Аляксандр Лукашэнка: "У Беларусі ахова здароўя выведзена на сусветны ўзровень"
22.10.2011
—
Новости Политики
|
Ніякія прыватныя структуры не вырашаць замест дзяржавы праблему аховы здароўя. Аб гэтым на сустрэчы з удзельнікамі ІІ Еўразійскага кангрэса кардыёлагаў заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "У свой час мне давялося прымаць "страшнае" рашэнне (я не думаў, што мы яго ажыццявім) па развіцці аховы здароўя ў нашай краіне". Паводле яго слоў, ахова здароўя — гэта, перш за ўсё, дзяржаўны прыярытэт. "Правільна гаворыць акадэмік Яўген Чазаў (генеральны дырэктар Расійскага кардыялагічнага навукова-практычнага комплексу, акадэмік Расійскай акадэміі навук і Расійскай акадэміі медыцынскіх навук. — Заўвага БЕЛТА), што ніякія прыватныя кампаніі, ніякія прыватныя структуры і медыцынскія цэнтры і ўрачы-прыватнікі не вырашаць праблему аховы здароўя, калі гэтым не будзе займацца дзяржава. Больш таго, першая асоба дзяржавы", — лічыць Прэзідэнт. Новая праграма падтрымкі шматдзетных сем'яў распрацоўваецца ў Беларусі"Цяпер выпрацоўваем новую праграму падтрымкі, асабліва шматдзетных сем'яў", — паведаміў кіраўнік дзяржавы. "Нам нікуды не дзецца, акрамя як будаваць і перадаваць ва ўласнасць дамы і прысядзібныя ўчасткі ў самых прэстыжных мясцінах каля Мінска, у вёсках тым, хто нарадзіў пяцёра дзяцей. Вось табе домік (не палац, нармальны домік, каб можна было жыць) і прысядзібны ўчастак, сотак 20-30. Такіх сем'яў у нас ужо дастаткова", — расказаў Аляксандр Лукашэнка. "Я падумаў аб тым, што такім сем'ям давядзецца дзяржаве будаваць. Няхай, скажам, 20 гадоў яны не плацяць, а потым 50 працэнтаў у валютным эквіваленце, калі ўжо дзеці вырастуць, будуць цвёрда стаяць у жыцці, няхай палавіну вернуць на працягу якога-небудзь тэрміну. Над сістэмай можна падумаць, але гэта было б добра. Гэта падштурхне нараджальнасць", — упэўнены беларускі лідар. У Беларусі да 2015 года павінна вырабляцца палавіна неабходных лякарстваўГаворачы аб фармацэўтычнай галіне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Гэта павінна быць у адных руках. Гэта не павінна быць абсалютна камерцыйным. У нас там у асноўным дзяржаўныя прадпрыемствы". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, што прыватныя прадпрыемствы, якія працуюць у гэтай сферы, — гэта тыя, якія былі пабудаваны, новыя. "Мы там (у фармацэўтычнай галіне. — Заўвага БЕЛТА) практычна не прыватызавалі ніводнага прадпрыемства. Вельмі ўважліва за гэтым сочым", — сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, у Беларусі забяспечанасць лекамі ўласнай вытворчасці складае амаль 30 працэнтаў. "У грашовым выражэнні, а ва ўпакоўках — 59 працэнтаў", — удакладніў міністр аховы здароўя Васіль Жарко. "Не ведаю, як лічыце, але задача пастаўлена міністру — 50-55 працэнтаў да канца пяцігодкі ў 2015 годзе мець забяспечанасць уласнымі прэпаратамі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Мы, вядома, грашовых сродкаў на гэта не шкадуем, інвестараў прыцягваем і ўсяляк заахвочваем, ствараем самыя льготныя ўмовы. Але мы павінны забяспечыць лекавую бяспеку нашай дзяржавы. Усё астатняе ў нас ёсць", — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што калі ў краіне ахова здароўя і адукацыя знаходзяцца на высокім узроўні, значыць, гэта краіна мае перспектыву, яна можа развівацца. "Мы так адносіліся да гэтага напрамку сацыяльнага жыцця ў нашай краіне. Менавіта гэта было ідэалагічнай асновай, калі мы непасрэдна падышлі да ломкі старой сісэмы аховы здароўя (калі трэба было дзесьці зламаць тое, што нам было непрымальна ў існуючых умовах) і стварэння новай аховы здароўя ў Беларусі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым Прэзідэнт прызнаў, што ў той сістэме аховы здароўя, якая засталася Беларусі ад Савецкага Саюза, было вельмі шмат карыснага. "І ахова здароўя, і адукацыя ў тыя часы былі зусім не горшыя, чым у нашых суседзяў у замежных краінах", — адзначыў ён. "Але час запатрабаваў іншых падыходаў. І мы такое цяжкае рашэнне прынялі, напэўна, амаль 5-6 гадоў таму і вельмі інтэнсіўна працавалі 3-4 апошнія гады", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў Беларусі была прыведзена ў парадак і мадэрнізавана ўся вертыкаль лячэбных устаноў, пачынаючы ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў і заканчваючы абласнымі бальніцамі і перадавымі медыцынскімі навукова-практычнымі цэнтрамі. "Раённыя бальніцы мы мадэрнізавалі, пачынаючы з аперацыйных. Затрацілі вялікія грошы на закупку сучаснага абсталявання. Гэта падштурхнула нашых вытворцаў да развіцця і вытворчасці ўсіх медыцынскіх прылад і медыцынскай тэхнікі, пачынаючы ад аперацыйнага стала, — расказаў беларускі лідар. — Далей пайшлі на абласны ўзровень, стварылі 16 цэнтраў". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсё тое новае і перадавое, што робіцца ў медыцынскіх навукова-практычных цэнтрах, "заўтра пераносіцца ў вобласці". Таксама, адзначыў кіраўнік дзяржавы, значных поспехаў Беларусь дабілася па паказчыку дзіцячай смяротнасці, які знаходзіцца на сусветным узроўні. Набыты перадавы вопыт па лячэнні анкалагічных захворванняў, у галіне транспланталогіі органаў і тканак, кардыялогіі і па іншых напрамках. Пры гэтым актыўна выкарыстоўваўся ў тым ліку сусветны навуковы вопыт. "Мы рэанімавалі, мадэрнізавалі, прывялі ў стан сусветнага ўзроўню нашу ахову здароўя, — з гордасцю адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Па ўсіх напрамках мне давялося прымаць рашэнні, паколькі гэта было звязана з вялікімі фінансавымі затратамі. І я аб гэтым не шкадую, нават на фоне тых фінансавых праблем, якія ў нас былі і крыху цяпер яшчэ ёсць. Мы вельмі шмат грошай на гэта затрацілі. Як вы разумееце, гэта прыбытку не прыносіць, толькі аднімае тыя валютныя паступленні, якія ідуць у краіну". Што датычыцца кардыялогіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў асаблівую важнасць развіцця гэтага напрамку ў медыцыне, паколькі менавіта ад хвароб сэрца ў свеце, паводле статыстыкі, памірае больш за ўсе людзей. "Нашы спецыялісты былі ў Азербайджане, Грузіі, Казахстане, Расіі, Туркменістане. Мы дзелімся сваім вопытам з усімі, хто нас просіць", — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, тое, што ІІ Еўразійскі кангрэс было вырашана правесці ў Беларусі, сведчыць аб прызнанні айчыннай кардыялагічнай школы. Разам з тым ён папрасіў удзельнікаў сустрэчы адкрыта выказаць сваё меркаванне аб тым, чаго яшчэ не хапае ў Беларусі ў плане развіцця кардыялогіі, што неабходна зрабіць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ніякія прыватныя структуры не вырашаць замест дзяржавы праблему аховы здароўя. Аб гэтым на сустрэчы з удзельнікамі ІІ Еўразійскага кангрэса кардыёлагаў заявіў... |
|