Не колькасцю, а ўменнем
12.01.2013
—
Новости Политики
|
Учора Прэзідэнт Беларусі правёў нараду па пытаннях аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржаўных органаў, перадае карэспандэнт БелТА. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў краіне неабходна сфарміраваць кампактную і эфектыўную кіраўніцкую структуру, не раздуваючы бюракратычны апарат. "Перш за ўсё нам трэба скараціць колькасць апарату і ўпарадкаваць яго функцыі. Гэта значыць адсекчы ўсё лішняе, што плодзіць бюракратыю і перашкаджае дынамічнаму развіццю краіны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Тут мы павінны кіравацца сувораўскім прынцыпам: не колькасцю, а ўменнем дабівацца вынікаў". Паводле меркавання Прэзідэнта, пастаяннае ўдасканаленне кіраўніцкай сістэмы і яе механізмаў з'яўляецца адной з галоўных тэндэнцый у развіцці сучаснай дзяржавы. На яго думку, рэформа дзяржаўнага апарату — гэта неабходная ўмова павышэння эфектыўнасці дзяржаўнай улады. Прэзідэнт адзначыў, што вопыт у рэфармаванні ў Беларусі ўжо ёсць: "Пачынаючы са стварэння стройнай вертыкалі ўлады пасля першых прэзідэнцкіх выбараў. У многім дзякуючы менавіта гэтаму мы змаглі пераадолець тагачасны сістэмны крызіс, які ахапіў усю постсавецкую прастору, і не дапусцілі хаосу і абвалу краіны. І ў далейшым органы ўлады і кіравання паспяхова вырашалі складаныя задачы ўздыму эканомікі, станаўлення дзяржаўнасці і кансалідацыі грамадства". У той жа час Прэзідэнт прызнаў, што апошнія гады кіраўніцкія структуры крыху разрасліся. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ім неабходна паляпшаць дынаміку і якасць сваёй дзейнасці, у поўнай меры ўлічваць змяненні ў жыцці краіны і сучасныя патрабаванні гаспадарання. "Крытэрый вызначаны: павінна быць эфектыўнасць, павінна быць аптымальная колькасць", — заявіў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Прэзідэнт лічыць, што ніякіх ільгот, прывілеяў і выплат скарачаемым дзяржаўным служачым не будзе. "Якія яшчэ могуць быць дадатковыя выплаты, дзе вы возьмеце гэтыя грошы для выплат? Размахнуліся! — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мне тут камісія ўносіць шэраг ільгот, прывілеяў і выплат. Дык вось я хачу сказаць, што ніякіх ільгот, прывілеяў і выплат скарачаемым не будзе". "Скажыце, якія могуць быць гарантыі, ільготы, выплаты людзям, якія сёння скарачаюцца і не могуць працаваць па сваім стане ў дзяржаўным апараце?" — дадаў Прэзідэнт. "Па-другое, ёсць людзі, якія сябе не бачаць у дзяржаўным апараце. Ён лепш будзе працаваць у школе, у іншай арганізацыі, на вытворчасці. Дык яго туды і трэба накіраваць працаваць", — лічыць кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што работнікі, якія скарачаюцца, не будуць звольнены ў момант на вуліцу, а на працягу прыкладна паўгода змогуць знайсці сабе новую работу. "Мы нікога не хочам пакрыўдзіць. Гэта не значыць, што калі заўтра будзе прынята рашэнне, то за суткі мы павінны павыкідваць людзей на вуліцу. Ды не! Давайце, дапусцім, на працягу паўгода спакойна ўладкуем гэтых людзей на работу", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Мы вызваляемся і павінны вызваліцца ад тых, хто не стараецца. Хто стараецца і добра працуе, той павінен застацца ў дзяржаўным апараце. Той, хто верай і праўдай служыць дзяржаве і народу, павінен працаваць у дзяржаўным апараце. І там павінны працаваць толькі такія людзі", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Адтуль павінны пайсці людзі, якія не хочуць працаваць, дрэнна працуюць, якія проста не туды трапілі", — дадаў кіраўнік дзяржавы. "Вось у чым сутнасць гэтага скарачэння, а не тое, што росчыркам пяра павыкідваць людзей на вуліцу, паламаўшы ім лёсы", — адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што такім рашэннем не павінны настроіць супраць сябе значную частку грамадства. "Ні ў якім выпадку гэтага нельга рабіць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць недапушчальна нізкай зарплату беларускіх дзяржслужачых. "У нас некаторыя кіраўнікі прадпрыемстваў, якія сядзяць на датацыях, або кіраўнікі, якія наогул лыка не вяжуць, як у народзе кажуць, атрымліваюць каля 20 млн зарплату, яшчэ і прэмію сабе налічваюць! А дзяржаўны служачы і паловы таго не мае, той, які працуе. Таму недапушчальна нізкая зарплата", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што павысіць зарплату дзяржслужачых можна, толькі аптымізаваўшы іх колькасць. "У адваротным выпадку ў мяне рука не паднімецца падпісваць дакументы аб павышэнні зарплаты дзяржслужачых, якіх у нас дзясяткі тысяч", — сказаў Прэзідэнт."