Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь не мае намеру прадаваць кантрольны пакет акцый ААТ "Беларуськалій"
18.07.2012
—
Новости Политики
|
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў, наведваючы ўчора Бярозаўскі руднік ААТ "Беларуськалій". "Я не збіраўся і не збіраюся прадаваць "Беларуськалій" камусьці за бясцэнак. Калі хто-небудзь захоча — плаціце грошы, цана названа, ніхто яе змяншаць не будзе", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што размова ідзе аб магчымасці продажу толькі пэўных доляў акцый, але не кантрольнага пакета. Як адзначыў Прэзідэнт, апошнім часам гучыць шмат меркаванняў аб прыватызацыі "Беларуськалія". "Лічыў і лічу, што гэта жамчужына Беларусі, якая належыць беларускаму народу. Цяпер вельмі шмат размоў і нават націску, і націск ідзе з розных бакоў, нават з тых дзяржаў, ад якіх мы вельмі залежныя. І гэтаму націску процістаяць складана", — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што раней даручаў правесці ацэнку прадпрыемства, і кошт склаў $30-32 млрд. "Ніжэй ніяк. Хочаце — калі ласка, мы вам прададзім не кантрольны пакет акцый, каб кіраванне не страціць. Давайце 10 працэнтаў, 20 працэнтаў, 25 працэнтаў, але плаціце, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — 25 працэнтаў гэта $8,5-9 млрд. Хто хоча, прыходзьце, плаціце. Такіх пакупнікоў не знайшлося. Усе хочуць за $8 млрд купіць увесь камбінат. Я гавару: бывайце, такіх цэн няма. Гэта мая прынцыповая пазіцыя. Мне няма сэнсу спяшацца прадаваць "Беларуськалій", — дадаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён удакладніў: "Гэта не таму, што я баюся страціць кіраванне, уладу, як некаторыя пішуць. Справа не ў тым: я яго не будаваў, не ствараў — тут цэлае пакаленне ўклала сваю працу, і прадаваць за бясцэнак ніхто яго не будзе. Вось маё цвёрдае слова, сказанае публічна". Аляксандр Лукашэнка таксама не выключае магчымасці перагляду адносін з расійскім акцыянерам Беларускай калійнай кампаніі "Уралкаліем". "Усе пытанні, якія датычацца БКК, павінны быць да 1 верасня вырашаны ў адзін ці другі бок. Больш валтузні вакол гэтага быць не павінна, нават калі нам давядзецца нашы адносіны з расіянамі ("Уралкаліем". — Заўвага БЕЛТА) перагледзець. Давайце будзем разбірацца капітальна адносна гэтага. Нам патрэбна поўная яснасць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Хочуць працаваць асобна, няхай працуюць. БКК павінна быць захавана ў любым выпадку. Таму што калійная кампанія павінна займацца не толькі продажам калійных угнаенняў, але таксама складанымі, змешанымі ўгнаеннямі", — сказаў Прэзідэнт. Беларуская калійная кампанія, па яго меркаванні, — гэта брэнд, і сёння наўрад ці нехта можа ад яе адмовіцца. "Або яны ("Уралкалій". — Заўвага БЕЛТА) працуюць разам, або ідуць у свабоднае плаванне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але яны на гэта не пойдуць. Ім не патрэбны гэты разрыў. Значыць, трэба ісці сумленным шляхам. Таму да 1 верасня ўсе пытанні павінны быць зняты. Я аб гэтым 18 ліпеня буду гаварыць з прэм'ер-міністрам Расіі", — дадаў Прэзідэнт.Як далажылі Прэзідэнту, цяпер ААТ "Беларуськалій" пачало рэалізацыю інвестыцыйнага праекта будаўніцтва ў Гомельскай вобласці горна-абагачальнага комплексу магутнасцю не менш як 1,5 млн т хларыду калію ў год на базе Петрыкаўскага радовішча калійных солей. Вядзецца распрацоўка бізнэс-плана, тэхніка-эканамічнага абгрунтавання, па міжнародных стандартах праводзіцца ацэнка запасаў на радовішчы. У далейшым плануецца аб'явіць конкурс па выбары суінвестара для рэалізацыі праекта. Генеральны дырэктар ААТ "Беларуськалій" Валерый Кірыенка расказаў, што ўклад прадпрыемства ў рэалізацыю праекта павінен скласці 50 працэнтаў, другую палавіну плануецца прыцягнуць ад суінвестара. Разам з тым у ходзе абмеркавання гэтага пытання Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі "Беларуськалій" можа ажыццявіць праект толькі за кошт сваіх сродкаў, то няма сэнсу прыцягваць інвестара збоку і аддаваць яму палавіну будучага прадпрыемства. Валерый Кірыенка сказаў, што гэта можна зрабіць за кошт крэдытных рэсурсаў. "Аб гэтым і размова. Таму што суінвестар, які прыйдзе, свае грошы з кішэні не дастане. Ён таксама возьме крэдыт, і гэта будзе тая ж нагрузка на Петрыкаў. Дык няхай лепш гэта радовішча будзе ў дзяржаўных руках", — сказаў Прэзідэнт. Згодна з указам №37 "Аб распрацоўцы Петрыкаўскага радовішча калійных солей", у мэтах пашырэння вытворчасці калійных угнаенняў у 2012—2021 гадах будзе рэалізаваны інвестыцыйны праект па прамысловай распрацоўцы Петрыкаўскага радовішча калійных солей з будаўніцтвам і ўводам у эксплуатацыю ў Гомельскай вобласці горна-абагачальнага комплексу магутнасцю не менш як 1,5 млн т хларыду калію ў год. На падставе вынікаў праведзенага конкурсу па выбары інвестара рэалізацыя названага інвестпраекта будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з заключаным у трохмесячны тэрмін пасля падпісання ўказа інвестыцыйным дагаворам паміж Рэспублікай Беларусь і ААТ "Беларуськалій". Нетры для распрацоўкі Петрыкаўскага радовішча калійных солей прадастаўляюцца тэрмінам на 50 гадоў на платнай аснове. На працягу дванаццаці месяцаў з дня заключэння інвестыцыйнага дагавора ААТ "Беларуськалій" належыць выплаціць у бюджэт разавы плацеж за права карыстання нетрамі, а таксама кампенсаваць панесеныя дзяржавай затраты на правядзенне геолагаразведачных работ у памеры $146,5 млн і $20,7 млн адпаведна. Пры рэалізацыі інвестыцыйнага праекта ААТ "Беларуськалій" створыць адкрытае акцыянернае таварыства з далейшай перадачай дзяржаве 50 працэнтаў яго акцый. Аляксандр Лукашэнка наведаў таксама ўчора Рэспубліканскую бальніцу спелеалячэння ў Салігорску. Бальніца нараўне з традыцыйнымі метадамі лячэння на працягу 22 гадоў ажыццяўляе спецыялізаванае курсавое лячэнне пацыентаў з хваробамі органаў дыхання метадам спелеатэрапіі. Пацыенты праходзяць лячэнне ў спелеалячэбніцы, размешчанай на глыбіні 420 м у масіве каменнай солі і калійзмяшчальным пласце на базе калійнага рудніка першага рудаўпраўлення ААТ "Беларуськалій". Пасля рэканструкцыі лячэнне тут могуць праходзіць да 120 чалавек. У лячэбніцы заўсёды стабільны мікраклімат, аптымальны аэразольны, газавы і іонны састаў паветра, што з'яўляецца вядучым лячэбным фактарам. Акрамя падземнага аддзялення ў бальніцы ёсць наземны корпус. Аляксандр Лукашэнка павінен быў наведаць новы спальны корпус, уведзены нядаўна. Аднак кіраўнік дзяржавы выказаў жаданне спусціцца ў спелеалячэбніцу і азнаёміцца з тым, як арганізавана лячэнне. Спусціўшыся ў падземнае аддзяленне, Прэзідэнт агледзеў палаты, дзе праходзяць лячэнне пацыенты як у дзённы, так і ў начны час. Тут жа размешчаны спартыўныя залы з магчымасцю займацца валейболам, тэнісам. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што колькасць месц для спелеалячэння можна павялічыць. "Тут можна ўшчыльняцца. Магчымасці для гэтага ёсць. Напрыклад, для дзяцей можна ўстанавіць двух'ярусныя ложкі", — сказаў Прэзідэнт. "Трэба існуючыя плошчы выкарыстоўваць па максімуму. Падыдзіце да вырашэння пытання па-гаспадарску", — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што паслугі бальніцы запатрабаваны не толькі сярод беларусаў, але і жыхароў замежжа. Ён лічыць, што тут ёсць магчымасці для павелічэння экспарту медыцынскіх паслуг. "Цяпер можна на гэтым зарабляць грошы", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў уважліва вывучыць гэта пытанне. За ўвесь перыяд дзейнасці бальніцы лячэнне тут прайшлі больш за 32 тыс. чалавек з Беларусі і іншых дзяржаў: Казахстана, краін Балтыі, Расіі, Украіны і іншых. Штогод тут лечыцца амаль 2 тыс. пацыентаў, з іх 20 працэнтаў складаюць дзеці 10-17 гадоў. Эфектыўнасць спелеатэрапіі вельмі высокая і ва ўмовах стацыянара пры праходжанні поўнага курса лячэння дасягае 97 працэнтаў. Паводле ацэнкі, у спелеалячэнні маюць патрэбу прыкладна 37 тыс. жыхароў Беларусі, у тым ліку амаль 10 тыс. дзяцей. Высокая тэрапеўтычная і эканамічная эфектыўнасць метаду спелеатэрапіі абумоўлівае ў насельніцтва вялікі попыт на аказанне гэтага віду паслуг. Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з пацыентамі, якія праходзяць лячэнне ў бальніцы. Як расказалі кіраўніку дзяржавы, пасля праходжання поўнага курса лячэння на працягу года адзначаецца добрае самаадчуванне. Прэзідэнт лічыць, што калі ёсць добры вынік такога лячэння, неабходна пашыраць бальніцу. "Калі ёсць эфект, будзем пашыраць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Кар. БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў, наведваючы ўчора Бярозаўскі руднік ААТ "Беларуськалій". "Я не збіраўся і не збіраюся прадаваць "Беларуськалій"...
|
|