У Беларусі будзе выпрацавана выразная і дакладная сістэма падтрымкі шматдзетных сем'яў. 21.by

У Беларусі будзе выпрацавана выразная і дакладная сістэма падтрымкі шматдзетных сем'яў

06.03.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду выпрацаваць выразную і дакладную сістэму падтрымкі шматдзетных сем'яў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў учора на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод беларускім жанчынам, перадае БЕЛТА.

"Ураду даручана ў пачатку гэтага года ў сувязі з фінансавымі праблемамі мінулага года выпрацаваць нармальную, выразную і зразумелую сістэму падтрымкі шматдзетных сем'яў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэту дапамогу трэба зрабіць дакладнай, адраснай, і мы гэта зробім у бліжэйшы час. На першым месцы будзе жыллё, каб і ў вёсцы, і ў горадзе шматдзетная сям'я мела дах над галавой".

Прэзідэнт падкрэсліў, што дапамога шматдзетным сем'ям павінна быць прыярытэтам у дзейнасці дзяржавы. "Яна не павінна быць размазанай. Лічу, што шматдзетную сям'ю трэба падтрымаць у галоўным і ў той момант, калі трэба. Гэта момант нараджэння дзіцяці", — сказаў беларускі лідар.

Што датычыцца сферы аховы здароўя, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь цяпер выйшла на самыя высокія рубяжы ў свеце ў пытаннях родадапамогі і догляду дзяцей. "Калі толькі бацькі не празяваюць, у нас не можа памерці дзіця. Мы выхадзім любое".

Аднак, на думку кіраўніка дзяржавы, аказваючы дзяржаўную падтрымку, неабходна вытрымліваць правільны баланс. "Дапамагаючы, заўсёды трэба шукаць залатую сярэдзіну, каб гэта дапамога не адхіліла саміх бацькоў ад таго, каб працаваць на сваіх дзяцей. Раней жа ніхто нікому не дапамагаў, а ў сем'ях было не менш як 6-7 дзяцей. І тады ўсе бацькі клапаціліся аб сваіх дзецях. Яны іх гадавалі і выхоўвалі працавітых людзей", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што для забеспячэння дэмаграфічнай бяспекі ў краіне прымаецца комплекс мер па ўзмацненні сацыяльна-эканамічнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі. Павялічваюцца памеры выплат пры нараджэнні дзіцяці, паляпшаюцца жыллёвыя ўмовы для шматдзетных і маладых сем'яў.

Паводле яго слоў, не выпадкова, што найбольшую групу запрошаных на цырымонію ўручэння дзяржузнагарод склалі шматдзетныя маці, якія ўдастоены ордэнаў за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей. "Гэта сведчанне асаблівай увагі і павагі да вас з боку дзяржавы. Няма больш важнай і ганаровай для жанчын місіі, чым мацярынства, нараджэнне і выхаванне дзяцей, беражлівыя адносіны да сямейных каштоўнасцяў", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт з задавальненнем адзначыў, што за апошнія 15 гадоў 6 891 жанчына ўзнагароджана ордэнам Маці.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, шчырай удзячнасці заслугоўваюць і жанчыны-працаўніцы, чые поспехі таксама былі адзначаны высокімі ўзнагародамі: "У розных сферах дзейнасці праяўляюць яны свае здольнасці і таленты. Але асабліва значная іх роля ў сістэме дашкольнага выхавання, сярэдняй і вышэйшай адукацыі". "У дзіцячых садах, школах, каледжах і ВНУ вы аддаяце падрастаючаму пакаленню і моладзі часцінку сваёй душы, веды, вопыт, клопат і чуласць. Вы фарміруеце лепшыя чалавечыя і грамадзянскія якасці. Гэта сапраўдная падзвіжніцкая работа і прызванне педагогаў", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для раскрыцця талентаў людзей творчых прафесій. "Калі ты таленавіты, то цябе заўважаць. І як бы нас ні прыціскалі, з талентамі лічацца", — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх жанчын з надыходзячым веснавым святам, пажадаў ім шчасця, дабрабыту, здароўя, любові, новых поспехаў і ўзнагарод. "Асабліва здароўя вашым дзеткам, якія ёсць і, я вельмі спадзяюся, будуць", — дадаў Прэзідэнт.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду выпрацаваць выразную і дакладную сістэму падтрымкі шматдзетных сем'яў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика