Аляксандр ЛУКАШЭНКА: «Права выбару мы захаваем за народам». 21.by

Аляксандр ЛУКАШЭНКА: «Права выбару мы захаваем за народам»

02.10.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў СМІ з розных рэгіёнаў Расіі. Такія сустрэчы сталі традыцыйнымі: з 2003 года гэта ўжо восьмая, самая прадстаўнічая група расійскіх журналістаў, якая змагла на свае вочы пазнаёміцца з Беларуссю і атрымаць адказы на пытанні, якія цікавяць расіян, з першых вуснаў. Галоўная мэта такіх прэс-тураў — данесці да мільёнаў расіян праўдзівую, незамутненую інфармацыю аб нашай краіне. Сёння гэта асабліва актуальна: калі раней расійская інфармацыйная прастора была для беларускай тэматыкі проста закрытай, то сёння ў яе мэтанакіравана закачваецца плынь падману і дэзынфармацыі. Пра мэту не цяжка здагадацца.

Вітаючы расійскіх рэгіянальных журналістаў, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў ім за тое, што яны нясуць праўду пра Беларусь, хоць сёння гэта і не проста. Каб пераканацца, дастаткова паглядзець цэнтральнае расійскае тэлебачанне. Разам з тым, кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што расійскі народ абавязкова зможа разабрацца ў тым, што адбываецца.

Аб перспектывах адносінаў з Расіяй

Беларусь не збіраецца адказваць на гразь у расійскіх СМІ, у прыватнасці заявіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў: "У нас ёсць стапрацэнтныя доказы таго, як гэта рабілася, прытым з канкрэтнымі кадрамі, з канкрэтным матэрыялам: хто гэта рабіў, хто даваў каманды... Усё гэта ў нас ёсць".

"Мы не будзем маўчаць, калі сітуацыя запатрабуе адказу. Але сёння на што адказваць? На тую гразь, якая льецца? Чакаюць, што мы пачнём уцягвацца ў гэтую бойку... Мы на гэтую гразь сёння адказваць не будзем — каб самім не перапэцкацца", — падкрэсліў ён.

На думку кіраўніка дзяржавы, цяпер няма такой сітуацыі, калі ў адказ на гэтыя "гарматныя стрэлы" трэба таксама "грукатаць з усіх гармат".

Расійскія цэнтральныя СМІ досыць актыўна выкарыстоўваюць для нападак на Беларусь і мясцовую апазіцыю.

"Самае страшнае, што яны прадаставілі права вяшчаць людзям, якія на дух не пераносяць Расію. Гэта людзі, якія ўчора і сёння атрымліваюць гранты ў Заходняй Еўропе і Амерыцы. Але сёння яшчэ адзін спонсар у іх знайшоўся — бізнэс Расіі", — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Ён таксама дадаў, што расійскае кіраўніцтва шмат чаго не ведае пра тое, што адбываецца ў Беларусі, які настрой людзей.

"Калі яны робяць стаўку на бескарысных і бесперспектыўных людзей у Беларусі, значыць, яны не вельмі сур'ёзна настроеныя з намі страціць адносіны. Можа, крыху хочуць нас нахіліць, прыструніць... Калі б яны сур'ёзна хацелі гэтым займацца, мы гэта бачылі б", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў Беларусі каля 400 чыстых апазіцыянераў: "...Самае большае, з іх прыхільнікамі, якія ў адкрытую могуць процістаяць уладзе на мітынгах, — 800 чалавек. Напэўна, яшчэ 100—150 тыс. могуць іх падтрымаць на выбарах".

Нягледзячы на складанасці, якія існуюць на цяперашнім этапе, Аляксандр Лукашэнка лічыць добрымі перспектывы развіцця адносінаў з Расіяй.

"Умоўна падзелім узаемаадносіны паміж Беларуссю і Расіяй на два-тры ўзроўні, якія датычацца сувязяў паміж людзьмі, прадпрыемствамі, рэгіёнамі і вышэйшым кіраўніцтвам краін, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Першы — гэта ўзаемаадносіны паміж людзьмі і паміж прадпрыемствамі. Там, дзе яшчэ палітыка не ўмяшалася ў гэтыя адносіны, усё ідзе больш-менш нядрэнна. Асабліва на ўзроўні людзей. Думаю, тут вельмі складана выбудаваць якія-небудзь бар'еры і сутыкнуць нашы народы. Таму ўсё тое, што зроблена, у тым ліку ў Саюзнай дзяржаве, калі мы імкнуліся выраўнаваць правы грамадзян Расіі і Беларусі, а зроблена было нямала, разбурыць гэта наўрад ці хто-небудзь зможа, калі, зразумела, Расія не адмовіцца ад тых напрацовак і заканадаўчых актаў, дагавораў, якія падпісаныя. Але я думаю, што не адмовіцца, таму што гэта будзе на шкоду расійскаму грамадству і расіянам". Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што Беларусь будзе "свята выконваць тыя дамоўленасці, якія датычацца ўзаемаадносінаў нашых народаў".

"Калі браць прадпрыемствы, куды яшчэ не паспелі ўмяшацца зацікаўленыя людзі і палітыкі, то тут таксама больш-менш нармальныя адносіны. Тавараабарот за 6 месяцаў гэтага года вырас прыкладна на 30 працэнтаў. А гэты паказчык, як вядома, робяць прадпрыемствы", — сказаў Прэзідэнт.

Ва ўзаемаадносінах рэгіёнаў, рэгіянальных лідараў не ўсё дрэнна, але і не так добра, як было раней, лічыць беларускі лідар. "У свой час губернатары мелі большую ступень свабоды ў сувязі з тым, што яны выбіраліся народам. Не памятаю, каб было якое-небудзь процідзеянне для наведвання імі Беларусі, і мы вельмі многае зрабілі. Але сёння невялікія пагаршэнні ёсць, таму што ёсць указанні з цэнтра — туды ехаць, сюды не ехаць, гэта вырашаць, тое не вырашаць". У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў думку аб тым, што ў Расіі губернатары павінны выбірацца народам. У той жа час права вызваляць іх ад пасады павінен мець прэзідэнт. Ён нагадаў, як у свой час Беларусь крытыкавалі за стварэнне вертыкалі ўлады, якую пазней стала выкарыстоўваць і Расія. "Але Расія не Беларусь. Адна справа — у Беларусі назначыць губернатара ў Брэсцкай вобласці, дзе я кожную раніцу бачу, што там адбываецца. Іншая справа — у Маскве назначыць губернатара Прыморскага края і інш. Ёсць розніца? І сёння гэта ўжо дае збой", — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не крытыкуе расійскую рэчаіснасць. "Я не крытыкую расійскую рэчаіснасць. Не. Расійскае кіраўніцтва лепш ведае. Я, можа, не маю рацыі. Можа, пакуль гэта формула працуе", — сказаў ён.

"Што датычыцца нашых адносінаў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, то, мякка кажучы, яны вымушаюць жадаць лепшага. Напэўна, мне няма неабходнасці характарызаваць гэтыя адносіны, вы бачыце, што адбываецца апошнім часам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І, нягледзячы на гэта, я перакананы: не думаю, што гэтая тактыка, што гэтая стратэгія расійскага кіраўніцтва сыдзе на нішто. Таму што страціць Беларусь для Расіі — гэта катастрофа. Катастрофа не толькі геапалітычнага маштабу, але і перш за ўсё маральнага".

