Пры фарміраванні цэн на айчынныя лякарствы патрэбны кампрамісны падыход
21.07.2011
—
Новости Политики
|
Такое меркаванне выказаў учора кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей на сустрэчы з працоўным калектывам РУП "Белмедпрэпараты", перадае БЕЛТА. "Зразумела, што за адзін раз нельга ўзнімаць цэны на лякарствы, — сказаў Уладзімір Макей. — Пры гэтым трэба разумець, што дабрабыт прадпрыемства і ўзровень заработнай платы работнікаў фармацэўтычнай галіны залежыць непасрэдна ад цэн на вырабляемую прадукцыю. Заўтра я буду абмяркоўваць гэта пытанне з прэм'ер-міністрам. Магчыма, ёсць сэнс павысіць цану на лякарствы, запатрабаваныя за мяжой (у межах дапушчальнага, каб не страціць канкурэнтаздольнасць на знешніх рынках). А на некаторыя жыццёва неабходныя прэпараты цану варта павысіць нязначна або пакінуць на ранейшым узроўні". Ён прывёў у якасці прыкладу цэны на бензін — іх давядзецца наблізіць да цэн у Расіі і Казахстане, каб не справакаваць вываз за мяжу. Дарэчы, дадаў Уладзімір Макей, у апошнія дні назіраецца ажыятажны вываз беларускай прадукцыі (мяса, дзіцячае адзенне, малако і г.д.), асабліва з прыгранічных раёнаў. "Павышэнне цэн павінна быць увязана з ростам даходаў, пенсій, дапамог, заработнай платы, — падкрэсліў ён. — Пытанне з цэнамі на лекавыя прэпараты трэба вырашаць, бо прадпрыемствы павінны працаваць рэнтабельна, атрымліваць прыбытак, каб рэалізоўваць свае планы па развіцці і тэхпераўзбраенні". Акрамя таго, неабходна захаваць персанал, не дапусціць уцечкі высокакваліфікаваных кадраў у прыватныя структуры. "Прэзідэнт паставіў задачу перад фармацэўтычнай галіной — да 2015 года выйсці на айчынную вытворчасць 50 працэнтаў усіх лякарстваў", — сказаў Уладзімір Макей і выказаў упэўненасць, што гэта задача пад сілу галіне. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта нямала ўвагі ўдзяліў эканамічнай сітуацыі ў краіне. Ён заявіў, што "ў бліжэйшы час будзе вырашана галоўная праблема — выхад на адзіны курс валюты". На яго думку, сітуацыя стабілізуецца, але не адразу — патрэбны некаторы час для таго, каб дзяржава вярнулася на ўзровень 2008 года".Сярод традыцыйных пытанняў, якія абмяркоўваюцца падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі, — перспектывы жыллёвага будаўніцтва, у тым ліку з прыцягненнем ільготных крэдытаў. "Ва ўрадзе распрацоўваюцца прапановы па катэгорыях грамадзян, якім будуць захаваны льготы на будаўніцтва жылля, — праінфармаваў Уладзімір Макей. — Адназначна гэта будуць шматдзетныя сем'і, а таксама людзі, якія доўгі час пражываюць у інтэрнатах і якія раней не мелі жылля ва ўласнасці. Паколькі дзяржава нацэлена на ўмацаванне дэмаграфічнай бяспекі, неабходна падтрымка і маладых сем'яў. Трэба знайсці аптымальнае вырашэнне гэтага пытання". Што датычыцца гарадоў-спадарожнікаў, то прадугледжана ў іх і развіццё жыллёвага будаўніцтва, і стварэнне розных вытворчасцяў, і стварэнне інфраструктуры. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, адказваючы на пытанне аб магчымым павышэнні цэн на паслугі ЖКГ, запэўніў, што яно будзе паступовым. "У 2003 годзе насельніцтва аплачвала каля 50 працэнтаў рэальнага кошту жыллёва-камунальных паслуг, а цяпер — толькі 23 працэнты. Гэта ненармальная сітуацыя, — сказаў Уладзімір Макей. — Але павышэнне кошту паслуг ЖКГ не будзе ў адзін момант і вельмі адчувальным для кашалькоў людзей". Ён адзначыў, што таксама разглядаецца наступны варыянт: насельніцтва будзе аплачваць па цяперашняй цане толькі нарматыўнае спажыванне ЖКП, а звышнарматыўнае спажыванне — па поўным кошце. "Гэта пытанне абмяркоўваецца", — дадаў Уладзімір Макей. Адказваючы на пытанне работніка РУП "Белмедпрэпараты", Уладзімір Макей запэўніў, што ў Беларусі пытанне павышэння пенсійнага ўзросту не разглядаецца. "Ніхто не збіраецца таксама пазбаўляцца ад працуючых пенсіянераў, выкідваць іх на вуліцу, — сказаў ён. — Заработная плата для многіх пенсіянераў з'яўляецца значнай прыбаўкай да пенсіі ў наш няпросты час". Уладзімір Макей наведаў цэхі прадпрыемства, азнаёміўся з вытворчасцю і праграмай тэхпераўзбраення. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такое меркаванне выказаў учора кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Макей на сустрэчы з працоўным калектывам РУП "Белмедпрэпараты", перадае...
|
|