Аляксандр Лукашэнка пацвярджае гатоўнасць да поўнамаштабнай нармалізацыі адносін з ЗША на партнёрскай аснове. 21.by

Аляксандр Лукашэнка пацвярджае гатоўнасць да поўнамаштабнай нармалізацыі адносін з ЗША на партнёрскай аснове

15.12.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора сустрэўся з прадстаўнікамі вядучых аналітычных цэнтраў ЗША.

У склад амерыканскай дэлегацыі ўваходзяць кіраўнікі праграм, прафесары і вядучыя супрацоўнікі Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў, даследчай службы Кангрэса ЗША, Фонду Карнегі за міжнародны мір, фондаў "Спадчына", "Ініцыятыва па скарачэнні ядзернай пагрозы", Інстытута новых дэмакратый, Рэдфардскага ўніверсітэта.

"Я з усёй адказнасцю заяўляю, што мы гатовы да поўнамаштабнай нармалізацыі адносін з ЗША, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы. — Але самае галоўнае, каб у нас бачылі партнёра, а не краіну, якую можна задушыць, нахіліць, а можа, і растаптаць".

"Мы неадкладна адкажам дабром на паважлівае стаўленне да нас", — запэўніў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта можа пацвердзіць любы са стратэгічных партнёраў Беларусі.

"Хачу, каб вы разумелі: Беларусь не прасіцель з працягнутай рукой у чаканні бясплатных мільярдаў", — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што за гады сваёй незалежнасці Беларусь нечага дасягнула: яна дэманструе эканамічны рост, вызначылася з прыярытэтамі ў знешняй і ўнутранай палітыцы як самастойная і суверэнная дзяржава.

"Адкінуўшы стэрэатыпы і забабоны, у ходзе ўзаемапаважлівага дыялога мы можам вырашыць самыя складаныя праблемы". Прэзідэнт Беларусі разлічвае на непрадузятасць і аб'ектыўнасць ацэнак амерыканскіх аналітыкаў. "Упэўнены, што вы як сапраўдныя прафесіяналы будзеце непрадузятыя і аб'ектыўныя ў сваіх ацэнках", — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускаму боку хацелася б, каб прадстаўнікі вядучых аналітычных цэнтраў ЗША ў нармальнай рабочай абстаноўцы ўбачылі ўсё на ўласныя вочы, атрымалі адказы на тэмы, якія іх цікавяць. "Немагчыма сфарміраваць суцэльную аб'ектыўную пазіцыю па нейкім пытанні, апіраючыся на рэпартажы кучкі ангажаваных журналістаў або даклады так званых незалежных "экспертаў", — адзначыў Прэзідэнт.

"Мы не абмяжоўваем вас у сустрэчах, гатовы да адкрытай размовы па самых вострых праблемах, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы цудоўна разумеем, наколькі важны непасрэдны дыялог без непатрэбных пасрэднікаў, без перадатчыкаў".

Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў: "Вы, напэўна, убачылі, што мы цалкам адкрытыя для вас. Мы не праводзілі ніякага адбору сярод жадаючых наведаць Беларусь у складзе вашай дэлегацыі. Усе, хто хацеў прыехаць, каму было цікава самому на месцы разабрацца з сітуацыяй у Беларусі, сёння за гэтым сталом".   Аляксандр Лукашэнка ў пэўнай ступені выказаў шкадаванне, што такая сустрэча з прадстаўнікамі вядучых аналітычных цэнтраў ЗША не адбылася намнога раней. "Упэўнены, што тады многія праблемы і незразумелыя моманты ў беларуска-амерыканскіх адносінах, а іх нямала, або не ўзніклі б, або былі б ужо вырашаныя", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што шмат у чым менавіта на ацэнках і прагнозах аналітыкаў фарміруецца палітыка афіцыйнага Вашынгтона ў адносінах да той ці іншай краіны.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе стварыць пастаянны механізм двухбаковага абмену інфармацыяй і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЗША. З такой ініцыятывай кіраўнік дзяржавы звярнуўся ўчора да прадстаўнікоў вядучых аналітычных цэнтраў ЗША.