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў: "Беларусы — самы блізкі і надзейны народ для Расіі. Гэта фактычна адзін народ — расіяне і беларусы. Чаму я гавару пра маральны аспект. Вы ведаеце, як адрэагуе на гэта расійскае грамадства. Таму мне здаецца, што гэтая неабдуманая палітыка (калі б думалі, не рабілі б), якая навязваецца сёння нам, недаўгавечная. Таму перспектывы ў нашых адносінаў — добрыя. Аснова і база для гэтага ёсць. Як бы мы сёння ні спрабавалі замоўчваць поспехі, якія мы маем, — няхай нават і невялікія ў рамках праектаў Саюзнай дзяржавы — яны ўсё ж такі ёсць. І ніводная дзяржава з Расіяй такіх адносінаў не мае".

"Што датычыцца Беларусі, калі будзе на гэта воля расійскай дзяржавы і перш за ўсё кіраўнікоў, на працягу трох месяцаў — максімум паўгода мы не проста выбудуем адносіны, не проста вернемся на той узровень добрых адносінаў, які ў нас існаваў, але і значна перасягнём гэты ўзровень. Мы да гэтага гатовы, як вы разумееце, слова не за намі", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб транзіце энерганосьбітаў

Беларусь вядзе перагаворы аб будаўніцтве тэрміналаў па разрэджванні прыроднага газу.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, вядуцца перагаворы аб магчымасці будаўніцтва такіх тэрміналаў "дзесьці на Балтыцы або на Чорным моры". "Украіна два-тры тэрміналы будзе будаваць па разрэджванні газу, і мы таксама", — сказаў ён.

"Нас пужаюць: "Паўночны паток", "Паўднёвы паток", адмовімся ад транзіту праз Беларусь, закрыем пад Смаленскам засаўку... Закрывайце, але мы ў гэтыя трубы завядзём гэты разрэджаны газ, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта труба куды ідзе? У Польшчу, Германію, Чэхію і гэтак далей. І калі тут будзе $150, а "Газпрам" за $220 прапануе — зразумела, на каго будуць працаваць гэтыя трубы. Ну хоць бы пра гэта падумалі, элементарна!"

Тое ж самае і па нафце, — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у гэтым годзе Беларусь атрымае 4-5 млн. т самай якаснай венесуэльскай нафты. Па якасці яна на 30-40 працэнтаў лепшая, чым расійская Urаls, якую Беларусь імпартуе. "Заўтра мы пабудуем трубу з Балтыкі, ужо ўсе заявілі парты, і вы ведаеце, што мы прапампавалі нават праз Талін, Рыгу, Вільнюс і Адэсу, — нагадаў Прэзідэнт, звяртаючыся да журналістаў. — Сёння вядзём перагаворы аб працы ў аверсным рэжыме нафтаправода "Адэса — Броды". Трубы ляжаць пустыя, праўда, Расія там долю мае ў гэтых трубах".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "Расія цалкам блакіруе прапампоўку Беларуссю венесуэльскай нафты па гэтых трубах". "Вось наш саюзнік і наш родны брат — не і ўсё, а тут па шалёных цэнах — падавіцеся, — сказаў ён. — Пустая труба стаіць, "Транснафта" мае гэту долю, вось вядзём цяпер перагаворы. Блакіраванне ідзе поўнае. Самі запоўніць ужо не могуць гэты газаправод. Але Прэзідэнт Украіны сказаў: нам гэта выгадна. Чым пустая. Будзем пампаваць гэтую нафту".

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь знойдзе выйсце з гэтай сітуацыі. "Мы знойдзем выйсце — вагонамі цяпер возім, і будзем вазіць, але на калені не станем", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб дэмакратыі

У Беларусі не менш дэмакратыі, чым у Расіі і на Захадзе, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Што датычыцца Расіі, то, паводле слоў беларускага лідара, "дэмакратыя аднолькавая".

"На Захадзе, калі трэба "квасіць" дэманстрацыю, то ніхто ні ў каго не пытаецца — выкарыстоўваюць вадамёты, слёзатачывы газ. У Расіі гэта адзінкавыя выпадкі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас у Беларусі гэтага не было ніколі. Дай Бог, каб і далей ніколі не было".

Ёсць свабода гаварыць, выказвацца, але правакаваць уладу нельга. "Збяруцца дваццаць адшчапенцаў і ідуць да рэзідэнцыі Прэзідэнта (у мяне не так, як у Крамлі або Белым доме — агароджы няма), — сказаў беларускі лідар. — Але гэта ахоўваемы будынак, хоць і без браніраваных дзвярэй і вокнаў, як пісалі ў Расіі і ў нас". Аляксандр Лукашэнка нават прапанаваў расійскім журналістам самім пераканацца ў гэтым.

Што датычыцца правоў чалавека, то самае першае з іх — права на жыццё, другое — на працу, трэцяе — дастойную зарплату. "Хіба ў нас гэтага няма? — задаў пытанне Прэзідэнт. — Ёсць!"

Любы чалавек мае права на выбарах, рэферэндумах выказваць сваё меркаванне. "Выбралі прэзідэнта — у яго ёсць паўнамоцтвы, і ён будзе дзейнічаць згодна са сваімі паўнамоцтвамі, каб не было злачыннасці, каб было бяспечна, каб была магчымасць зарабіць — усё проста, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Папрокі ў адрас Беларусі наконт дэмакратыі сыплюцца таму, каб весці з намі барацьбу. Сапраўдная дэмакратыя — гэта вялікае дасягненне і здабытак чалавецтва. Толькі сапраўдная, а не як аснова барацьбы супраць нас нашымі праціўнікамі. Супраць Расіі і супраць Беларусі".

Што датычыцца свабоды СМІ, то апазіцыйныя выданні можна купіць у газетных кіёсках і Адміністрацыі Прэзідэнта, і ўрада. "Не закрываем, не забараняем", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аб прэзідэнцкіх выбарах

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка будзе лічыць добрым для сябе вынік маючых адбыцца выбараў, калі за яго прагаласуе 2/3 насельніцтва Беларусі.

"Мне хацелася б, каб за мяне прагаласавала 2/3 насельніцтва. Гэта канстытуцыйная, можна сказаць, большасць насельніцтва, і тады гэта найвышэйшая ступень даверу, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі за мяне прагаласуе 70-75 працэнтаў насельніцтва, не трэба 95-97 працэнтаў, як было ў мінулы раз, — гэта будзе вельмі добра".

На пытанне, ці сфармуляваў Прэзідэнт такія задачы перад сваім штабам, Аляксандр Лукашэнка адказаў, што не. "Сказаў так: калі людзі будуць ісці і галасаваць за Лукашэнку, то вы іх, калі ласка, на парозе не трымайце", — дадаў ён.

Аб стратэгічным характары адносінаў з Кітаем

"Нашы адносіны з Кітаем маюць стратэгічны характар. У нас цудоўныя адносіны з Кітаем. Мы ад іх не адмовімся. Мы будзем нарошчваць гэты рэсурс", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт таксама нагадаў, што ў бліжэйшы час запланаваны яго візіт у Кітай, падчас якога прадугледжваюцца сустрэчы са старшынёй КНР Ху Цзіньтаа і іншымі кіраўнікамі вышэйшай улады гэтай краіны.

