Індыя: прастора для новых магчымасцяў
13.11.2012
—
Новости Политики
|
Беларусь хоча пашырыць сваю прысутнасць на рынках азіяцкага рэгіёна. З гэтай мэтай адбываецца візіт урадавай дэлегацыі на чале з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам у Індыю. Чым цікавая гэтая экзатычная краіна для нас і чым Беларусь прываблівае Індыю? Чаму нашы эканамічныя стасункі пакуль у некаторай ступені павярхоўныя? У чым патэнцыял адносін? Аб гэтым нашаму карэспандэнту расказаў пасол Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці. — Вы можаце ахарактарызаваць эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і Індыяй? — Найперш — як стабільныя, ім надаецца вялікае значэнне. Аднак, на жаль, няма значнага росту ў гэтым кірунку. Двухбаковы абарот — каля 547 млн долараў. Гэта не так шмат, але і не вельмі мала. Найбольшы клопат выклікае тое, што няма вялікіх інвестыцый з адной краіны ў другую. Гэта не значыць, што няма магчымасці ці спосабу для інвеставання. Вам, напэўна, вядома, што некаторыя беларускія кампаніі адкрылі свае прадстаўніцтвы ў Індыі: напрыклад, Беларуская калійная кампанія, БелАЗ (які хутка адкрывае сваю станцыю тэхабслугоўвання). Што датычыцца індыйскага прадстаўніцтва тут, то можна назваць два вялікія праекты — рэканструкцыя Гродзенскай ЦЭЦ і Лічбавы вучэбны цэнтр у Мінску. Беларусь важная для Індыі як крыніца, перш за ўсё, калійных угнаенняў, бо мы закупляем іх вельмі шмат. Беларусь, у сваю чаргу, імпартуе з Індыі шмат лекаў. Імпартуюцца таксама скура, тэкстыльная прадукцыя, рамесныя тавары. У 2007 годзе ўжо былі планы па павелічэнні тавараабароту да паловы мільярда долараў да 2010 года, якія былі выкананы ў 2009-м. Але пасля гэтага вялікага росту пакуль не назіраецца. Цяпер ужо трэба ставіць перад сабою іншыя задачы (напрыклад, 1 мільярд долараў да 2015 года) і трэба імкнуцца іх вырашаць. — Наколькі, на вашу думку, візіт урадавай дэлегацыі Беларусі зможа паўплываць на развіццё стасункаў? — Безумоўна, гэта павінна паўплываць у значнай ступені. Візіт прэм'ер-міністра прыпадае на вельмі важны час, калі ў Індыі праходзіць Міжнародная прамысловая выстава-кірмаш. І Беларусь мае на гэтай выставе сёлета статус краіны-партнёра. Сама выстава ўжо можа з'яўляцца інструментам для павелічэння тавараабароту на некалькі гадоў наперад. Я хацеў бы падкрэсліць менавіта гэты момант, бо, на мой погляд, бізнэс паміж дзвюма краінамі-партнёрамі не расце перш за ўсё з-за адсутнасці інфармацыі аднаго аб адным. Гэтая выстава якраз і служыць для таго, каб запоўніць інфармацыйны прабел. Там бізнэсмены могуць пазнаёміцца. Тым больш, што Беларусь вязе на выставу добрую прадукцыю высокай якасці. І статус краіны-партнёра будзе ў вялікай меры карысным. Акрамя таго, беларускі прэм'ер звернецца да бізнэс-форуму, які будзе праводзіцца Канфедэрацыяй індыйскай прамысловасці. Там збяруцца кіраўнікі многіх вядучых індыйскіх прадпрыемстваў. — У якіх сферах, на вашу думку, супрацоўніцтва Беларусі і Індыі будзе найбольш эфектыўным? — Перш за ўсё, у фармацэўтычным сектары. Тут, у першую чаргу, размова ідзе аб гандлі. Зараз імпарт лекаў з Індыі складае 32-35 млн долараў, але мы лічым, што ён можа павялічыцца да 100 мільёнаў. Прычына простая: насельніцтва Беларусі лічыць індыйскія лекі дастаткова эфектыўнымі і ў той жа час не вельмі дарагімі ў параўнанні з заходнімі аналагамі. Другі аспект гэтага супрацоўніцтва — гэта інвестыцыі з Індыі. Я маю асабістую ўпэўненасць у тым, што фармацэўтычныя фірмы Індыі павінны рабіць інвестыцыі ў Беларусі — напрыклад, у выглядзе будаўніцтва свайго прадпрыемства. У гэтым пытанні я займаю пазіцыю, якая цалкам супадае з пазіцыяй беларускага ўрада. Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч таксама выяўляе зацікаўленасць у падобным праекце. Мы спадзяёмся, што падчас візіту ў Індыю перамовы з фармацэўтычнымі фірмамі будуць паспяховымі. Другая галіна супрацоўніцтва — гэта сфера высокіх тэхналогій. Беларусь ужо заявіла аб сабе як аб важным цэнтры ў ІТ-сферы, які толькі зараджаецца. І тут Індыя можа падставіць Беларусі плячо, аказаць падтрымку ў прасоўванні сваіх распрацовак. Такое супрацоўніцтва ўжо ідзе, але яго трэба пашыраць і паглыбляць. Трэці сектар, дзе кааперацыя можа прынесці значныя вынікі, на мой погляд, — гэта сфера выпрацоўкі энергіі і яе перадачы. Зноў-такі тут індыйскія кампаніі не "пакаштавалі" Беларусь цалкам. Аднак ёсць надзея, што пасля візіту прэм'ер-міністра Мясніковіча і гэты прабел будзе запоўнены. Перад Беларуссю таксама адкрыта вельмі шмат магчымасцяў, асабліва ў распрацоўках руд, будаўніцтве і вытворчасці тавараў інжынерна-тэхнічнага назначэння. Аднак трэба звяртаць вялікую ўвагу на прасоўванне сваёй прадукцыі на індыйскім рынку. Я знаходжуся ў Беларусі ўжо паўтара года. За гэты час у мяне склалася ўражанне, што беларускія кампаніі не надаюць неабходнай увагі рынку Індыі. Ён жа, вельмі аб'ёмісты і для прадукцыі такой якасці, як у Беларусі, дае вялікія магчымасці. Узнікае адчуванне, што беларускія прадпрыемствы цалкам задаволены тым, што яны маюць, і тымі рынкамі збыту, дзе яны ўжо замацаваліся. Здаецца, што яны не хочуць прыкладаць ніякіх намаганняў, каб атрымаць новыя рынкі. БелАЗ, Амкадор, Белшына і іншыя прадпрыемствы быццам не праяўляюць ініцыятывы альбо не звяртаюць патрэбнай увагі на наш рынак. На жаль, трэба адзначыць, што многія кампаніі сваю прысутнасць на вышэйазначанай выставе толькі акрэслілі ў агульных рысах, яны цалкам там не прадстаўлены. Такім чынам, прадпрыемствы губляюць значную частку сваіх магчымасцяў. Але будзем спадзявацца, што гэта толькі пачатак доўгага супрацоўніцтва і што гэтыя кампаніі прыкладуць больш намаганняў у наступны перыяд. — Як вы лічыце, гэтая інертнасць нашых прадпрыемстваў выклікана бояззю кіраўнікоў, што яны не змогуць умацавацца на вашым рынку? Ці чымсьці іншым? — Цяжка сказаць, што дакладна з'яўляецца прычынай. Я ведаю, што спробы выйсці на індыйскі рынак рабіліся некаторымі беларускімі кампаніямі раней. Але пасля таго, як некаторыя спробы не мелі поспеху, былі сутыкненні з цяжкасцямі, гэтыя прадпрыемствы не працягвалі сваю працу ў такім кірунку. Але ж пры заваяванні новых рынкаў заўсёды ты сутыкаешся з нейкімі перашкодамі — канкурэнцыяй, мясцовымі правіламі, заканадаўствам — гэта непазбежна. І калі пасля некалькіх спроб задуму кідаць, на гэты рынак прыйдзе хтосьці іншы. Ёсць яшчэ і такая тэндэнцыя: беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы шукаюць у Індыі сваіх калег — таксама дзяржаўныя кампаніі. Але гэта памылковая палітыка, бо асноўная сіла індыйскай эканомікі знаходзіцца ў прыватным сектары. Адпаведныя партнёры могуць быць знойдзены менавіта там. — Наколькі заканадаўства Беларусі і Індыі суадносна паміж сабою для таго, каб можна было спакойна нарошчваць эканамічныя сувязі паміж краінамі? — Заканадаўства тут не будзе ствараць ніякіх праблем. Па меншай меры, з індыйскага боку няма ніякіх перашкод. У нас ёсць усе неабходныя рамачныя двухбаковыя дамовы, якія спрыяюць росту бізнэсу. — Ці ствараюць нейкія праблемы ў адносінах паміж нашымі краінамі культурныя адметнасці кожнай? Зразумела, што мы вельмі розныя краіны ў культурным плане. — Што датычыцца дзелавых адносін, то іх культура і ў Беларусі, і ў Індыі, па вялікім рахунку, аднолькавая. Тут значна больш складана знайсці адрозненні паміж дзелавым падыходам у Беларусі і Індыі. Я сустракаўся з індыйскімі бізнэсменамі, якія прыязджалі сюды для працы з беларускімі калегамі. І гэтыя бізнэсмены сцвярджалі, што ім вельмі лёгка знаходзіць паразуменне з беларусамі, бо тыя вельмі разумныя, прафесіянальныя. Беларускія бізнэсмены, што ездзяць у Індыю, таксама добра характарызуюць індыйскіх партнёраў, якія заўсёды выслухаюць, дапамогуць і знойдуць кампраміс. — Давайце вернемся да ІТ-сферы. Беларускія спецыялісты ездзяць у Індыю на стажыроўкі, паколькі ў ёй больш развіта гэтая галіна. Ці будзе такая практыка працягвацца? — Безумоўна, такія курсы будуць працягвацца. У асноўным гэта супрацоўніцтва ідзе па праграме ІТЭК (Індыйскае тэхнічна-эканамічнае супрацоўніцтва). Па ёй выдзяляецца 45 стыпендый для беларускіх спецыялістаў штогод. Я спадзяюся, што колькасць навучэнцаў з Лічбавага вучэбнага цэнтра ў Мінску таксама ў будучым вырасце. — Як вы ацэньваеце ўзровень палітычных адносін паміж Беларуссю і Індыяй? — Палітычнае супрацоўніцтва Беларусі і Індыі вельмі добрае на ўсіх міжнародных форумах. Існуе поўнае паразуменне паміж двума ўрадамі і кіраўніцтвам абедзвюх краін. Уладзіслаў КУЛЕЦКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь хоча пашырыць сваю прысутнасць на рынках азіяцкага рэгіёна. З гэтай мэтай адбываецца візіт урадавай дэлегацыі на чале з прэм'ер-міністрам Міхаілам...
|
|