Што абмяркоўвалі ў Вене намеснік начальніка ААЦ, заснавальнік TUT.BY і рэдактар "Хартыі-97"
15.02.2013 19:12
—
Новости Политики
|
Што абмяркоўвалі ў Вене намеснік начальніка ААЦ, заснавальнік TUT.BY і рэдактар "Хартыі-97" Сённяшні выступ прадстаўніка ААЦ ў Вене выклікаў шэраг вострых пытанняў, а потым і перапалку з некаторымі іншымі беларускімі ўдзельнікамі канферэнцыі.
Першы намеснік начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Уладзімір Рабаволаў выступаў 11 хвілін. У сваёй прамове ён пераконваў удзельнікаў канферэнцыі АБСЕ, што Беларусь ідзе па шляху рэформ у бок лібералізацыі інтэрнэт-сферы і што дзяржава шчыльна супрацоўнічае ў гэтай справе з бізнэс-коламі і грамадзянскай супольнасцю. Падаем асноўныя цытаты з яго прамовы: “...У Рэспубліцы Беларусь, як і ва ўсіх цывілізаваных краінах, права грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі з’яўляецца канстытуцыйнай нормай. У канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь расстаўлены акцэнт – права грамадзян на атрыманне інфармацыі – прызнаецца адным з асноўных нацыянальных інтарэсаў. І гэта не выпадкова. Рэспубліка Беларусь абдзеленая якімі-кольвек сур’ёзнымі карыснымі выкапнямі, але галоўны стратэгічны рэсурс – гэта высокі ўзровень інтэлектуальнага развіцця нашых грамадзян. Таму мы зацікаўленыя ў тым, каб нашыя грамадзяне атрымлівалі максімальны доступ да інфармацыі. ...Наша стратэгічная задача – да 2015 года ўвайсці ў топ-30 краін па ўзроўні развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ). У той жа час я павінен указаць на шэраг гістарычных фактараў, якія ў пэўнай ступені стрымліваюць развіццё ІТ-сферы. Найперш, гэта фактычная манаполія “Белтэлекама”. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі каля 60 правайдараў, у асноўным прыватных, 84% Сеціва знаходзіцца ва ўласнасці “Белтэлекама”. Гэта адзіная арганізацыя, якая пастаўляе міжнародны трафік у Беларусь. Была пастаўлена задача, і яна рэалізуецца, па правядзенні рэформ з мэтай паскарэння развіцця ІКТ і лібералізацыі рынку паслуг. Спынюся на некаторых асноўны накірунках, выбраных для гэтай мэты. Ліквідацыя манаполіі “Белтэлекама” на падключэнне да сетак электрасувязі замежных дзяржаў. Для гэтага створаны другі нацыянальны аператар – Нацыянальны цэнтр абмену трафікам. Адным з накірункаў была вызначана пабудова адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы дадзеных. Прадугледжваецца аб’яднанне сетак “Белтэлекама”, усіх сетак іншых дзяржаўных арганізацый і, на дабравольнай аснове, прыватных кампаній. Фармуецца новы механізм, які прадугледжвае падзел пастаўшчыкоў паслуг і ўладальнікаў сетак. Мы лічым, што дадзеная інавацыя дазволіць забяспечыць роўныя ўмовы на рынку для ўсіх удзельнікаў гэтага рынку. Гэтай жа мэце прысвечана стварэнне новага магутнага цэнтру апрацоўкі дадзеных. Да 2015 года будзе створана сетка LTE. Хуткімі тэмпамі мы нарошчваем транзіт трафіку. У найбліжэйшы час запрацуе высокахуткасная транзітная магістраль Масква-Мінск-Франкфурт з прапускной здольнасцю да 8 тэрабіт за секунду. Для рэалізацыі ўказаных праектаў прыцягнутыя буйныя замежныя інвестыцыі. Мы мяркуем, што зробленыя захады дазволяць нам інтэгравацца ў сусветнае інфармацыйнае ўзаемадзеянне. У межах удасканалення электроннага ўраду летась быў створаны Нацыянальны цэнтр электронных паслуг. У найбліжэйшы час прадугледжваецца аб’яднаць усе інфармацыйныя рэсурсы дзяржаўных органаў у адзіную сістэму (а гэта дзясяткі інфармацыйных рэсурсаў) і забяспечыць зручную магчымасць насельніцтву атрымліваць гэтую інфармацыю. Заснаваны інстытут незалежнага рэгулятара. Яго галоўная задача – фармаванне канкурэнтнага асяроддзя ў сферы ІКТ. На першым этапе, этапе рэфармавання, гэтыя функцыі ўскладзеныя на ААЦ – дзяржаўную арганізацыю, надзеленую ўладнымі паўнамоцтвамі. Мы вывучалі сусветны досвед – як негатыўны, так і пазітыўны. Мы вызначылі для сябе, што рэформы з такой гістарычнай традыцыяй лёгка не даюцца. Яны праводзяцца складана і часта хваравіта. Я паспрабую аналогію правесці. Калі неабходна адкруціць іржавую гайку, самыя галоўныя высілкі трэба спачатку прыкласці, каб гэтую гайку з мёртвай кропкі ссунуць. Потым гайка будзе ўжо са скрыпам, альбо без скрыпу, але значна лягчэй круціцца. Дык вось мы зараз знаходзімся на гэтым этапе, калі нам неабходна з мёртвай кропкі наш працэс рэфармавання правеці. У той жа час мы разумеем, што эфектыўнае рэгуляванне найважнейшых бакоў жыцця грамадства немагчыма без дакладнага ўзаемадзеяння з няўрадавымі, недзяржаўнымі арганізацыямі і грамадзянамі. З гэтай мэтай выпрацаваны механізм удзелу грамадзянскай супольнасці і бізнес-супольнасці ў дзейнасці незалежнага рэгулятара. Створаны стала дзеючы Савет незалежнага рэгулятара, куды ўваходзяць прадстаўнікі розных арганізацый, розных форм уласнасці і відаў дзейнасці. Створаны кансультатыўны савет па развіцці нацыянальнага сегменту. Асноўныя стратэгічныя пытанні выносяцца на Грамадскую раду пра прэзідэнце. У гэтай радзе, у прыватнасці, прадстаўлены інтарэсы 18 найбуйнейшых камерцыйных кампаній. Я мяркую, што, па меры лібералізацыі ІКТ, у Беларусі ступень дзяржаўнага рэгулявання будзе скарачацца, а роля грамадзянскай супольнасці і бізнэс-супольнасці будзе павышацца. Сёння прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці прымаюць удзел у абмеркаванні пытанняў рэгулявання інтэрнэту на розных пляцоўках, у тым ліку ў СМІ. Ёсць шмат прыкладаў. У ходзе наведвання Мінска спадарыняй Міятавіч была выказана рэкамендацыя адмяніць ідэнтыфікацыю карыстальнікаў інтэрнэт-кафэ па пашпартах. Гэтае пытанне было вынесена на шырокае абмеркаванне, і сёння я з задавальненнем магу канстатаваць, што пытанне вырашанае. Прадастаўляць пашпарты у інтэрнэт-кавярнях і іншых пунктах калектыўнага карыстання няма неабходнасці...” Адразу ж пасля заканчэння блоку прамоваў два іншыя прадстаўнікі Беларусі – Юрый Зісер і Наталля Радзіна – першымі пачалі задаваць пытанні, адрасуючы іх Рабаволаву. Падаем даслоўны тэкст пытанняў і адказаў (запіс быў зроблены ГА “БАЖ” у часе анлайн-трансляцыі). Юрый Зісер прамаўляў ад імя “грамадскай няўрадавай арганізацыі “Белінфаком”: “Наша арганізацыя