Беларусь будзе ўсяляк садзейнічаць якаснаму развіццю АДКБ
16.05.2012
—
Новости Политики
|
Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) адбылася як аўтарытэтная структура ў сферы бяспекі, і магчымасці для павышэння яе эфектыўнасці далёка не вычарпаны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 мая ў Маскве на пасяджэнні сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Пазачарговая сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ была прымеркавана да 20-годдзя падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 10-годдзя стварэння АДКБ. Спачатку кіраўнікі дзяржаў сустрэліся ў вузкім складзе, а затым адбылося пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі ў пашыраным складзе. На саміт у Маскву прыехалі кіраўнікі ўсіх дзяржаў — удзельніц арганізацыі: Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь заўсёды выступала за ўмацаванне наднацыянальных інстытутаў, прызначаных забяспечваць бяспеку і стабільнасць для ўсіх дзяржаў у роўнай ступені. "Мы зацікаўлены ў канструктыўным дыялогу з міжнароднымі арганізацыямі, такімі як ААН, АБСЕ, НАТА, і ў мірным урэгуляванні канфліктных сітуацый", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. "Але мы супраць пустой рыторыкі!" — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Наша мэта — гэта ўзаемадзеянне, накіраванае на дасягненне канкрэтных і адчувальных вынікаў!" — дадаў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што магчымасці для павышэння эфектыўнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы далёка не вычарпаны. У бліжэйшай і сярэднетэрміновай перспектыве для далейшага ўдасканалення і развіцця АДКБ неабходна прыняць шэраг мер. У прыватнасці, беларускі бок прапануе павысіць бяспеку і эфектыўнасць абароны дзяржаў — членаў АДКБ ад тэрарызму, нарка- трафіку, нелегальнай міграцыі, выклікаў у інфармацыйнай сферы. Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным умацаваць ваенны складальнік арганізацыі з акцэнтам на развіццё высокамабільных сучасных спецпадраздзяленняў. Гэта калектыўныя сілы хуткага рэагавання, аператыўнага разгортвання, міратворчы кантынгент. Беларускі бок выступае таксама за наладжванне цеснага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі аб'яднаннямі. "Пры гэтым, на наш погляд, не варта абмяжоўвацца толькі ўзаемадзеяннем у сферы бяспекі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Каардынацыя таксама павінна ажыццяўляцца і з эканамічнымі, і з палітычнымі структурамі. Асабліва дзеючымі на прасторы былога СССР". Яшчэ адной задачай, якую, на думку Прэзідэнта Беларусі, трэба рэалізаваць арганізацыі, з'яўляецца неабходнасць гарманічнага ўбудавання ў сучасную архітэктуру глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. "Для паспяховага выканання пастаўленых мэт АДКБ не варта замыкацца ў самой сабе, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. — У ХХІ стагоддзі ні адна рэгіянальная арганізацыя не можа паасобку процістаяць усім выклікам сучаснасці". "Дыялог, роўныя партнёрскія адносіны, сумесныя праекты і праграмы з іншымі арганізацыямі і краінамі — гэта залог поспеху ў процістаянні транснацыянальным пагрозам", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама запэўніў прысутных, што Беларусь будзе, як і раней, усяляк садзейнічаць якаснаму развіццю АДКБ, яе ўдасканаленню, універсалізацыі і гарманічнай адаптацыі ў сучасным свеце. На думку Прэзідэнта Беларусі, АДКБ у будучым можа пашырыць склад краін-удзельніц. Кіраўнік беларускай дзяржавы канстатаваў, што за невялікі гістарычны перыяд АДКБ выйшла далёка за межы класічнага абароннага блока і на сучасным этапе здольна рэагаваць практычна на любыя пагрозы. "І гэта не толькі нашы ацэнкі". Пацвярджэннем таго, што з АДКБ лічацца і арганізацыя выбрала правільны напрамак развіцця, з'яўляецца зацікаўленасць іншых дзяржаў, міжнародных і рэгіянальных арганізацый, у тым ліку ААН, у наладжванні цеснага супрацоўніцтва. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што рост аўтарытэту АДКБ у свеце стаў магчымы дзякуючы не толькі актыўнай пазіцыі краін-удзельніц, але таксама за кошт павышэння ўзаемадзеяння і з'яднанасці ўнутры самой арганізацыі. "Выступленне з агульных для ўсіх нас пазіцый па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня выразна дэманструе нашым партнёрам, што сёння мы адзіныя", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. У ходзе пасяджэння кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі меры па калектыўным процідзеянні глабальным і рэгіянальным выклікам бяспецы, падвялі вынікі дзейнасці АДКБ за дзесяцігоддзе і намецілі прыярытэтныя напрамкі далейшага развіцця арганізацыі. Прэзідэнты таксама разгледзелі абстаноўку ў розных рэгіёнах планеты, у тым ліку ў Сірыі, і пытанне, звязанае з іранскай ядзернай праблемай. Па выніках пасяджэння кіраўнікі дзяржаў прынялі дэкларацыю, у якой даецца калектыўная ацэнка асноўных тэндэнцый развіцця міжнароднай абстаноўкі, дзейнасці АДКБ, пацвярджаецца прыхільнасць мэтам і прынцыпам Дагавора аб калектыўнай бяспецы, гатоўнасць развіваць і паглыбляць саюзніцкія адносіны ў знешнепалітычнай, ваеннай і ваенна-тэхнічнай галінах, сферы процідзеяння транснацыянальным выклікам і пагрозам бяспецы і стабільнасці. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) адбылася як аўтарытэтная структура ў сферы бяспекі, і магчымасці для павышэння яе эфектыўнасці далёка не...
|
|