"Спадзяюся, што нашы кантакты будуць прадоўжаны, а ваш першы візіт у Беларусь не стане апошнім, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Можа, нам нават варта падумаць аб стварэнні нейкага пастаяннага механізма двухбаковага абмену інфармацыяй і супрацоўніцтва".

Звяртаючыся да прадстаўнікоў вядучых аналітычных цэнтраў ЗША, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што пры ўважлівым аналізе яны ўбачаць, як шмат у Беларусі і ЗША супадаючых інтарэсаў і прыярытэтаў.

"Мы добра ўсведамляем: Штаты — магутнейшая імперыя з глабальнымі інтарэсамі і такім жа ўплывам. І, як многія ў нас лічаць, месца Беларусі ў сістэме гэтых інтарэсаў быццам бы на галёрцы", — сказаў Прэзідэнт. На яго думку, так склалася таму, што ў Беларусі няма ні нафты, ні газу, яна не стварае праблем для міжнароднай бяспекі, не кідае выклікаў геапалітычным імкненням ЗША.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца надзейным партнёрам ЗША ў барацьбе з асноўнымі пагрозамі ХХІ стагоддзя: міжнароднай злачыннасцю і тэрарызмам, незаконным абаротам наркотыкаў і гандлем людзьмі. "Беларусь поўнасцю падзяляе падыходы антытэрарыстычнай кааліцыі і ўносіць істотны ўклад у рэалізацыю яе мэт. Будучы членам Савета Еўра-Атлантычнага партнёрства, мы аказваем пасільнае садзейнічанне вырашэнню афганскай праблемы, прадастаўляючы нашу інфраструктуру для забеспячэння транзітных перавозак грузаў НАТА", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, як і ЗША, Беларусь зацікаўлена ў забеспячэнні рэгіянальнай бяспекі і ядзерным нераспаўсюджванні. "Мы ўнеслі значны ўклад у пабудову бяз'ядзернага свету, добраахвотна адмовіўшыся ад валодання арсеналам ядзернай зброі", — адзначыў беларускі лідар. Ён згадаў таксама пра дасягнутую на саміце АБСЕ ў Астане дамоўленасць з Амерыкай аб вывазе з Беларусі запасаў высокаабагачанага ўрану. У сваю чаргу ЗША заявілі аб падтрымцы намаганняў Беларусі па выкарыстанні атамнай энергетыкі ў мірных мэтах. "Мы высока цэнім гэты крок амерыканскага боку", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Дырэктар праграмы "Новыя еўрапейскія дэмакратыі", старшы навуковы супрацоўнік праграмы Еўропы Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў ЗША Януш Бугайскі перадаў Аляксандру Лукашэнку пісьмо ад былога сенатара Сэма Нана, у якім ён дзякуе Аляксандру Лукашэнку за лідарства ў гэтым пытанні, вітаючы рашэнне вывесці з тэрыторыі Беларусі высокаабагачаны ўран. Ён таксама выказвае надзею на асабісты ўдзел Прэзідэнта Беларусі ў пытанні супрацоўніцтва ў сферы нераспаўсюджвання ядзернай зброі і знішчэння зброі масавага паражэння.

Гаворачы аб сваёй рабоце ў Беларусі, Януш Бугайскі адзначыў, што каманда прыехала, каб атрымаць больш поўную карціну аб краіне і яе развіцці, лепш зразумець праблемы краіны і спадзяванні, паглядзець шляхі, напрамкі, па якіх можна палепшыць адносіны паміж Беларуссю і ЗША. "Мы хочам убачыць спосабы таго, як, гаворачы вашымі словамі, роўнанабліжанасць перанесці ў практычную плоскасць. Партнёрства, але не дамінаванне, супрацоўніцтва, але не падпарадкаванасць — гэта сапраўдная аснова для раўнапраўнага супрацоўніцтва Беларусі з любой краінай, не толькі з ЗША. Гэта тое, што мы хацелі б дапамагчы ажыццявіць", — сказаў дырэктар праграмы "Новыя еўрапейскія дэмакратыі".

Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь і БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора сустрэўся з прадстаўнікамі вядучых аналітычных цэнтраў ЗША. У склад амерыканскай дэлегацыі ўваходзяць кіраўнікі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика