Анатоль КУЛЯШОЎ: "Мы не маглі дапусціць, каб полымя, якое распалілі кандыдаты ў прэзідэнты, парушыла стабільнасць у Беларусі"
27.01.2011
—
Новости Политики
|
У Беларусі пасля выбуху ў маскоўскім аэрапорце "Дамадзедава" ўзмоцнена ахова грамадскага парадку ў месцах масавага збірання людзей. "Мы прымаем меры для таго, каб забяспечыць ахову з дапамогай розных тэхнічных сродкаў, навейшых распрацовак, якія раней не выкарыстоўваліся", — адзначыў падчас сустрэчы з журналістамі міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Анатоль КУЛЯШОЎ.
Падводзячы вынікі аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў у мінулым годзе, міністр таксама адзначыў, што ўзровень злачыннасці ў краіне знізіўся за апошнія пяць гадоў прыкладна на чвэрць. Зменшылася ў тым ліку і колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў — забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, рабаўніцтваў, разбойных нападаў, хуліганстваў і нават такіх распаўсюджаных злачынстваў, як крадзяжы. Раскрываецца пры гэтым дзесьці 50 працэнтаў злачынстваў. Разам з тым у два разы ў апошнія тры гады вырасла колькасць злачынстваў у галіне высокіх тэхналогій. Добра падрыхтаваныя ў пытаннях сучасных камп'ютарных тэхналогій нашы грамадзяне ўчыняюць вышэйназваныя злачынствы нават за межамі краіны. Няпростай застаецца і сітуацыя ў галіне незаконнага абароту наркотыкаў. Органамі ўнутраных спраў выяўлена звыш 4,5 тыс нарказлачынстваў, 49 каналаў іх паставак з-за мяжы, а таксама транзітных перавозак, 4 лабараторыі па вырабе сінтэтычных наркасродкаў і псіхатропных рэчываў. Усяго міліцыя канфіскавала каля 400 кг наркасродкаў і псіхатропаў. Толькі летась па ініцыятыве МУС быў забаронены свабодны абарот 58 новых відаў наркотыкаў. Самая буйная партыя наркотыку — 27,7 кг гераіну была затрымана ў Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці, у двух жыхароў Гомеля. У галіне процідзеяння гандлю людзьмі выяўлена 465 злачынстваў, перакрыта 59 каналаў вывазу людзей у такія краіны, як Расія, Украіна, Польшча, Грэцыя, Туніс, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Турцыя, Егіпет. Як паведаміў Анатоль Куляшоў, летась не без дапамогі грамадзян было канфіскавана і знішчана 1,4 млн літраў самагону, звыш 300 тыс літраў фальсіфікаваных спіртных напояў. Праз суды ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі ізалявана звыш 6 тысяч чалавек, у тым ліку 1325 жанчын. За распіццё спіртных напояў або з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе затрымана каля 270 тыс асоб, у тым ліку звыш 8,5 тыс — за знаходжанне на працоўным месцы ў працоўны час у стане алкагольнага ап'янення.Мяркуецца, што сёлета дапушчальны ўзровень утрымання алкаголю ў крыві будзе зніжаны з 0,5 да 0,3 праміле. Дакумент, які прадугледжвае такія змены, знаходзіцца зараз у Савеце Міністраў. МУС падтрымлівае і забарону продажу спіртнога асобам ва ўзросце да 21 года. Праект гэтай нормы таксама знаходзіцца зараз у Савеце Міністраў. Паводле слоў міністра, гэтая норма павінна ўступіць у сілу ўжо ў гэтым годзе. У мінулым годзе міліцыі ўдалося ўладкаваць на працу 98 працэнтаў асоб, якія ўхіляюцца ад выхавання дзяцей. Матэрыяльныя страты, якія панесла па гэтай прычыне дзяржава, склалі 234 млрд рублёў, з якіх удалося вярнуць 136 млрд, або 58 працэнтаў ад агульнай сумы. 8 тыс крымінальных спраў заведзена ў дачыненні да асоб, якія ўхіляюцца ад выплаты грошай, затрачаных на выхаванне дзяцей у дзяржаўных установах. Паводле звестак міністра, летась у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі было заведзена 140 крымінальных спраў, у той час як быў выяўлены 191 факт парушэння закона супрацоўнікамі міліцыі. Большасць такіх спраў заводзіцца па ініцыятыве самога МУС, паколькі выяўляецца службай уласнай бяспекі. Адносна падзей 19 снежня Анатоль Куляшоў паведаміў, што ў дачыненні да ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі міліцыя паводзіла сябе максімальна карэктна. Міністр адзначыў з гэтай нагоды: "Аб'ектыўных звестак аб тым, што спадара Някляева ўдарыў прадстаўнік міліцыі, у мяне няма... Усё рабілася для таго, каб органы правапарадку не абвінавацілі ў тым, што яны перашкаджаюць волевыяўленню грамадзян, парушаюць правы, свабоды і дэмакратыю ў краіне. Міліцыя не адрэагавала нават тады, калі прагучаў заклік пайсці з Кастрычніцкай плошчы ў бок рэзідэнцыі Прэзідэнта. Аднак затым быў другі заклік — аб захопе будынку ЦВК і Дома ўрада. Мы бачылі агрэсіўнасць натоўпу і не сталі прадпрымаць ніякіх актыўных дзеянняў, каб не справакаваць натоўп на актыўнае процістаянне сілам правапарадку". Актыўныя меры былі прыняты пасля таго, як прагучалі заклікі да ўзбройвання камянямі і захопу Дома ўрада. "Мы не маглі дапусціць, каб полымя, якое распалілі кандыдаты ў прэзідэнты, так званыя рэвалюцыянеры, парушыла парадак і стабільнасць у Беларусі", — сказаў міністр і падкрэсліў, што ў шэрагу іншых краін у дачыненні да ўдзельнікаў падобных мітынгаў выкарыстоўваюцца і слёзатачывы газ, і гумавыя кулі, і вадамёты. "Прадстаўнікі розных дзяржаў сёння кажуць аб тым, што праваахоўныя органы дзейнічалі адэкватна, без прымянення звышсілы", — дадаў Анатоль Куляшоў. На сёння затрыманы 50 актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў 19 снежня. Прычым 16 з гэтых 50-і прыцягваліся раней да крымінальнай адказнасці за розныя віды злачынстваў. 33 чалавекі знаходзяцца ў следчых ізалятарах, 4 — пад падпіскай аб нявыездзе. Міністр заўважыў, што ўжо ў першых чыслах лютага ў дачыненні да некаторых асоб справы будуць перададзены ў суд. Святлана БАРЫСЕНКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі пасля выбуху ў маскоўскім аэрапорце "Дамадзедава" ўзмоцнена ахова грамадскага парадку ў месцах масавага збірання людзей. "Мы прымаем меры для...
|
|