Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана пацвярджаюць прыхільнасць да далейшага развіцця адносін ва ўсіх сферах
29.08.2012
—
Новости Политики
|
"Вы прыехалі ў вельмі блізкую і дружалюбную краіну, дзе вас любяць і паважаюць за тыя вялікія справы, якія вы зрабілі для нашай дзяржавы, часам нестандартныя, па падтрыманні нашай краіны ў цяжкую хвіліну, гэта было звязана з пытаннем незалежнасці. І беларусы аб гэтым ведаюць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да лідара Азербайджана Ільхама Аліева, які знаходзіцца ў Мінску з візітам. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі з Азербайджанам няма закрытых тэм ні для перагавораў, ні ў цэлым ва ўзаемаадносінах. "Па любым пытанні, якое вы толькі можаце паставіць і гэта патрэбна для Азербайджана, мы заўсёды адгукнёмся", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на стратэгічны характар супрацоўніцтва дзвюх краін. Тавараабарот Беларусі і Азербайджана за мінулы год наблізіўся да $1 млрд. У гэтым годзе ёсць некаторае адставанне, аднак Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў рашучасць беларускага боку навярстаць упушчанае. Дзве краіны звязваюць вельмі даўнія адносіны дружбы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яшчэ з часоў Гейдара Аліева закладваліся асновы ўзаемаадносін, але тое, што было зроблена за апошнія гады з Ільхамам Аліевым, — гэта вялікі прарыў. "Мы і ў далейшым будзем дзейнічаць у інтарэсах двух народаў, і вы ніколі прэтэнзій да нас прад'яўляць не будзеце", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сустрэчы з яго азербайджанскім калегам ужо сталі традыцыяй, і яны даюць магчымасць кантраляваць выкананне дамоўленасцяў. Ён адзначыў, што Беларусь разлічвае на падтрымку сумесных вытворчасцяў, з улікам іх падключэння да механізмаў дзяржаўных і галіновых праграм. Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што створаныя ў Азербайджане сумесныя вытворчасці добра сябе зарэкамендавалі. Сёння там выпускаюцца трактары, грузавыя і камунальныя аўтамабілі, аптычныя прыборы, святлодыёдныя свяцільні. Сярод новых напрамкаў дамінуе вытворчасць колавых цягачоў і аўтобусаў МАЗ. У 2011 годзе зборачныя вытворчасці забяспечылі амаль 40 працэнтаў беларускага экспарту. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што гэтыя перамовы стануць чарговым значным этапам у двухбаковых адносінах, дадуць магчымасць намеціць новыя напрамкі супрацоўніцтва. "Лічу, што калі мы такімі тэмпамі будзем рухацца ў адносінах, то суседзі маюць права нам пазайздросціць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу Ільхам Аліеў сказаў, што гэта традыцыя дае магчымасць бачыць цудоўны вынік: працуюць сумесныя вытворчасці, расце аб'ём узаемнага гандлю, ёсць поспехі ў розных сферах. "Адносіны Беларусі і Азербайджана вызначае высокі ўзровень дынамізму і канкрэтыкі". Ільхам Аліеў адзначыў, што Прэзідэнт Беларусі прыняў запрашэнне ў 2013 годзе наведаць з візітам Азербайджан. "Гэта будзе яшчэ адна магчымасць прааналізаваць тое, што ўжо выканана, і намеціць далейшыя шляхі развіцця нашых адносін", — сказаў Прэзідэнт Азербайджана."Нашы адносіны вызначае вельмі высокі ўзровень дынамізму, канкрэтыкі, прадказальнасці. Самае галоўнае, што механізм выканання прынятых рашэнняў даведзены да вышэйшай якасці. Усё, аб чым мы дамаўляемся, мы бачым у выніках: новыя вытворчасці, пашырэнне існуючых вытворчасцяў, новыя перспектывы, новыя ідэі", — падкрэсліў Ільхам Аліеў. Прэзідэнт Азербайджана выказаў упэўненасць у неабходнасці больш шырокага ўдзелу азербайджанскага бізнэсу ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Беларусі. "Гэты напрамак супрацоўніцтва знаходзіцца на пачатковай стадыі. Першыя вынікі паказваюць правільнасць гэтага падыходу. Лічу, што не толькі прыватныя кампаніі, але і дзяржаўныя павінны больш актыўна ўдзельнічаць у інвестыцыйных праектах у Беларусі, якія мы вызначым і якія будуць служыць нашым агульным інтарэсам", — сказаў ён. Ільхам Аліеў дадаў, што азербайджанскія кампаніі цяпер актыўна ўкладваюць інвестыцыі за мяжой. Паводле яго слоў, апошнім часам значна пашырыліся сферы ўзаемнага супрацоўніцтва. Аб гэтым сведчыць і тое, што ў склад дэлегацыі Азербайджана ў час цяперашняга візіту ўвайшла значная частка членаў урада. Ільхам Аліеў падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за падтрымку Азербайджана на міжнароднай арэне, у прыватнасці за вылучэнне Азербайджана ў склад Савета Бяспекі ААН. "Палітычныя адносіны дзвюх краін характарызуюцца высокай ступенню дынамізму. За кароткі час мы шмат чаго дасягнулі", — адзначыў Прэзідэнт Азербайджана. Ён таксама звярнуў увагу на ўзросшы ўзровень тавараабароту Беларусі і Азербайджана за апошні час. У асноўным гэта адбылося за кошт пашырэння супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы. Але ў будучым, на яго думку, рост тавараабароту павінен ісці не толькі за кошт энергетыкі, але і за кошт павелічэння аб'ёму продажаў тавараў і паслуг. Ільхам Аліеў перакананы, што ў тых вытворчасцяў, якія створаны ў Азербайджане сумесна з Беларуссю, ёсць добрыя перспектывы развіцця і выхаду іх прадукцыі ў трэція краіны. "Я лічу, што адметным момантам нашых адносін з'яўляецца менавіта тое, што за ініцыятывамі і за фразеалогіяй стаяць канкрэтныя справы. Яшчэ не было ніводнага пытання, якое мы не змаглі б вырашыць", — падкрэсліў Ільхам Аліеў. Ён таксама адзначыў пашырэнне супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана ў гуманітарнай і ваенна-тэхнічнай сферах. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў у час сённяшніх перагавораў маюць намер прааналізаваць ужо зробленае краінамі, вызначыць новыя праекты і ініцыятывы. БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Вы прыехалі ў вельмі блізкую і дружалюбную краіну, дзе вас любяць і паважаюць за тыя вялікія справы, якія вы зрабілі для нашай дзяржавы, часам нестандартныя, па...
|
|