Аляксандр Лукашэнка: "Мы значна рушылі за гэтыя гады наперад"
19.03.2013
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля завяршэння ў Санкт-Пецярбургу пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы даў інтэрв'ю Сафіі Шэварнадзэ, вядучай праграмы Ехсlusіvе іntеrvіеw wіth Sорhіе Shеvаrdnаdzе на тэлеканале Russіа Tоdау, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прэзідэнт адказаў на пытанні, якія тычыліся інтэграцыйнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі ў розных фарматах, гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, унутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі і ўзаемаадносін з Захадам. Развіццё інтэграцыйных утварэнняў у сучасным свеце непазбежнаеАляксандр Лукашэнка лічыць непазбежным развіццё інтэграцыйных утварэнняў у сучасным свеце, што садзейнічае павышэнню канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік. Ён падтрымаў тэзіс, агучаны Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным на праведзеным 15 сакавіка пасяджэнні ВДС, аб тым, што ў рамках Саюзнай дзяржавы рэалізуюцца праекты пілотнага характару. Гэты вопыт потым становіцца запатрабаваным і ў іншых інтэграцыйных утварэннях. "Мы вельмі шмат зрабілі ў галіне правоў чалавека, у эканоміцы, адукацыі, ахове здароўя, спорце, культуры. Мы ўзмацнілі кааперацыю, складаем адзіныя балансы ў гандлі паміж краінамі, пачынаючы ад нафты і завяршаючы малаком, цукрам. Мы стварылі адзіную абаронную прастору. У нас адзіная знешняя палітыка", — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. "Таму мы значна рушылі за гэтыя гады наперад, хоць мы не знайшлі ў сабе сіл для рэалізацыі тых функцый і таго будаўніцтва, якое было прадугледжана дагаворам (Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. — Заўвага БЕЛТА), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але мы з часам прыйшлі да таго, што, напэўна, мы яшчэ не гатовы да гэтага. Гэта і аб'ектыўныя, і суб'ектыўныя розныя прычыны. Але працэс будаўніцтва Саюзнай дзяржавы даў штуршок вельмі цікаваму новаму ўтварэнню, Мытнаму саюзу, а цяпер АЭП, якую мы спрабуем пераўтварыць у Еўразійскі эканамічны саюз". У кіраўніка беларускай дзяржавы пацікавіліся, ці згодны ён з меркаваннем, што еўразійская інтэграцыя — гэта своеасаблівая спроба адрадзіць міні Савецкі Саюз. "Гэта справа густу кожнага. Хтосьці параўноўвае з міні Савецкім Саюзам, хтосьці з Еўрасаюзам. Няхай гавораць, што хочуць, а мы павінны ісці наперад. Мы за час існавання Мытнага саюза толькі паміж Расіяй і Беларуссю дасягнулі тавараабароту $45 млрд. З іх за апошнія два гады плюс $16 млрд. Гэта каласальны прырост тавараабароту. Прычым гэта не толькі за кошт набыцця і куплі з нашага боку расійскіх энергарэсурсаў. У нас імпарт і экспарт аднолькава прырос. Значыць, гэта дало салідны штуршок развіццю эканомікі Расіі і Беларусі. Тое ж самае і адносна Казахстана", — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. "Параўноўваць можна з Савецкім Саюзам, можна з Еўрапейскім саюзам, з любым іншым. Але, калі мы з саюзамі параўноўваем, мы гаворым аб тым, што ў свеце наогул ідзе такі паўсюдны працэс інтэграцыі, утварэнне саюзаў. Паглядзіце, Азіяцка-Ціхаакіянскі саюз, МЕРКОСУР у Лацінскай Амерыцы і гэтак далей. Усюды праходзяць гэтыя ўтварэнні, для таго каб у гэтай канкурэнтнай барацьбе выжываць. Чаму мы не можам выкарыстоўваць вопыт Савецкага Саюза ў выбудоўванні нашых адносін?" — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. "На жаль, мы Савецкі Саюз не адновім. Яго нельга аднавіць, вельмі ўжо далёка мы пайшлі. Але лепшае давайце адтуль возьмем для таго, каб новыя незалежныя дзяржавы маглі больш эфектыўна супрацоўнічаць паміж сабой, выжываць у цяжкі час, ствараць дадатковыя выгады для сваіх народаў", — дадаў Прэзідэнт Беларусі. Беларусь выжыве ў выпадку чарговага сусветнага