Аляксандр Лукашэнка: "Славянскі базар у Віцебску" шырока адкрывае дзверы для дыялога культур"
12.07.2011
—
Новости Политики
|
Славянскі базар у Віцебску шмат у чым вызначае шляхі развіцця сучаснай культуры. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 8 ліпеня на адкрыцці ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. "20 гадоў таму ў небе над нашай Беларуссю з'явілася новая яркая зорка, імя якой "Славянскі базар". Узнікнуўшы як сумеснае пачынанне Беларусі, Расіі і Украіны, цудоўнае свята творчасці хутка перасягнула межы, стаўшы падзеяй сусветнага маштабу. Тут пабывалі прадстаўнікі ўсіх пакаленняў і ўсіх кантынентаў Зямлі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Напэўна, многія ўжо крыху забылі, які цяжкі шлях давялося прайсці фестывалю. Быў жа час, калі наогул стаяла пытанне: "Быць ці не быць "Славянскаму базару"? Гаварылі, што для камерцыйнага "поспеху" яго трэба перанесці на бераг цёплага мора", — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. "Тады мы цвёрда сказалі: не, фестывалю быць. І быць на беларускай зямлі. Родным домам гэтага фестывалю павінен быць беларускі Віцебск — калыска славянства, — адзначыў Прэзідэнт. — Сёння мы з поўным правам можам заявіць, што маштабны форум у Віцебску шмат у чым вызначае шляхі развіцця сучаснай культуры. Тут не толькі выступаюць буйнейшыя зоркі сусветнага мастацтва. Яшчэ больш прыемна, што сотні маладых артыстаў упэўнена пайшлі са сцэны гэтага амфітэатра насустрач сапраўднай славе і прызнанню". У фестывальныя дні Беларусь шчодра раскрывае душу яго ўдзельнікам і гасцям, ахвотна дзеліцца сваёй гісторыяй, багатай культурай і самае галоўнае — дабрынёй і гасціннасцю. "Мы рады вітаць не толькі гледачоў у гэтай зале, але і мільённую аўдыторыю каля тэлеэкранаў. Людзі ў розных кутках планеты атрымалі магчымасць бліжэй пазнаць і палюбіць беларускую зямлю, стаць нашымі шчырымі сябрамі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка."Я нярэдка задаюся пытаннем: "Чаму ўсё ж такі наш "Славянскі базар" такі папулярны, чаму яго так цэняць і любяць ва ўсім свеце?" Думаю, перш за ўсё таму, што ён не ставіць перад выканаўцамі ніякіх штучных перашкод, дае кожнаму поўную свабоду творчасці. Дае магчымасць бліснуць самымі яркімі гранямі свайго таленту. Тут пануе павага да нацыянальнай своеасаблівасці любога народа. Ён добры, спагадлівы, наш фестываль, і заўсёды становіцца ўтульным домам для артыстаў і гледачоў. Менавіта за гэта яго і любяць", — лічыць кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у "Славянскага базару" вельмі добрая рэпутацыя. "Якія б страсці ні разгараліся за кулісамі, якія б ні сутыкаліся густы, ацэнкі заўсёды былі сумленныя і аб'ектыўныя. Фестываль ніколі не станавіўся арэнай скандалаў і закуліснай барацьбы. Так будзе заўсёды. Тут усё шчыра і адкрыта. Такі заслужаны імідж нашага фестывалю", — перакананы беларускі лідар. "Ён абсалютна незалежны ад палітычнай кан'юнктуры. З першага дня свайго існавання ён застаецца верным галоўнай мэце — шырока адкрываць дзверы для зацікаўленага дыялога культур і цывілізацый. У Віцебску сустракаюцца не толькі артысты, але і палітыкі, дыпламаты, грамадскія дзеячы — мова мастацтва пры гэтым не патрабуе ніякага перакладу", — падкрэсліў Прэзідэнт. Славянскі базар у Віцебску паспяхова выконвае місію захавання адзінай культурнай прасторы славянскіх народаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Наш форум паспяхова выконвае місію захавання адзінай культурнай прасторы славянскіх народаў. Зусім не выпадкова ён узнік на беларускай зямлі, якая з'яўляецца адным з самых старажытных духоўных цэнтраў славянства". Аляксандр Лукашэнка не сумняваецца, што, "сталеючы" і ўдасканальваючыся, наш любімы фестываль захавае традыцыі і непаўторнае абаянне, прадоўжыць набіраць вышыню. За кошт новых напрамкаў мастацтва і сучасных мастацкіх плыняў ён абавязкова пашырыць свае гарызонты і яшчэ больш узбуйніць маштаб. "Вядома ж, нязменнымі застануцца наша вялікая любоў да гэтага творчага форуму і яго дзяржаўная падтрымка. Бо ён па праву з'яўляецца візітнай карткай суверэннай і незалежнай Беларусі", — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто на працягу двух дзесяцігоддзяў працуе ў імя фестывалю і кожны год дорыць нам непаўторны свет прыгожага. Прэзідэнт падкрэсліў: "Самае лепшае свята — тое, што назаўсёды застаецца з табой. Няхай жа юбілейны "Славянскі базар" будзе менавіта такім, каб кожны захацеў зноў і зноў вяртацца ў Віцебск. Жадаю ўдзельнікам паспяховых выступленняў, бурных апладысментаў і поўных залаў, а ўсім нам — яркіх уражанняў і выдатнага настрою". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Славянскі базар у Віцебску шмат у чым вызначае шляхі развіцця сучаснай культуры. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 8 ліпеня на...
|
|