Дом, дзе жывуць Статкевічы, хочуць знесці. Адміністрацыя: тут генплан, а не палітыка. 21.by

Дом, дзе жывуць Статкевічы, хочуць знесці. Адміністрацыя: тут генплан, а не палітыка

20.10.2016 18:10 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У мінскай Лошыцы хочуць знесці хату Марыны Адамовіч, жонкі палітыка Мікалая Статкевіча. Сам палітык упэўнены, што такое рашэнне прынялі, каб яго «супакоіць». Але гарадскія ўлады кажуць, што гэта звязана з даўно прынятым праектам па забудове горада, а не з палітыкай.


Марына Адамовіч і Мікалай Статкевіч жывуць у невялікім доме на два канцы. Фота: Наша Ніва

«Нядаўна ўлады паведамілі аб сваім рашэнні знесці дом, дзе я жыву, у сувязі з раптоўна ўзніклымі „грамадскімі патрэбамі“. Гэты стары дом з садам належыць маёй жонцы. Яна ў ім вырасла», — паведаміў Статкевіч.

«Тут сотак 12: яблыні, грушы, вішня, ажыны… Хацеў пасадзіць яшчэ маладых дрэўцаў, але сэнс ужо…» — паціскае плячыма Мікола Статкевіч.

На яго думку, рашэнне знесці яго дом — выключна палітычнае.

«Я за штрафы пазбаўлены права кіраваць аўтамабілем, арыштаваны мой нумар мабільнага, палову пенсіі вылічваюць… І вось яшчэ з домам гэтая гісторыя цяпер. Я лічу, што гэта накіравана менавіта супраць мяне, бо паперу прынялі пасля нашай акцыі за справядлівыя выбары, якая прайшла 12 верасня. Рашэнне аб зносе раптоўна прынялі на наступны дзень — 13 верасня. Думаю, рашэнне прынялі на самым версе. Ну, з аднаго боку, я чагосьці такога і чакаў, бо я ведаю, што за чалавек кіруе нашай краінай. Гэта логіка турмы: калі ў турме бачаць, што ў цябе ёсць штосьці добрае, то гэта абавязкова забяруць», — кажа Статкевіч.

У гэтым доме яго жонка Марына Адамовіч пражыла, фактычна, усё жыццё.


Фота: Наша Ніва

«У свой час, калі Лошыца яшчэ не была часткай горада, тут было два інстытуты: навукова-даследчы інстытут бульбаводства і плодаагародніцтва ды інстытут раслінаводства. І супрацоўнікам інстытутаў, мясцовага саўгаса і Міністэрства сельскай гаспадаркі выдзялялі зямлю тут, дзе стаяць нашыя дамы. Некалькі вуліц яшчэ захавалі тое аблічча: тыповыя аднапавярховыя дамкі на дзве кватэры, так званыя «фінскія». Пасля нашчадкі тых навукоўцаў прыватызавалі гэтае жыллё, — распавядае Марына Адамовіч. — Яшчэ ў маім дзяцінстве гэтыя мясціны лічыліся ахоўнай зонай ракі Свіслач. Потым, як мы бачым на прыкладзе гаргары, што стаіць на праспекце Незалежнасці, ахоўная зона значна пасунулася. Пасунулася яна і тут.

Мой бацька ствараў сістэму сярэдняй спецыяльнай адукацыі для работнікаў сельскай гаспадаркі. Ён атрымаў гэты дом — дакладней, адну з дзвюх кватэраў у ім. Паплакала тут мая маці, бо тут не было нічога, рукамі ж перакопваўся надзел, не было ані матаблокаў, анічога.

Пасягальніцтвы на гэтую тэрыторыю былі і раней: у 2009 годзе нам паведамлялі, што вядуцца нейкія работы па праектаванні… Але ж пазней запэўнілі, што нашы дамы не знясуць".

І сапраўды, год таму паведамлялася, што частку прыватных дамоў у Лошыцы знясуць. Але не ўсе. На тэрыторыі раёна меркавалася захаваць толькі 13 сядзібаў па адрасах: зав. Лошыцкі, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10 і вул. Юбілейная, 2, 3, 4, 5, 6. Дом Марыны Адамовіч і Мікалая Статкевіча якраз сярод іх.

«Група гэтых дамоў інтэгруецца ў новае горадабудаўнічае аблічча раёна, адначасова выконваючы пэўную гісторыка-культурную функцыю ў якасці «вёскі вучоных», — казала летам 2015 года «Мінск-навінам» Анастасія Асіповіч, начальнік ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Ленінскага раёна.

«А сёлета нам проста паведамілі, што прынялі рашэнне аб зносе. Канкрэтных тэрмінаў - што? калі? — пакуль ніхто не казаў», — кажа Марына Адамовіч.


Вось такую паперу даслалі Адамовіч і яе суседзям. Фота: Наша Ніва

Вось такую паперу даслалі Адамовіч і яе суседзям.

«Майго тут нічога няма. Усё належыць Марыне. У мяне ёсць толькі столік вось гэты. Я заўсёды кажу так: маю толькі столік і гонар. Столік магу аддаць — астатняе не прасіце! — пасміхаецца Статкевіч.

— Але, калі казаць сур’ёзна, магчыма, вырашылі паспрабаваць уздзейнічаць на мяне праз Марыну. Гэта ж яе дом, дзе яна вырасла… А мы з Марынай заўсёды ўдваіх, а два чалавекі - гэта ж каманда, па сутнасці. Хочуць каб пачаўся разлад ці што, — мяркуе Статкевіч. — Галоўная мэта ўсяго гэтага — каб я супакоіўся. Ці сядзеў ціха, ці з’ехаў нарэшце. Саджаць мяне не хочуць: гэта і не зменіць нічога, і сапсуе «лібералізацыю», якая нібыта ў нас ідзе".


Фота: Наша Ніва

Акрамя Марыны Адамовіч, аналагічную паперу атрымалі і іншыя суседзі. Але на Статкевіча яны не крыўдуюць.

«Ну знясуць, дык кватэру дадуць. Усё роўна я ўжо стары, на зямлі працаваць не магу, — кажа пажылы Уладзіслаў Оскаравіч. — Калі гэта і з-за Міколы, то я на яго не крыўдую».

«Не ведаю, чаму нас вырашылі знесці. У нашай дзяржаве можна чакаць чаго заўгодна, — кажа яшчэ адна суседка, Вольга. — Але ж нам дазволілі зрабіць рэканструкцыю дома, дазвалялі нават будавацца, і вось праз паўгода прыходзіць папера пра знос. Дык навошта тады мы марнавалі грошы і час? Мы былі з мужам у выканкаме, пыталіся, што адбываецца. Канкрэтна ніхто нічога не кажа».

Па словах Вольгі, ёй сказалі чакаць яшчэ адну паперу — калі яна прыйдзе да Новага года, то, маўляў, знясуць дакладна, праз паўгода-год. Калі гэта і «мера пакарання» для Статкевіча, суседка на яго не крыўдуе. Кажа, вінаваты тут не ён.

«Дзяржаве нашай верыць дакладна нельга. Таму я і раблю зараз Карту паляка», — сумна ўсміхаецца жанчына.

Праўда, ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Ленінскага раёна запэўніваюць, што рашэнне аб зносе было прынята раней, яшчэ ў ліпені. То бок, кажуць там, ніякай сувязі з дзейнасцю Статкевіча ў гэтым няма.

«У нас ёсць горадабудаўнічы праект са зменамі. Праектаваў яго „Мінскпраект“, усё зацверджана, было нават грамадскае абмеркаванне. Згодна з праектам, усе дамы ў Лошыцы падлягаюць зносу. Там будуць шматпавярховікі, крамы, дзіцячыя садкі, школа, паліклініка — будзе новы мікрараён, Лошыца-5. А рашэнне горада аб зацвярджэнні зменаў у праекце было прынята яшчэ 7 ліпеня 2016 года», — сцвярджае Таццяна Сідарава, начальнік праектнага аддзела ўпраўлення.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінскай Лошыцы хочуць знесці хату Марыны Адамовіч, жонкі палітыка Мікалая Статкевіча. Сам палітык упэўнены, што такое рашэнне прынялі, каб яго "супакоіць".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

ПнВтСрЧтПтСбВс
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31      
РЕКЛАМА


HotLog Яндекс.Метрика