"Мы будзем пашыраць супрацоўніцтва. Мы будзем рабіць усё, каб Кітайская Народная Рэспубліка была больш шырока прадстаўленая ў Беларусі. Ад гэтага мы маем толькі карысць. Кітай сюды не прыходзіць з інвестыцыямі мінулага стагоддзя. Ён сюды ідзе з праектамі на вельмі высокім тэхналагічным узроўні. Мы гэта вітаем. Нізкі ўзровень для нас не прымальны, таму што яны будуць неканкурэнтаздольныя ні ў Еўропе, ні ў Беларусі", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"У сваю чаргу, мы маем вялікія сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці нашай тэхнікі ў Кітаі: МАЗ, БелАЗ, МТЗ. Яны адкрылі нам гэты рынак. Нас гэта задавальняе", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Расіі выказваюць заклапочанасць адносінамі Беларусі з Кітаем. Напрыклад, бачаць небяспеку ў прыходзе ў нашу краіну кітайскіх інвестыцый, прадказваюць розныя непаразуменні. "Кітайцы ідуць з інвестыцыямі. Я павінен сказаць, што на сённяшні дзень, калі ўзважваць інвестыцыі Кітая і Расіі, то ў Расіі, напэўна, не на парадак, а на некалькі парадкаў аб'ёмы інвестыцый, уласнасці тут большыя, чым у Кітая. Але Кітай актыўна ідзе на беларускі рынак. І мы гэтаму рады. Толькі апошняя дамоўленасць: Кітай выдзяляе нам $1 млрд. ільготных крэдытаў пад мадэрнізацыю нашых электрастанцый і будаўніцтва ўзлётна-пасадачнай паласы. І $15 млрд. крэдытаў яшчэ зарэзервавана пад некалькі дзясяткаў праектаў", — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы што, павінны адмовіцца ў існуючай сітуацыі ад гэтых крэдытаў? Не. Нам яны выгадныя. І што дрэннага? Мы ЗВЧ-печы не выраблялі, мы пыласосы ў такім аб'ёме не выпускалі — наогул усю белую бытавую тэхніку, акрамя пральных машын і халадзільнікаў, мы не выраблялі. Кітай гатовы тут размясціць на дзясяткі мільёнаў штук вытворчасць гэтай тэхнікі, — сказаў ён. — І ЗВЧ-печы — гэта першы праект. Пасля пойдуць пыласосы, кандыцыянеры, награвальнікі — уся лінейка белай тэхнікі".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў: "Яны ў нас нічога не просяць. Яны папрасілі толькі інвеставаць або ў дзейныя прадпрыемствы, або пабудаваць тут новыя. Плацяць падаткі. Таму не трэба Расіі ў гэтым плане напружвацца. Мы для Расіі не закрытыя. Расійскія кампаніі багатыя кампаніі, дзяржава расійская магла б прысутнічаць тут больш шырока. Хаця куды ўжо шырэй? Калі хто і прысутнічае ў нас у банкаўскай сферы, дык гэта Расійская Федэрацыя. Сем з дзесяці буйнейшых расійскіх банкаў прысутнічаюць тут".

"Мы нідзе не закрываем для вас магчымасці інвестыцый і прыходу сюды, але бясплатна нічога не дадзім", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб апасеннях Калінінградскай вобласці

Беларусь нічога не перакрые Калінінградскай вобласці.

"Не чакайце ад нас падлянкі. Калі нехта спрабуе падкінуць ідэю: перакрыем, закрыем, то нічога мы не перакрыем і не закрыем, падзелімся апошнім", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што яшчэ ў савецкія часы за задавальненне патрэбнасцяў Калінінграда адказвала Беларусь. Цяпер у гэтай вобласці Расіі жывуць нямала этнічных беларусаў. "Гэта не менш беларуская тэрыторыя, чым расійская", — выказаў сваё меркаванне Аляксандр Лукашэнка.

"Вы ніколі з майго боку не бачылі дрэнных адносінаў да калінінградцаў. У вас няма падстаў мяне папракнуць, што я дрэнна ставіўся да калінінградцаў", — падкрэсліў Прэзідэнт і нагадаў, што, напрыклад, Калінінградская ЦЭЦ пабудаваная беларусамі.