пяць з паловай гадоў спрабуе змяніць нешта ў тэлекамунікацыях. Здаецца, прыняты 60-ы ўказ, паводле якога прадугледжана дэманапалізацыя “Белтэлекама”. Прайшло тры гады, “а воз и ныне там”. Нашы правайдары вымушаны купляць трафік у “Белтэлекама” па коштах, якія перавышаюць у шэсць разоў рознічныя кошты самога “Белтэлекама”... Гэта маё першае пытанне. Другое пытанне больш ад мяне – пра чорныя спісы сайтаў. Учора на канферэнцыі ў пленарнай частцы гаварылася пра тое, што самі чорныя спісы не павінныя быць таямніцай, што павінна быць вядома, хто ў чорных спісах, і тыя, хто ў іх, павінныя пра гэта ведаць... І чаму ў гэтых спісах разам з тэрарыстычнымі сайтамі прысутнічаюць сайты медыяў – “Хартыі-97”, “Белорусского партизана”, “Вясны-96”, блогі нават?.. Дзякуй!” Наталля Радзіна: “Гэта, канешне, усё цудоўна – тое, што сказаў спадар Рабаволаў. Па вялікім рахунку, гэта прадстаўнік спецслужб Беларусі. Я б хацела адзначыць 2 моманты – як рэгулююць інтэрнэт у Беларусі. Я – галоўны рэдактар сайта “Хартыя-97”, гэта вядучы незалежны інтэрнэт-рэсурс у Беларусі. У 2010 годзе Аляксандр Лукашэнка, якога справядліва называюць “апошнім дыктатарам Еўропы”, падпісаў указ пра рэгуляванне інтэрнэту. Выконваць гэты ўказ даручана новастворанай структуры – Аператыўна-аналітычнаму цэнтру, прадстаўніка якога мы тут бачым... Паводле гэтага ўказу (ён дзеліцца на 2 часткі), ідзе поўная рэгістрацыя карыстальнікаў і захоўваецца інфармацыя пра аказаныя ім паслугі. Далей – увесь бізнэс пераводзіцца на беларускі хостынг. Выконваць гэты ўказ даручана ААЦ, і, згодна з іх рэкамендацыямі, сапраўды ўводзяцца чорныя спісы. У чорныя спісы трапілі апазіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы. Быў пыл у вочы – маўляў, гэта дзіцячая парнаграфія і таму падобнае. І пад гэта ўсё трапілі вядучыя інтэрнэт-рэсурсы. Мы губляем вялізную аўдыторыю з-за гэтага. Таму што эканоміка ў Беларусі – дзяржаўная, а сайты з чорных спісаў забароненыя да паказу ў дзяржаўных установах. Сёння прадстаўнік ААЦ гаварыў пра тое, што неабходны дыялог, і як добра, што тут ёсць журналісты. Так, я сёння магу быць тут. Але, калі б я была ў Беларусі, я была б у турме. Таму што ў тым жа 2010 годзе быў забіты заснавальнік сайта Алег Бябенін, былі двойчы разгромленыя спецслужбамі офісы рэдакцыі сайта “Хартыі”, я трапіла ў турму, мяне абвінавацілі ў арганізацыі акцыі пратэсту. Паводле гэтага абвінавачання мне пагражала да 15 гадоў турмы. Я збегла з краіны напярэдадні суда. Вы мне будзеце казаць пра нейкі дыялог? Вы сёння хваліцеся і кажаце Дуні Міятавіч, што адмянілі рэгістрацыю па пашпартах у інтэрнэт-кафэ. У вас сядзяць журналісты фактычна пад хатнім арыштам. Гэта Ірына Халіп, гэта Анджэй Пачобут. Вы працягваеце душыць свабоду слова, няма незалежнага тэлебачання, няма радыё, вы знішчаеце інтэрнэт. Вы знішчаеце яго і законам, і брутальным чынам, як гэта адбывалася з сайтам “Хартыі”. Далей, з нагоды дыялогу нібыта з бізнэс-супольнасцю. Гэта таксама смешна. Таму што манаполія “Белтэлекаму”, тое, пра што вы гаворыце, – гэта проста пераразмеркаванне рынку. Вы можаце ствараць якую заўгодна структуру, але ўвесь інтэрнэт-трафік будзе ўсё роўна пад вашым кантролем. Вы кансультуецеся выключна з бізнэсмэнамі, якія працуюць з вамі. Юрый Зісер, які задаў справядлівыя пытанні, атрымаў звышпрыбытак ад гэтага вашага ўказу. Таму што пры пераводзе ўсяго беларускага бізнэсу на беларускі хостынг атрымаў прыбытак ён. Таму што ён – уладальнік найбуйнейшай хостынгавай кампаніі . Таму – звычайная карупцыйная здзелка. Ні пра якія дыялогі гаворкі ісці не можа. Таму давайце ўсё ж альбо вы не будзеце сюды прыязджаць, альбо будзеце маўчаць, таму што сказаць вам няма чаго...” Уладзімір Рабаволаў: “Я спачатку адкажу на пытанне спадара Зісера адносна працэсу дэманапалізацыі “Белтэлекама”. Напэўна, пагаджуся, што было б, напэўна, лепш, каб пытанні дэманапалізацыі былі вырашаныя год альбо паўтара таму. Але гэта працэс вельмі складаны. Для таго, каб вырашыць пытанне, трэба вельмі сур'ёзнае тэхнічнае развіццё, неабходна стварыць пэўную інфраструктуру. Я ў сваім выступе казаў, што мы прыцягнулі буйныя замежныя інвестыцыі. Хто ведае, што з сябе ўяўляюць гэтыя дамоўныя стасункі, напэўна, зразумее, як няпроста вырашаюцца гэтыя пытанні. Зноў правяду аналогію: можна пайсці ў гандлёвыя шэрагі і хуценька купіць нейкі прадукт. Тады мы рызыкуем купіць няякасны прадукт і патраціць лішнія грошы. Можна крыху пахадзіць, паглядзець, пагандлявацца. Мы выбралі другі шлях. Магу сёння канстатаваць, што мы ўлічылі і інтарэсы інвестараў, і інтарэсы дзяржавы. Мы ўзялі па добрым кошце добры прадукт. Колькі часу спатрэбіцца на рэалізацыю праекта – у мяне няма зараз ніякіх дадзеных. Але я магу з упэўненасцю сказаць, што праект пачаў рэалізоўвацца. Колькі па часе? Гэта залежыць і ад прадпрыемства “Беларускія воблачныя тэхналогіі”, і ад Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам, які з'яўляецца сузаснавальнікам арганізацыі “Беларускія воблачныя тэхналогіі”... Другое пытанне – па чорных спісах. Гучыць, канешне, страшна: “чорныя”. Давайце я паспрабую патлумачыць, што гэта такое. У Беларусі ў адпаведнасці з заканадаўствам прадугледжана дабравольная фільтрацыя. Гэта замацавана ў тым жа ўказе, які спадарыня Радзіна назвала. Кожны карыстальнік можа заключыць дамову і абмежаваць доступ да пэўных сайтаў – для сваіх дзяцей, для сябе асабіста, як заўгодна... Акрамя таго, ёсць абавязковае абмежаванне доступу. Дзяржава, як любы працадаўца, мае правы ўсталёўваць свае правілы, умовы працы. Так, абмежавана ў дзяржаўных органах. Я мяркую, на працы трэба працаваць, а не глядзець сайты. Гэта ні ў якім разе не выключае права кожнага чалавека тут жа ўзяць планшэт, тэлефон і тут жа на працоўным месцы ў часе абеду зайсці на “Хартыю-97". Ніякіх праблем...” Мадэратар нагадаў выступоўцу пра рэгламент і ў хуткім часе перапыніў дыскусію, прапанаваўшы перанесці яе ў кулуары.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Дзяржава, як любы працадаўца, мае права ўсталёўваць свае правілы, умовы працы. Так, абмежавана ў дзяржаўных органах. Я мяркую, на працы трэба працаваць, а не...
|
|