крызісу Кіраўніка беларускай дзяржавы папрасілі пракаментаваць апублікаваны нядаўна даклад дырэктара нацыянальнай разведкі ЗША, у якім гаворыцца, што ў 2013 годзе Беларусь можа сутыкнуцца з новым эканамічным крызісам. "А Амерыка не можа сутыкнуцца? — задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка. — Я сказаў бы так, што ўвесь свет, у тым ліку Беларусь, можа сутыкнуцца з эканамічным крызісам, калі ён будзе чарговы раз паходзіць з яго радзімы, са Злучаных Штатаў Амерыкі". "Тое, што сёння Еўропа прасела, правалілася эканамічна, — факт. Там палавіна нашага экспарту. Што адбудзецца з нашай эканомікай? Вядома, і яна будзе прасядаць. І ў Расіі мы крыху праселі, хоць у Расіі крызісу яшчэ няма эканамічнага. Але, тым не менш, рынкі праселі. Мы ўжо адчуваем гэта прасяданне, але пакуль трымаемся", — адзначыў беларускі лідар. "А тым больш для Грузіі, Беларусі, Украіны, дзе рэальны сектар эканомікі, дзе практычна няма вуглевадародаў, цана на якія ў свеце яшчэ высокая, няма чым падмацавацца, — вядома, гэта заўсёды праблема, калі ўвесь свет прасядае. Але ў нас ёсць свае добрыя "загашнікі". Калі нам трэба, мы будзем карыстацца нашымі рэзервамі. Мы выжывем", — упэўнены кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама пракаментаваў супрацоўніцтва Беларусі з МВФ, да якога Беларусь звярнулася за крэдытнай падтрымкай у час мінулага крызісу. "Тады яны нам прадыктавалі вельмі жорсткія эканамічныя ўмовы — і мы іх вытрымалі. Жарсткавата, але яны нам прапанавалі тое, што мы самі павінны былі зрабіць і пачалі рабіць, — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Незалежная палітыка краіны — прычына рознагалоссяў з Еўрасаюзам "Я магу сказаць вам, па якіх прычынах асноўных я ім непрымальны. Не таму, што аўтарытарны. Гэта, можа, сапраўды так. І не таму, што мяне называюць дыктатарам — цяпер ужо не гавораць ні пра аўтарытарызм, ні пра дыктатуру. Гэта некалі гаварылі. З Амерыкі прыслалі ім гэтыя тэзісы, як мяне абазваць, — сказаў Прэзідэнт. — З'явілася такая новая незалежная дзяржава Беларусь. А месцы пад сонцам усе разабралі. А тут Лукашэнка вельмі рэзка, гэтак жа як Грузія і іншыя, пачаў патрабаваць сабе месца пад сонцам. І занялі, некага, можа, пацясніўшы. Вядома, некаму гэта не спадабалася". "У нас сапраўды жорсткая сістэма ўлады, дзе асабліва не разгуляешся і ў парламенце мардабоем займацца не будзеш, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Разумееце, калі ўлада раз'яднана: паўнамоцтвы парламента, паўнамоцтвы ўрада, у прэзідэнта ніякіх паўнамоцтваў, — тады лягчэй зводзіць, разводзіць, біцца. А ў выніку народ будзе пакутаваць. Тады можна лягчэй прысвоіць, прыватызаваць нейкае прадпрыемства за бясцэнак. Ім трэба вось гэта". Што датычыцца свабоды слова і плюралізму, Прэзідэнт упэўнены, што ў Беларусі гэтага хапае, асабліва ва ўмовах развіцця СМІ і інфармацыйных тэхналогій: "Мы акружаны практычна — у сучасным свеце асабліва — усімі сродкамі масавай інфармацыі. А інтэрнэт? У нас, паводле падлікаў, 51 працэнт актыўнага насельніцтва сядзіць у інтэрнэце". "Сёння закрыць рот не мае сэнсу, гэта будзе на шкоду. Я зусім іншы чалавек. Я ніколі нікому не закрываў рот. Я адкрыты для дыскусій, давайце дыскутаваць, але толькі не з падваротні і не брудам паліваць адзін аднаго, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Я ў сабе адчуваю сілы для таго, каб змагацца і процістаяць нападкам на сябе асабіста, на маю сям'ю, маіх дзяцей і на маю дзяржаву", — падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не ўспрымае сур'ёзна сваіх палітычных апанентаў на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 годзе. "Калі яны вырашылі ісці на выбары, я рабіў усё, каб іх зарэгістравалі і каб яны паказаліся народу. І яны паказалі, хто яны ёсць, — адзначыў Прэзідэнт. — Дзесяць альтэрнатыўных кандыдатаў. Колькі яны там набралі, 1,5 або 2 працэнты. Вось іх рэйтынг". "Як іх сур'ёзна ўспрымаць, калі яны выходзяць і нясуць такую ерась, што нават народ іх не ўспрымае. Прычым у адкрытым прамым эфіры. Мы ўжо нікога не закрывалі. Нават калі яны ў парушэнне Канстытуцыі ўсіх клікалі ўзяць у рукі кайло і вілы і ісці ламаць, разбураць на плошчу. Прыйшлі 800 чалавек. З іх 400 пастаянных апазіцыянераў. Вось і ўсё. Праўда, пачалі ламаць і разбураць Дом урада", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У кіраўніка дзяржавы пацікавіліся меркаваннем, чаму за гады яго прэзідэнцтва ў Беларусі не з'явілася ніводнай моцнай альтэрнатыўнай фігуры. "Ну, напэўна, пакуль дзеючая фігура моцная. Таму вы ў цені яе не бачыце іншых фігур. Выбачайце за нясціпласць. Але гэта пытанне не да мяне", — заўважыў Прэзідэнт. Прэзідэнт не рыхтуе сабе пераемніка "Я такімі катэгорыямі не мыслю, што я некаму павінен перадаць уладу. Я пакляўся, што я ні ў якім выпадку не буду перадаваць уладу сваім родным, блізкім, сваякам або дзецям. Гэта выключана. Але самае галоўнае, улада ў нас пасля Лукашэнкі будзе ў таго, хто яе выйграе на выбарах. Сумленных, як я некалі першы раз у першыя прэзідэнцкія выбары выйграў, прыйшоўшы з апазіцыі, я быў апазіцыйным кандыдатам у прэзідэнты. І так, як я выйграваў увесь час. Хоць і мяне крытыкавалі, што дыктатура, выбары фальсіфікуе. Той, хто аб'ектыўна ацэньвае, той ніколі не скажа, што Лукашэнка выйграваў дзякуючы фальсіфікацыі. Я паводзіў сябе сумленна ў гэтых адносінах, і я хачу, каб пасля Лукашэнкі прыйшлі людзі гэтак жа, сумленным шляхам. У адваротным выпадку беларусы ніколі не згодзяцца з гэтым", — заявіў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не рыхтуе сабе пераемніка. "Скажу вам шчыра, задумваючыся над гэтым пытаннем, я пакуль для сябе так і вызначыў, што нават і падтрымліваць публічна нікога не буду. Усё павінна быць сумленна. Народ павінен выбраць сабе кіраўніка сам, калі прыйдзе для гэтага час". Прэзідэнта таксама папрасілі пракаменціраваць фразу, сказаную ў час аднаго з візітаў у Венесуэлу адносна яго малодшага сына Мікалая аб тым, што праз гады будзе каму прадоўжыць пачатую справу. "Я гэта вельмі добра памятаю, і я адказна гэта сказаў. Прадаўжаць жа не значыць, што ўзяў руль кіравання і сеў у крэсла прэзідэнта. Такіх у нас, як малодшы сын Лукашэнкі, — мільён, а можа быць, і больш, і яны будуць прадаўжаць тую справу, якую Лукашэнка некалі пачаў", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Галоўны вынік нашай — Лукашэнкі і яго калег — работы, што мы ўпершыню ў гісторыі ўжо два дзесяцігоддзі жывём у незалежнай дзяржаве. Мы стварылі ўсе атрыбуты гэтай дзяржавы, — адзначыў Прэзідэнт. — Пры гэтым выраслі многія пакаленні, і вырастуць такія, як малодшы сын Лукашэнкі. І будзе магчымаць, будуць людзі, якія будуць прадаўжаць гэта. Я не меў на ўвазе, што малодшы сын, якому я перадам уладу", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што не хацеў бы, каб яго сын Мікалай пайшоў у палітыку. "Ён наеўся ўжо ва ўзросце васьмігадовым гэтай палітыкі — ад бацькі ён гэта ўбачыў, у яго нават такога жадання ў дзяцінстве не было і няма, што вось у мяне тата прэзідэнт, я таксама буду прэзідэнтам. Ні ў якім выпадку. Я нават на гэту тэму дома не размаўляю. Гэта не дзіцячыя рэчы, — заявіў Прэзідэнт. — Што датычыцца дарослых сыноў, дык яны мне прама гавораць: "Тата, мы наеліся твайго прэзідэнцтва". Таму ў нас няма гэтых размоў аб перадачы ўлады. Я і ўвогуле не вяду сёння размовы аб тым, што я некаму павінен уладу перадаваць, і не рыхтую чалавека, якому я павінен перадаць уладу. Народ павінен вызначыцца ў канкурэнтнай барацьбе", — дадаў Прэзідэнт. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля завяршэння ў Санкт-Пецярбургу пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы даў інтэрв'ю Сафіі... |
|