"Калі калінінградцам трэба будзе, я ж разумею, што вы адрэзаныя ад Расіі, мы ў сябе здымем, а вам аддадзім. Калі вас пужаюць — там Лукашэнка, вы ім перадайце, што вы ніколі ад Лукашэнкі не цярпелі і цярпець не будзеце. Пакуль вы дастукаецеся да Масквы, у Мінску вы ўжо ўсё атрымаеце. Заўсёды так было, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Няма падстаў чакаць ад мяне іншага".-

Аб непрызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

Расія адмовілася дапамагчы Беларусі ў пераадоленні негатыўных наступстваў, якія маглі настаць у нашай краіне ў выпадку прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Каментуючы гэтае пытанне, кіраўнік дзяржавы задаў рытарычнае пытанне: "Ці толькі адна Беларусь не прызнала Абхазію і Паўднёвую Асецію?" Іх суверэнітэт не прызнала практычна ніводная дзяржава ў свеце, нават Венесуэла, нягледзячы на вусныя заявы аб гатоўнасці гэта зрабіць, фармальна ніякіх дакументаў не прымала.

Беларусь, зыходзячы з саюзніцкіх адносінаў з Расіяй, была гатова прызнаць незалежнасць. Але прыняцце такога рашэння павінна было выклікаць істотныя фінансава-эканамічныя праблемы з ЗША і Еўропай, прыпыненне разлікаў у доларах і еўра. "Мы ведалі, што гэта (прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі) можа дрэнна скончыцца", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён звярнуўся да расійскага лідара "са спісам бед і няшчасцяў, якія могуць наваліцца на Беларусь", і спытаў: ці гатова Расія раздзяліць з намі гэтыя наступствы, падставіць сваё плячо? На што быў дадзены наступны адказ: "Давайце не будзем таргавацца: гэта — адна тэма, а гэта — другая".

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што для Расіі можа быць выгадна развіваць тэму непрызнання Беларуссю сувэрэнітэту Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, "каб была прычына нас нахіляць". У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "Беларусь нельга разваліць, яе нельга нахіліць, як Кыргызстан". "Гэта абсалютна немагчыма ў Беларусі, зусім іншы народ. Паралелі праводзіць не трэба, трэба канструктыўна выбудоўваць адносіны, — перакананы беларускі лідар. — На гэтай канструктыве Расія тут будзе мець усё: і дружалюбную краіну, і дружалюбны народ, і правадніка той палітыкі, якая патрэбная Расіі. Толькі не трэба даймаць, нахіляць, рабіць нас другарадным народам".

Аб Мытным саюзе

Стварэнне Мытнага саюза стала цяжкім працэсам для Беларусі.

"Калі Мытны саюз адбудзецца на тых класічных прынцыпах, як гэта прынята ў свеце, нават на тых прынцыпах, аб якіх мы дамовіліся ўтраіх, то я думаю, што для Беларусі гэта будзе нядрэнна", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Краіны Мытнага саюза атрымліваюць рынак у 170 млн. чалавек, ніякіх бар'ераў і перашкод у гандлі. У такім саюзе Беларусь не баіцца, што яе "задушыць Расія, што яна прыйдзе на наш рынак", адзначыў Прэзідэнт. Але і Расія не павінна перашкаджаць руху Беларусі ні ў Казахстан, ні на свой рынак. Гэта і ёсць Мытны саюз, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак, паводле яго слоў, гэтага цяпер не адбываецца. Расія ўвяла рознымі метадамі абмежаванні для Беларусі, фактычна блакіруюцца пастаўкі нашай прадукцыі на расійскі рынак. "Вы ж памятаеце і цукровыя, і малочныя войны", — нагадаў Прэзідэнт. Беларускую прадукцыю таксама не дапусцілі да расійскага дзяржзаказу. "Чаму? Гэта ж нармальна, калі будзе канкурэнцыя. Дайце магчымасць нам на роўных канкурыраваць з КамАЗам, ГАЗам. Вы ж магутныя, чаго вы баіцеся, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але была дадзеная каманда "не пушчаць", таму што вы не вытрымліваеце канкурэнцыі з нашымі прадпрыемствамі ні па якасці, ні па цане".

