Раўнаважны курс беларускага рубля да кошыка замежных валют установіцца праз 1-2 тыдні
09.04.2011
—
Новости Политики
|
Сітуацыя на валютным рынку ў Беларусі прадаўжае заставацца няпэўнай: валюты няма ў абменніках, яе складана купіць прадпрыемствам на біржы, існуе множнасць курсаў. Відавочна, што ў гэтай сітуацыі без прыняцця сур'ёзных мер не абысціся. "Спецыялісты ў банкаўскіх колах чакаюць у бліжэйшы час прыняцця мер, якія дадуць магчымасць павялічыць аб'ём валюты, што прадаецца на біржы. Пры гэтым размова не ідзе аб павелічэнні нормы абавязковага продажу валютнай выручкі і аб такіх інструментах. Сутнасць — у адмене неабгрунтаваных ільгот, якія маюць шэраг беларускіх суб'ектаў гаспадарання. Замежных інвестараў гэтыя змяненні не закрануць. У выніку раўнаважны курс можа ўстанавіцца праз 1-2 тыдні", — паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў банкаўскіх колах. Нацыянальны банк Беларусі на працягу апошняга месяца даволі часта прымаў і адмяняў адпаведныя рашэнні. Паводле слоў старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пятра Пракаповіча, цяпер перад банкаўскай сістэмай стаіць задача нарасціць золатавалютныя рэзервы да канца 2011 года да ўзроўню не менш як $10 млрд і не зніжаць іх. Менавіта ў мэтах захавання золатавалютных рэзерваў і былі прыняты адпаведныя абмежаванні на валютным рынку. Цяпер улады шукаюць інструменты, каб утрымаць валюту ў краіне. Спачатку бесперабойнае задавальненне попыту насельніцтва на замежную валюту забяспечвалася банкамі як за кошт уласных сродкаў, так і, пры неабходнасці, праз набыццё для гэтых мэт замежнай валюты ў Нацыянальнага банка. Затым гэта рашэнне Нацбанкам было адменена, і цяпер банкі могуць задавольваць попыт насельніцтва за кошт уласных валютных сродкаў або купляць валюту для абменнікаў на біржы. Аднак і тут не ўсё так проста. Заяўкі на набыццё валюты задавольваюцца, але не ўсе. Імпарцёрам патрэбна валюта для набыцця тавараў, экспарцёры ж прытрымліваюць валюту, каб прадаць яе даражэй пасля чаканага павышэння курсу. Таму некаторыя прадпрыемствы вымушаны купляць валюту па рыначным (і даволі высокім) курсе на пазабіржавым рынку. Нацыянальны банк Беларусі не ўдзельнічае ў таргах на валютным рынку і лічыць, што рынак сам павінен вызначыць раўнаважны абменны курс рубля да кошыка замежных валют. Адны спецыялісты чакаюць, што сітуацыя зменіцца пасля атрымання Беларуссю расійскага крэдыту на $1 млрд і крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС на $2 млрд. Іншыя не звязваюць з атрыманнем гэтых сродкаў вялікіх надзей. Зразумела адно: цяпер на валютным рынку ідзе фаза адаптацыі да новых умоў, бо сітуацыя істотна змянілася і змянілася надоўга. Таму рынку патрэбны час, каб знайсці гэты раўнаважны курс. БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сітуацыя на валютным рынку ў Беларусі прадаўжае заставацца няпэўнай: валюты няма ў абменніках, яе складана купіць прадпрыемствам на біржы, існуе множнасць курсаў....
|
|