У аўторак Бягомль святкаваў: сустракаў гасцей, успамінаў партызанскае мінулае, ганарыўся ваенным подзвігам свайго маленькага пасёлка і радаваўся таму, колькі адметных людзей нарадзіла, дала пуцёўку ў вялікае жыццё докшыцкая зямля. Бягомль прымаў міжнародны ваенна-гістарычны семінар “Арганізацыя партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі: вопыт і сучаснасць”, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь.
Асаблівасць яго была ў тым, што практычна ўсе госці – ураджэнцы докшыцкага краю, якія жывуць і працуюць сёння ў Маскве, Мінску і іншых гарадах нашай былой агульнай краіны. Сабраў іх разам, як ужо паведамлялася, няўрымслівы чалавек, ваенны навуковец, наш зямляк Мікалай Печань. Ідэю семінара горача падтрымалі раённыя ўлады, ваенна-навуковыя таварыствы Беларусі і Расіі. Была праведзена грандыёзная падрыхтоўчая работа, і вось пасля прывітальнай сустрэчы зала Бягомльскага дома культуры запоўнілася ўдзельнікамі семінара і тымі жыхарамі раёна, хто прыехаў паслухаць цікавых, разумных людзей з высокімі воінскімі званнямі і навуковымі ступенямі.
Пачэснымі гасцямі былі галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Ларыса Карэнька і галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення культуры аблвыканкама Дзяніс Юрчак.
Прывітальнае пісьмо, у якім пажадаў плённай, выніковай работы, поспехаў і міру, даслаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч у сваім прывітальным слове адзначыла ўклад жыхароў сённяшняга Докшыцкага раёна, каля трох тысяч якіх ваявалі на фронце і білі ворага ў партызанах, у перамогу над фашысцкай Германіяй, нагадала пра пакуты мірнага насельніцтва і пра тое, як памяць пра той час беражліва захоўваюць нашчадкі. Прывітальнае слова выказаў таксама вядучы саветнік Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па абароне і бяспецы, доктар гістарычных навук, прафесар Уладзімір Гаўрышчук, які, дарэчы, нарадзіўся ў вёсцы Сітцы.
Семінар пачаўся, і за трыбуну адзін за другім сталі выходзіць людзі, паведамленне кожнага з якіх было цікавым, адметным, напоўненым той інфармацыяй, якая невядома шырокаму колу, а таму важная і дарагая. І разам з тым выступоўцы былі вельмі падобныя паміж сабой трапяткой любоўю да сваёй зямлі, дзе нарадзіліся, дзе ваявалі іх родныя. І гэту любоў яны не толькі захавалі ў сваіх сэрцах, але і здолелі перадаць дзецям і ўнукам, каб тыя ведалі, адкуль родам, і не сталі манкуртамі.
На газетнай старонцы немагчыма ўмясціць цалкам усе выступленні ўдзельнікаў семінара. Пастараемся хаця б нагадаць нашым чытачам, пра што ішла размова.
Мікалай Мінаеў, начальнік камандна-штабнога факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, дацэнт кафедры дзяржаўнага і ваеннага кіравання факультэта Генеральнага штаба Узброеных сіл Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, генерал-маёр запасу. Нарадзіўся на ст. Крулеўшчына, а ваенны шлях пачынаў салдатам у Печах. Мікалай Віктаравіч расказаў пра аперацыю па вызваленні Беларусі “Багратыён”, якую назваў асаблівай старонкай у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з пункту гледжання развіцця ваеннага мастацтва. Гэта аперацыя характарызавалася вялікім размахам, у ёй удзельнічала больш баявых ваенных фарміраванняў, чым у любой іншай таго часу.
Леанід Цыганкоў, намеснік старшыні ваенна-навуковага таварыства Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук, палкоўнік у адстаўцы, спыніўся на нацыянальных рысах “шчырых беларусаў”, як ён выказаўся, якія дазвалялі ім не выдаваць немцам суседзяў-габрэяў, хаваць іх у час знішчальных акцый і амаль агульна ісці ў партызаны. “Партызанскі рух на Беларусі – унікальны. Менавіта ён дазволіў паказаць нялюдскасць нацысцкай ідэі і ўнесці велізарны ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў”, – падкрэсліў Леанід Цыганкоў.
