Аляксандр Лукашэнка патрабуе безумоўнай рэалізацыі дэкрэта па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці
14.12.2012
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт Беларусі патрабуе безумоўнай рэалізацыі на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах дэкрэта № 9 "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці". Аб гэтым ён заявіў учора, наведваючы ААТ "Магілёўдрэў", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Бярыце ўсё ў свае рукі, у жалезныя рукавіцы і дзейнічайце", — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, асноўная мэта дэкрэта ў тым, каб дырэктар на прадпрыемстве "быў начальнікам, як на Захадзе, і каб усе рабочыя і спецыялісты працавалі навыцяжку". Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым пацікавіўся, ці спыніўся адток рабочай сілы з прадпрыемства. "Майце на ўвазе, яны не маюць права звальняцца без вашага ведама, а хто пойдзе, будзе тут працаваць на прымусовых работах", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніцтва ААТ "Магілёўдрэў". Адначасова кіраўнік дзяржавы нагадаў і аб абавязацельствах дырэктараў павысіць работнікам зарплату. У першым квартале 2013 года неабходна выйсці на сярэднюю зарплату ў памеры $450-500. "Калі мы тут утрымліваем людзей і прымушаем працаваць, то павінны і цукерку даць", — падкрэсліў Прэзідэнт. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што рашэнні, прапісаныя ў дэкрэце, звязаны з тым, што на прадпрыемствах была правалена праграма па мадэрнізацыі, у выніку чаго нанесены ўрон. "У гэтым і наступным годзе напружвайцеся, рабіце, што не зрабілі тут за пяць гадоў", — дадаў кіраўнік дзяржавы. "Адназначна мы скарачаем праграмы па культуры, спорту — у нас усё гэта ёсць і ў Мінску, і ў абласцях. Мы перакідваем галоўныя намаганні на мадэрнізацыю прамысловасці. У сельскай гаспадарцы ў нас ужо ўсё вызначана, засталося дапрацаваць па нейкіх напрамках, а цяпер трэба пераносіць сродкі на прамысловасць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт запатрабаваў у сціслыя тэрміны завяршыць рэканструкцыю ААТ "Магілёўдрэў". На прадпрыемстве цяпер рэалізуецца інвестпраект па рэканструкцыі. Ён павінен быў быць завершаны яшчэ вясной 2009 года, аднак тэрміны неаднаразова пераносіліся, і цяпер завяршэнне ўсіх прадугледжаных праектам мерапрыемстваў плануецца ў 2013 годзе. Як далажылі Прэзідэнту, частка работ ужо завершана. У тым ліку ўстаноўлена аўтаматызаваная тэхналагічная лінія па распілоўцы драўніны, мадэрнізавана кацельня, сушыльны комплекс, устаноўлена здрабняльная машына, лінія сартавання лесаматэрыялаў. За кошт устаноўкі новага абсталявання рэзка знізіўся паказчык зносу асноўных фондаў прадпрыемства. Аляксандр Лукашэнка агледзеў вытворчую тэрыторыю, наведаў цэхі, звярнуў асаблівую ўвагу на пытанні якасці работ, даўшы адпаведныя даручэнні. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў планы па развіцці ў ААТ "Магілёўдрэў" мэблевай вытворчасці. Дзякуючы гэтаму ствараецца замкнуты вытворчы цыкл, значна ўзрастае дабаўленая вартасць. У тым жа ключы размова ішла і аб сыравіннай базе, дзе таксама неабходна павышаць глыбіню перапрацоўкі. "Мы жорстка разбяромся з тымі, хто прадае (за мяжу. — Заўвага БЕЛТА) сёння кругляком лес", — падкрэсліў Прэзідэнт. Рэалізацыя інвестпраекта ў ААТ "Магілёўдрэў" дасць магчымасць істотна нарасціць экспарт прадукцыі — прыкладна з $2 млн цяпер амаль да $24 млн у 2016 годзе. Пры гэтым удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме вытворчасці ўзрасце больш як да 62 працэнтаў з цяперашніх 49 працэнтаў. Выручка на аднаго работніка павялічыцца з цяперашніх $10,7 тыс. да $66 тыс. У 2013 годзе чакаецца выхад прадпрыемства на рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі 12,5 працэнта. Цяпер гэты паказчык адмоўны і складае прыкладна мінус 26 працэнтаў. Безумоўна, гэта паўплывае і на зарплаты работнікаў — чакаецца іх істотны рост. Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў старую вытворчасць ААТ "Магілёўдрэў", дзе яму далажылі аб прапанаваных мерапрыемствах па мадэрнізацыі і тэхпераўзбраенні, азнаёміўся з узорамі выпускаемай на прадпрыемстве прадукцыі. У цэлым кіраўнік дзяржавы даручыў у сціслыя тэрміны завяршыць рэканструкцыю. "Канцэнтруйцеся, трэба рабіць не па чарзе, а паралельна. Па-гаспадарску трэба падысці", — запатрабаваў Прэзідэнт. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што праблем са збытам прадукцыі, у тым ліку мэблі, няма. Гэтыя тавары шырока запатрабаваны як на расійскім рынку, так і ў краінах Еўропы. Гаворачы аб мадэрнізацыі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у цэлым, Прэзідэнт адзначыў, што, нягледзячы на правал гэтай праграмы па тэрмінах рэалізацыі, цяпер усё ж узяліся за справу. "Тое, што адбываецца ў дрэваапрацоўцы — навядзенне жалезнага парадку і па рабочай сіле, і па спецыялістах, і па тэрыторыі, і па мадэрнізацыі — гэта датычыцца ўсіх прадпрыемстваў. Усе павінны працаваць: зіма, вясна, да лета — ідэальнае прадпрыемства", — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. "Мы еўрапейская краіна. Да нас ездзяць людзі. Яны павінны бачыць суперсучасныя, еўрапейскага тыпу прадпрыемствы. Гэта датычыцца ўсіх", — падкрэсліў беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў бліжэйшы час мае намер дэталёва азнаёміцца з работай Аршанскага льнокамбіната, камвольнага камбіната ў Мінску і Баранавіцкага баваўнянага аб'яднання. "Гэта той комплекс, які я пагляджу. На камвольным камбінаце я буду ў бліжэйшы час, а астатнія прадпрыемствы я таксама праеду і пагляджу максімум зімой-вясной. Там павінны быць радыкальныя зрухі", — адзначыў Прэзідэнт. Асобна Аляксандр Лукашэнка спыніўся на пытаннях развіцця льноперапрацоўчых прадпрыемстваў. "Лён мы неяк ужо навучыліся вырошчваць, хоць пакуль яшчэ і не тая якасць. Але самае галоўнае — гэта перапрацоўка", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што ў Шклове цяпер створана сучаснае прадпрыемства ў гэтай сферы, якое ён мае намер наведаць. Што датычыцца вырошчвання сельгаскультур, Прэзідэнт адзначыў, што з пункту гледжання тэхналогій па большасці з іх пытанні вырашаны: "Разабраліся са збожжам (гэта вялікая была праблема), з мукамольнай прамысловасцю, з кукурузай, займаемся новымі рэчамі. Па часнаку, цыбулі, гароху, спаржы таксама разабраліся". "У нас засталася праблема лёну. Яе трэба абавязкова вырашыць. У гэтай пяцігодцы мы павінны гэта зрабіць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Плануецца, што Аляксандр Лукашэнка 14 снежня прадоўжыць работу ў Віцебскай вобласці, дзе ў цэнтры ўвагі таксама будуць пытанні мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Лукашэнка патрабуе безумоўнай рэалізацыі дэкрэта па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці Прэзідэнт Беларусі патрабуе безумоўнай рэалізацыі на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах дэкрэта № 9 "Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай... |
|