Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб бесперспектыўнасці палітыкі шантажу і двайных стандартаў у адносінах да Беларусі
22.02.2011
—
Новости Политики
|
Палітыка шантажу і двайных стандартаў — справа абсалютна бесперспектыўная. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ўчора перад ваеннаслужачымі ў ходзе наведвання 2-й інжынернай брыгады Узброеных Сіл, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы ўжо неаднаразова праходзілі розныя палітычныя, эканамічныя, інфармацыйныя акцыі і кампаніі. Нам пастаянна прадказвалі калапс і крах, аднак прагнозам гэтых "аракулаў" так і не суджана было збыцца". "Таму калі яшчэ хто-небудзь хоча навучаць нас азам эканомікі і дзяржаўнага будаўніцтва, то няхай не напружваюцца дарма і не лезуць да нас з натацыямі, а лепш утрасаюць сацыяльныя канфлікты ў сваіх дзяржавах", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Беларусь даўно даказала сваю слушнасць і неаднаразова рэкамендавала "зацікаўленым" не ўмешвацца ў справы суверэннай дзяржавы. "Наша пазіцыя была і застаецца непарушнай. Беларускі народ, і толькі ён, — гаспадар на сваёй зямлі". Нікому не дадзена права "вырашаць за нас, як жыць". Тым больш што неўмяшанне ва ўнутраныя справы — гэта прынцып, прызнаны ўсёй сусветнай супольнасцю. "Мы не хочам, каб у Беларусі нехта гаварыў з пазіцыі сілы і на мове ўльтыматумаў, а то яшчэ чаго добрага — мы зможам адказаць тым жа". "Праводзячы міралюбівы знешнепалітычны курс, мы гатовы да супрацоўніцтва і канструктыўнай размовы з усімі, хто жадае гутарыць з намі шчыра і як роўныя. Мы паважаем нацыянальныя інтарэсы сваіх партнёраў і чакаем такога ж стаўлення з іх боку да нас". Створаная ў Беларусі сістэма бяспекі вытрымала выпрабаванне на трываласць, пацвердзіла правамернасць прынятых раней рашэнняў, паказала ўсяму свету, як абараняць нацыянальныя інтарэсы і не дазваляць уцягваць сябе ў хаос дзяржаўных пераваротаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, то цяпер перад краінай стаіць нямала важных задач, найпершая з якіх — наблізіць у бягучай пяцігодцы якасць жыцця беларускіх людзей да сярэднееўрапейскіх стандартаў. Гэтай мэце, па сутнасці, прысвечаны ўсе рашэнні, прынятыя на ІV Усебеларускім народным сходзе. Залогам паспяховага руху наперад з'яўляецца надзейнае забеспячэнне нацыянальнай, перш за ўсё ваеннай, бяспекі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, як і раней, некаторыя ўсім вядомыя краіны, якія нібыта прапаведуюць ідэі барацьбы з сусветным злом, дзе неназойліва, а дзе і напляваўшы на ўсе правілы прыстойнасці, спрабуюць дыктаваць сваю волю іншым. Як лічыць беларускі лідар, іх мэта "зрабіць астатніх слабейшымі, каб потым, карыстаючыся правам моцнага, спакойна вырашаць свае меркантыльныя задачы". Таму кожная дзяржава, якая дзейнічае ў сапраўдных інтарэсах народа, у пытаннях забеспячэння бяспекі павінна разлічваць, у першую чаргу, на ўласныя сілы, рэсурсы і магчымасці. "Менавіта так робім і мы, — сказаў Прэзідэнт. — Гэты падыход поўнасцю апраўдаў сябе. Галоўным вынікам такой палітыкі з'яўляецца тое, што сёння Беларусь уяўляе сабой паўнацэнную суверэнную еўрапейскую дзяржаву. Створаная ў нас сістэма бяспекі вытрымала выпрабаванне на трываласць". Аляксандр Лукашэнка не выключае прыцягнення Узброеных Сіл у выключных выпадках для навядзення канстытуцыйнага парадку ў краіне. "Цяпер на першы план разам з эканомікай выходзіць знешнепалітычны вектар забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Гэта наглядна паказала выбарчая кампанія ў нашай краіне. Падзеі 19 снежня лішні раз пацвердзілі, што супраць нашай краіны была арганізавана сапраўдная змова. Спансіравалі яе замежныя спецслужбы, а роля чарнавых выканаўцаў адводзілася мясцовым палітычным "правадырам", аб бурнай дзейнасці якіх (нібыта на карысць Беларусі) сам народ нават не падазраваў, ды і вы, людзі ваенныя, дасведчаныя, ды і я не думаў, што так далёка нашы "правадыры" могуць зайсці. Хоць быў гатовы, як і міліцыя, і ваенныя, да любых вынікаў. А калі б не былі гатовы? Мы б ужо з вамі гэту сустрэчу не праводзілі. Здаецца, нішто не прадвяшчала, што гэта можа здарыцца. Гэта лішні раз сведчыць аб тым, што мы павінны ганарыцца сваёй стабільнасцю і спакоем і ў любой сітуацыі порах трымаць сухім. Гэта — чыста ваенны ўрок". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, вялікая частка грошай на гэтыя падзеі, і гэта ўжо дакладна вядома, ішла з Германіі і Польшчы, а таксама праз іншыя дзяржавы. Там жа рыхтаваліся праграмы звяржэння ўлады ў Беларусі. Гэта — рэальныя факты, заснаваныя на дакументах і паказаннях тых, хто гэта арганізоўваў, падкрэсліў Прэзідэнт. "Мы абаранілі канстытуцыйны лад, дабрабыт і незалежнасць Беларусі", — заявіў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, беларускія грамадзяне ў цэлым з разуменнем аднесліся да дзеянняў улады і падтрымалі выбраны шлях развіцця краіны. Пры гэтым Прэзідэнт дакладна выклаў сваю пазіцыю: калі б сітуацыя павярнулася такім чынам, што ўзнікла рэальная пагроза перавароту ў краіне, пагроза для дзесяцімільённага народа, ён не спыніўся б перад тым, каб выкарыстаць Узброеныя Сілы. Аляксандр Лукашэнка закрануў сітуацыю ў краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі: "Вазьміце Егіпет з 80-мільённым насельніцтвам. Што, там 30 млн. чалавек паўсталі? Мільёна не было, называлі лічбу каля 100 тыс. чалавек. Нават калі 100 тыс. — адносна 80-мільённага Егіпта гэта які працэнт? — перавярнулі краіну. І там сітуацыю — яшчэ невядома, чым яна закончыцца, — ад кровапраліцця выратавала армія — спакойнымі дзеяннямі". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што армія — гэта гарант як унутранай, так і знешняй стабільнасці дзяржавы. Нельга ні перад чым спыняцца, каб абараніць суверэнітэт і незалежнасць сваёй краіны. "Мы павінны абараніць кавалак зямлі, на якім будзем жыць не толькі мы, але і нашы дзеці. Вось адзіная мэта ўсіх гэтых мерапрыемстваў, а не асабістая нечая ўлада, у тым ліку і Прэзідэнта", — сказаў ён. Гаворачы аб падзеях 19 снежня, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Дзякуй богу, нам не давялося задзейнічаць Узброеныя Сілы". Пры гэтым ён адзначыў: "Калі ў нейкіх шалёных галовах ёсць думкі, што мы каму-небудзь пад ногі можам кінуць сваю зямлю і краіну, я прашу задумацца і супакоіцца". Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь мае баяздольную армію, каб забяспечыць мір. "Калі прайгралі, знайдзіце мужнасць гэта прызнаць, — заявіў ён. — Цяпер на нас націскаюць, пужаюць нейкімі эканамічнымі санкцыямі, на што я прама хачу заявіць: калі нехта з нашага акружэння хоча ў Беларусі мець Чачню на Захадзе — гэта не праблема, але будзе складаней, чым Чачня. Я думаю, гэта нікому не патрэбна". Аляксандр Лукашэнка цвёрда заявіў: "Мы сваю зямлю, тэрыторыю будзем абараняць усімі існуючымі сродкамі і рэсурсамі". "Калі пасля інфармацыйнага націску хтосьці хоча паспрабаваць эканамічную вайну з Беларуссю — гэта дорага тым будзе каштаваць. Мы сваю зямлю не аддадзім", — дадаў ён. Беларусь вытрымае любы, у тым ліку палітычны, націск, заявіў кіраўнік дзяржавы. "Нягледзячы на асобныя складаныя моманты апошніх гадоў, ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі паспяхова развіваецца. Прадаўжае функцыянаваць рэгіянальная групоўка войскаў, рэгулярна праводзяцца сумесныя мерапрыемствы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы, нагадаўшы аб паспяхова праведзеным буйнейшым беларуска-расійскім вучэнні "Захад-2009". Чарговае аператыўнае вучэнне Узброеных Сіл дзвюх краін пройдзе ў верасні 2011 года на тэрыторыі Расіі. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, таксама павінна актывізавацца прапрацоўка механізма выкарыстання Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў крызісных сітуацыях. "Тут галоўным будзе комплекс пытанняў, звязаных з аснашчэннем і прымяненнем калектыўных сіл аператыўнага рэагавання, — сказаў беларускі лідар. — Улічваючы старшынства ў гэтым годзе Беларусі ў АДКБ, гэту работу неабходна накіраваць на фарміраванне адзіных стандартаў аператыўнай сумяшчальнасці Узброеных Сіл дзяржаў — членаў АДКБ і прывядзенне да ўзгодненых параметраў іх калектыўнага складальніка". Дзяржава будзе садзейнічаць далейшаму павышэнню прэстыжу воінскай службы ў Беларусі. "У цэлым аклады афіцэрскага складу сёння вышэйшыя за сярэднюю заработную плату па краіне, і гэта адпавядае агульнасусветным тэндэнцыям. Аднак гэта ў большай ступені адносіцца да старшага афіцэрскага складу. Малодшыя афіцэры забяспечаны не так добра, таму і адбываецца іх адток з арміі". Прэзідэнт падкрэсліў, што "патрэбна выразная і прадуманая пазіцыя кіраўніцтва Узброеных Сіл, як у цяперашняй няпростай фінансавай абстаноўцы не дапусціць разбазарвання прафесійных кадраў, зберагчы і выхаваць будучае нашай арміі". Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што афіцэрскі склад заўсёды быў і будзе асновай Узброеных Сіл. "Я ведаю, што не заўсёды своечасова і ў неабходным аб'ёме вырашаюцца пытанні забеспячэння жыллём афіцэраў і прапаршчыкаў. Апошнім часам гэта праблема стала абвастрацца, у тым ліку з-за пасіўнай пазіцыі Міністэрства абароны, ды і ўрада, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але ні ў кога не павінна быць сумнення ў тым, што дзяржава прыме меры па далейшым павышэнні прэстыжу воінскай службы. Ваеннаслужачыя будуць забяспечаны дастойным грашовым забеспячэннем на ўзроўні добра аплатных катэгорый грамадзян нашай краіны". Важнейшымі задачамі таксама з'яўляюцца падтрыманне і ўмацаванне ў грамадстве патрыятызму, эфектыўная ідэалагічная работа, недапушчэнне чужога ўплыву ў армейскіх радах, які наносіць шкоду дзяржаўнай палітыцы ў сферы бяспекі. "Гэтыя палажэнні замацаваны ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі як прыярытэтныя. Значыць, ключавой задачай афіцэрскага складу павінен быць непасрэдны ўдзел у выхаванні ў грамадзян пачуцця адказнасці за абарону Айчыны. Гэта асабліва актуальна для маладога пакалення беларусаў", — сказаў ён. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, значная частка беларускай моладзі праходзіць праз службу ў арміі па прызыве або ў рэзерве: "Тое, што яна ўбачыць там, чаму навучыцца, што раскажа дома, складзе грамадскае меркаванне аб нашых Узброеных Сілах і аб дзяржаве ў цэлым". Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што сёння, наведваючы 2-ю інжынерную брыгаду Узброеных Сіл, ён убачыў воінскую часць такой, якой яна павінна быць у наш час. "Добра ведаю і памятаю, як і ў якіх умовах жылі салдаты раней. Гэта нават супаставіць нельга. А я служыў у самых лепшых часцях і тэрміновую, і афіцэрскую службу", — адзначыў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што такія ўмовы быту і вучобы павінны быць у перспектыве ва ўсіх часцях Узброеных Сіл. "Тры гады на гэта. І трэба задзейнічаць усё, не толькі цэнтралізаваныя рэсурсы (дзяржаву, ведамствы, Міністэрства абароны). Вельмі шмат арміі дапамагалі і дапамагаюць цывільныя: прадпрыемствы, установы, арганізацыі і проста звычайныя людзі. Ды і прыватны бізнэс сёння гатовы да гэтага падключыцца", — дадаў ён. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў выпрацаваць дакладную сістэму забеспячэння жыллём ваеннаслужачых. Сёння не заўсёды своечасова і ў неабходным аб'ёме вырашаюцца пытанні забеспячэння жыллём афіцэраў і прапаршчыкаў. І калі з грашовым забеспячэннем ваеннаслужачых справы ідуць больш ці менш добра, то праблема забеспячэння жыллём апошнім часам стала абвастрацца. "Трэба падысці да гэтага пытання істотна", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Адным з магчымых рашэнняў можа быць стварэнне тыпавога жылля для ваеннаслужачых, якое павінна быць добрым, прыгожым і ўтульным. Адпаведна, неабходна прапрацаваць і фінансаванне ў гэтай сферы. Прэзідэнт лічыць, што прадастаўленне службовага жылля толькі на перыяд службы не вырашае праблему: "Гэта не метад, калі чалавек, які адслужыў у арміі (палкоўнік, генерал або маёр), сыходзіць (са службовага жылля, якое ён займае. — Заўвага БЕЛТА). А куды яму ісці? Ён і рабіць больш нічога не ўмее, акрамя як служыць і выконваць сваю функцыю". Аднак і проста падарыць кватэру, нават ваеннаслужачаму, дзяржава не можа. Таму, магчыма, нейкую частку кошту жылля дзяржава возьме на сябе, а на астатнюю суму ваеннаслужачы зможа атрымаць ільготны крэдыт. Варыянты, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, могуць быць розныя. Гэтыя пытанні неабходна абдумаць і дакладна вызначыцца, як забяспечваць жыллём ваеннаслужачых, дадаў кіраўнік дзяржавы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы ўжо неаднаразова праходзілі розныя палітычныя, эканамічныя, інфармацыйныя акцыі і кампаніі. Нам пастаянна прадказвалі калапс і...
|
|