Аляксандр Ніканаў, дырэктар Цэнтральнага музея Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, кандыдат гістарычных навук, палкоўнік запасу. Ён запрасіў наведаць адзін са старэйшых музеяў Расіі, дзе сярод багацейшых экспазіцый пачэснае месца займае прысвечаная аперацыі “Багратыён” і непасрэдна дзеянням беларускіх партызан. Аляксандра Канстанцінавіча вельмі ўразіла, што семінар праводзіцца на малой радзіме яго ўдзельнікаў. Ён назваў мерапрыемства знакавай падзеяй, якая дастойна прывітання, бо, на вялікі жаль, па яго словах, сённяшняе пакаленне церпіць ад недахопу праўдзівай інфармацыі пра Другую сусветную вайну. Калі яшчэ 25 гадоў таму нават дзіця ведала, што перамога над фашысцкай Германіяй – гэта найбольшая заслуга Чырвонай Арміі, то зараз у свет выходзіць іншая інфармацыя.
Шчырымі апладысментамі сустрэлі прысутныя Героя Расіі, камандзіра злучэння падводных лодак, гідранаўта, контр-адмірала Уладзіміра Дронава. Наш легендарны зямляк з вёскі Ваўча, які ўжо не першы раз наведваецца на Докшыччыну, расказаў, як служыў на Паўночным флоце, будаваў падлодкі. Зараз Уладзімір Дронаў з’яўляецца інспектарам Заходняй ваеннай акругі Расіі.
Яго багаты ваенны вопыт вельмі патрэбны арміі і флоту, але контр-адмірал прызнаўся, што, як толькі выйдзе на заслужаны адпачынак, то абавязкова вернецца ў Беларусь.
Суддзя Вярхоўнага Суда СССР генерал-маёр юстыцыі Віктар Бяляўскі, як было заяўлена, не прыехаў з Масквы па стане здароўя. Але адправіў сына Алега, дырэктара Расійскага фонду фундаментальных даследаванняў. Словы, якія сказаў Алег Віктаравіч у сваёй прамове, здаецца, кранулі кожнага. “Чалавечыя страты, якія панесла Беларусь, бязмежныя. Колькі загублена жыццяў! Колькі загубленых талентаў ляжыць у нашай зямлі! Хвіліна маўчання – гэта не толькі па іх, але і па тых, каго яны ўжо не змаглі нарадзіць… Я з гонарам нашу званне ўраджэнца шматпакутнай і гераічнай Бягомльшчыны”, – прызнаўся ён.
Аляксандр Шылавіч, заслужаны выпрабавальнік касмічнай тэхнікі, ветэран касманаўтыкі Расіі, палкоўнік запасу. Нарадзіўся ў г. Докшыцы. Закончыў Докшыцкую сярэднюю школу ў 1973 годзе. Сваё выступленне ён прысвяціў цэлай плеядзе настаўнікаў-франтавікоў гэтай школы, якія сваім асабістым прыкладам выхоўвалі ў вучняў тое, што называецца патрыятызмам. А потым Аляксандр Міхайлавіч зрабіў сюрпрыз, які падняў семінар на касмічную вышыню ў прамым сэнсе. Раптам загарэўся экран, і з яго загаварылі касманаўты Раскосмасу Алег Кананенка і Аляксей Аўчыннікаў. Касмічныя сыны Расіі прывіталі маленькі Бягомль, арганізатараў і ўдзельнікаў семінара і адзначылі, што яго ўнікальнасць якраз у тым, што ён праводзіцца не ў сценах універсітэтаў і акадэмій, а на партызанскай зямлі, жыхары якой наводзілі жах на фашыстаў. І праводзяць яго ўнукі і праўнукі тых, хто вызваляў гэту зямлю ад захопнікаў. “Зямля – наш агульны дом, і сумеснымі намаганнямі мы зможам захаваць мір і не дапусціць войнаў і трагедый”, – сказалі яны на развітанне.
Мікалай Кунц, дырэктар Цэнтра Вышэйшай школы Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі, кандыдат эканамічных навук, палкоўнік у адстаўцы. Выпускнік Мінскага сувораўскага вучылішча паведаміў цікавыя факты з гісторыі партызанскага руху Беларусі. Ён расказаў пра тое, як ліквідаваліся лжэпартызаны, якія пад выглядам народных мсціўцаў рабавалі мірнае насельніцтва. Асобна спыніўся на фінансавым забеспячэнні партызанскага руху.
Георгій Добыш, галоўны рэдактар альманаха “Літаратурныя гарызонты” г. Масква, ураджэнец в. Вялікае Поле Бягомльскага сельсавета. Былы журналіст газет “Известия”, “Советская Россия” з 45-гадовым стажам, які шмат паездзіў па свеце, гаварыў пра нацыянальную самасвядомасць і культуру, пра тое, што памятаць пра вайну і, галоўнае, гаварыць пра яе свету – наш абавязак перад яе мільённымі ахвярамі.
Аляксей Багдановіч, загадчык кафедры гуманітарных навук універсітэта грамадзянскай абароны МНС РБ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, падпалкоўнік унутранай службы запасу, на прыкладзе дзейнасці беларускага штаба партызанскага руху Полацка-Лепельскай зоны пад кіраўніцтвам У.Я. Лабанка разважаў пра барацьбу партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.
Ваенны пісьменнік Яўген Сылка падрабязна прасачыў за наступленнем 5-й арміі генерала Крылова, у састаў якой уваходзілі 32 злучэнні і 854-ы стралковы полк, што вёў баі за вызваленне Бягомльшчыны.
Вельмі кранальнай атрымалася сустрэча з дзецьмі камандзіра партызанскай брыгады “Жалязняк” Івана Ціткова.
Сын Уладзімір Ціткоў, кандыдат тэхнічных навук, і дачка Ніна Расцягаева, кандыдат філасофскіх навук, жывуць у Маскве. У мясціны, дзе ваяваў іх бацька, прыехалі адразу, як толькі атрымалі запрашэнне ад Мікалая Печаня. Яны бязмерна ўдзячны жыхарам Беларусі, дзякуючы якім змагла выжыць у вайну іх маці, захаваць дзяцей і дачакацца героя мужа, які адразу пасля вызвалення адшукаў сям’ю.
Уладзімір Казлоў, першы намеснік старшыні Савета ваенна-навуковага таварыства Міністэрства абароны Расіі, член-карэспандэнт Акадэміі ваенных навук, прафесар, палкоўнік у адстаўцы. Уладзімір Аляксандравіч бясспрэчна даказаў неабходнасць забеспячэння агульнай нацыянальнай бяспекі Расіі і Беларусі перад тварам сучасных ваенна-палітычных пагроз.
Сімвалічным завяршальным акордам навуковай часткі семінара стала выступленне сужэнцаў Дзяніса і Яны Лешчанкаў. Унук краснадарскага партызана і праўнучка партызана-жалезнякоўца Рамана Ганчара беражліва захоўваюць памяць пра сваіх родных, жыццё якіх – гісторыя нашай краіны. Вялікай павагі заслугоўвае тое, што гэтыя маладыя людзі па ўласнай ініцыятыве зрабілі дакументальны відэафільм, падставай для якога сталі запіскі дачкі Рамана Ганчара Вольгі. Пакуль ёсць падобныя падзвіжнікі, памяць будзе вечна жыць на нашай зямлі.
Удзельнікаў семінара цёпла вітаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук, які выказаў падзяку за цудоўную, патрэбную ідэю аб правядзенні падобнага мерапрыемства і за прыкладзеныя намаганні, што дазволілі ўвасобіць яе ў жыццё.
– Мы вельмі рады, што маем гонар бачыць сёння нашых землякоў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нашай агульнай краіны СССР, працягваюць зараз працаваць на карысць Расіі і Беларусі, – сказаў Алег Леанідавіч. – Удвая важна і прыемна, што адбываецца падобная сустрэча ў Год малой радзімы, разуменне якой з’яўляецца святым для кожнага свядомага чалавека.
Кіраўнік раёна ўручыў Удзячныя пісьмы Уладзіміру Дронаву, Мікалаю Печаню, Мікалаю Мінаеву, Аляксандру Шылавічу, Віктару і Алегу Бяляўскім, Уладзіміру Ціткову, Ніне Расцягаевай, Дзянісу і Яне Лешчанкам і іншым удзельнікам семінара.
Рознага роду ўзнагародамі як Расійскай Федэрацыі, так і Рэспублікі Беларусь быў адзначаны ўклад у захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну старшыні райвыканкама Алега Пінчука, старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч, намесніка старшыні райвыканкама Аксаны Палачанінай, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Якушэўскага, раённага камісара Віталя Леснічэнкі, старшыні Бягомльскага сельвыканкама Мікалая Трахініна, дырэктара Бягомльскага музея народнай славы Вольгі Таляронак.
Практычна кожны з удзельнікаў семінара прывёз з сабой падарункі: кнігі, дыскі, карціны, рэчы, якія яны падарылі Бягомльскаму музею. А Цітковы на развіццё ўстановы, дзе беражліва захоўваюцца многія экспанаты, звязаныя з баявымі гадамі біяграфіі іх бацькі, ахвяравалі грошы.
Працягам грунтоўнай размовы пра гераічнае і трагічнае мінулае стаў урачысты мітынг, у час якога пад гукі ваеннага духавога аркестра былі ўскладзены кветкі да Брацкай магілы, а хвіліна маўчання і залп урачыстага каравула – ушанаваннем памяці пахаваных і ўсіх, каго страціла ў вайну беларуская зямля. Тэатралізаваная пастаноўка “Званы Шунеўкі” на мемарыяльным комплексе “Праклён фашызму” з’явілася працягам гэтай трагічна-сумнай старонкі семінара.
Але жыццё бярэ сваё, і намаганнямі людзей зямля залечвае самыя глыбокія раны. Там, дзе вайна пакінула разбурэнне, сёння красуюцца гарады і вёскі, на папялішчах квітнеюць сады, і, як растуць маленькія дрэўцы, нараджаюцца і сталеюць усё новыя пакаленні. Нязменнай застаецца толькі памяць удзячных нашчадкаў. Менавіта раённы камісар, малады афіцэр Віталь Леснічэнка прапанаваў разбіць сквер у памяць 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнікі семінара пасля ўрачыстага адкрыцця, у час якога Алег Пінчук, Уладзімір Дронаў і Валянцін Якушэўскі перарэзалі чырвоную стужку, пасадзілі дрэўцы.
Завяршыўся першы дзень семінара вялікім канцэртам творчых калектываў раёна.
Назаўтра госці раз’ехаліся па ўстановах адукацыі раёна. СШ № 1, канечне, сустракала свайго былога выпускніка Аляксандра Шылавіча. Вучні грунтоўна падрыхтаваліся да сустрэчы з вядомым земляком. Юныя выратавальнікі паказалі сваю маршавую падрыхтоўку, школьныя артысты чыталі вершы і хораша спявалі, і ўсе з вялікай цікавасцю слухалі расказ пра тое, як хлопец з невялічкага беларускага гарадка стаў выпрабавальнікам касмічнай тэхнікі.
Прыкладам таго, што можа зрабіць кожны чалавек, калі пажадае ведаць, хто яго продкі, адкуль ён родам, паслужыла для вучняў СШ № 2 сустрэча з Янай і Дзянісам Лешчанкамі. Асаблівую цікавасць выклікаў відэафільм, створаны сужэнцамі.
Пра сябе і пра тое, як трэба радзіму любіць, расказаў вучням Тумілавіцкай СШ член ваенна-гістарычнага таварыства пры Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь капітан 2-га рангу ў адстаўцы Барыс Беражны. Барыс Мікалаевіч вельмі быў захоплены чысцінёй і парадкам, які пануе ў будынку школы, прыгажосцю афармлення прышкольнай тэрыторыі і больш за ўсё існаваннем міні-фермы.
Яўген Сылка разам з дэпутатам раённага Савета дэпутатаў па Глінскай выбарчай акрузе, галоўным рэдактарам раённай газеты “Родныя вытокі”Аляксандрам Варанковічам і вучнямі Глінскай школы пасадзілі ля этнаграфічнага музея “Беларуская хатка” на памяць маладую яблыньку.
Сустрэча ў кожнай установе адукацыі мела сваю адметнасць. Агульнымі ж былі знаёмства вучняў з людзьмі, якія ўсёй сваёй біяграфіяй даказалі, як трэба Радзіму любіць, абараняць, працаваць на яе дабрабыт і славу.
Пасля завяршальнай бяседы з кіраўніцтвам раёна, госці паехалі дадому, а нам пакінулі цеплыню сустрэчы, радасць знаёмстваў, гонар за выдатных сыноў і дачок нашага краю. Мяркуючы па планах, якія ўжо будуе Мікалай Печань і яго аднадумцы, якіх гэты нераўнадушны чалавек знайшоў сярод удзельнікаў семінара, развітанне будзе нядоўгім. А пра багаж, які павезлі з сабой дадому госці, вельмі шчыра сказаў адзін з іх: “Я не раз быў на падобных семінарах, канферэнцыях. Меркаваў, што і гэты наведаю, таксама больш для справаздачы, а сустрэўся з такой непадробнай цікавасцю, цеплынёй, шчырасцю розных людзей, пачынаючы з Алега Леанідавіча і Валянціны Юр’еўны, што, мне здаецца, прыехаў дадому, у сваю хату, да сваіх родных. Так прыняць можа сапраўды, напэўна, толькі малая радзіма, таму і любіць яе трэба самай вялікай любоўю”.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.