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што будаўніцтва Мытнага саюза можна было асноўваць на тым, што ўжо было напрацавана ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі. Ён нагадаў пра абмен з Уладзімірам Пуціным ратыфікацыйнымі граматамі — неабходнымі працэдурамі пасля падпісання Дагавора аб Саюзнай дзяржаве. "Таму Пуцін не можа сказаць, што ён супраць таго саюзнага дагавора", — заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Гэтак жа і цяперашні Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў у той час меў дачыненне да дагавора, як юрыст ён правіў гэты дакумент і ставіў сваю візу. Таму будзе няпраўдай гаварыць, што цяперашняе кіраўніцтва Расіі не мае дачынення да саюзнага дагавора.

Але Расіі і яе кіраўніцтву гэты праект аказаўся нявыгадным. "Замест таго, каб рухацца па наезджанай каляіне і асноўвацца на тым, чаго дасягнулі ў саюзе Беларусі з Расіяй і падцягваць да гэтага іншыя дзяржавы, рабіць больш прывабным наш саюз, мы заняліся іншымі праектамі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Так з'явіўся ў тым ліку і Мытны саюз".

Беларусь не стала ўпоперак гэтага інтэграцыйнага ўтварэння, "хоць для нас з Расіяй гэта пройдзены ўжо этап", сказаў Аляксандр Лукашэнка. Але ў выніку атрымалася тое, што і выклікала апасенні. Беларусі павышалі некалькі разоў запар цэны на прыродны газ — Расія выйшла з адпаведнага дагавора. "Паставілі ў няроўныя ўмовы нашы прадпрыемствы. Які ж гэта саюз? Але мы гэта цярпелі. Потым нам увялі пошліну на нафту, потым на светлыя нафтапрадукты — расійскія салярку, бензін, газу. Паступілі як з самым лютым ворагам Расіі. Таму мяркуйце самі, што мы атрымалі на сённяшні дзень ад Мытнага саюза", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Плануецца, што калі будзе створаны больш высокі ўзровень Мытнага саюза — Адзіная эканамічная прастора, тады не будзе пошлін. Але пакуль ідзе зацягванне гэтага працэсу. "Фактычна нас падманулі, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Баюся, што некаму гэта патрэбна было, гэты Мытны саюз, каб прадэманстраваць: паглядзіце, як я працую, што мы атрымалі". Таму ў Беларусі выклікалі і цяпер выклікаюць апасенні рухі ў гэтым напрамку, дадаў кіраўнік дзяржавы.

"Я не ведаю, што ў нас будзе з гэтым Мытным саюзам, пакуль апладысментаў з нашага боку няма, але мы не збіраемся ламаць любы напрамак інтэграцыі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Цяпер важна "толькі б зачапіцца за нешта, не разваліцца і не разысціся канчаткова", лічыць ён.

Пра канкурэнцыі на суседнім рынку і энергетычны манапалізм

Беларусь не дэмпінгуе сваімі таварамі на расійскім рынку, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы са сваім таварам да вас прыходзім, і папрок толькі адзін — што мы вам прадаём па нізкіх цэнах, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гавораць, што мы дэмпінгуем на вашым рынку, — не, мы канкурыруем. Мы вымушаны канкурыраваць, за што нас папракаць, што мы па больш нізкіх цэнах прадаём?"

Паводле слоў Прэзідэнта, калі цана на расійскую нафту і газ будзе высокая, будзе расці і кошт беларускіх прадуктаў харчавання, у якіх сёння мае патрэбу Расія. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу расійскіх журналістаў на высокую якасць беларускай прадукцыі. "Я ўпэўнены, што ніхто не атруціўся ні нашай гарэлкай, ні віном, ні каўбасой, нармальныя ў нас і малочныя прадукты, — сказаў ён. — Еўропа сёння купляе прадукты ў многіх нашых прадпрыемстваў".

Адказваючы на пытанне, ці лічыць Аляксандр Лукашэнка цэны на расійскія энерганосьбіты для Беларусі рыначнымі, Прэзідэнт адзначыў: "Ну якая тут рыначная цана? Рыначная цана ўстанаўліваецца за кошт попыту і прапанавання ў выніку канкурэнцыі. Нам прыходзяць і гавораць: цана будзе такая. Мы кажам: ды не, гэта не лагічна, прыводзім масу доказаў, у тым ліку і цэны, якія я вам назваў, у Еўропе. Тады я задам пытанне: Чаму даходнасць "Газпрама" ў Беларусі вышэйшая, чым у Германіі, — адказу няма. Гэта манапалізм, якія ж гэта рыначныя адносіны?"

Па-другое, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь са свайго боку аказвае Расіі некаторыя паслугі бясплатна. Беларускія аб'екты, якія суправаджаюць расійскія сістэмы ППА, нечага каштуюць. "Гэта ж бяспека дзяржавы, вы ж ні капейкі нам за гэта не плаціце", — адзначыў Прэзідэнт. Акрамя таго, значная частка расійскіх грузаў, якія пастаўляюцца з Расіі ў Еўропу і назад, ідуць праз Беларусь. "Колькі заплацілі за гэта — нуль. А нам гэта абыходзіцца ў нармальную капейку, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ну і потым — гэта наш рэсурс, наша транзітнае становішча, як у вас нафта, газ. Мы за яго плацім, плаціце і вы — не, крыўдзяцца".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Беларусь гатова да прадаўжэння перагавораў з Расіяй па пытаннях кошту энерганосьбітаў. "Мы брацкія народы, у нас ёсць дагаворы, давайце ў рамках гэтых дагавораў працаваць. Калі яны несправядлівыя, давайце садзіцца за стол перагавораў, будзем шукаць выйсце справядліва: вы нам будзеце плаціць — мы вам будзем плаціць", — прадоўжыў ён.

Гаворачы аб узаемаадносінах беларусаў і расіян, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яны застаюцца добрымі і дружалюбнымі. "Вы скажыце, што прыехалі з Ленінграда або з Масквы і ў чым-небудзь маеце патрэбу, у нас на вуліцы любы зніме апошнюю кашулю і аддасць. Гэта дорага каштуе. Гэта адносіны нашага народа да расіян", — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Пра ўладу

У Беларусі ўладу ў спадчыну ніхто перадаваць не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Я катэгарычна не хачу абразіць свой народ і не даць яму права выбару. Таму забудзьце гэтыя размовы пра тое, што я рыхтую сваіх сыноў або старэйшага сына як наследніка. У спадчыну ўладу ніхто перадаваць не будзе. Я вам гавару так, як я сёння гэта разумею, сумленна і шчыра. Я не хачу, каб мае дзеці былі ў Беларусі прэзідэнтамі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Вы ўспрымаеце прэзідэнцтва — як царства. Вось сеў і царуе. Я гэта ўспрымаю — як працу: жудасную, напружаную, дзікую працу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Не трэба на гэта так глядзець, што гэта вось вялікае штосьці і гэта абавязкова трэба схапіць і ў спадчыну перадаць. Я да гэтага так не стаўлюся". Ён дадаў, што як чалавек, вядома, ганарыцца тым, што менавіта яго народ выбраў на гэтую пасаду.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што марыць аб тым, каб з яго дзяцей ніхто не здзекаваўся, калі ён перастане быць прэзідэнтам. "Асабліва з гэтага малыша. Нарадзіўся ён так, не так, каму якая справа? Гэта мой сын, я ад яго не адмаўляюся. Ён нарадзіўся. Я мог бы схаваць яго, але я не хачу гэтага рабіць. Дзеці — гэта ад Бога, — сказаў Прэзідэнт. — Адно хачу, каб маіх дзяцей потым не чапалі, каб яны жылі спакойна, працавалі, каб іх не папракалі за бацьку".

"А права выбару за народам мы захаваем", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сяргей Протас.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў СМІ з розных рэгіёнаў Расіі. Такія сустрэчы сталі традыцыйнымі: з 2003 года гэта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика