыку. І тут жа ўключаецца вядомы знешні рычаг: "Не пушчаць". Тым больш што існуючыя газавыя і нафтавыя артэрыі Савецкага Саюза ведаеце ў каго ў руках. Паражняком стаяць трубы, яны проста не працуюць, блакіруюцца па пастаўках вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Таму, на яго думку, "спадзявацца на тое, што існуе, не варта".

"Таму пастаўлена задача: мы павінны пабудаваць свае артэрыі, але адысці ад залежнасці, калі мы хочам быць дзяржавай", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Калі мы не хочам быць дзяржавай і хочам, каб нас пастаянна штурхалі, нахіляючы і ўказваючы, што рабіць, куды рухацца, — тады можна гэтага не рабіць. Але гэта вельмі дорага. Незалежнасць і суверэнітэт вельмі дарагога каштуюць", — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў: "Задача нашага пакалення — забяспечыць жыццё і працвітанне для цяперашняга і будучага пакаленняў на гэтым кавалку зямлі".

Сістэма працоўных адносінаў работніка і наймальніка ў Беларусі будзе ўдасканальвацца

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння роля, месца і статус прафсаюзаў істотна змяніліся. У дзяржаве атрымала высокае развіццё сацыяльнае партнёрства. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выкарыстанне новых арганізацыйных падыходаў дало магчымасць забяспечыць эфектыўную канструктыўную работу Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях. Праз гэты савет прафсаюзы ўдзельнічаюць у вырашэнні ўсіх ключавых пытанняў і праблем сацыяльна-працоўнай сферы. На рэгулятарнай аснове заключаюцца генеральныя пагадненні паміж урадам, прафсаюзамі і рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў. Як адзначыў Прэзідэнт, у ходзе іх заключэння часам разгараюцца гарачыя спрэчкі, але, галоўнае, заўсёды знаходзіцца кампраміс.

Аляксандр Лукашэнка лічыць важным, што ўсе спрэчкі і ўмовы работы вырашаюцца на ўзроўні кантракта або дагавора. "Без гэтага ні дысцыпліны на прадпрыемстве, ні нармальнай дыферэнцыраванай зарплаты не будзе", — сказаў Прэзідэнт. Ён таксама падкрэсліў, што заключэнне дагавораў па найму — "гэта вельмі моцны інструмент для кіраўнікоў". "Хачу, каб моцным быў гэты інструмент і для звычайных работнікаў. А каб гэта было так — гэта павінна быць на кантролі прафсаюзаў".

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, 25—30 працэнтаў прыбаўкі абсалютна па ўсіх напрамках можна атрымаць пры элементарным выкананні дысцыпліны і арганізаванасці.

Павышэнне зарплат у Беларусі будзе ажыццяўляцца паступова

Напрыклад, кажуць, што ў Еўропе зарплата намнога большая, чым у Беларусі. "Мы, у прынцыпе, гатовы $1000 плаціць. Але давайце дамовімся, што за камунальныя паслугі, ахову здароўя, адукацыю будзем плаціць па поўнай праграме. Мне Ладуцька казаў, што тысячы долараў не хопіць, калі за ўсё гэта нашы людзі будуць плаціць без датацый", — сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што сёння ў нашай краіне пакрыццё камунальных расходаў насельніцтвам складае толькі 34 працэнты. Пры гэтым штогод з бюджэту на кампенсацыю астатніх 66 працэнтаў накіроўваецца больш як $1 млрд. "Мы можам раздаць гэтыя грошы. Але як жа адукацыя, ахова здароўя? Напрыклад, у Еўропе бедны чалавек не можа і думаць аб адукацыі. Усё гэта каштуе значна больш за камунальныя паслугі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"У нас склалася такая сістэма. Мы можам перайсці на другую, але вопыт іншых краін паказвае, што не ўсё атрымліваецца гладка, — сказаў ён. — Таму пакуль мы дашліфуем гэту сістэму, а калі ў нас эканоміка ў два разы вырасце, калі мы свабодна зможам плаціць людзям добрую зарплату, мы будзем памаленьку рухацца, без усялякіх рэвалюцый".

Прэзідэнт таксама адзначыў, што "кантрактнай сістэме ў Беларусі быць, але людзей пры гэтым трэба абараняць і падтрымліваць". Ён лічыць працоўны кантракт цывілізаванай формай узаемаадносінаў паміж работнікам і наймальнікам.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наступная пяцігодка павінна стаць перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё Беларусі. Аб гэтым заявіў учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика