Развiтая сельская гаспадарка — дабрабыт народа i стабiльнасць дзяржавы. 21.by

Развiтая сельская гаспадарка — дабрабыт народа i стабiльнасць дзяржавы

03.05.2013 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларусь поўнасцю забяспечыла сваю харчовую бяспеку, стварыўшы магчымасці для інтэнсіўнага развіцця сельскай гаспадаркі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў, наведваючы Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт (БДАТУ), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ, адказаў на ўсе пытанні, якія іх цікавілі. Кіраўнік дзяржавы зайшоў у аўдыторыю падчас лекцыі на тэму выкарыстання нетрадыцыйных крыніц энергіі ў сельскай гаспадарцы і прыняў актыўны ўдзел у дыскусіі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ва ўсім свеце ідзе барацьба за доступ да энергарэсурсаў і, у першую чаргу, да вуглевадароднай сыравіны. Менавіта таму пытанне атрымання энергіі з нетрадыцыйных крыніц і максімальнае выкарыстанне мясцовых рэсурсаў становяцца ўсё больш актуальнымі. "Да канца гэтай пяцігодкі мы павінны выйсці на 30 працэнтаў электраэнергіі, якая выпрацоўваецца з уласных крыніц. І атамная электрастанцыя — гэта мінус 5 млрд куб.м прыроднага газу", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб сельскай гаспадарцы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што кожная дзяржава, якая імкнецца да ўстойлівага развіцця, самастойнасці і дабрабыту надае аграпрамысловаму комплексу асаблівую ўвагу: "Сельская гаспадарка — гэта і прадукты харчавання, якія ўсім патрэбны кожны дзень, і сыравіна для перапрацоўчай прамысловасці, і сфера дзейнасці значнай часткі насельніцтва. Ад стану спраў у гэтым сектары эканомікі залежаць дабрабыт народа і стабільнасць дзяржавы".

Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер Беларусь поўнасцю задавольвае свае патрэбнасці ў прадуктах харчавання і амаль палавіну пастаўляе на экспарт. Па выніках 2012 года яго аб'ём склаў больш як $5 млрд, а да канца 2015 года павінна быць $7 млрд. "Можна ганарыцца тым, што ў разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД. Па вытворчасці мяса мы зраўняліся з Германіяй, а па малаку прыкладна ў два разы перавышаем асноўныя развітыя ў аграрных адносінах еўрапейскія краіны", — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб рэалізацыі ў 2005-2010 гадах маштабнай дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі. Калі тады асноўны ўпор рабіўся на развіццё сацыяльнай сферы, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для жыцця людзей у вёсцы, то сёння, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна сканцэнтравацца на развіцці вытворчай сферы. Цэнтрам сельскага жыцця ў перспектыве павінны стаць сучасныя аграгарадкі, а сельская гаспадарка ў цэлым павінна быць больш эфектыўнай. "Нам ні ў якім выпадку нельга рэзаць буйныя гаспадаркі на кавалкі. Мы не супраць фермераў, але за буйнатаварнай гаспадаркай будучыня", — упэўнены Прэзідэнт.

Усяго ў Беларусі створана амаль паўтары тысячы аграгарадкоў, дзе забяспечаны сацыяльныя стандарты для пражывання.

Для паспяховага развіцця сельскай гаспадаркі не менш важна і падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў. Тут кіраўнік дзяржавы патрабуе ў першую чаргу рабіць упор на практычную падрыхтоўку студэнтаў падчас навучання ў ВНУ. Разам з тым, Прэзідэнт канстатаваў некаторае адставанне аграрнай адукацыі ад патрабаванняў сучаснай вытворчасці, што ў многім абумоўлена ўстарэлай навучальнай базай. У той жа час кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтаму ёсць і аб'ектыўныя прычыны: "Хутка змяняюцца тэхналогіі і іх тэхнічнае забеспячэнне. Мы, ды і не толькі мы, ніколі не паспеем пад іх аснасціць навучальны працэс. Вось чаму пастаўлена пытанне аб пераглядзе праграм навучання такім чынам, каб будучы малады спецыяліст на апошніх курсах атрымаў максімум вытворчых навыкаў і ведаў, праходзячы навучанне большую частку часу не ў аўдыторыях ВНУ, а непасрэдна на вытворчасці, у канкрэтных гаспадарках".

Студэнты задалі кіраўніку дзяржавы шэраг пытанняў, звязаных з іх непасрэднай спецыялізацыяй — сельскай гаспадаркай. У прыватнасці, цікавіла магчымасць павышэння закупачных цэн на сельгаспрадукцыю насельніцтва. Прэзідэнт паабяцаў, што закупачныя цэны значна зменяцца ў бок павелічэння.