Вы ж разумееце псіхалогію нашага народа, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Давайце аптымізуем колькасць, каб народ нас разумеў: так, у дзяржслужачых нармальная, дастойная зарплата, але іх колькасць у нас аптымальная". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цэлым падтрымлівае прапановы спецыяльнай камісіі, якая была створана для выпрацоўкі рашэнняў па аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржаўных органаў. Аднак, паводле яго слоў, ёсць шэраг пытанняў, якія трэба больш дасканала, грунтоўна і ўсебакова абмеркаваць. У прыватнасці, камісія прапануе скасаваць або аб'яднаць асобныя органы, міністэрствы і ведамствы. "Я не адмаўляў прапановы камісіі, як гэта інтэрпрэтуецца ў асобных сродках масавай інфармацыі, я проста іх паставіў пад сумненне, сказаўшы прама, што я не ведаю, як тут лепш зрабіць. Давайце разам падумаем", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што крытэрыем павінна быць эфектыўнасць работы дзяржслужачых. "Павінна быць аптымальная колькасць, нічога лішняга. Вось зыходзячы з гэтага давайце вызначымся: трэба нам аб'ядноўваць падатковае ведамства, падпарадкоўваючы яго Мінфіну, або не трэба, трэба нам у Міністэрства эканомікі скідваць Мінгандаль і іншыя ведамствы або не трэба", — адзначыў Прэзідэнт. "Мяне насцярожвае: Мінфін сёння і так не маленькі, і Мінэканомікі яшчэ большае. А мы гаворым: давайце ім яшчэ функцыі аддадзім. Можа, і правільна. Але мяне гэта насцярожвае. Ці не атрымаецца некіруемы нейкі монстр, ці не атрымаецца так, што мы, каб дагадзіць нейкай модзе, усё гэта туды скінем? Таму я нічога не адмаўляю, проста хачу з вамі параіцца", — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры правядзенні пераўтварэнняў не павінна быць фармалізму і кампанейшчыны. "Нам гэта не трэба ні для піяру, як некаторыя тут, наша пятая калона, гавораць, ні для чаго. Нам трэба спакойнае рэфармаванне. І скажу адкрыта: лепш гэта рабіць самім, па ўласнай ініцыятыве, а не так, як гэта робіцца вось у Грэцыі, Партугаліі або яшчэ дзесьці. Вось гэтага дапусціць нельга. Трэба працаваць заўсёды на апярэджанне", — лічыць кіраўнік дзяржавы. "Таму яшчэ раз падкрэсліваю: без фармалізму і кампанейшчыны. У нас няма ў гэтым плане ніякага крытычнага стану. Нас ніхто ў спіну не штурхае", — сказаў Прэзідэнт. "У нас і так дзяржаўны апарат, калі параўноўваць па колькасці і пэўных крытэрыях з нашымі суседзямі і нават з Еўрасаюзам, на парадак ніжэйшы. Але мы ў сувязі з эфектыўнасцю дзейнасці нашай сістэмы дзяржаўнага кіравання можам яшчэ скараціць гэты дзяржапарат", — лічыць Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што аб гэтым сведчыць і работа камісіі. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што скарачэнні закрануць і Адміністрацыю Прэзідэнта, і ўрад. "Я гляджу і дзіўлюся: ва ўрадзе і памочнікі, і саветнікі — каго толькі там няма! У Прэзідэнта — адзін памочнік, які спраўляецца з усёй работай, і ў прыёмнай два чалавекі. А я гляджу, у маіх падначаленых па дзесяць памочнікаў, па дзесяць саветнікаў! Дарагія мае, чым яны ў вас займаюцца?" — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных. "Так што давайце акуратна, узважана падыдзем да ўсіх гэтых пытанняў і выпрацуем аптымальныя рашэнні, якія ўжо ў найбліжэйшы час неабходна актыўна і без затрымак рэалізаваць на практыцы", — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў гэтым пытанні неабходна кіравацца інтарэсамі дзяржавы і грамадства, а не адстойваць вузкаведамасныя або местачковыя пазіцыі. "Тое, што мы павінны скараціцца прыкладна на чвэрць — гэта непазбежна. Давайце з гэтага зыходзіць", — падкрэсліў Прэзідэнт. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора Прэзідэнт Беларусі правёў нараду па пытаннях аптымізацыі структуры, колькасці і функцый дзяржаўных органаў, перадае карэспандэнт БелТА. Аляксандр...
|
|