Вясна — гэта не толькі час абуджэння прыроды, але і навядзення парадку на зямлі. Таму красавік — традыцыйны перыяд добраўпарадкавання роднага горада і вёскі. Парадак павінен быць як у доме чалавека, так і вакол яго.
У мінулую суботу ва ўсіх кутках краіны прайшоў рэспубліканскі суботнік. Па традыцыі ў гэты дзень працоўныя калектывы Лепельшчыны, грамадскасць, прадстаўнікі органаў улады, моладзь і ўсе неабыякавыя грамадзяне працавалі на грамадска-значных аб’ектах, наводзілі парадак на сваіх вытворчых участках, каля дамоў, у дварах. А выдатнае надвор’е ў гэты дзень спрыяла добраму настрою і працаздольнасці.
Ужо з васьмі раніцы кіпела праца. У парку, каля самага возера акультурвалі тэрыторыю работнікі райвыканкама на чале са старшынёй Міхаілам Кісялевічам. Чуўся гул пілы, стук сякеры. Мужчыны высякалі кустоўе, скідвалі яго, жанчыны з граблямі адразу наводзілі парадак. Ніхто не стаяў без справы. Тэрыторыя на вачах набывала прыгожы выгляд. Калі з’явіцца маладая зеляніна, лепяльчане і госці горада з задавальненнем будуць прагульвацца па прыгожых мясцінах і адпачываць на ўлонні прыроды.
Не сядзелі без справы і лідары прафсаюзных арганізацый раёна. Яны шчыравалі сумесна з прадстаўнікамі органаў ўлады і кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый. У рамках Года малой радзімы, а таксама 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі былі набыты дэкаратыўныя вербы і пасаджаны каля памятнага знака на месцы расстрэлу мірных жыхароў у 1941 — 1944 гадах, што знаходзіцца каля сярэдняй школы №3. Хутка, як прыжывуцца прыгожыя дрэўцы, можна будзе прагуляцца па прыгожай алеі.
На працягу ўсяго дня не спынялася праца па добраўпарадкаванні на Лепельшчыне. Суботнік прайшоў вельмі натхнёна і актыўна. Работнікі прадпрыемстваў і арганізацый парупіліся на славу. На іх тэрыторыях, а таксама ў месцах масавага адпачынку — чысціня і парадак.
Дух такіх мерапрыемстваў збліжае любы калектыў. Лічу, што кожнаму жыхару горада прыемна ўсведамляць, што зроблена штосьці важкае для роднага краю, для месца, дзе жывеш і працуеш. Мы павінны імкнуцца, каб наш горад быў прыгожым і чыстым, а суботнік для гэтага добрая нагода.
Чым больш людзей будзе ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах, тым вышэй верагоднасць таго, што наш горад і вёскі стануць чысцей і ўтульней, а грамадзяне будуць усведамляць каштоўнасць сваёй працы і менш смеціць.
“Трэба выхоўваць моладзь прыкладам, дарослым і дзецям разам удзельнічаць у навядзенні парадку на зямлі”, — такое меркаванне гучала ў калектывах.
Мы не павінны заставацца ў баку ад праблемы забруджвання роднага горада. Калі кожны задумаецца над сваімі паводзінамі, сваім стаўленнем да месца, дзе ён жыве, наш горад заўсёды будзе чысты.
Упэўнена, што кожны, хто пабываў на суботніку, адчуў сваё дачыненне да сапраўды карыснай і патрэбнай справы, атрымаў толькі станоўчыя эмоцыі. Калі чалавек, які любіць малую радзіму, выйдзе з венікам і прыбярэ каля свайго дома і месца працы, ён ужо ўнясе ўклад у тое, каб населены пункт заставаўся чыстым. Трэба разумець, што тое, як выглядае наш горад, залежыць не толькі ад працы камунальнікаў, а і ад нас.
Вынік працы на суботніку бачны адразу ж. Праходзячы міма прыбраных пляцовак і вуліц на наступны дзень, прыемна назіраць, як матулі прагульваюцца з дзецьмі менавіта ў тых месцах, дзе напярэдадні прыбраліся.
Пацікавілася, як лепяльчане ставяцца да суботнікаў.
— Даўно ўжо не працую, знаходжуся на заслужаным адпачынку, аднак не засталася ў баку ад карыснай справы. З самай раніцы навяла парадак на прысядзібным участку: высадзіла кветкі, прыбрала смецце і сухую расліннасць, — кажа Вольга Жарнасек, пенсіянерка.
— Калі ішла па горадзе зранку, прыемна было бачыць, што лепяльчане масава выйшлі на вуліцы і займаюцца добраўпарадкаваннем. Асабліва прыемна бачыць школьнікаў, якія рупяцца каля помнікаў. Гэта ж наша памяць, — дзеліцца ўражаннямі жыхарка горада Лепеля Вікторыя Мазго.
— Суботнік — добрая традыцыя, якая ўжо на працягу многіх гадоў існуе ў нашай краіне. Дзякуючы яму людзі аб’ядноўваюцца, каб зрабіць свае гарады і вёскі прыгажэйшымі. Нядаўна жыву ў Лепельскім раёне. З задавальненнем прымаю ўдзел у навядзенні парадку ў горадзе, бо тут гуляю з дзецьмі, — кажа Таццяна Тухта.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.