Спыталі кіраўніка дзяржавы і аб перспектывах далейшага развіцця ў краіне льнаводчай галіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у бліжэйшыя гады поўнасцю мадэрнізуе вытворчасць ільняных вырабаў.

Паводле яго слоў, пытаннямі мадэрнізацыі вытворчасці і перапрацоўкі лёну ў Беларусі займаюцца непасрэдна "ад поля да льнокамбіната". "Паглядзіце на герб — там канюшына і лён. Таму нават палітычна мы не можам адысці ад гэтай культуры", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Адказваючы на пытанне, якое датычылася перспектыў аб'яднання беларускага "Гомсельмаша" і расійскага "Растсельмаша", Прэзідэнт адзначыў, што гэта было б вельмі выгаднай здзелкай. У той жа час кіраўнік дзяржавы канстатаваў адсутнасць прагрэсу ў перагаворным працэсе.

"Для нас гэта было б вельмі выгадна, калі б яны згадзіліся на тыя ўмовы, якія ім прапанаваны, таму што "Растсельмаш" сёння вельмі слаба працуе. Але гэта адзін з самых магутных у свеце вытворцаў сельгастэхнікі. Гэта вялікі рынак, і калі мы ўзялі б пад кантроль гэта прадпрыемства, мы кантралявалі б увесь расійскі рынак", — адзначыў Прэзідэнт.

Аднак, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, свае інтарэсы ёсць і ў беларускага боку, у прыватнасці, было прапанавана набыць "Растсельмаш" і, аб'яднаўшыся, давесці яго да ўзроўню "Гомсельмаша", пастаўляць сумесную прадукцыю на рынкі. "Думаюць. Мне здаецца, гэтыя думы скончацца нічым. Пойдуць яны на гэта — добра, але, мне здаецца, не вельмі яны да гэтага гатовы і не вельмі спяшаюцца".

Студэнты пацікавіліся перспектывамі будаўніцтва арэнднага жылля ў Мінску, а таксама іпатэчнага крэдытавання.

"Арэнднае жыллё з часам будзе абсалютным прыярытэтам у будаўніцтве жылля", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як расказаў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, у гэтым годзе ў сталіцы плануецца ўвесці пяць арэндных дамоў, у наступным — 10. Акрамя таго, у арэнднае жыллё пераведзена ўжо 200 кватэр, якія размеркаваны маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў грамадзянам.

Прэзідэнт лічыць, што вырашэннем жыллёвага пытання павінны займацца кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, будуючы сваім работнікам арэнднае жыллё. "Кіраўнік павінен узяць тыпавы праект, прывязаць яго да вашых умоў і будаваць. Крыніцы фінансавання могуць быць розныя, падумайце. Чымсьці і мы можам дапамагчы", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Мы гэта апрабавалі ўжо, а цяпер не чакайце, што толькі дзяржава пабудуе за кошт бюджэту, давайце і на месцах", — дадаў Прэзідэнт.

Што датычыцца iпатэчнага крэдытавання, то, на думку кiраўнiка дзяржавы, яно атрымае развiццё ў Беларусi са знiжэннем працэнтных ставак.

"Іпатэчнае крэдытаванне будзе развiвацца. Уся праблема — вельмi высокiя працэнты па крэдытах. Таму людзям узяць пад заклад маёмасцi або будучага дома гэты крэдыт — вялiкая нагрузка", — адзначыў Прэзiдэнт. Ён канстатаваў, што цяпер iдзе знiжэнне ставак па крэдытах. "Калi крэдыт будзе каштаваць 5 працэнтаў, максiмум 10 працэнтаў — i iпатэка ў нас пойдзе", — лiчыць Аляксандр Лукашэнка.

Кiраўнiк дзяржавы па просьбе студэнтаў расказаў, цi вырашыць энергетычную праблему ў краiне будаўнiцтва АЭС.

Прэзiдэнт падкрэслiў, што Беларусь будуе АЭС, у першую чаргу, для забеспячэння насельнiцтва нармальнымi тарыфамi на электраэнергiю. "Перш чым экспартаваць электраэнергiю, нам трэба па нармальных цэнах забяспечыць свой унутраны рынак. Усё, што застанецца, мы будзем экспартаваць, калi ў гэтым будзе сэнс, гэта значыць, калi там нам заплацяць больш, чым кошт атрыманай электраэнергii", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль у Беларусi не хапае сваёй электраэнергii. У асноўным яна закупляецца ў Расiйскай Федэрацыi. "Больш за тое, у Расii мы можам купiць электраэнергiю танней, чым вырабiць сваю. Таму што не мадэрнiзавалi доўга свае энергетычныя прадпрыемствы", — адзначыў Прэзiдэнт. Паводле яго слоў, каля $9 млрд у краiне ўжо ўкладзена ў мадэрнiзацыю такiх прадпрыемстваў, у бягучай пяцiгодцы плануецца поўнасцю завяршыць гэты працэс.

"Так, нешта, напэўна, будзе для экспарту. Я лiчу, што ў Еўрасаюзе заўсёды будзе дарагая энергiя, i мы зможам нешта прадаць. Але мы будуем АЭС не для таго, каб экспартаваць. Трэба па нармальных тарыфах, нармальных цэнах забяспечыць насельнiцтва i сваю вытворчасць электраэнергiяй", — сказаў кiраўнiк дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што калi б была магчымасць, ён пачаў бы будаваць у Беларусi другую АЭС. "Калi б у мяне была магчымасць пачаць будаваць цяпер другую атамную станцыю, я абавязкова пачаў бы яе будаваць. Але пакуль няма нi падрадчыка, нi грошай, нi той краiны, якая выдзелiла б крэдыт для будаўнiцтва. А пляцоўка ж у нас увогуле ёсць", — сказаў Прэзiдэнт.

"Вы нiкога не слухайце, што, вось, Чарнобыль, нам гэта станцыя не патрэбна i гэтак далей. Гэта ўсё праплачана. Наша станцыя i расiйская ў Калiнiнградзе — гэта костка ў горле Еўрасаюзу i дзяржавам Балтыi. Яны ўжо спазнiлiся, у iх не атрымлiваецца пабудаваць сваю станцыю, яны будуць нам ужо не канкурэнты i iм давядзецца купляць нашу i расiйскую электраэнергiю", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, iдзе канкурэнтная барацьба. "I яны нашу пятую калону мабiлiзавалi на тое, каб змагацца супраць будаўнiцтва атамнай электрастанцыi", — дадаў кiраўнiк дзяржавы.

Прэзiдэнт адзначыў, што ў яго на гэта просты адказ: Беларусь з усiх бакоў акружана атамнымi электрастанцыямi. "Мы акружаны ланцугом атамных электрастанцый. Калi зыходзiць з пытанняў бяспекi, то Чарнобыльская АЭС не на нашай жа была тэрыторыi, а хто зведаў гора больш за ўсiх? Мы. Мы ўжо жывём у гэтай небяспечнай зоне. Дык што будзе лепш: калi вакол нас будуць будаваць станцыi, а мы будзем глядзець на чужыя або мы сваю пабудуем?" — спытаў кiраўнiк дзяржавы. Таму, паводле слоў Прэзiдэнта, тыя, хто выступае супраць будаўнiцтва ў Беларусi АЭС, — "праплачаныя Захадам людзi".

Студэнты задалi Прэзiдэнту i шэраг асабiстых пытанняў, пацiкавiўшыся, як ён праводзiць вольны час, рэцэптам захавання добрай фiзiчнай формы. Спыталi i аб яго прагнозах адносна пераможцы ў конкурсе "Еўрабачанне" ў гэтым годзе.

Аляксандр Лукашэнка лiчыць песенны конкурс "Еўрабачанне" абсалютна не аб'ектыўным. "Я, можа, больш, чым вы, перажываю за гэты конкурс, хоць добра разумею i ўсведамляю ўсё, што там адбываецца, для многiх з вас гэта скрыта. Я ведаю, што гэта абсалютна не аб'ектыўны конкурс, — заявiў Прэзiдэнт. — Любая дзяржава, калi трэба, можа табе даць любы бал, i ўсё, што вы бачыце з экрана, гэтыя балы i гэтак далей — усё гэта фiкцыя, шоу".

Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, улiчваючы, што краiны на "Еўрабачаннi" галасуюць у асноўным за сваiх суседзяў, каб перамагчы, трэба паказаць нешта вельмi асаблiвае. "Гэты конкурс не зусiм аб'ектыўны, i для нас, беларусаў, перамагчы — гэта верх усяго. Не ведаю, што павiнна адбыцца", — лiчыць Прэзiдэнт.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь поўнасцю забяспечыла сваю харчовую бяспеку, стварыўшы магчымасці для інтэнсіўнага развіцця сельскай гаспадаркі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика